Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Книжный магазин «Кругозор» открылся после ремонта

– Ты мудрая і шчодрая, як добры чалавек… – Гэтыя словы юныя віляйчане, удзельнікі фальклорнага гурта «Званочкі» пачатковай школы №6, адрасавалі кнізе. Па-сутнасці, дзіцячы творчы калектыў стварыў каларытную па ўзору мастацкую канву свята, датасаванага да новага дня нараджэння «Кругозора». Паўгода таму, згодна рашэння адкрытага акцыянернага таварыства «Белкніга», кнігарня закрылася на капітальны рамонт. Пасля таго, як над яе фасадам і інтэр’ерам папрацавалі будаўнікі і дызайнеры, крама набыла сучаснае аблічча, стаўшы адным з найбольш каларытных аб’ектаў цэнтральнай вуліцы Вілейкі. Размешчаная на пляцоўцы пад ніцымі вербамі, дзе пралівае слёзы няўцешная Вілляна, работы вядомага беларускага скульптара Уладзіміра Слабодчыкава, кнігарня ўвасобіла самае што ні ёсць рэальнае імкненне віляйчан да эстэтыкі асяроддзя, культуры і гарманічнага адчування сябе ў мікрасвеце горада.
– Страцім кнігу – страцім краіну, – гэтыя словы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь нагадала падчас свайго выступлення ганаровая госця свята – першы намеснік Міністра інфармацыі Лілія Ананіч. Менавіта так выказаўся кіраўнік дзяржавы, ініцыіруючы адкрыццё Года кнігі. У краіне ідзе вялікая праца па ўсталяванню высокадухоўнага грамадства, – падкрэсліла Лілія Станіславаўна. І цяга людзей да кнігі, найвялікшай і багацейшай скарбонкі мудрасці, адыгрывае ў гэтым працэсе вядучую ролю.
Не кожны райцэнтр рэспублікі мае такую камфортную і багата аснашчаную інтэлектуальным таварам кнігарню. На гэтым акцэнтавала ўвагу першы намеснік міністра, тым самым падкрэсліўшы значэнне перамен у кнігагандлюючай галіне, здзейсненых акцыянерным таварыствам «Белкніга». На гэты раз яны ўшчыльную крануліся Вілейкі. Штогод у краіне выдаецца 11 тысяч найменняў кніг агульным тыражом звыш сарака мільёнаў экземпляраў. У гэтым ліку – творы беларускай літаратурнай класікі і сучасных аўтараў. Двое з іх – вядомыя ў краіне пісьменнікі Раіса Баравікова і Анатоль Разановіч прысутнічалі на адкрыцці абноўленай кнігарні і падчас яе правялі прэзентацыі сваіх новых кніг, раздаючы аўтографы прыхільнікам мастацкага слова.
Да першых наведвальнікаў, патэнцыяльных пакупнікоў, звярнуліся таксама Генеральны дырэктар ААТ «Белкніга» Аляксандр Вашкевіч і намеснік старшыні вілейскага райвыканкама Генадзь Касцевіч. Прадстаўнік мясцовай улады выказаў падзяку кіраўніцтву акцыянернага таварыства за яго сёння ўжо рэалізаваны праект, за выбар на карысць Вілейкі і яе насельнікаў.
Жывая стужка з юных «Званочкаў», выстраеная на ганку кнігарні, раступілася – і гандлёвую залу імгненна запоўніў паток самых дапытлівых і нецярплівых наведвальнікаў. У новым інтэр’еры іх чакала яе Вялікасць – Кніга.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара

Фото Марии Кузовкиной










Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 138 queries