Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

У абласным конкурсе сярод сельскіх, пасялковых, гарадскіх Саветаў дэпутатаў першае месца – у Людвіноўскага сельскага Савета

– А гэтай бабульцы мы страху зрабілі. Хляўчук, бачыце, зусім быў заваліўся, – Наталля Шавялёва, старшыня Людвіноўскага сельскага Савета водзіць мышкай па маніторы камп’ютара. Фотаздымкі, іх мо сотні, адлюстроўваюць усю шматвектарную дзейнасць органа мясцовай улады, звязаную з жыццезабеспячэннем людзей і штодзённым пра іх клопатам.
На тэрыторыі – 35 населеных пунктаў, сярод іх – два аграгарадкі, інфраструктура якіх і арыентавана на задавальненне шэрагу бытавых і сацыяльных патрэб жыхароў. Іншая справа – аддаленыя ад цэнтральных сядзіб вёскі. Тут таксама жывуць людзі і вырашаюць безліч сваіх паўсядзённых праблем. Праўда, у большасці выпадкаў, і самі яны не могуць справіцца з імі. У сілу свайго ўзросту, нямогласці, адзінокасці. Як і ў вышэйпрыведзеным эпізодзе.
Наталля Леанідаўна – сціплы чалавек. І наўмысна змяшчае цэнтр цяжару нашай размовы, пераводзячы яго ў рэчышча ініцыятывы дэпутацкага корпусу, органаў самакіравання, дапамогі раённых улад. Усё гэта так, але заўсёды, у любой справе, некаму аднаму адводзіцца роля першай скрыпкі. І ў тым, што сельскі Савет атрымаў такую высокую адзнаку на ўзроўні вобласці, заслуга менавіта таго, хто дакладна і чуйна вядзе «першую партыю».

Чатыры гады прайшло, як Наталля Шавялёва – на пасадзе старшыні сельскага Савета і адначасова ўзначальвае мясцовы сельвыканкам. Да гэтага працавала сакратаром органа мясцовай улады. Сама пасада абавязвала саўдзельнічаць у людскіх лёсах, не цурацца іх праблемнасці, завостранасці некаторых жыццёвых сітуацый. Яна і цяпер лічыць, што першы план у дзейнасці дэпутацкага корпусу – работа з насельніцтвам па месцы жыхарства. З гэтага ўжо зыходзяць добраўпарадкаванне тэрыторый, стварэнне людзям належных умоў пражывання і ўсё астатняе, чым павінна быць забяспечана сельскае насельніцтва.
Сёння яго становішча вызначаецца працэсам паступовага вымірання вёскі з яе традыцыйным укладам жыцця. Назаўсёды пакідаюць свае сялібы насельнікі, знаходзячы апошні прытулак на вясковых могілках. Гэта мінорны штрых у рабоце мясцовай улады, якога пазбегнуць аднак немагчыма. Абязлюдзеўшыя вёскі могуць быць пачаткам запусцення тэрыторыі. Толькі гэта ўжо працэс, на які можна паўплываць, – лічыць Наталля Леанідаўна. Таму на тэрыторыі сельсавета рэгулярна праводзіцца камісійнае абследванне населеных пунктаў. На прадмет выяўлення нічыйных сяліб, гаспадарчых пабудоў, зямельных участкаў. Збіраюцца звесткі аб наследніках, удакладняюцца прычыны, што вымушаюць іх безуважна адносіцца да бацькоўскай спадчыны. У такой справе не заўсёды спрацоўваюць метады адміністрацыйнага націску. Таму дэпутаты, санітарная камісія, актыў шмат працуюць у гэтым напрамку. Некаму трэба растлумачыць, іншага – прысароміць, з другім – проста правесці звычайны прававы лікбез. І, як правіла, хоць адзін з метадаў – ды спрацоўвае. А зарэгістраванае наследства ўжо цягне за сабой пэўныя грамадзянскія абавязкі. Перад спадчынай, перад памяццю, перад зямлёй бацькоў – усёй тваёй малой радзімай.
Конкурс жа, у якім перамог Людвіноўскі сельскі Савет, улічваў цэлых 16 напрамкаў дзейнасці гэтых органаў мясцовай улады. Сярод іх – выкананне абласных, рэгіянальных праграм эканамічнага і сацыяльнага развіцця, камунальна-бытавога і сацыяльна-культурнага абслугоўвання насельніцтва на падведамаснай тэрыторыі; выкананне нарматываў дзяржаўных сацыяльных стандартаў, добраўпарадкаванне населеных пунктаў і аб’ектаў вытворчага і сацыяльна-бытавога прызначэння; дэмаграфічную сітуацыю; стан могілак, воінскіх захаванняў, помнікаў гісторыі, культуры і архітэктуры… Нават гэты няпоўны пералік стварае ўяўленне аб шырокім коле абавязкаў органа мясцовай улады і маштабе яго дзейнасці, у якім значная роля адводзіцца дэпутацкаму саставу, органам мясцовага самакіравання.
З Наталляй Леанідаўнай гартаем прадстаўлены на конкурс альбом. Састаўлены і з тых фотаздымкаў, якія мы толькі што ўбачылі на камп’ютарным маніторы. Кожны занатаваны на фотаілюстрацыі эпізод для маёй суразмоўцы – яшчэ адзін напамін аб штодзённых клопатах, сустрэчах, мэтанакіраваных дзеяннях Савета ў карысць тых, хто чакае дапамогі і верыць у яе рэальнасць. Вера гэта заснавана на жывых прыкладах ужо здзейсненых намаганняў мясцовай улады, якія людзі маглі назіраць у аналагічных са сваёй сітуацыях. Яны перакананы, што ўлада не проста «ўрыўкамі» імкнецца дапамагчы, а сістэмна абараняе сваіх грамадзян. І сістэмнасць гэта занатавана ў нарматывах дзяржаўных сацыяльных стандартаў, закліканых вызначыць бясплатныя гарантыі ў жыццёва-важных сферах. Іх захаванне і выкананне – вынік дзейснага супрацоўніцтва органаў мясцовай улады з тымі службамі, што абслугоўваюць тэрыторыю, на якую распаўсюджваецца сфера яе ўплыву, – лічыць Наталля Леанідаўна.
На пачатак бягучага года 785 кватэр у сельсавеце належаць грамадзянам на праве прыватнай уласнасці: 188 маюць вадаправод, 168 – каналізацыю, 134 – цэнтральнае ацяпленне, 82 – гарачае водазабеспячэнне. І гэта ўжо элементы той бытавой уладкаванасці, якія характэрны для сучаснага развіцця вёскі. А яно, як мы цяпер пераконваемся, ідзе і ў напрамку далейшага яе станаўлення, забеспячэння жыццёвага камфорту яе насельнікаў. Дарожнікі сочаць за станам праезджых частак дарог і вуліц. ДРБУ-162 нядаўна правяло падсыпку гравіем і грэйдзіраванне праезджых частак вуліц у вёсках Кумельшчына і Дубраўка. Вырашана пытанне з забеспячэннем вадой Добравіч. Тут пабудавана артэзіянская шчыліна і водаправодная вежа. Да кацельні жыллёва-камунальнай гаспадаркі падключаны жылы фонд і сацкультаб’екты аграгарадка Людвінова.
На тэрыторыі сельсавета размешчаны Сцешыцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – агульнаадукацыйная школа, Людвіноўскі дзіцячы сад, два Дамы культуры ў аграгарадках, філіял музычнай школы. Гэта тыя ўстановы, што ствараюць своеасаблівую духоўную аўру тэрыторыі. Яна – вынік сумарных намаганняў педагогаў, работнікаў культуры, мясцовай улады. Апошняя, пры рэалізацыі праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця тэрыторыі, пастаянна робіць акцэнт на вытоках, традыцыях, увекавечанні памяці. Свой плён прыносіць растлумачальная работа сярод насельніцтва па пытаннях добраўпарадкавання могільнікаў. Ініцыятыву праявілі жыхары Касцяневіч, Клесіна, сабраўшы грошы на ўборку аварыйных дрэў, устаноўку платоў вакол месцаў вечнага прытулку сваіх землякоў.
Слынная зямля рэгіёна багата на помнікі гісторыі, культуры, архітэктуры. Каталіцкія храмы ў Касцяневічах і Сцешыцах, праваслаўны – у Кастыках – гэта месцы гартавання маральных прынцыпаў чалавека і адначасова – узор творчых набыткаў стваральнікаў нашай спадчыны. Яны – пад апякунствам улады, як і помнікі, прысвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны: брацкія магілы воінаў і партызан у Касцяневічах, Замошшы, Юдзеўшчыне, помнікі загінуўшым землякам. Апошнім часам устаноўлены памятны знак на месцы сядзібы Заблошчына, радзіме беларускага пісьменніка Ігнація Ходзькі, памятны знак Івану Цімчуку, першаму дырэктару мясцовага зверасаўгаса. На святых месцах павінен быць адпаведны іх статусу парадак, – такога крэда прытрымліваюцца ў сельскім Савеце.
Людвінова і яго ваколіцы адметныя не толькі каларытам духоўнасці. Гэтыя мясціны сваёй маляўнічасцю, блізкасцю да рэк і вадасховішча прывабліваюць дачнікаў, гаспадароў аграэкасядзіб. Іх інтарэс, памножаны на схільнасць улады, дае новы штуршок развіццю тэрыторыі. Тут размешчаны вёскі, накшталт Кумельшчыны, дзе на месцы былых сялянскіх сяліб нашчадкі або новыя гаспадары ўзводзяць дамы з каларытам сучаснай вясковай архітэктуры. І кожная ініцыятыва, адкуль бы яна не зыходзіла – зверху ці знізу – рэалізуецца сумесна: пры ўдзеле мясцовага кіравання, саміх жыхароў. Фотаздымкі прэзентацыйнага альбома ўтрымліваюць сюжэты з вясковых свят. Яны ў сельсавеце ладзяцца штогод. Тут адлюстраваны суботнікі па навядзенні парадку на тэрыторыях, ушанаванні лепшых гаспадароў сяліб і актыўных вясковых старастаў.
У полі зроку мясцовай улады – забеспячэнне супрацьпажарнай бяспекі жылых дамоў, гаспадарчых і сацыяльных аб’ектаў. Пад яе кантролем – жыццё адзінокіх састарэлых людзей, інвалідаў, якім патрэбен старонні догляд. А ён, па сведчанні Наталлі Шавялёвай, іншым часам зводзіцца да элементарнай чалавечай увагі. Вось чаму, адкінуўшы ўсе «папяровыя» справы, яна амаль штодзень апраўляецца ў ваяж па ваколіцах. Некалькі добрых слоў, шчырых, ад сэрца, – і знікае цень трывогі са старэчых вачэй, свеціцца ў іх іскрынка надзеі. А каб усе мы такім чынам павярнуліся да сваіх блізкіх, усвядоміўшы, што іншым разам ім проста не хапае людской пяшчоты? Бо ў ёй патрэбу мае любая жывая істота.
На тэрыторыі сельсавета пражываюць 126 інвалідаў 1, 2, 3 груп і 14 адзінокіх інвалідаў. А статыстыка абсалютнай адзінокасці таксама ўражальная. Бывае, людзі не могуць рэалізаваць самыя свае элементарныя бытавыя патрэбы. Для іх улада арганізуе адрасную сацыяльную дапамогу, разам з мясцовымі сельгаспрадпрыемствамі наладжвае падтрымку прадуктамі сельскагаспадарчай вытворчасці. Ім рамантуюцца платы, печы, устанаўліваюцца аўтаномныя пажараапавяшчальнікі, вядзецца ў дамах замена электраправодкі, на Людвіноўскім фельчарска-акушэрскім пункце арганізоўваецца стаматалагічная дапамога.
– А ведаеце, мы ў Жарах у наступныя выхадныя ладзім свята вёскі, – інфармуе старшыня сельскага Савета. – З дапамогай раённых улад правялі капітальны рамонт вулічнага пакрыцця. Мабілізавалі людзей на добраўпарадкаванне. Рыхтуем сцэнарый. Успомнім землякоў, ушануем іх памяць. У Жарах, дарэчы, нядаўна дзіцятка нарадзілася.
– Падарунак да свята?
– А Вы як думаеце? – летуценна ўсміхаецца Наталля Леанідаўна.
З такой жа летуценнасцю, нейкай выразнай накіраванасцю ў будучае, гады тры таму Наталля Шавялёва з усім сваім мясцовым актывам, работнікамі райвыканкама, мясцовымі жыхарамі садзіла сквер ля вёскі Карэкаўцы (яна цяпер ужо належыць Рабунскаму сельсавету – М.К.). Удзел у суботніку прыняла нават Святлана Герасімовіч, член Савета Рэспублікі.
Нядаўна давялося быць у тых мясцінах. Маладзенькія дубкі прыжыліся, пайшлі ў рост, упэўнена, як і належыць ім па статусу, раскінуўшы голле. Жыццё сцвярджае сябе ў любых сваіх праявах, калі дапамагаюць гэтаму сцвярджэнню людзі.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фотаздымкі прадстаўлены Людвіноўскім сельвыканкамам

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 69 queries