Найстарэйшы кінамеханік Беларусі жыве ў Вілейскім раёне

Кожны ветэран, з якім прыходзілася і прыходзіцца сустракацца – гэта прыклад чалавечай сціпласці, бо пра подзвігі яны гавораць мала і неахвотна, маўляў, такі быў час і ўсе рабілі адну справу, гэта прыклад адданасці працы, бо амаль кожны франтавік пасля вайны яшчэ больш цяжка працаваў на адбудове «мірнага жыцця». Гэта людзі з моцным і трывалым характарам, які загартоўваў цяжкі лёс, а таксама іх дзяцінства, па якім прайшлася вайна.

IMG_78255

Наш сённяшні герой – легенда мястэчка Даўгінава, ветэран вайны, які застаўся жывым лёсу наперакор, легендарны кінамеханік, з якім у 1946 годзе пачалося кіно ў Даўгінава і скончылася з выхадам на адпачынак у 87 гадоў, уявіць сабе – 68 год працы на адным месцы. Гэта Пташнік Пётр Сцяпанавіч. Яго лёс – гэта сцэнарый кінаэпапеі, дзе кожны кадр – як гісторыя ўсёй краіны праз лёс аднаго чалавека.

У сістэме кіно Пётр Сцяпанавіч з сакавіка 1946 года, як кінамеханік Вілейскага раёна ён дваццаць гадоў падарожнічаў па вёсках нашага краю з кінаперасоўкай, так бы мовіць,прыносіў ззянне блакітнага экрана ў масы. Пахвальныя лісты і граматы, а такой колькасці я не бачыў ніколі, якіх больш сотні, і ўсе яны як адна характарызуюць Пятра Сцяпанавіча як добрасумленнага працаўніка сістэмы кіно, працавітасць і актыўная жыццёвая пазіцыя, любоў і адданасць працы якога адзначалі ўсе кіраўнікі сферы, а таксама раёна і міністэрства (а з 1946 года іх было больш, чым новых кінастужак). Прычым Пётр Сцяпанавіч адразу агаварыўся, што, каб было можна, то працаваў бы кінамеханікам па сёння. Але ўсё па парадку.

Нарадзіўся Пётр Сцяпанавіч Пташнік у Лагойскім раёне ў вёсцы Задроздзе і,як з усмешкай адзначыў: «Да вайны жыў за мяжой – у краіне Саветаў», бо суседні Вілейскі раён быў пад Польшчай.

IMG_78300

– Да вайны я скончыў толькі 4 класы. Рана памёр бацька, таму быў вымушаны ісці працаваць, бо ў школу было хадзіць далёка, ды апранаць і абуваць не было чаго. Спачатку ў калгасе пасвіў авечак летам, а потым зімой ездзіў бульбу браць для свіней у буртах. Пачалася вайна,і ў нас у хаце размяшчаўся штаб атрада імя Кутузава, я каля іх і быў сувязным з сорак другога па сорак чацвёрты. Калі партызаны былі вымушаны прарываць аблогу немцаў і разам з чырвонаармейцамі пачалі атакі, мяне ўзялі памочнікам да кулямётчыка. Пасля баёў вярнуўся дадому, а там усё кругом спалена, мая хата ў папялішчы, маці з сястрой жывуць у суседзяў. Я вырашыў пайсці на фронт, думаў, будзе страшна, вярнуся, так на той час разважаў. Мне параілі дабавіць год, каб узялі ў армію. Так і трапіў на перадавую на Нёман. Мяне пастрыглі, апранулі і адправілі на другі бок. Ужо цямнела, калі нас расставілі і сказалі акопвацца ў рост, бо на раніцу – бой. Я думаў, што немцы недзе кіламетры тры ад нас, але калі развіднелася, чую,гавораць па-нямецку і зусім недалёка, у метрах пяцістах. А потым як пачалі грахатаць пушкі, нас у атаку кінулі, тут, здаецца, толькі сядзелі разам – і раптам адзін ляжыць забіты, другі побач крычыць ранены ад болю. А мы ляцім наперад і наперад. Потым апынуліся на мяжы з Усходняй Прусіяй, перад пачаткам наступлення сядзім у акопах, паўсюль падцягваюць пушкі, мы,акапаўшыся, на горцы. Я сам сабе думаю, чаго сядзець, схаджу паглядзець, што там наперадзе. Іду, бачу нейкі маёнтак, заходжу  – нікога няма, крыху пахадзіў, паглядзеў і вярнуўся. Як аказалася потым, я быў першым, хто перайшоў мяжу. Пасля гэтых баёў атрымаў асабістую падзяку Сталіна – за  адзнаку ў баявых дзеяннях пры прарыве абароны немцаў і ўваход ва Уходнюю Прусію. Затым пад Кёнігсбергам нас пасадзілі на танкі. Была зіма,нас апранулі ў белыя халаты і падчас прарыву 25 красавіка 1945 года мяне параніла ў каленны сустаў. На танку месца не было, таму мяне скінулі ў нейкі хлеў, закідалі бульбай, каб потым забраць. Я ляжу, сцякаю крывёю, зняў ватнікі, разарваў іх і напіхаў ваты ў раны. Потым мяне адправілі ў шпіталь на Урал, там урачы казалі, што нам лепш адняць табе нагу, чым залячыць. Бо нага гніла, ніяк не маглі зажыць раны, напэўна, брудныя асколкі занеслі інфекцыю. Нагу ўсё ж такі залячыў.

IMG_78299

Так, Пётр Сцяпанавіч Пташнік у складзе 95 пяхотнага палка, 11 арміі, III-га Беларускага фронту вызваляў Беларусь, Польшчу, прайшоў вайну і застаўся жывым. Камісаваўся з Савецкай Арміі інвалідам Вялікай Айчыннай вайны 2-й групы. За сваю адвагу Пётр Сцяпанавіч быў адзначаны баявымі ўзнагародамі: ордэнам Вялікай Айчыннай вайны першай ступені, медалём «За адвагу», а таксама шматлікімі іншымі медалямі. Вярнуўшыся дадому, на сваю радзіму ў Лагойскі раён, зноў сустрэў спалены дом, жыць па-ранейшаму не было дзе.

IMG_78288

– Былыя партызаны, якія аднаўлялі савецкую ўладу ўжо на кіруючых пасадах, мне прапанавалі пераехаць у Крывіцкі раён Заходняй Беларусі ў Даўгінава. Мяне спыталі, кім бы хацеў працаваць, і я адказаў, што хацеў бы «да кіно». Так і ўладкавалі памочнікам кінамеханіка. Прыпісалі мне сем класаў, бо скончыў я толькі чатыры, чаго было недастаткова. Вось так і пачаў сваю працоўную дзейнасць у 1946 годзе на сельскай перасоўцы, пераязджаючы з адной вёскі ў іншую на конях. У хуткім часе мяне паслалі вучыцца ў Мінскае вучылішча на кінамеханіка. Было цяжка, бо я скончыў толькі чатыры класы, а ўсе астатнія мелі поўную адукацыю. Настаўнік спачатку нешта здагадваўся,– а потым зусім зразумеў і пачаў дапамагаць мне, заставаўся са мной пасля асноўных заняткаў, тлумачыў незразумелае. У мяне нават захаваўся канспект сорак шостага года, – Пётр Сцяпанавіч акуратна дастае вялікі сшытак, які сшываў з асобных лістоў сам, бо пасля вайны нічога не было. Увесь сшытак выведзены каліграфічным почыркам, вельмі старанна і прыгожа, напоўнены рознымі малюнкамі схем, чарцяжоў. – Як стаў працаваць, мне спачатку не было чаго нават абуць, хадзіў босы, і  кінамеханік, з якім я працаваў, прасіў мяне перайсці на іншы бок вуліцы, каб не было сорамна. Памятаю,выклікалі нас аднойчы ў абкам партыі ў Маладзечна, які размяшчаўся ў Галінова. А я босы. Мяне і ў будынак нават ахоўнік не пусціў, але тады выйшаў мой начальнік і правёў мяне. Я зайшоў у залу пасяджэнняў, а там усе месцы занятыя, толькі наперадзе крэслы вольныя. Я сеў, ногі закруціў і так сяджу, а там Клімаў, Маркаў у прэзідыуме былі. Яны глядзяць, а я кажу, што салдацкае ўсё данасіў і не ў стане купіць новае. Клімаў адразу напісаў першаму сакратару Крывіцкага райкама партыі – у трохдзённы тэрмін справіць боты і далажыць у абкам. Мяне потым адшукалі, а начаваў я на гарышчы ў клубе, бо ніхто не браў на кватэру, баяліся, што невядомы, з іншай мясцовасці. Так і пашылі мне боты. Спачатку я нават не ўмеў хадзіць абуўшыся, бо адвык, таму часта насіў боты пад пахай.

IMG_78377

Так ішоў час, краіна ажывала пасля вайны, адбудоўваліся гарады і вёскі, развіваліся гаспадарка, прамысловасць, наладжвалася і культурнае жыццё.

 – Працаваць было складана, у калгасах не было памяшканняў ні для клубаў, ні для паказу кіно. У летні час круцілі фільмы ў хлявах, у зімовы – дамаўляліся з гаспадарамі хат аб аплаце, каб паказаць у іх фільм. Цяжкасці былі і з транспартам, не заўсёды ўдавалася пераехаць з адной вёскі ў другую, але знаходзілі ўсякія варыянты, каб не сарваць у іншай вёсцы сеанс. Было за маю працу ўсяго.

IMG_78399

Пасляваенная кінаіндустрыя Беларусі развівалася паступова, але,як адзначыў Пётр Сцяпанавіч, гэта быў выключна толькі ўздым, і вельмі шкада, што напачатку 2000-х кінафікацыя вёскі сышла.
– Людзі збіраліся на сеансы цэлымі сем’ямі і нават вёскамі. Спачатку паказвалі трафейныя нямецкія, амерыканскія фільмы, потым пачалі з’яўляцца новыя стужкі на ваенную тэматыку,і паступова рэпертуар насычаўся і станавіўся больш разнастайным. Я, дарэчы,захоўваю ўсе кінаафішы,пачынаючы з пяцідзясятых. – І сапраўды, Пётр Сцяпанавіч паказвае акуратна скручаныя дзясяткі скруткаў, кожны з якіх падпісаны: май 1954 г., ліпень 1965 г., верасень 1971 г., люты 1985 г., і так за ўсе гады. – У мяне ўсё старанна складзена і захоўваецца, гэта ж уся гісторыя кінафікацыі Беларусі. А ці ведаеце, што  спачатку кінаплёнка была такой, што лёгка запальвалася. І ў мяне быў выпадак, што пасля сеанса я ехаў дамоў, а раней не было каробак для плёнак і звычайна іх складвалі ў палатняную торбу, павесіў такую торбачку на багажнік і ад цяпла трэння плёнка загарэлася і выгарала за некалькі хвілін поўнасцю, засталіся толькі завязкі. А гэта ж быў трафейны фільм. Вось тады было не да смеху.

Уводзіў Пётр Сцяпанавіч і розныя інавацыі ў сваю дзейнасць.

–У 1949 годзе мяне ўзнагародзілі Граматай Міністэрства кінематаграфіі СССР за датэрмінова выкананы гадавы план і далі прэмію – магнітафон «Эльфа-6» – таму маёй інавацыяй былі яшчэ і танцы. Мы запісалі на магнітафон музыку і песні ў выкананні мясцовых музыкаў і ладзілі танцы перад сеансамі фільма, тым самым прыцягваючы ў кіно яшчэ больш гледачоў.

Пётр Сцяпанавіч неаднойчы займаў першыя месцы у раённых, абласных, рэспубліканскіх і ўсесаюзных спаборніцтвах, за што яму былі прысвоены званні: «Лепшы кінамеханік БССР», «Выдатнік кінематаграфіі СССР», «Шэф-кінамеханік СССР» (найвышэйшая ступень прафесійнага майстэрства), а таксама яго імя было занесена ва ўсе магчымыя Кнігі Гонару – Дзяржаўнага Камітэта Савета Міністраў БССР па кінематаграфіі, Міністэрства культуры БССР, Даўгінаўскага сельсавета і г.д.

Як настаўнік Пётр Сцяпанавіч Пташнік падрыхтаваў больш дзясятка вучняў-кінамеханікаў. А ў яго ўласнай сям’і – усе кінамеханікі: жонка, тры дачкі і сын. Вось такія кадры кінастужкі жыцця аднаго з найстарэйшых кінамеханікаў Беларусі, ветэрана Вялікай Айчыннай і проста выдатнага чалавека, сем’яніна, які са сваёй жонкай Клемянцінай Фамінішнай пражыў сумесна ўжо больш за 60 год. Вось яно,звычайнае чалавечае шчасце – калі ты мужна абараняў радзіму, быў запатрабаваны на працы і калі ў цябе вялікая і дружная сям’я.

Сяргей ГАНЧАР.

Фота аўтара


Написать комментарий

НОВОСТИ

Службу скорой помощи в Вилейке планируют обновить 2-мя автомобилями

На следующей неделе в Вилейке ожидается снег и даже метель

В Вилейском районе завели дело по факту фиктивного устройства на работу

В Вилейке с завтрашнего дня подорожает проезд в городском транспорте

САМОЕ ЧИТАЕМОЕ

  • В Вилейском районе завели дело по факту фиктивного устройства на работу - 20 Октябрь 2017 (714)
  • В Вилейке с завтрашнего дня подорожает проезд в городском транспорте - 20 Октябрь 2017 (630)
  • На следующей неделе в Вилейке ожидается снег и даже метель - 20 Октябрь 2017 (598)
  • В детских садах открываются платные группы по выходным. Можно ли водить туда несадовского ребенка? - 20 Октябрь 2017 (366)
  • Под Молодечно раненый ножницами мужчина бежал навстречу скорой и попал под авто - 20 Октябрь 2017 (225)
  • Службу скорой помощи в Вилейке планируют обновить 2-мя автомобилями - 20 Октябрь 2017 (150)
  • Сегодня ночью белорусы смогут увидеть звездопад и загадать много желаний - 20 Октябрь 2017 (114)
  • Обеспечены ли мы сегодня достаточным количеством топлива? Какие работы выполнены при подготовке к отопительному сезону? - 20 Октябрь 2017 (63)
  • Як сцвярджае гісторыя, у 1812 годзе ў маёнтку Стайкі прыпыняўся нанач імператар Напалеон, падчас свайго адступлення з Масквы - 20 Октябрь 2017 (54)
  • Уже на протяжении 30 лет они помогают людям не только освоить новые профессии, но и повышать квалификацию - 20 Октябрь 2017 (37)
  • ВСЕ НОВОСТИ

    Совершенствование и развитие ЖКХ Беларуси

    Ребёнок-пассажир-пешеход. ГАИ рассказала, когда происходит больше ДТП с детьми?

    В детских садах открываются платные группы по выходным. Можно ли водить туда несадовского ребенка?

    Обеспечены ли мы сегодня достаточным количеством топлива? Какие работы выполнены при подготовке к отопительному сезону?

    Уже на протяжении 30 лет они помогают людям не только освоить новые профессии, но и повышать квалификацию

    О делегировании полномочий

    В парке Молодечно состоялся областной праздник, посвященный дню рождения Белорусской молодежной общественной организации спасателей-пожарных

    Як сцвярджае гісторыя, у 1812 годзе ў маёнтку Стайкі прыпыняўся нанач імператар Напалеон, падчас свайго адступлення з Масквы

    26 октября приём граждан проведёт главный правовой инспектор труда Минской городской организации Белорусского профсоюза работников строительства и промышленности строительных материалов ДЕМИНСКАЯ Алла Игоревна по вопросам, касающимся разъяснений норм законодательства, регулирующих сферу трудовых и связанных с ними правонарушений

    Сегодня ночью белорусы смогут увидеть звездопад и загадать много желаний

    РУБРИКИ ШП НАШИ АВТОРЫ Яндекс.Метрика