Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Паэту Івану Лашутку споўнілася б восемдзясят пяць…

Паэту Івану Лашутку споўнілася б восемдзясят пяць. Ён мог бы зараз быць сярод нас, радаваць сваёй творчасцю, жыць… Ды лёс распарадзіўся інакш, забраўшы яго ў Вечнасць ужо чатырнаццаць гадоў таму. Аднак яго сапраўдная паэзія з намі – і гэта даказана жыццём.

Класс имени Ивана Лашутки
 

Прыгожае мерапрыемства, прысвечанае 85-годдзю з дня нараджэння паэта, прайшло на днях у сярэдняй школе №3 у класе імя Івана Лашуткі. Гэта былі літаратурныя чытанні «Паміж пакаленняў», на якія сабраліся вучні, настаўнікі, блізкія паэта. У класе былі людзі розных пакаленняў, якіх звязвае слова паэта. Гэта пра яго ён сказаў: «Роднае слова – веры прычасце, ты будзеш жыць і да лепшых часоў».

Класс имени поэта Ивана Лашутки
 

Дзякуючы вядучым сустрэчы – настаўніцы Ліліі Твярдоўскай, дачцэ паэта, і дырэктару цэнтра эстэтычнага выхавання Таццяне Захарыч, вучаніцы Івана Іосіфавіча,– мерапрыемства атрымалася надзіва цёплым, хвалюючым і прыгожым. Урэшце, інакш і не бывае, калі датыкаешся да творчасці Івана Лашуткі…

Лірыка паэта блізкая кожнаму. На сустрэчы яго вершы чыталі і пачаткоўцы (сярод якіх была праўнучка паэта Паліна), і старшакласнікі. І было бачна, наколькі зразумела кожнаму з іх тое, пра што хацеў сказаць паэт. Гэта быў іх своеасаблівы дыялог, падзячныя словы таму, чый зварот да іх гучыць праз гады:

Я пра вас часта думаю, дзеці,
Вестуны веснавыя мае:
У хлуслівым і здрадлівым свеце
Як, бывае, мне вас не стае!

Цёпла і з хваляваннем узгадвалі паэта, чыталі яго вершы і дарослыя ўдзельнікі сустрэчы: яго жонка Вера Уладзіміраўна, дваюрадны брат Уладзімір Аляксандравіч Ляшковіч, ветэран педагагічнай працы Галіна Ігнацьеўна Капцюг, настаўніца Алена Леанідаўна Дварэцкая, настаўніца сярэдняй школы №3 Вікторыя Георгіеўна Бяляк… Важным дадаткам да вершаваных радкоў была цудоўная музыка ў выкананні Уладзіміра Лапціка і яго вучняў. Бралі за жывое песні на словы паэта, якія спявала Таццяна Захарыч. І гучалі ўспаміны пра Івана Лашутку – пра паэта, настаўніка, чалавека. Навучыцца б кожнаму так любіць сваю Радзіму, землякоў і наша беларускае слова, якому паэт служыў усё сваё жыццё і шанаваць якое завяшчаў усім нам.

Непрыкметна, як адно прыгожае імгненне, праляцела сустрэча. І тут, у класе імя самога паэта, сярод здымкаў і кніг, як нідзе адчувалася яго прысутнасць. «Няма яго, даўно няма», – напісаў у сваім вершы пра Івана Лашутку наш знакаміты паэт Уладзімір Цанунін. І яшчэ дадаў, што ўсё ж не верыцца ў гэта. Сапраўды не верыцца, бо жыве, дзякуй Богу, высокая паэзія Івана Іосіфавіча.

Ірына БУДЗЬКО.
На здымку: пасля сустрэчы ў класе імя Івана Лашуткі.
Фота Веранікі ШАБЕЛЬНАЙ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 69 queries