Внимание! Сайт работает в тестовом режиме!
РАДИО – 107,4 FM –

Ганаровы работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі

Амаль два дзясяткі гадоў назад Антаніна Шалыгіна ўпершыню прыйшла ў ЖРЭУ, што па вуліцы Горкага, і пачала асвойваць новую для сябе справу. Да гэтага былі гады працы на буйнейшым вілейскім прадпрыемстве – заводзе “Зеніт”, завочная вучоба ў Беларускім політэхнічным інстытуце.

Налічэнне камунальных плацяжоў, прыём наведвальнікаў, адказы на тэлефонныя пытанні, падрыхтоўка справаздач і іншай неабходнай інфармацыі, якая датычыць аплаты камунальных паслуг, – гэта толькі частка работы, якую выконвае бухгалтар Антаніна Шалыгіна. Яшчэ яна дапамагае работнікам прадпрыемства ў пытаннях бухгалтарскага ўліку, актыўна ўдзельнічае ў рабоце па зніжэнні дэбіторскай запазычанасці, з’яўляецца ў поўным сэнсе слова настаўнікам для маладых калег.

IMG_5730– Наш калектыў памяняўся, на працу прыйшлі маладыя супрацоўнікі. – расказала Антаніна Леанідаўна. – Цудоўныя дзяўчаты, з якімі ў калектыве вельмі камфортна.

Па родзе сваёй работы яна пастаянна ў цесным кантакце з віляйчанамі. Практычна не змаўкае тэлефон, людзі на другім канцы провада чакаюць яе адказаў на пытанні, тлумачэнняў і парад. Акрамя таго, штодзённа ў ЖРЭУ бывае шмат наведвальнікаў. А людзі, як вядома, вельмі розныя, і з кожным трэба знайсці агульную мову. Інакшага проста не дадзена.

– Як бы там ні было, але за гады працы  не было ў мяне канфліктаў з наведвальнікамі, – падзялілася жанчына. – Мусіць, шанцуе мне на добрых людзей…

На самой справе нават самы злосны і неўраўнаважаны чалавек становіцца лагаднейшым, сустрэўшыся з гэтай ветлівай, тактоўнай, інтэлігентнай і абаяльнай жанчынай. Да таго ж,з прафесіяналам сваёй справы. Гэта адзначаюць і самі наведвальнікі, і кіраўніцтва. Нездарма за гады працы ў ЖРЭУ добрасумленнае, узорнае выкананне Антанінай Леанідаўнай сваіх абавязкаў неаднаразова адзначаліся: у 2006 годзе яе ўзнагародзілі Ганаровай граматай Мінскага абласнога ўнітарнага прадпрыемства “Упраўленне ЖКГ”, у 2010 – яе фота занесена на Дошку гонару прадпрыемства, яшчэ праз тры гады ёй была аб’яўлена Падзяка старшыні раённага выканаўчага камітэта. У мінулым годзе Антаніна Леанідаўна ўзнагароджана Ганаровай граматай дзяржаўнага аб’яднання “Жыллёва-камунальная гаспадарка Мінскай вобласці”. А сёлета напярэдадні прафесійнага свята жанчыне ўручаны нагрудны знак Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі “Ганаровы работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі”. Яго ва ўрачыстай абстаноўцы – мерапрыемства праходзіла ў сталічным Палацы прафсаюзаў – уручыў міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Церахаў. Лепшыя з лепшых камунальнікі Беларусі сабраліся ў гэты дзень у зале, і быць у іх ліку, адзначыла Антаніна Леанідаўна, вельмі ганарова. Урачыстым і, разам з тым, цёплым атрымалася мерапрыемства, таму будзе помніцца заўсёды.

Акрамя любімай работы, якая займае большую частку яе жыцця, мае жанчына і хобі, без якога не ўяўляе існавання, – кветкі. Хатнія і тыя, што з вясны да восені ўпрыгожваюць яе падворак. Гледзячы на іх, Антаніна Леанідаўна зараджаецца іх хараством, якое ўпрыгожвае не толькі наваколле, але і душу. А паўтара года назад ў жыцці жанчыны і яе мужа адбылася вельмі важная падзея – яны сталі бабуляй і дзядулем цудоўнай дзяўчынкі, самай дарагой і любай кветачкі, і гэта падзея дадала жыццю столькі прыгожа-цёплых эмоцый і фарбаў! Сёння ў Антаніны Леанідаўны ёсць самае важнае: блізкія людзі, любімая работа, людская павага, высокая ацэнка яе працы. Напэўна, гэта і ёсць сапраўднае шчасце.

Са святам Вас, Антаніна Леанідаўна! Са святам віншуем усіх, хто прысвяціў жыццё нялёгкай, але такой важнай для грамадства працы ў камунальнай гаспадарцы.

Ірына БУДЗЬКО.
Фота Сяргея ГАНЧАРА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.


Яндекс.Метрика