Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Адзін з самых велічных касцёлаў Вілейшчыны – Даўгінаўскі касцёл Святога Станіслава – мае даўнюю і вельмі цікавую гісторыю

Па сваёй архітэктуры ён не падобны ні на адзін другі касцёл Вілейскага раёна. А яго гісторыя будаўніцтва звязана з цікавымі легендамі і знакамітымі людзьмі нашай краіны. Цікава, што ў пачатку стагоддзя касцёл хацелі перабудаваць, аб чым сведчаць архіўныя дакументы.

Першы ўспамін пра Даўгінава адносіцца да 1440 года. Узгадваецца мястэчка і ў летапісу Радзівілаў за 1495 год. Знакаміта Даўгінава сваім трактам, які часткова захаваўся да нашых дзён, і вялікімі кірмашамі, на якія з’язджаліся гандляваць з розных краін свету. У самім Даўгінаве ў 1661 годзе быў з войскам кароль Ян Казімір, у 1702 годзе – палкі шведскага караля Карла XII, у 1812 годзе падчас свайго паходу на Маскву ў мястэчку кватаравала напалеонаўскае войска – корпус віцэ-караля Італіі Эжэна Багарнэ, былі французы тут і на зваротным шляху. Па Даўгінаўскім тракце праязджала княжна Алена, дачка вялікага князя маскоўскага Івана III («Грознага»), праходзіла тут войска Стэфана Баторыя. Зведала мястэчка і пагромы бунтаў, паўстанняў, войн і рэвалюцый. Але галоўнымі каштоўнасцямі, захаваўшыміся да сёння, застаюцца мясцовыя святыні: дзеючыя царква Святой Тройцы, касцёл Святога Станіслава і былая навучальная сінагога – ешыбот, дзе пэўны час навучаўся будучы народны пісьменнік Беларусі Змітрок Бядуля.

У Даўгінаве з прадвеку па-суседску ўжываліся людзі рознага веравызнання. З першым Даўгінаўскім касцёлам, які быў пабудаваны ў 1553 годзе, звязана гісторыя адной з найбольш вядомых у Беларусі святынь – цудадзейным абразам Маці Божай у Будславе. Першым уладальнікам абраза быў мінскі ваявода Ян Пац. Ён атрымаў абраз з рук Папы рымскага Кліменція VIII. Пасля смерці Паца ў 1610 годзе абраз стаў уласнасцю яго капелана Ісаака Салакая, які прывёз абраз у Даўгінаўскі касцёл. Цудоўны абраз знаходзіўся тут з 1611 па 1613 год, затым Салакай ахвяраваў яго Будслаўскай святыні. У 1672-1673 гадах у Даўгінаве быў пабудаваны новы касцёл, які праз 30 год таксама быў знішчаны пажарам. Наступны (трэці, драўляны) быў узведзены ў 1704 годзе на тым жа самым месцы на сродкі Карла і Эвы Друцкіх-Сакалінскіх і асвечаны ў гонар святога Станіслава. У той час была пабудавана і плябанія для ксяндза і 2-х вікарыяў. Фундатары ахвяравалі касцёлу невялікі маёнтак Плябанцы з чатырма дварамі сялян, а таксама восем двароў у Даўгінаве. Апошні, драўляны, касцёл у Даўгінаве пабудаваны ў 1795 годзе, які таксама згарэў. Сучасны мураваны касцёл быў пабудаваны ў 1853 годзе ксяндзом Львовічам, які працаваў пробашчам Даўгінаўскага касцёла з 1843 па 1854 гады. Кірыях-Львовіч Юзаф Каласант (1794–1857 гг.) – працаваў прафесарам матэматыкі ў Полацкім калегіуме піяраў. За актыўны ўдзел у стварэнні пры калегіуме філіяла Віленскага таварыства філаматаў і філарэтаў быў пакараны царскімі ўладамі. Некаторы час знаходзіўся ў турме, а ў 1842 годзе стаў выконваць абавязкі пробашча ў Даўгінаве. Тут яго наведвалі сябры маладосці: Ігнат Дамейка, Ота Слізень, Тамаш Зан, Ян Чачот. Імя яго ўвекавечана ў паэме Адама Міцкевіча «Дзяды», звесткі ёсць і ў кнізе Канстанціна Тышкевіча «Вілія і яе берагі». Рэалізацыя праекта пабудовы касцёла была распачата пасля неспадзяванага спаткання кс. Львовіча з Тамашом Занам, калі той вяртаўся з ссылкі. Гэта спатканне апісаў В. Поль: «… пробашч (Львовіч) прыйшоў да касцёла і ў дзвярах спаткаў выходзячага Зана. Глянулі адзін аднаму ў вочы, кінуліся ў абдымкі. …Пасля прывітанняў агледзелі ўбогі касцёл.

– Ці тут людзі ў Бога не вераць, што касцёл такі запушчаны? – спытаў Зан.

– Не, – адказаў кс. Львовіч. – Вельмі набожныя, але такія бедныя, што не магу прасіць іх аб дапамозе касцёлу.

– Слухай, брат, – сказаў Зан. – Ты пабудуеш велічны касцёл, а на пачатак даю табе залатую табакерку і перакананы ў тым, што Божае благаслаўленне прыйдзе да гэтага золата».
Так і сталася. Уся Літва прычынілася да збору грошай на будаўніцтва даўгінаўскага касцёла. Да сённяшняга дня ходзіць легенда, як ксёндз Львовіч за табакерку пабудаваў касцёл у Даўгінава. Унутранае убранства касцёла было завершана пасля смерці кс. Львовіча. Яшчэ адным з ксяндзоў, што пакінуў глыбокі след у народнай памяці, быў ксёндз Казімір Дарашкевіч. Працаваў у Даўгінаўскім касцёле з 1931-га па 1965 год (да дня смерці). Аўтарытэт яго быў вялікі. Ён быў не толькі душ пастырам, а быў вядомы як знаўца сельскай гаспадаркі, пчалярства, ветэрынарыі, медыцыны. Асабліва яго надзвычайныя якасці чалавека-святара праявіліся ў час ваеннага ліхалецця, калі ксёндз, нягледзячы на пагрозу смерці, хаваў у касцёле і плябаніі яўрэяў, тайна перадаваў прадукты ў даўгінаўскае гета.

Сучасны касцёл мае выгляд базілікі ў стылі ранняга класіцызму. Унутры падзелены на тры нефы. У галоўным алтары абраз Узнясення Хрыста (мастак Грознаў), у левым нефе алтар Св. Івы дара і капліца св. Антонія Падуанскага. У капліцы св. Антонія на сцяне – палатно «Галгофа» мастака Паўла Герасіменкі, ім зроблены і стацыі Крыжовага шляху Хрыста. У правым нефе – алтар св. Станіслава. Злева ад галоўнага алтара – капліца Маці Божай Безупыннай Дапамогі. Цікавасць прадстаўляюць хоры з арганам, што быў выраблены ў 1938 годзе, і лесвіцай у сцяне.

Нядаўна ў Літоўскім архіве былі знойдзены цікавыя дакументы, якія сведчаць аб тым, што ў 1899 годзе быў зроблены праект надбудовы над галоўным уваходам касцёла вежы-званіцы. Калі б гэты праект быў рэалізаваны, то касцёл у Даўгінаве меў зусім іншы выгляд, магчыма, не зусім стасуючыся з тым стылем, у якім была пабудавана святыня першапачаткова.

 

Сяргей ГАНЧАР/Дакументы прадстаўлены Дзянісам КАНЕЦКІМ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 70 queries