Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Фотарэпартаж з абласной выставы-кірмашу рамёстваў і народных промыслаў

– Звыкайся з глінай. Адбівай яе. Рабі паслухмянай, – майстар у доўгай льняной кашулі, перахопленай тонкім далікатным паяском, нахіліўся над льняной галоўкай сарамяжнай дзяўчынкі. Шчочкі яе наліліся разгубленай чырванню, нагадваючы пяшчотныя пялёсткі квітнеючых півоняў. А рукі трымалі пульхны камячок вільготнай гліны. Яшчэ колькі хвілін – і закруціцца, як ваўчок, ганчарнае кола. А дзіцячыя рукі дакрануцца да таямніцы нараджэння керамічнага сувеніру сённяшняга кірмашу. Сяргей Шчэрба такім арыгінальным чынам знаёміў яго наведвальнікаў са слынным рамяством айчынных майстроў. Зразумелую цікавасць выклікаў яго імправізаваны атракцыён. Асабліва многа вакол круцілася малечы. Вось і гэта разгубленая дзяўчынка пад пільным і адначасова паблажлівым поглядам майстра ўласнаручна вылепіла зграбны збаночак і панесла яго на выцягнутай далоньцы, нібы дэманструючы свету толькі што народжаны цуд.

Каля двухсотпяцідзесяці рамеснікаў з усёй Беларусі сабрала выстава-кірмаш рамёслаў і промыслаў «Камарова – кола дзён». Прайшла яна ў мінулыя выхадныя на Мядзельшчыне, у аднайменным цэнтры развіцця сельскага прадпрыймальніцтва. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі абласны выканаўчы камітэт, дэпартамент па прадпрыймальніцтву міністэрства эканомікі Беларусі, Мядзельскі райвыканкам.
Уладзімір Шчэрба прадстаўляў суседнюю Пастаўшчыну. Ён там – гаспадар прыватнай ганчарнай аграэкатурыстычнай сядзібы з творчым накірункам. Гэта тое месца, дзе сапраўды сумяшчаецца прыемнае з карысным.. А кожны адпачываючы можа навучыцца круціць ганчарнае кола, вырабіць сабе сувенір і забраць потым яго з сабою на памяць. Каб некалі ў кампаніі сяброў пахваліцца сваім блізкім знаёмствам з традыцыйным нацыянальным промыслам. Што датычыць самога майстра, то работы яго, многія з якіх – сапраўды мастацкія творы, можна бачыць на ўсіх зямных кантынентах.
– Акрамя, хіба, Антарктыды, – жартуе Уладзімір.
На абрамленым кветкавымі клумбамі і старымі дрэвамі пляцы размясцілі свае вырабы майстры. Да ўвагі наведвальнікаў – творчасць народных умельцаў. Ганчары, кавалі, ткачы прадставілі той прадукт сваёй працы, які меў відавочную запатрабаванасць. Раскупляліся арыгінальныя вырабы з лазы і саломы, вышываныя і маляваныя пано, попытам карысталася творчасць разьбяроў па дрэву. Якімі цнатлівымі ў сваёй уяўнай бязважкасці падаваліся зваяныя з ліпы ружы… Майстар – магіляўчанін, што прадставіўся Мікалаем, доўга і захоплена расказваў пра дрэва – падатлівы і сонечны матэрыял, сапраўдную знаходку для творцы. А ім можа быць і рамеснік, калі ён укладвае ў выраб цяпло сваёй душы. Наогул жа, мяжа паміж мастацтвам і рамесніцтвам, на яго погляд, мройная, бо без творчасці няма рэчы, якая прыцягнула б чалавечы погляд. А дрэва само па сабе – надзвычай чуйная жывая істота. Хочаш выплеснуць негатыўную энергетыку – абдымі ў лесе асіну, яна здыме цемру з тваёй душы. Прытуліся да бярозы – і атрымаеш зарад бадзёрасці і дабрыні. Мікалай са сваімі вырабамі дзе толькі не пабываў. Цэняць яго драўляныя скульптуры ў Санкт-Пецярбургу, захапляюцца кветкавымі кампазіцыямі ў Пскове. На гэтым кірмашы Мікалай упершыню, але з задавальненнем дае майстар-клас. Выручку не лічыць. Больш праяўляе цікавасць да твораў такіх, як і сам, умельцаў. Прыкупіў сувеніраў. Трэба ж, кажа, каб кожны адсюль павёз добрыя ўражанні. Напэўна, падобнага роду добразычлівасць уласціва ўсім творчым натурам. Вось колькі тут сабралася – творцаў. І няма зайздросных позіркаў. У вачах – адно захапленне. Ды яшчэ – прага пераймання тэхнікі стварэння сюжэту, вобраза, рэчы…
Шмат цікавасці праявілі наведвальнікі да самаробнага мыла. Яго прэзентавалі дзяўчаты-мінчанкі, адначасова раскрываючы тэхналогію прыгатавання гэтых акуратных, рознаколерных брыкецікаў з натуральным раслінным водарам.
Прыемна было сустрэць на прадстаўнічым мерапрыемстве і нашых вілейскіх майстроў. Увагу наведвальнікаў спынялі апранутыя ў шлемы і кальчугі «рыцары» сярэдневякоўя. Такая экіпіроўка – шык кавальскага ўмельства. Яго пераемнікі сёння вучацца і працуюць у вілейскім прафесійна-тэхнічным каледжы. І куюць не кальчугі і латы, а каларытныя рэчы, здольныя аздобіць наш быт сваёй адметнасцю і непаўторнасцю. Арыгінальныя вырабы прадставіў на кірмашы і вілейскі раённы Дом рамёстваў.
У аздобе мастацкіх канцэртных нумароў праходзіла свята. І кожны знайшоў у ім тое, што добрым успамінам лягло на сэрца. Нехта набыў ласкавых дамавічкоў, якія прыносяць у хату лад і спакой. Хтосьці прымерыў перад люстэркам крыштальныя каралі. Малеча коўзалася на імправізаваных горках, пакуль бацькі частаваліся шашлыкамі. А галоўныя героі кірмаша – майстры народных промыслаў, знаёміліся паміж сабой, наладжвалі кантакты, арганізоўвалі майстар-класы пад адкрытым небам. Адным словам, Камарова круцілася колам.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара










Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 64 queries