Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Маёнтак Касута

Працягваючы серыю артыкулаў «Вілейшчына шляхецкая», звернемся да тых маёнткаў, пра якія вядома вельмі мала ці, да нядаўняга часу, было невядома зусім. Пра многія з іх ёсць толькі згадкі ў архіўных дакументах, аповеды старажылаў ці проста захаваны цудам фотаздымак, які пазначаны нашай мясцовасцю. Спадзяюся, што разам з чытачамі мы больш даведаемся пра гісторыю нашай малой радзімы. Запрашаем да актыўнага абмеркавання і дапаўнення.

Сядзібны дом маёнтка Касута, 1900 г. Фота з архіва Анжэя Багдановіча

Вёска Касута мае даўнюю і багатую гісторыю. Сведчаннем гэтага з’яўляюцца дакументы аб манастыры, заснаванага да 1622 года, фотаздымкі былога панскага маёнтка, былая ўніяцкая капліца 1815 года з пахаваннямі ўладальнікаў Касуты, а таксама біяграфія Вялікага гетмана Украіны Піліпа Орліка, чые бацькі тут мелі шляхецкія ўладанні. Але пачнём па парадку – ад гісторыі паселішча.

«Маёнтак у Куранцы» – так першапачаткова называецца гэта мясцовасць у дакументах 15 стагоддзя, якая існавала на землях Куранецкай воласці. Пазней маёнтак атрымаў назву ад ракі, што працякала побач – Касуткі. У пісьмовых крыніцах Касута ўзгадваецца пад 1499 годам, калі была ўласнасцю Ядзвігі Аляксандраўны, князёўны Гальшанскай. Маёнтак дастаўся ёй ад мужа Барташа Мантоўтавіча, пасля смерці якога яе новы муж, Ян Багданавіч Літавор Храбтовіч, атрымаў ад яе правы на часовае (да яе смерці) уладанне маёнткам. Мантоўтавічам маёнтак належаў прыкладна да 16 стагоддзя, затым перайшоў да віленскага кашталяна Станіслава Кезгайла. У 1529 годзе Касута была ўласнасцю Станіслава Кезгайлы, старасты жамойцкага і кашталяна трокскага. У гэты час тут налічвалася 206 сямей. Пры ім Касута была цэнтральным маёнткам, у які ўваходзілі суседнія вёскі. Пасля Кезгайлы гаспадаром Касуты быў Ян Глябовіч, канцлер Вялікага княства Літоўскага. У Яна Глябовіча маёнтак набыў епіскап жамойцкі Вацлаў Вярбіцкі, пасля Вішнявецкія, Сапегі, Свяцкія.
У 1718 годзе маёнтак – уласнасць Яна Лубянскага. Ён складаўся з двара Касута і вёсак Малмыгі, Чыжэвічы, Агароднікі і Плікавічы. У 1723 годзе Лубянскі прадаў частку маёнтка – зямлю Казлоўшчына каля вёскі Івонцавічы – Адаму Тышкевічу. Пасля 1800 года маёнтак Касута быў злучаны з землямі суседняга Куранца і належыў Юзэфу Ромеру і Касуцкай уніяцкай плябаніі. З 1857 года Касута належыць Ігнацію Тукалу.

Вёска Касута, 1901 г. Фота Паўла ВАЛЫНЦЭВІЧА

Пасля паражэння нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863-64 гг. Тукалы прымусова павінны былі прадаць маёнтак, і ў 1873 годзе яго набыў расійскі князь Пётр Вітгенштэйн. Але ўжо напрыканцы 19 стагоддзя і ажно да пачатку Першай сусветнай вайны Тукалы – зноў уласнікі Касуты. Падчас Першай сусветнай вайны, у 1915 годзе, каля вёскі адбываліся жорсткія баі, у выніку якіх Касута да 1918 года апынулася пад нямецкай акупацыяй. У 1921-39 гадах Касута, як і ўся тэрыторыя Вілейшчыны, увайшла ў склад польскай дзяржавы. У гэты час маёнтак належаў Мечыславу Багдановічу. У 1938 годзе вёска Касута налічвала 21 двор, 135 жыхароў, а таксама хутары – 10 двароў, 74 жыхары, засценак Касута – 8 двароў, 50 жыхароў; маёнтак Касута – 1 двор, 6 жыхароў. На сёння Касута – гэта не тая вёска, якая існавала ў мінулым. Большую частку Касуты перасялілі падчас будаўніцтва Вілейскага вадасховішча ў 1973 годзе. Падмуркі былой вёскі, старога млына схаваны зараз пад хвалямі «вілейскага мора». Сучасная вёска Касута ўзнікла на месцы колішняга засценка Касута і панскага двара, у мінулым гэтую частку вёскі называлі Дудары.

Значную частку гісторыі вёскі Касута складаюць звесткі пра базыльянскі (уніяцкі) манастыр, які існаваў тут. Гэты манастыр быў заснаваны ў Касуце яшчэ па фундушы Сапегаў да 1622 года ордэнам Святога Базыля Вялікага. У 1638 годзе Себасцян Свяцкі купіў маёнтак Касута Ашмянскага павета ў пана Крыштофа Сапегі. Жонка Свяцкага перад смерцю завяшчала пабудаваць царкву на месцы, дзе яна будзе пахавана. Так у маёнтку Касута была пабудавана царква Уваскрасення Гасподня і ўзнясення Дзевы Марыі. Новая царква была забяспечана ўсім неабходным: абсталяваннем, абразамі і кнігамі. Потым Себасцян Свяцкі набывае фальварак Волкаўшчызна на рацэ Пела: «фальварак з плацінай і млынам, дваровымі пабудовамі, пабудовамі фальварка, з садамі садавіны і палямі, сенакосамі лугавымі і балотнымі, з сялянамі». Касуцскую царкву Себасцян Свяцкі перадаў у вечнае карыстанне з усёй маёмасцю Брацтву Віленскаму з умовай, што пры царкве заўсёды павінны быць два святары, адзін дзяк і пеўчы; служба павінна праводзіцца штодзённа; каб царква была дагледжана толькі святарамі Брацтва Віленскага; каб царква была перанесена крыху далей да садоў (на гары, недалёка ад Агароднікаў); два разы на год каля царквы павінны праходзіць два кірмашы: першы – у дзень Святога Пятра, другі – у дзень Узнясення найсвяцейшай Багародзіцы. З гэтага часу, напэўна, і пачынаецца гісторыя знакамітага па сёння фэста на «Пятро» ў Касуце.

Па фундушы Свяцкі перадаў Брацтву Віленскаму і існуючы манастыр. Унук Себасцяна Свяцкага, Ян Свяцкі, адмяніў першапачатковы фундуш і перадаў маёнтак Касута разам з царквой і манастыром уніятам. Згодна актаў візітацыі (рэвізіі) Касуцкага манастыра, якія праводзіліся ў перыяд з 1705 па 1744 гадоў, апісанне царквы і манастыра наступнае: «перад уездам у манастыр – вялікі крыж. Увесь манастыр разам з царквой абнесены заборам, царква, заснаваная ў імя Уваскрасення Гасподня, драўляная, купалы пакрытыя бляхай. Перад царквой прытвор з вежай, званіца з двума званамі. Звод царквы і алтар пафарбаваны. Іканастас часткова пазалочаны. У царкве карціна з выявай фундатара Себасцяна Свяцкага. Перад манастыром ганак, на якім стаяць лаўкі. Пры манастыры пякарня, невялікая канюшня. Каля манастыра размешчаны дом для гасцей». А вось візітацыя Касуцкага манастыра 1824 года: «царква пры манастыры драўляная, але падчас буры разваленая і адноўлена ў 1766 годзе. Праз год, у 1767-м, у дзень святых апосталаў Пятра і Паўла была асвечана мясцовым ксяндзом Янам Фідэльскім па дакументу мітрапаліта Філіпа Феліцыяна Валадковіча. Яна пабудавана з брусчатага дрэва на каменным фундаменце, пакрытая гонтай. Падлога царквы з пліткі. Маюецца тры алтары. Каля царквы званіца з брусчатага дрэва з трыма званамі. На тэрыторыі царквы пабудавана ў 1815 годзе каменная капліца (захавалася да нашага дня – заўв. аўт.). Уніяцкі манастыр перабудаваны пад кіраўніцтвам Януарыя Красоўскага ў 1785 годзе з брусчатага дрэва на каменным фундаменце. Падлога выкладзена пліткамі, па абодва бакі размешчаны келлі манахаў. Недалёка ад манастыра знаходзяцца кухня, пякарня. Аптэкі пры манастыры няма, як і бібліятэкі, за выключэннем невялікай колькасці кніг у пакоі кіраўніка. Сярод астатніх пабудоў манастыра адзначаюцца бровар, баня, сыраварня, канюшня, карэтная, хлеў для жывёлы, сенавал».

У 1835 годзе Касуцкі ўніяцкі манастыр ордэну Святога Базыля Вялікага быў скасаваны. Манахаў размеркавалі па іншых застаўшыхся ўніяцкіх манастырах, а нерухомы фундуш манастыра перайшоў да праваслаўнай царквы. У тым жа 1835 годзе Касута была абрана цэнтрам Вілейскага праваслаўнага благачыння. У 1837 годзе вілейскім благачынным і святаром у Касуцкую Успенскую царкву быў прызначаны Ігнацый Баліцкі. Пасля паўстання 1863-64 гадоў было вырашана пабудаваць у Касуце новую мураваную царкву. Таму старую драўляную, яшчэ ўніяцкую, царкву знеслі і на яе месцы ў 1868 годзе пачалося будаўніцтва новай царквы з бутавых камянёў і цэглы. На час будаўніцтва пад царкву была прыстасавана колішняя ўніяцкая капліца, якую адрамантавалі і дабудавалі да яе драўляную прыбудову са званіцай. Кіраваў працай усё той жа Ігнацый Баліцкі. 29 чэрвеня 1878 года адбылося асвячэнне пабудаванай Касуцкай царквы ў гонар Святых Апосталаў Пятра і Паўла. Ігнацый Баліцкі да гэтага дня не дажыў (памёр у 1876 годзе), а новы настаяцель І. Стралецкі падарыў царкве на асвячэнне звон, які каштаваў 140 тагачасных рублёў. Царква і зараз з’яўляеца галоўнай святыняй гэтай мясцовасці і ніколі не зачынялася. А вось аб старажытным уніяцкім манастыры нагадвае толькі капліца на могілках каля царквы, пабудаваная ў 1815 годзе, у каменных сутарэннях пад якой спачываюць у трунах фундатары Касуцкага манастыра базыльянаў.

Нічога не захавалася і ад велічнага маёнтка. Яго знешні выгляд мы можам уявіць па фотаздымках 1900-х гадоў, што захаваліся ў сямейным альбоме Анжэя Багдановіча з Зацемені. Сядзібны дом прадстаўляў сабою будынак, асноўная частка якога аднапавярховая з ніжнімі цокальнымі памяшканнямі па ўсім перыметры дома. Правая частка будынка двухпавярховая. У цэнтральнай частцы сядзібнага дома размяшчалася вялікая бальная зала – салон. Убранства будынка было багатае, меліся кафляныя печы, упрыгожаныя арнаментальна і ўстаўкамі кафлі з выявай вершніка (былі знойдзены на месцы маёнтка). Але значная частка сямейных каштоўнасцяў роду Тукалаў была страчана падчас Першай сусветнай вайны. Сядзібны дом атачаў пейзажны парк, мелася тут і ўязная ліпавая алея. Да нашага часу захаваліся адзінкавыя экземпляры ліпы і таполяў 200-гадовага ўзросту, якія ў абхваце маюць каля 6-8 метраў. А аб панскім маёнтку нагадваюць зараз толькі штучныя вадаёмы і рэшткі падмуркаў.

Сяргей ГАНЧАР

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 61 queries