Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Творчыя людзі правялі агульнае мерапрыемства

Цікавае і надзвычайна цёплае мерапрыемства прайшло на днях у трэцяй гарадской школе. Тут у класе-музеі Івана Лашуткі, нашага земляка-паэта і настаўніка, сабраліся творчыя людзі – былыя педагогі, якія любяць, цэняць паэзію і самі пішуць вершы.

Падрыхтавалі і правялі сустрэчу колішні дырэктар гэтай школы Антаніна Гарчакова, старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы Ніна Жвалеўская, кіраўнік ветэранскай арганізацыі трэцяй школы Валянціна Літвіновіч, якія пастараліся зрабіць сустрэчу запамінальнай. Чаму менавіта цяпер праводзілася гэта сустрэча? Гэта адбылося па некалькіх прычынах. Па-першае, яна праходзіла ў рамках Года малой радзімы, па-другое, прымяркоўвалася да Дня паэзіі (ён адзначаецца 18 сакавіка); па-трэцяе, былі і іншыя прыемныя моманты, пра якія гаворка пойдзе ніжэй. У сустрэчы прынялі ўдзел старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Ганна Шэпелева і старшыня раённага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Святлана Валынец, што яшчэ раз даказала важнасць гэтага мерапрыемства.

Складаю верш, як зруб – вянец з вянцу,
А сэрца – самы шчыры памагаты.
І ўсю любоў, як сыну-першынцу,
Я аддаю яму ў палёт крылаты.

Гэтыя і многія іншыя вершы Івана Лашуткі гучалі ў пачатку сустрэчы. Іх чыталі вучні школы, якія правялі кароценькую экскурсію па музеі паэта, расказалі пра яго жыццё і творчасць. Падкрэслілі і прыемныя дэталі: у школе, дзе ў свой час працаваў паэт, цяпер выкладае яго дачка Лілія і вучыцца праўнучка Паліна. А ў зале, як і заўсёды на падобных сустрэчах, прысутнічала жонка паэта, Вера Уладзіміраўна.

Вілейшчына. Багатая яна на таленавітых людзей. У тым ліку і на майстроў слова, пра якіх і ішла размова на сустрэчы. Бібліятэкар школы Валянціна Літвіновіч падрыхтавала відэапрэзентацыю, у якой расказала пра знакамітых людзей, якія нарадзіліся і пакінулі свой след на нашай зямлі. Піліп Орлік, Ігнацій Ходзька, Эдвард Жалігоўскі, Адам Гурыновіч, Касьян Вясёлы, Іван Кандрацьеў, Змітрок Бядуля, Максім Танк, Лявон Гмырак, Казімір Контрым… За кожным з гэтых імён – свая гісторыя, свая сувязь з Вілейшчынай. А каму з нас невядомыя і імёны такіх нашых знакамітых землякоў, як Ганна Новік, Мікола Кутас, Георгій Храмцоў, Мікола Кунавіч, Віктар Кажура, Сяргей Паўлоўскі, Уладзімір Дубовік, Іван Станкевіч, Уладзімір Цанунін, Клаўдзія Дубовік і многа-многа іншых таленавітых людзей нашага краю, якіх аб’яднала творчасць. Пра гэта – пра літаратурныя аб’яднанні, кніжкі паэтаў – расказала прысутным Антаніна Гарчакова, падкрэсліўшы, што на Вілейшчыне вялікая ўвага надаецца творчым людзям.

А затым Антаніна Іванаўна дала слова самім паэтам-педагогам, якія прыйшлі на сустрэчу. Свае творы прачыталі Баляслаў Мякчыла, Міхаіл Пастарнак, Роза Шэрая, Зінаіда Крупская, Уладзімір Ляшкевіч, Уладзімір Цанунін, Надзея Германенка, Раіса Філістовіч, Мікола Кунавіч. Пазней, ужо падчас цёплай размовы за чаем, свае творы прачыталі Марыя Лазовік і Людміла Пукела. «Гады-гады, пастойце, не ляціце….» – гэтым сваім вершам закончыла ўрачыстую частку мерапрыемства Антаніна Гарчакова. І сапраўды, у іх, творчых людзей з багатым жыццёвым вопытам, мноства задумак і спраў наперадзе. І ім, канешне ж, ёсць што сказаць сваім нашчадкам. Сказаць трапным рыфмаваным радком сакавітай роднай мовы.

Было і яшчэ некалькі прыемных момантаў сустрэчы, калі віншаванні з юбілейнымі датамі прымалі дырэктар сярэдняй школы №3 Мікалай Гіро і бібліятэкар Валянціна Літвіновіч. Далучаемся да віншаванняў.

Ірына БУДЗЬКО/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 73 queries