Буйнейшы мецэнат Вілейшчыны, лепшыя часы росквіту маёнтка роду Любанскіх і трагічны лёс прадстаўнікоў сям’і Любанскіх і Чарноўскіх

Некалькі нумароў таму мы распавядалі пра гісторыю шляхецкага маёнтка Любань і яго ўладальнікаў – род Любанскіх. Інфармацыя пра будаўніцтва, развіццё і гісторыю самой сядзібы захавалася ў гістарычных дакументах, па якіх і быў складзены аповед. А вось узгадкі пра далейшы лёс апошняга ўладальніка маёнтка Аляксандра Любанскага, яго сям’і, на жаль,нідзе знайсці не прадстаўлялася магчымым. Чаму ён прадаў у 1922 годзе маёнтак Любань, куды пераехаў, што з родам Любанскіх было далей? Гэтыя пытанні засталіся невядомымі. Але «хто стукае, таму адчыняць…», і праз некалькі дзён пасля выхаду артыкула нечакана з’явілася інфармацыя пра далейшы лёс Любанскіх.

Аляксандр і Ізабэла Любанскія. 1930-я гг

Аляксандр і Ізабэла Любанскія. 1930-я гг

А пачнём з таго, што Аляксандр Любанскі,пабудаваўшы ў Вілейцы першае прамысловае прадпрыемства – лесапільны завод (зараз завод «Буддэталі»), прыклаў і шмат намаганняў, каб горад атрымаў дазвол на будаўніцтва першага каменнага касцёла ў Вілейцы. Ён жа падараваў гораду пляц – зямельны надзел для будаўніцтва касцёла, ахвяраваў значныя сумы для будаўніцтва святыні, абавязаўшыся ўласным коштам справіць усё ўнутранае абсталяванне святыні.

Ізабэла Любанская-Межаеўская 2

Ізабэла Любанская-Межаеўская

Касцёл быў пабудаваны і пачаў дзейнічаць, але пачалася Першая сусветная вайна – час новых перамен. Вайна перарасла  ў рэвалюцыю, на пэўны час Аляксандр Любанскі з сям’ёй вымушаны былі з’ехаць з Любані, потым пачалася савецка-польская вайна, пасля якой Любанскі вырашыў прадаць маёнтак, мяркуючы, што нічога добрага бясконцыя змены ўлады і рэжыму не прынясуць. Але пачаўся перыяд, цягам 18 год, калі Заходняя Беларусь адышла да Польскай дзяржавы. І гэта быў адзін з самых спакойных і шчаслівых перыядаў для роду Любанскіх. На той час,калі Аляксандр Любанскі прадаў маёнтак Любань, яму ужо споўнілася 59 год. Усёй вялікай сям’і, канешне, хацелася цішыні і спакою, які яны знайшлі ў другім сваім маёнтку – Варонча былога Наваградскага павета (зараз Гродзенская вобласць, Карэліцкі раён).

Дзеці Аляксандра і Ізабэлы юбанскіх

Дзеці Аляксандра і Ізабэлы Любанскіх

Маёнтак Варонча быў адным з буйнейшых уладанняў роду Любанскіх. Яшчэ прапрадзед жонкі Аляксандра Любанскага Антоні Межаеўскі каля 1840 года  купіў маёнтак Варончу ў нашчадкаў ваяводы Несялоўскага, якому ён належыў. Ізабэла Межаеўская, выходзячы замуж за Аляксандра Любанскага і беручы яго прозвішча,атрымала Варончу ў пасаг. Усё сваё жыццё Ізабэла Любанская любіла гэтае месца і старалася зрабіць з яго радавое гняздо. А неспакойны час і вельмі нязвыклыя мясціны на Вілейшчыне не дазвалялі Любанскім спакойна абжываць маёнтак Любань у якасці сямейнай рэзідэнцыі. Хаця працяглы час сям’я Любанскіх жыла тут. Менавіта тут было шмат сяброў сярод іншых уладальнікаў маёнткаў Вілейшчыны, напрыклад, Багдановічы, Тукалы. Так,у сямейным альбоме стаецкіх Багдановічаў захоўваецца здымак з подпісам на польскай мове: «Я шчыра шкадавала, што ты не была ў нас 29 чэрвеня, але мы ўбачымся ў жніўні? Сапраўды?». На фотаздымку была выява прыгожага драўлянага палаца, на пярэднім плане якога стаяў экіпаж,запрэжаны коньмі, а ў ім сядзелі дзве дзяўчынкі. Доўгі час лічылася, што гэта фотаздымак маёнтка Абадоўцы пана Мечыслава Багдановіча. А вось пасля публікацыі артыкула пра Любань стала вядома, што гэта маёнтак Варонча роду Любанскіх у Наваградскім павеце. І надпіс на фотаздымку зроблены рукой Ізабэлы Любанскай да сваёй сяброўкі.

Унучка Аляксандра Любанскага пані Марыя Альжынскі

Унучка Аляксандра Любанскага пані Марыя Альжынскі

І вось Любанскія ўжо стала пераехалі ўсёй сям’ёй ў Варончу. Тут нараджаліся і вырасталі дзеці, іх выхаваннем займалася сама Ізабэла Любанская. У іх з Аляксандрам было трое дзяўчынак і сын. Ізабэла Любанская старалася даць дзецям свецкія манеры і добрую адукацыю, і ў той жа час вучыла не цурацца сваіх аднагодкаў з простых сялян, глядзець на іх без знявагі і напышлівасці. Дзеці вырасталі, абзаводзіліся сваімі сем’ямі, але на святы ці проста па запрашэнні абавязкова збіраліся ўсе ў Варончах, дзе іх гасцінна сустракалі Ізабэла і Аляксандр Любанскія.

Сямейны альбом роду Любанскіх старанна захавала ўнучка Аляксандра Любанскага пані Марыя Алжынскі. Менавіта яе аповед і ўспаміны сталі асновай да знятага ў Польшчы фільма пра род Любанскіх.

Вось што распавядае Марыя Алжынскі з Любанскіх.

– У старасці Аляксандр і Ізабэла Любанскія жылі ў маёнтку Варонча разам са сваёй старэйшай дачкой Вольгай-Аляксандрай і яе сям’ёй. Вольга пабралася шлюбам з Адамам Чарноўскім у 1914 годзе. Чарноўскія нарадзілі чатырох сыноў, і ўсё было б добра, каб не трагедыя, якая здарылася з малодшым Антосем па яго нараджэнні. Лекарка выпісала спецыяльныя кроплі ў вочы, тады быў такі звычай, што павінна было прадухіліць інфекцыю. І лекарка памылілася на адну дзясятую, выпісаўшы занадта моцныя кроплі, і гэта спаліла яму вочы. Бацькі стараліся зрабіць усё, каб Антык з дзяцінства адчуваў сябе такім,як і ўсе яго сябры. Прырода цудоўна ўзнагародзіла яго,хоць ён нічога не бачыў, але быў вельмі музыкальны. Ён граў на многіх інструментах, выдатна адчуваў музыку.

У 1922 годзе не стала сына Аляксандра Любанскага Яна, якому было ўсяго 28 год. Яго пахавалі на радавых могілках у Варончы. Бацькі вельмі моцна перажывалі страту адзінага сына. А праз дзесяць год,у 1932 годзе,на 69-м годзе жыцця не стала і самога Аляксандра Любанскага. Адышоў з жыцця глава роду Любанскіх. Да сённяшняга часу на могілках у Варончы стаіць прыгожы, велічны помнік у выглядзе калоны з порцікам і крыжам наверсе.

Але жыццё працягвалася і Варонча ўжо стараннямі Вольгі Чарноўскай, дачкі Любанскага, як і ранней была вядама ў наваколлі сваімі падзеямі і сваёй прыгажосцю. Дарэчы, адной з адметнасцяў сядзібнага парку Любанскіх быў вядомы варанчанскі дуб, казалі, што яму было больш за 700 год.

– Прыйшоў 1939 год. Чарноўскія–Любанскія сталі ворагамі народа. Адразу быў арыштаваны Адам Чарноцкі. За яго уступіўся сын Аляксандр, які пайшоў ў Наваградак і прапанаваў арыштаваць яго, а бацьку адпусціць, бо той быў стары. Пасля гэтага ні Адама, ні Аляксандра Чарноўскага ніхто больш не бачыў.

Жыхары Варончы пыталіся прыстасавацца да новай улады. А праз паўтары гады прыйшла вайна, якую не чакалі. Частка вялікай сям’і Любанскіх яшчэ ў 1939 годзе да вайны апынулася ў Вільні, а бабуля Ізабэла Любанская з дачкой Вольгай Чарноўская і ўнукамі Юзэфам і Антосем засталіся ў Варончы.

«Увесь час «лясныя бандыты» чапляліся да нас і з кожным днём жыць у Варончы было небяспечна, – пісала Ізабэла Любанская ў снежні 1943 года сваім родным у Вільню. У такія неспакойныя часы мы дзякуем Богу за кожны дзень. А далейшае жыццё ў Божых руках.  Трэба жыць са дня на дзень, радуючыся кожнаму пражытаму пад сваім дахам  дню… Гіне ўсё, што захавалася з мінулага жыцця. Але нервы затупіліся, на самой справе цікавіць толькі здароўе і жыццё любімых людзей».

Вясна 1943 года была ранняй, нечаканай. Асабліва ў гэтыя дні мясцовыя людзі часта звярталіся за дапамогай да пані Вольгі – аказаць якую-небудзь прывентыўную медыцынскую дапамогу, то што іншае. А потым пані Вольга выратавала ўсю вёску ад знішчэння. Вось як аб гэтых падзеях успамінаюць мясцовыя жыхары.

– Вясной прыехалі немцы ў вёску і загадалі сабрацца ўсім на вуліцы. А потым сагналі нас у вялікую абору (кароўнік) і хацелі падпаліць яе. У гэты час з Наваградка вярталася пані і ўбачыла гэта. Толькі помніцца, што яна доўга размаўляла з нямецкім афіцэрам, крычала, махала рукамі. Яна ведала нямецкую мову і змагла нешта даказаць ці ўгаварыць афіцэра – і нас адпусцілі. Толькі дзякуючы ёй мы засталіся жывыя…

Напрыканцы красавіка 1943 года пані Вольга Чарноўская-Любанская паехала ў Наваградак, але яна не ведала, што гэта апошняя ў яе жыцці вандроўка… Вось радкі з пісьма пані Вольгі сваім родным у Вільню, якое яна адправіла ў той апошні дзень свайго жыцця 28 красавіка 1943 года.

«Мая дарагая Антануся (звярталася яна да сваёй сястры, другой дачкі Аляксандра Любанскага – заўв. рэд.) і дзеткі мае наймілейшыя, каханыя. Карыстаючыся магчымасцю хачу сказаць, што мы здаровыя, жывыя і адносна вясёлыя. Заўжды спадзяёмся на Божую ахову. Мы моцна, моцна сумуем па ўсіх вас. За апошнія тры месяцы я першы раз у Навагрудку, бо няма калі – зараз працоўны час. Мы часам сеем пару гектараў для сябе і садзім бульбу. Варонча поўнасцю абрабавана, але ўся зямля засеяна. Мамуля (Ізабэла Любанская – заўв. рэд.) адносна здаровая, але вельмі па вас сумуе».

Назад, у Варончу, пані Вольга вярталася пешшу, па дарозе яе затрымлівалі суседзі, прапаноўвалі, каб яна адпачыла, пераначавала, але яна ішла далей, бо не хацела хваляваць маці. І ўвечары яна дайшла, дайшла, каб ноччу іх абудзілі і расстралялі…
Забілі ўсіх, хто быў у маёнтку – Ізабэлу Любанскую, пані Вольгу, яе сына і цяжарную нявестку. А потым жанчын з Варончы заставілі нанасіць саломы і падпалілі палац. У жывых пакінулі толькі Антэка, бо ён быў сляпы. Ён кідаўся ў агонь, але яго не пусцілі. Мясцовыя жыхары на раніцу сабралі парэшткі і пахавалі на мясцовых могілках.

Яшчэ доўгія месяцы па вёсках хадзіў сляпы юнак, які стукаў у хаты і прасіў якую-небудзь работу, прапаноўваючы папрацаваць за кавалак хлеба. Потым прыйшло вызваленне, і Антоні Чарноўскі блукаў па чужых сем’ях. Але жыццё брала сваё, моладзь хацела весялосці, і тут Антось зрабіўся самым патрэбным чалавекам – самым лепшым музыкантам. Неўзабаве ён сышоўся з простай сялянкай Вацлавай, якая таксама была сіратой. Так яны і пражылі да канца свайго веку ў Варончы…

Вось такая велічная і нечакана жахлівая гісторыя роду Любанскіх, якія былі сапраўднымі гаспадарамі на сваёй зямлі, былі адданымі сваёй радзіме Беларусі, бо нават у складаныя і небяспечныя для іх 1939-я гады, час вайны 1941 года яны заставаліся ў сваім маёнтку, сярод сваіх аднавяскоўцаў.

Сяргей ГАНЧАР.
Фота  з архіва Марыі Алжынскі


Написать комментарий

НОВОСТИ

Впервые на Вилейском водохранилище проведут фотослет

На Вилейщине стартует акция «Я люблю тебя, жизнь!»

Вилейские спасатели несколько раз в день выезжают на тушение сухой травы

На этой неделе будут ловить нарушителей правил поведения на ж/д путях

САМОЕ ЧИТАЕМОЕ

  • Мужчина, приревновав сожительницу к родственнику, ударил её ножом в живот – Вилейский район - 25 Май 2017 (278)
  • В Вилейском районе возрождается турслёт выпускников - 25 Май 2017 (202)
  • Перерывы между занятиями в белорусских школах станут короче - 25 Май 2017 (140)
  • Впервые на Вилейском водохранилище проведут фотослет - 25 Май 2017 (129)
  • С 4 по 30 июня в Вилейке проводятся Дни устойчивой энергии. Покажут ветрогенератор, проведут мастер-классы, концерт и фаер-шоу - 25 Май 2017 (120)
  • В Молодечненском районе неудачная шутка над пенсионером закончилась уголовным делом - 25 Май 2017 (89)
  • Почувствовать себя настоящим спасателем смогла журналистка "ШП" - 25 Май 2017 (69)
  • 4 июня в агр. Долгиново состоится районный праздник Сёмуха - 25 Май 2017 (53)
  • В Молодечно бывший работник автомойки вынес из нее пылесосы и моющие аппараты - 25 Май 2017 (34)
  • В Молодечно грабитель схватил за горло девушку и снял с ее рук два кольца - 25 Май 2017 (31)
  • ВСЕ НОВОСТИ

    В Молодечненском районе неудачная шутка над пенсионером закончилась уголовным делом

    Мужчина, приревновав сожительницу к родственнику, ударил её ножом в живот – Вилейский район

    Ученые из 10 стран соберутся в Полоцке на конференцию к 500-летию белорусского книгопечатания

    Перерывы между занятиями в белорусских школах станут короче

    4 июня в агр. Долгиново состоится районный праздник Сёмуха

    Еврокомиссар усомнился в идее энергоблокады БелАЭС. Ему показали станцию с воздушного шара

    Почувствовать себя настоящим спасателем смогла журналистка «ШП»

    В Молодечно бывший работник автомойки вынес из нее пылесосы и моющие аппараты

    Впервые на Вилейском водохранилище проведут фотослет

    С 4 по 30 июня в Вилейке проводятся Дни устойчивой энергии. Покажут ветрогенератор, проведут мастер-классы, концерт и фаер-шоу

    РУБРИКИ ШП НАШИ АВТОРЫ Яндекс.Метрика