Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

На днях адбылося выязное пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў

Чалавек паспяховы – чалавек, які чытае. Наўрад ці можна аспрэчваць гэту ісціну, бо веды, якія дае нам чытанне, і сапраўды ключ ад многіх дзверцаў. І няхай часам жыццё дэманструе нам іншыя прыклады, але ўсё гэта, я ўпэўнена, міне, а будучыня ўсё роўна за адукаванасцю, выхаванасцю, чалавечнасцю. Так павінна быць.
На днях адбылося выязное пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, якое прайшло на базе раённай цэнтральнай бібліятэкі і працавала па тэме «Дзейнасць дзяржаўнай установы культуры «Вілейская раённая цэнтральная бібліятэка» па абслугоўванню насельніцтва ў сучасных сацыяльна-культурных умовах».

Ішла на мерапрыемства з асаблівым пачуццём, бо ў бібліятэках раёна працуе столькі знаёмых мне цудоўных людзей. А яшчэ, адкрываю невялічкі сакрэт, у школьныя гады сама нейкі час была… бібліятэкарам. У нашай невялічкай вёсачцы гэтай установы не было, а была так званая перасоўная бібліятэка, якая размяшчалася ў хатах жыхароў. Нейкі перыяд яна існавала і ў мяне дома. Столькі кніжак было прачытана ў той час! І на ўсё жыццё засталося трапяткое пачуццё ад сустрэчы з новым, нязведаным…
Сёння раённая цэнтральная бібліятэка – аб’яднанне публічных бібліятэк горада і раёна, дзейнасць якіх накіравана на забеспячэнне інфармацыйных запатрабаванняў карыстальнікаў і рэтрансляцыю духоўна-матэрыяльнай і традыцыйнай культуры, прадастаўленне розных відаў бібліятэчных паслуг. Найважнейшай яе задачай на сёння з’яўляецца забеспячэнне свабоднага доступу чытачоў да інфармацыі. Цэнтральная раённая, цэнтральная дзіцячая, пяць гарадскіх філіялаў, трыццаць адна сельская ўстанова – такая яна, сетка публічных бібліятэк. Кніжны фонд складае больш за чатырыста тысяч экзэмпляраў, з іх болей за сто тысяч – на беларускай мове. У бібліятэкі паступае болей за паўсотні назваў газет і ў пяць разоў болей – назваў часопісаў. За мінулы год колькасць чытачоў склала 27 тысяч чалавек, на сяле – болей за 11 тысяч. Для арганізацыі вольнага часу ў бібліятэках працуе 39 гурткоў і аб’яднанняў. Прыярытэтнымі напрамкамі дзейнасці з’яўляюцца краязнаўства, здаровы лад жыцця і экалагічнае выхаванне.
У апошні час значна палепшылася матэрыяльна-тэхнічная база бібліятэк. Устаноўлены 41 камп’ютар, з іх 25 – на вёсцы. Два дзясяткі бібліятэк падключаны да інтэрнэта, з іх пятнаццаць – сельскіх. А гэта – дадатковыя магчымасці, больш поўнае задавальненне запытаў карыстальнікаў.
З 1999 года бібліятэкі горада, а з 2003 – сельскія, аказваюць платныя паслугі. За мінулы год на гэтым зароблена амаль 56 мільёнаў рублёў. Для наведвальнікаў ужо стала звыклай справай прыйсці ў бібліятэку і скарыстацца прынтэрам, сканерам, ламінатарам. Няхай сабе і за невялічкую аплату, але хутка і якасна. Ці кніжку цікавую ўзяць за сімвалічную аплату. Усё гэта ўжо стала звыклым, зразумелым. І прыжылося.
Насычаным цікавымі падзеямі было выязное пасяджэнне. Яно пачалося з наведання цэнтральнай раённай бібліятэкі, знаёмствам з аддзеламі абслугоўвання і інфармацыі, камплектавання, бібліятэчнага маркетынгу. Загадчыкі гэтых падраздзяленняў Людміла Тонкавіч, Наталля Святоха і Ганна Герко расказалі пра сваю дзейнасць, паказалі цікавыя буктрэйлеры. А пачалася сустрэча вельмі цёпла – з віншавання Ганны Герко, прафесіянала сваёй справы, нераўнадушнага чалавека і сціплай жанчыны, з днём нараджэння. Яе шчыра павіншавалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Радзевіч, дырэктар раённай цэнтральная бібліятэкі Мікалай Пацко, прысутныя.
Сучасна, прафесіянальна, дастойна, творча і. не пабаюся гэтага слова, самааддана робяць сваю справу бібліятэчныя супрацоўнікі – і ў гэтым мы яшчэ раз упэўніліся падчас выязнога пасяджэння. Прызнаюся шчыра, спачатку планавала падрабязна расказаць пра ўсё, што ўбачыла, а пасля зразумела, што не атрымаецца – на гэта спатрэбілася б не адна газетная старонка, а ўся газета. Сучасныя, нядаўна адрамантаваныя аддзелы прыемна ўразілі. Але яшчэ больш уразілі людзі, што на працягу многіх гадоў, не за высокія заробкі, а па закліку сэрца робяць, на першы погляд, непрыкметную, але такую важную для кожнага чалавека і грамадства ў цэлым справу! І пачынаюць працаваць з самымі маленькімі. А як – паказала і расказала, правёўшы па цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы,яе загадчыца Святлана Таміліна.
У філіяле № 5 бібліятэкі, які размяшчаецца ў пасёлку Касманаўтаў, бібліятэкар Тэрэза Дзевяцень расказала пра тых чытачоў, хто не толькі карыстаецца бібліятэчным фондам, але і дорыць установе свае кнігі, папаўняючы тым самым фонд. Так робіць, напрыклад, сям’я Місюль, адну з прадстаўнікоў якой, Фаіну Мікалаеўну, мы і сустрэлі ў бібліятэцы. Любоў да чытання жанчына прывіла сыну, унукам і цяпер уся сям’я – чаканыя госці і сябры ў чытальні.
Надзвычайна цёплай атрымалася сустрэча ў Куранецкай сельскай бібліятэцы. Разам з бібліятэкарамі Галінай Яцэвіч і Дзінай Бяляевай, нас сустракаў і старшыня сельсавета Віктар Уліцкі. Тут праводзіцца сур’ёзная краязнаўчая работа, многае робіцца па захаванні традыцыйных народных рамёстваў і ўкараненні новых. А яшчэ ўдзельнікам мерапрыемства быў прапанаваны своеасаблівы конкурс-пачастунак са смачных беларускіх страў. Трэба было толькі здагадацца, у якім творы і якім пісьменнікам напісана пра ўсю гэтую смакату…
Запомнілася відэапрэзентацыя «Землякі», якая была прапанавана нам у Любанскай сельскай бібліятэцы. Загадчыца ўстановы Алена Кізік цікава расказала пра краязнаўчую дзейнасць бібліятэкі як фактар духоўнага адраджэння вёскі.
Далей наш шлях ляжаў назад, у горад, дзе адбыліся цікавыя сустрэчы ў гарадскім дзіцячым філіяле № 2 (разам з загадчыцай Таццянай Рудніцкай хораша апавядалі пра бібліятэку яе юныя чытачы) і ў гарадскім філіяле № 1, загадчыца якога Галіна Ражко расказала аб ролі бібліятэкі ў духоўным, інтэлектуальным і культурным развіцці асобы і грамадства. Тут жа ўдзельнікі мерапрыемства з цікавасцю пазнаёміліся з выставамі творчых работ саміх бібліятэкараў. Дык яны, аказваецца, не толькі самыя эрудыраваныя, але і такія таленавітыя!
Затым быў зацікаўлены абмен думкамі, падводзіліся вынікі. Зроблена вельмі многае, але і задумак не меней. Будзе многа цікавага, новага. А каб нічога не прапусціць, часцей заходзьце ў бібліятэкі. Не пашкадуеце. І дзетак сваіх, унукаў прыводзьце.
Ірына БУДЗЬКО.
На здымках: моманты мерапрыемства.

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 67 queries