Мальвы для цёці Гені

Асташкава – з тых адметна каларытных вёсачак Вілейшчыны, якім аднак наўрад наканаваны доўгі лёс. Каларыт – у тыпова вясковым ландшафце, дызайне драўляных сяліб. Апошні ніхто і не спрабуе прыстасаваць пад гарадскі стыль. Як гэта часам бывае з тымі паселішчамі, што акупавалі дачнікі з даволі-такі ёмістымі кашалькамі. Тут – усё сціпла. аднак зграбна і дыхтоўна. Сялібы, якія яшчэ не пакінуты насельнікамі, зваяны з чыста сялянскім практыцызмам. У адной з такіх жыве Яўгенія Канстанцінаўна Несцяровіч. Цёця Геня, – так зычліва кліча яе бліжэйшая суседка – Таццяна Мікуліч, дарэчы, намеснік кіраўніка раённай службы сацыяльнай абароны. Тут, у Асташкаве, Таццяна Іванаўна мае дачны домік з участкам. Ад сялібы цёці Гені яго аддзяляе ладны кавалак пустошы, дзе пад дрымотнымі зараснікамі ўгадваюцца абрысы старых падмуркаў. Прыяцельскія адносіны ў розных па ўзросту і сацыяльнаму статусу кабет склаліся даўно. Неяк зазірнула Яўгенія Канстанцінаўна на падвор’е да суседкі. Прывіталася. Прыдзірліва агледзела яе немудрагелістую гаспадарку.

– Давай палоць памагу, – прапанавала. Таццяна ўзрадавана кіўнула. Так і павялося. Весніцы адна да адной адчыняюць па некалькі разоў на дню. І апякунства тут узаемнае, бо цяжка сказаць, хто з іх у кім больш патрэбу мае. Надарылася некалі з цёцяй Геняй бяда – захварэла цяжка. Пройдзе, – сама сябе супакойвала, начамі не зводзячы вачэй ад болю. Таццяна Іванаўна першай забіла трывогу. Даставіла ў райцэнтр на кансультацыю, угаварыла на аперацыю. Гэта і яе заслуга ў тым, што цёця Геня ў мінулыя выхадныя адзначыла свой васьмідзесяцігадовы юбілей. Адзначыла бадзёрай, здаровай, уражваючай сваёй абаяльнай жаноцкасцю.
– На бабулю Вы ніяк не цягнеце, – мой камплімент быў абсалютна не вымушаным. Аднак і Яўгенія Канстанцінаўна ўспрыняла яго належным чынам, не як даніну ветлівасці, а канстатацыю бачнага. Бо для яе – пад’ёмная ноша гэтых васьмідзесяці год. Якую воляй лёсу яна ўжо колькі часу нясе адна. Не, на адзінокасць цёця Геня не наракае. Дзякаваць Богу, недалёка, у Вілейцы,жывуць унукі Андрэй і Вадзім – клапатлівыя, чулыя хлопцы. Нават праўнукаў дачакалася. Ёсць каму сядзібу абкасіць, хляўчук агледзець. Там, унутры, хрумстаюць зеленню трусы – новы занятак цёці Гені… Мы сустрэліся напярэдадні яе юбілею. Гаспадыня чакала нас у хаце, накрыўшы ў чыстай палавіне стол з усімі немудрагелістымі вясковымі пачастункамі. Распаўсюджвала пах укропу талерка з разварыстай, ашчадна аскобленай, маладой бульбай. Зыркалі насычанымі жоўтымі месяцамі паўкольцы дамашніх яек.
– Гуркі таксама свае, з градкі, – шчыравала цёця Геня, наліваючы ў келіхі кампот з чорнай «смуродзіны». – Вось каб вы ў нядзелю, як усе збяруцца, прыехалі, радню б маю ўсю пабачылі.
Самая дарагая яе радня, дачушка Зоя, назірае за хатай і яе насельнікамі з вялікага партрэта над канапаю. Акуратная стрыжка, вялікія, з налётам вечнага суму,вочы. Ах, мама-мамачка, выбачай, што так рана цябе пакінула. Што не я табе навалачкі мыю. А яны ж вунь якія чысцюткія на пульхных падушках. Не я мальвы ружовыя саджаю. Такія высокія ды гонкія. Ужо да вокнаў выцягнуліся… Колькі часу ў пакоі стаіць цішыня, набрынялая неперажытым густым болем. Нібыта маўклівая бухматая хмара, гатовая вось-вось праліцца на зямлю шчымлівай дажджынкай-слязой. Але цёця Геня стрымана і годна нясе свой боль, умела хаваючы яго ад старонніх вачэй. Калі ладзілі яны з Аляксандрам сумеснае жыццё, планаў асаблівых не строілі. Хацелася, каб усё было дастойна і па-людску.
Калі сходзіліся, у іх раскінутым тады па хутарах Асташкаве пакуль блукаў прывід яшчэ неперажытай вайны. А пачыналася яна – Геня мела ўсяго восем год. Памятае, як развітваўся з сям’ёй бацька. Як дапытліва, не могучы ўцяміць магчымых наступстваў гэтага стрыманага развітання,пазіралі на яго шэсць пар дзіцячых вачэй… Пахаронка прыйшла ў 44-ым. «Прапаў без вестак» – нейкім адчужаным, не сваім голасам чытала маці шасцярым горкім сіротам афіцыйныя словы, занатаваныя на шэрым казённым бланку. Пасляваеннае сіроцтва штурхала на думкі пра дабрабыт, няхай сабе і сціплы, але варты чалавечага звання. Абое – і Геня, і Аляксандр – разумелі, што разлічваць яны могуць толькі на ўласныя сілы. А працавітасці ні ёй, ні яму было не займаць. Яўгенія Канстанцінаўна і сёння, у свае восемдзесят, бульбу садзіць, ладзіць агарод. Не толькі трусоў, але і курэй гадуе. Яшчэ завуць яе ў талаку знаёмыя, каб дапамагчы з прысядзібнымі ўчасткамі ўправіцца. І адгукаецца, і становіцца на барозны побач з намнога маладзейшымі. Што казаць тады пра маладыя гады. Лёгкая, спрытная, яна і па хаце, і па сядзібе не хадзіла, а лунала, здаецца, бы тая светлая крылатая птаха ў паднябессі. Светлая ды гордая. Час, надзяляючы жыццёвай мудрасцю і рыхтуючы ёй усё новыя і новыя выпрабаванні, не пазбавіў яе галоўнага – усведамлення сваёй жаночай, чалавечай вартасці. З ёю і жыве. Раз-пораз рассыпаючы па стале старыя фотакарткі. На адной – яны з Аляксандрам і трое іх дзяцей. Усе жывыя, усмешлівыя і шчаслівыя. Сёння, з усяго таго здымку, жывая адна яна, Геня. Вечная турботнасць, праца да самазабыцця сталі тым выратавальным колам, якое дапамагае ёй трымацца на вірлівай жыццёвай плыні. У былым калгасе «Зара», у назву якога для красамоўства дабавілі азначэнне «алая», адпрацавала без малога сорак год. Палявод – гэта хутчэй нават не прафесія, а лад жыцця. Па крайняй меры, так яно было, калі толькі станавілася на ногі калектывізаваная пасляваенная вёска. А паляводы,за крэсачкі ў табелях уліку рабочага часу, згіналіся пад пякучым сонцам над дзялкамі буракоў, рвалі калючы асот і пырнік на льняных плантацыях… Уручную жалі, касілі – ударная пяхота калгасных палеткаў. Ці ацэніць гісторыя па вартасці бескарыслівасць горкага пакалення сірот і дзяцей вайны, іх штодзённы подзвіг, меру якога яшчэ так і не вызначыў час?
Тыдні два назад у Асташкаве прайшло свята вёскі, арганізаванае мясцовымі культработнікамі. Яўгенія Несцяровіч была адзначана на ім тройчы: як старэйшы жыхар населенага пункта, як гаспадыня лепшага вясковага падвор’я і самы актыўны чытач Ерхаўскай сельскай бібліятэкі.
Не зважаючы на ладны дожджык, цёця Геня выйшла на ганак. Праводзіць гасцей – гэта таксама яе звычка. Услед за гаспадыняй выскачыў кот Сямён,які да гэтага соладка драмаў пад услончыкам. На заднім двары развітальна забрахаў некаранаваны вартаўнік сялібы – сабака, па мянушцы Малыш. Ружовым водсветам палаючых мальваў, якія расквітлі акурат да юбілею цёці Гені, зіхацелі абрысы аканіц. За імі было, ёсць і, верылася, яшчэ доўга будзе гучаць жыццё.
Марыя КУЗАЎКІНА. Фота аўтара


Написать комментарий

НОВОСТИ

Самые популярные детские имена у вилейчан в 2017 году

В кафе у вилейчанина украли телефон и деньги

«Ёлка желаний»: уже есть первые «волшебники»

На автодороге Минск-Молодечно-Нарочь будет ограничено движение

САМОЕ ЧИТАЕМОЕ

  • Сеансы кинотеатра «Мир» (13 декабря – 17 декабря) - 13 декабря 2017 (1838)
  • Молодечненским РОВД разыскиваются две девушки. Близкие очень волнуются за их судьбу - 14 декабря 2017 (911)
  • В кафе у вилейчанина украли телефон и деньги - 14 декабря 2017 (556)
  • Самые популярные детские имена у вилейчан в 2017 году - 14 декабря 2017 (510)
  • ФОТОФАКТ. На Центральной площади идёт установка главной ёлки города - 13 декабря 2017 (466)
  • Идет сбор средств на восстановление храма Святого Духа деревни Речки Вилейского района - 13 декабря 2017 (382)
  • На автодороге Минск-Молодечно-Нарочь будет ограничено движение - 13 декабря 2017 (306)
  • В Минске определили обладательницу самых сексуальных губ. Девушке из Солигорска досталось 3000 евро на шопинг в Милане - 14 декабря 2017 (242)
  • "Ёлка желаний": уже есть первые "волшебники" - 13 декабря 2017 (209)
  • Вилейчанка – лауреат польского конкурса новогодних открыток - 13 декабря 2017 (199)
  • ВСЕ НОВОСТИ

    В районе проведено специальное комплексное мероприятие «Надзор»

    Мини-футбол: достойное завершение

    Юбілей Вілейскага народнага тэатра

    Юные исследовали из гимназии «Логос» сделали шаг в науку

    20 декабря состоится «прямая телефонная линия» с начальником отдела идеологической работы, культуры и по делам молодежи Вилейского райисполкома ПАВЛОВСКИМ Сергеем Фёдоровичем. Тема: “О работе учреждений культуры района по организации культурно-досуговой деятельности”

    21 декабря приём граждан проведёт главный правовой инспектор труда Минской областной организации Белорусского профсоюза работников АПК АЗАРЕНКО Кирилл Николаевич

    Чтобы не стать живым товаром…

    О проведении приписки граждан к призывному участку Вилейского района в 2018 году

    Бытовые котлы не безопасны

    О платежах в Фонд социальной защиты населения

    РУБРИКИ ШП НАШИ АВТОРЫ
    Яндекс.Метрика


    Разработка ИП Харитончик А.Н.