Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Паказ беларускай моды прайшоў у Вілейцы

У ДУА «Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці» адбылося традыцыйнае свята – тыдзень беларускай моды. У якасці апошняга акорда – модны паказ. Маленькія мадэлі – хлопчыкі і дзяўчынкі старэйшых груп – дэманстравалі адзенне. Не проста вопратку, а ўборы-вобразы паказвалі дзеткі. Ужо з першага выхаду гледачам стала зразумела: тут вам не «прет-а-порте», а ўбранне высокай моды. Створаныя руплівымі рукамі бацькоў (а дакладней, напэўна, мам) касцюмы ўвасобілі вобразы роднага краю, народных свят, казачных герояў ды асабістых фантазій.

Дзеткі выходзілі і пад музыку кружылі на імправізаваным подыуме, дэманструючы гожыя ўборы і ўласную прыгажосць. Натуральна, што шчырыя апладысменты ім былі падзякай.

Паказ мадэляў – удалая форма арганізацыі дзіцячай актыўнасці, бо дазваляе задзейнічаць шмат аспектаў. Па-першае, пазнавальна. Па-другое, актывізуецца напрамак «дзеці разам з бацькамі», а сумесная праца бацькоў і дзяцей – аснова сяброўскіх адносін між імі. Па-трэцяе, выхад дзіцяці на вялікую аўдыторыю – для многіх дзетак гэта гісторыя пра пераадольванне сарамлівасці і баязлівасці.

Намесніца загадчыцы ўстановы Вольга Пекная падзякавала маленькім удзельнікам і іх бацькам за стварэнне цуда – яркага свята моды і добрага настою.

Была ў гэтага свята і яшчэ адна асаблівасць. Выхаванцы садка запрасілі на свята сваіх суседзяў – выхаванцаў раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. І не ў якасці гледачоў, а ў якасці выступоўцаў. Мусіць, толькі педагогі цэнтра і бацькі асаблівых дзетак змаглі спаўна ацаніць іх выхад. Мы ж, гледачы свята, дык зрэшты і не разумелі, хто з мадэляў з якой установы. І тут зусім мала перабольшвання – настолькі рабяты вялі сябе натуральна для мадэльнага паказу. За такой «натуральнасцю» – штодзённая цяжкая праца педагогаў і бацькоў. Бо псіхафізічныя асаблівасці многіх дзетак ускладняюць камунікацыю з імі. Для некаторых з іх выхад на сцэну да незнаёмых людзей – уласная перамога над праявамі свайго захворвання.

«Гэта свята, якое мы зладзілі якраз напярэдадні Дня людзей з інваліднасцю, атрымалася па-сапраўднаму інклюзіўным», – адзначыла ў заключным слове намеснік дырэктара цэнтра Вольга Ардзяка і падзякавала ўсім за ўдзел. Дарэчы, усе мадэлі атрымалі дыпломы ўдзельнікаў і сувеніры.
Інклюзія, як вядома, гэта ўключэнне людзей з асаблівасцямі развіцця ў актыўнае жыццё. Кажуць, сталасць грамадства вызначаецца яго адносінамі да тых яго членаў, хто з розных прычын мае менш магчымасцей. У першую чаргу, да людзей з інваліднасцю. Тое, як «асаблівыя» людзі будуць пачуваць сябе заўтра, будзе залежаць ад пасталеўшых дзетак, якія сёння танчылі разам на свяце. Яшчэ і ў гэтым вялікі сэнс, здавалася б, звычайнага дзіцячага мерапрыемства – усталёўваць у малых думку пра тое, што асаблівыя дзеткі – натуральная частка нашага сацыяльнага асяроддзя.

Ірына ТРУБАЧ.
Фота Веранікі ШАБЕЛЬНАЙ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 69 queries