Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Брама-каплічка на Першамайскай

Сёлетні год для віляйчан – знамянальны. Па-першае, у маі мы сустрэнем 65-годдзе Вялікай Перамогі ў Айчыннай вайне, па-другое, Вілейцы спаўняецца 550 год. Дзякуючы нашым гісторыкам і краязнаўцам наш горад «пасталеў» больш чым на стагоддзе. Яшчэ адна дата, якую нельга абмінуць – 95-ая гадавіна падзей, калі руская імператарская армія спыніла націск кайзераўскіх войскаў.Тады Імператар Мікалай ІІ спецыяльнай тэлеграмай дзякаваў вайскоўцам за перамогу. Не ўсе ведаюць, але менавіта пасля гэтых бітваў фронт Першай Сусветнай вайны стабілізаваўся і пачаўся іншы перыяд вайны, які называюць пазіцыённым (акопным). З нагоды апошняй даты і ўзнікла прапанова ўстанавіць у горадзе помнік вайскоўцам Першай і Другой сусветных войнаў.
– Гэта трэба было зрабіць даўно, – распавядае ініцыятар задумкі мастак Барыс Цітовіч, – шмат воінаў знайшлі свой апошні прытулак каля Вілейкі, вялікая колькасць вярнулася дадому інвалідамі. Дзве сусветныя вайны, Першую і Другую, увогуле можна падзяліць на вайну бацькоў і вайну дзяцей. Розніца паміж імі – у 30 гадоў. І атрымоўваецца, што салдатам-дзецям помнікі ёсць, а вось іх бацькам мы, нашчадкі, не змаглі паставіць пэўны мемарыял ці памятны знак. Я лічу, што гэта наш грэх.
Загінуўшых у перыяд Першай сусветнай вайны хавалі ў цэнтры могілак па вуліцы Першамайскай. Гісторыя цікавая – праз трыццаць гадоў па верхаўі ўжо існуючых магіл хавалі воінаў Вялікай Айчыннай. Бацькі і дзеці знайшлі месца супакаення ў адзінай брацкай магіле. Адны – знізу, другія – вышэй.
Барыс Цітовіч лічыць, што найлепшым чынам ўшанаваць памяць можна будаўніцтвам на месцы цэнтральнага ўвахода на могілкі Браму-каплічку. Гэта дазволіць не ўмяшацца на тэрыторыю пахаванняў, бо месца для будаўніцтва там проста няма. А традыцыя будаўніцтва надваротных брам-каплічак існуе як у праваслаўнай, так і ў каталіцкай храмавай архітэктуры.
– У гэтай ідэі ёсць рэальная гісторыя, – расказвае Барыс Цітовіч, – архіепіскап Віленскі Ціхан і будучы Патрыярх Усея Русі, наведваючы Вілейку пасля вызвалення, у 1915 годзе, благаславіў добрыя намеры гараджан «па ўзвядзенню Царквы-помніка святога Мікалая на брацкіх могілках, забітых за Веру і Айчыну воінаў».
У архівах нашай Свята-Марыінскай царквы,дарэчы,знойдзены звесткі, якія сведчаць аб тым, што нават былі зроблены спробы будаўніцтва. Віляйчане стварылі папячыцельскі савет з прозвішчамі нераўнадушных людзей і звесткамі аб ахвяраваннях. Асабліва ўражвае – паштовыя пераводы ад вайскоўцаў дзеючай Арміі, якімі афіцэры і салдаты пераводзілі сродкі на ўшанаванне памяці братоў па зброі.
– На могілках няма магчымасці пабудаваць царкву, – кажа Барыс Цітовіч, – таму тут просіцца надваротная каплічка. Яна можа насіць імя святога Мікалая Цудатворца. Трэба памятаць: нашы дзяды і бацькі ахвяравалі сваё жыццё дзеля будучыні нашчадкаў і мы,па хрысціянскай традыцыі, павінны аддзячыць ім.
Ужо вядома, што на будаўніцтва каплічкі патрэбна каля 50 мільёнаў рублёў. Распрацаваны эскіз і праект. Сама новабудоўля дазволіць:
– атрымаць браму-каплічку паблізу ад саміх братэрскіх могілках;
– змяніць ў лепшы бок выгляд вуліцы 1 Мая.
На першым этапе аўтары задумкі прапануюць віляйчанам праект для абмеркавання. Потым плануецца звярнуцца да жыхароў горада і раёна аб аб’яднанні саборных намаганняў па збору сродкаў. Барыс Цітовіч кажа аб тым, што ў крамах могуць з’явіцца скарбонкі для ахвяраванняў. Не выключаецца і правядзенне суботнікаў з удзелам моладзі.
Анатоль ЗАНКАВІЧ,
фота аўтара

Свае абмеркаванні наконт прапановы можна дасылаць па пошце (222 410 Вілейка, вул. Вадап’янава, 35, рэдакцыя «Шлях перамогі»)
info@peramoga.by
mazay@tut.by
альбо прыносіць у рэдакцыю.
Тэл. 8-029-124-31-24 (Velcom) Барыс Цітовіч

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 65 queries