Былыя перадавікі зніклага калгаса «Праўда»

Калі гаворка пачынае ісці пра людзей ва ўзросце, мы адразу разумеем, што гэта ветэраны працы. Бо як і пасляваеннае пакаленне, якому прыйшлося падымаць з руін сельскую гаспадарку, так і працаўнікі 60–80-х гадоў мінулага стагоддзя спазналі спаўна цяжар ручной працы, як кажуць, зведалі смак вясковага хлеба, які напітаны потам і штодзённым клопатам. Цяпер былыя перадавікі палёў, жывёлаводы і працаўнікі сельскай гаспадаркі на заслужаным адпачынку. Але старасць іх дома не застала. Яны па-ранейшаму трымаюць хоць і невялікую, але гаспадарку, ніводзін не абыходзіцца без прысядзібнага надзелу, дзе вырошчваюць ужо не толькі для сваіх дзяцей свойскую агародніну, але і ўнукам, і праўнукам. І вялікая справа, калі мы, сучаснікі, хаця б зрэдку зробім знак пашаны ветэранам працы, сваім вяскоўцам, а калі трэба – падтрымаем і дапаможам у іх патрэбах.

«ШКОЛА ТАРАСАВА»

Не бывае і былых старшынь гаспадарак, якія і сёння застаюцца ў страі, яны паважаны сярод аднавяскоўцаў, помняцца іх добрыя справы, пагадлівыя адносіны і, канешне, усё тое, што было пражыта і здзейснена разам на калгасных палетках, на фермах, на мехдварах, у гадзіны агульнага адпачынку. Менавіта з такім паважаным і шануемым гаспадаром надалося сустрэцца ў вёсцы Пагост, што на мяжы Вілейскага раёна – былым кіраўніком калгаса «Праўда» Тарасавым Уладзімірам Іванавічам.

IMG_8476

Сустрэча па-сапраўднаму была напоўнена цёплымі і прыемнымі ўспамінамі аб мінулым, знаёмствам з ветэранамі гаспадаркі, бо,як сапраўдны кіраўнік, Уладзімір Іванавіч сціпла распавядае пра свае дасягненні, а больш пра сваіх паплечнікаў, з кім надалося на працягу дзесяцігоддзяў працаваць разам у калгасе. Яны разам уздымалі прэстыж гаспадаркі, яны разам пераадольвалі ўсе цяжкасці і 70-х, і 90-х мінулага стагоддзя, разам “абкатвалі” наватарскія новаўвядзенні і зараз разам жывуць па-суседству, на адной вуліцы, у адной вёсцы, у адной мясцовасці. Зараз усе яны разам сябруюць, суперажываюць і радуюцца поспехам ужо ўнукаў і праўнукаў.

Знайшлося ў нашай размове і месца ўспамінам аб пачатку свайго працоўнага шляху, які Уладзімір Іванавіч пачаў у далекім 1969 годзе. Дарэчы, мой суразмоўца лічыць сябе тутэйшым, хоць і нарадзіўся ў 1945 годзе ў Расіі, у Растоўскай вобласці, Каменскім раёне. Але, пасля таго, як немцы забілі бацьку, разам з маці пераехалі на яе радзіму ў Клімавіцкі раён. Тады, менавіта маці, Клаўдзія Данілаўна,аддала сыну ўсё, каб той праз гады стаў сапраўдным чалавекам. На Клімаўшчыне Уладзімір Іванавіч скончыў школу, там пачаў працаваць слесарам, пасля падлікоўцам у мясцовым саўгасе і там жа вырашыў паступаць у сельскагаспадарчую акадэмію. А трэба сказаць, што пасля падрыхтоўчых курсаў маладога і здольнага хлопца адразу залічылі студэнтам. Падчас навучання было і месца не толькі вывучэнню сельскай гаспадаркі, а і іншым захапленням.

– Я ў маладосці вельмі захапляўся спортам – бегаў, хадзіў на лыжах, займаўся лёгкай атлетыкай. Наведваў у акадэміі спартыўныя секцыі, шмат перамагаў на спаборніцтвах, аб’ездзіў шмат краін.

Яшчэ ў час вучобы Уладзімір Іванавіч праходзіў пераддыпломную практыку ў Жодзіна ў навукова-даследчым інстытуце аграхіміі і глебазнаўства. Менавіта там яго кіраўнік дыпломнай і запрасіў маладога спецыяліста на працу ў Жодзіна, дзе Уладзіміру Іванавічу прапанавалі невялічкі пакой і такі ж заробак. А на той час малады спецыяліст абзавёўся сям’ёю, ужо нарадзіўся сын, а жонка,Марыя Іосіфаўна, за год да гэтага атрымала размеркаванне ў Вілейскі раён, у Абадоўцы, дзе працавала аграномам.

– Разам з жонкай паразважалі і прынялі рашэнне: у Жодзіна з сям’ёй на тыя грошы не пражывеш, трэба ехаць працаваць, так бы мовіць, прымяняць свае веды на практыцы. І вырашылі пераехаць усе разам на Вілейшчыну.

Вось з таго часу сям’я Тарасавых і абжылася ў Вілейскім раёне. Уладзімір Іванавіч, калі прыехаў на Вілейшчыну і прыйшоў ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі на размеркаванне, меў свае намеры на будучае месца працы, хаця адразу Таіса Пятроўна Церахава прапанавала накіраваць маладога перспектыўнага спецыяліста ў лепшую гаспадарку на той час – калгас «Рассвет». Але Уладзімір Іванавіч не шукаў лёгкіх шляхоў і, наадварот, папрасіўся ў адну са слабейшых на той час гаспадарак,і быў накіраваны ў калгас «Праўда».

– Памятаю,прыехаў на месца, заходжу ў калгасную кантору, а там страшэнны холад, старшыня калгаса сядзіць на падлозе і з некім размаўляе. А ўраджай у калгасе быў 7 цэнтнераў з гектара.

Праўда, маладому аграному былі вельмі рады. Дапамаглі напачатку абаснавацца, дарэчы, старшыня калгаса, пакуль сям’я Тарасавых шукала хату, запрасіў да сябе. Потым прыглядзелі з жонкай адпаведнае жытло і пераехалі туды з сям’ёй. Пачыналі цяжка.

– А с чаго было пачынаць? Тэхнікі ў калгасе амаль не было, удабрэнняў таксама не было. Памятаю, спланаваў, што сеяць трэба пачынаць лён, а глебу ўдабраць будзем спачатку попелам. Наладзілі ва ўсіх вёсках калгаса збор попелу, па вёсках ездзілі сані з прымацаванай скрыняй,і такім чынам збіралі. Было ўсяго.

Былі напачатку працы і розныя выпадкі. Напрыклад, працаваў у калгасе на той час конюхам чалавек, які вырашыў паказаць маладому спецыялісту, хто тут галоўны,і выдаў хлопцу неаб’езджанага маладога каня. Калі Уладзімір Іванавіч сеў на яго, каб з’ездзіць у Жызнава паглядзець як жанчыны ў пуні перабіраюць лён, то конь панёс яго. І магло здарыцца што заўгодна. Але малады хлопец быў не таго пакрою, ён холадна разважыў, што трэба каня неяк накіраваць на снег, а там па снезе конь зморыцца і супакоіцца. Так і атрымалася, да Жызнава даехаў непашкоджаным. Там злез каля пуні, пайшоў паказваць жанчынам, як перабіраць лён, а калі хацеў вяртацца назад, то каня ўжо не знайшоў. Ён сарваўся і ўцёк, і, адпаведна, у Пагост вярнуўся адзін, без конніка. Што на той момант перадумала Марыя Іосіфаўна – невядома, бо конь мог скінуць, пакалечыць, ды і іншае. А Уладзімір Іванавіч вярнуўся зімой па снезе пешшу і праз пэўны час быў дома.

У снежні 1971 года яшчэ зусім маладога 25-гадовага хлопца назначаюць кіраўніком гаспадаркі. Уладзімір Тарасаў быў на той час самы малады старшыня, але, як паказаў час, вельмі старанны, прадбачлівы і гаспадарлівы. Жонка, Марыя Іосіфаўна пачала працаваць эканамістам у гаспадарцы. Калгас “Праўда” пачаў паступова набіраць моц, ураджайнасць стала павышацца да 9 цэнтнераў, затым да 13,і так паступова пайшоў рост.

– Я сам аграхімік, таму ведаў, што трэба для ўраджаю, хаця многае прыходзілася на сваіх памылках пазнаваць і вывучаць. Бывала, трактарысты зазлуюцца на мяне, што надта многа патрабую, і кажуць, каб сам пасядзеў на машыне ўвесь дзень і паспрабаваў так. Я мог цэлы дзень з такім трактарыстам і праездзіць. Дарэчы, многае падчас такіх выездаў і вырашаў на месцы, уводзілі нейкія наватарствы ў пахаце і так далей.

Потым калгас пачаў будаваць фермы ў Камена, у Пагосце, будаваць майстэрні, сушылкі, пачалі ўводзіць механізацыю, замяняючы ручную працу.

– Многае змянялі, стараўся ўсё зрабіць для замацоўвання маладых спецыялістаў, будавалі інфраструктуру – лазні, перабудоўвалі школу, наладжвалі быт маладых калгаснікаў. Кожны год адпраўлялі на вучобу па чатыры-пяць чалавек. Развівалі актыўна спорт – была свая футбольная каманда, таксама развівалі і хакей. Але футбол быў самы галоўны – за кошт калгаса апраналі каманду, выдзялялі аўтобусы, адным словам, укладвалі, але была і аддача – мы «клалі» каманды «Зеніт», «Буддэталі», «Стайкі» і нават выйгралі першынство вобласці. Калі вывелі каманду на рэспубліку, то тады прыйшлося перадаць яе ў раён, і там, канешне, без адпаведных укладанняў яна зачахла. Шкада.

У свой час на базе калгаса «Праўда» стварылі нават школу кадраў, ці, як яе назвалі тагачасныя журналісты – «Школу Тарасава», адкуль выйшла каля чатырох дзясяткаў сельскагаспадарчых спецыялістаў, якія займалі розныя кіруючыя пасады ў гаспадарках раёна, з іх дзясятак сталі старшынямі калгасаў. Ды і сам Уладзімір Іванавіч павышаў свой узровень – скончыў вышэйшую партыйную школу, з’яўляўся членам бюро райкама партыі. І як прызнаўся сам, яму заўжды шанцавала на выдатных кіраўнікоў – з павагай узгадвае Галецкага Пятра Ігнацьевіча і Булгака Вадзіма Антонавіча, дарэчы,у гонар якога назваў свайго малодшага сына. На маё пытанне, а што зараз, якія справы хвалююць былога кіраўніка буйной гаспадаркі, Уладзімір Іванавіч паказаў на фотаздымкі ўнукаў, праўнукаў, менавіта чыімі клопатамі і жывуць цяперашнія, ужо па праву, дзядуля з бабуляй, бо маюць восем унукаў і двух праўнукаў. Але нязменна адно: Уладзімір Іванавіч і Марыя Іосіфаўна штодня падымаюцца а 4 гадзіне раніцы і шчыруюць па гаспадарцы. Па-ранейшаму трымаюць вялікую гаспадарку, на працягу доўгіх гадоў з’яўляючыся лепшымі малаказдачыкамі, на двары поўна жыўнасці, перад хатай буяюць рознымі фарбамі ружы, лілеі і дзясяткі іншых кветак, што цешаць вока аднавяскоўцаў і самой гаспадыні. Дарэчы, Уладзімір Іванавіч і Марыя Іосіфаўна нядаўна адзначылі і залатое вяселле – 50 год сумеснага жыцця. Вось сапраўдны прыклад адданых людзей працы і сям’і.

– Цяпер галоўная ўцеха – нашыя ўнукі і праўнукі. У нас з жонкай чацвёра дзяцей, усе вучыліся ў Пагосце і Даўгінава, кожны з іх мае свае сем’і. Кожны з іх знайшоў сваё месца ў жыцці.

Але што ўсё пра мяне, пойдзем, я пазнаёмлю Вас з лепшымі працаўнікамі гаспадаркі, зараз ветэранамі працы.

Партрэты на фоне часу

Так мы пачалі невялікае падарожжа па Пагосце і Камена і пазнаёміліся з сапраўднымі шчырымі працаўнікамі. Дарэчы, сам Пагост,на здзіўленне, проста насычаны буслянкамі, толькі ў полі зроку падчас шпацыру па вуліцы апынулася іх каля чатырнаццаці, а гэта яскравае сведчанне добрай вясковай аўры, бо буслы тут паўсюль – і на дрэвах, і на хатах, і на невялікіх лазнях. Сапраўды, край шчырых працаўнікоў і добрых людзей.

Жыцё ў працы змянілася захапленнямі і турботай пра ўнукаў

Сядзіба Мікалая Мікалаевіча і Ларысы Іванаўны Янэль адразу выдзяляецца сваёй дагледжанасцю і прывабнасцю – на вокнах выразаныя гаспадаром драўляныя ўзоры, перад хатай мноства кветак, якія, як бачна, з душою даглядае гаспадыня.

– Я родам са Случчыны, – пачынае сціпла распавядаць Ларыса Іванаўна. – Пасля заканчэння Смілавіцкага тэхнікума мяне накіравалі на Вілейшчыну. Пазнаёміліся з Мікалаем, які нарадзіўся тут, у Вардамічах. Сама пачынала працаваць у Камена галоўным заатэхнікам, а муж быў галоўным інжынерам. Пасля аб’яднання калгаса «1 Мая» ў «Праўду» у 1970 годзе мы з мужам так і адпрацавалі тут да выхаду на адпачынак. Доўгі час, пасля атрымання вышэйшай адукацыі ў Горацкай акадэміі, я працавала эканамістам па аплаце працы, бухгалтарам, дыспетчарам.

IMG_8447

Расквечаныя вокны кветкамі архідэй не саступаюць па прыгажосці вышытым гаспадыняй карцінам на сценах. Гэта цяпер галоўнае захапленне Ларысы Іванаўны. Працоўныя будні адышлі на іншы план, а ўсё жыццё сям’і Янэль зараз заключаецца ва ўнуках.

– Усю зіму вышываю, ну а летам шчыруем на агародзе, трымаем невялікую гаспадарку. Чаго скардзіцца – хапае ўсяго. Гэта раней у калгасе мы ад святла да цямна працавалі, спачатку было цяжка, а потым гаспадарка развівалася, станавілася больш лагодней працаваць. Зараз усё па-іншаму: галоўнае дзеці і ўнукі.

Вось такое непрацяглае, але вельмі шчырае атрымалася знаёмства з прадстаўнікамі сям’і Янэль, якія па словах былога старшыні Тарасава Уладзіміра Іванавіча былі шчырымі і адданымі працаўнікамі.

Ад турбот на зямлі – да захаплення паэзіяй

Імя Іосіфа Мануліка вядома аднавяскоўцам не толькі за яго шчырыя адносіны да працы, але і за захапленне складаннем вершаў, якія аўтар прысвячае сваім сябрам, галоўным турботам хлебароба і розным падзеям вясковага жыцця.

IMG_8453

– Нарадзіўся я ў вёсцы Крывазнакі, пасля арміі працаваў вадзіцелем. Тады вельмі шмат маладых адпраўляў калгас вучыцца. Вось і мяне аднойчы сустрэў Уладзімір Іванавіч і кажа: «Едзь вучыцца на спецыяліста». Так я паступіў у акадэмію, там пазнаеміўся са сваёй будучай жонкай Таццянай,і пасля вучобы прывёз яе сюды. Вось так і жывём разам, маем траіх дзяцей. 32 гады адпрацаваў у «Праўдзе», спачатку з 1984 года – аграномам-насенняводам, затым з 2006 года – галоўным аграномам.

Ужо год як Іосіф Манулік знаходзіцца на адпачынку, але склаўшы рукі сядзець ён не ўмее. Перарабляе дзецям пад дачу бацькоўскую хату, трымае вялікую гаспадарку – каня, карову, розную жыўнасць. Але і сярод сялянскіх турбот знаходзіць час для высокага – паэзіі.

– Вершы пачаў пісаць, як пайшлі ўнукі, – гартаючы вялікі сшытак са сваімі творамі,распавядае гаспадар. І сапраўды, яго слог кладзецца на любую вясковую падзею, тут вершы і пра касавіцу, і пра жніво, і напісаная ода на юбілей да заканчэння школы, калі сустракаліся разам з былымі выпускнікамі. Не абмінуў добрым вершам і свайго былога кіраўніка Уладзіміра Тарасава, калі той адзначаў юбілей.

– Я вельмі ўдзячны і Уладзіміру Іванавічу, за тое, што даў дарогу ў прафесійнае жыццё, і з падзякай узгадваю Міхаіла Ігнатавіча Судніковіча, які у свой час прыняў у партыю і адкрыў новыя перспектывы. Тады быў добры час. Кіраўнік гаспадаркі бачыў у маладых перспектыву і аддана займаўся кадрамі, кожны год па чатыры-пяць хлопцаў на вучобу адпраўляў.

Ды і зараз жыццё сям’і Манулік насычана штодзённымі клопатамі па гаспадарцы, жыццём дзяцей і ўнукаў. Жонка,Таццяна Сцяпанаўна, яшчэ працуе ў гаспадарцы галоўным заатэхнікам. Турбот хапае. Але галоўнае, што яны прыносяць задавальненне, бо калі працуеш на зямлі, то бачыш вынік сваёй працы, акрамя таго, прыемна,і калі дзеці знайшлі сваё месца ў жыцці, і ўжо радуюць унукі сваімі першымі поспехамі. Так і трэба.

Узрост для актыўнай працы не перашкода

Сустрэцца з ветэранамі працы з вёскі Камена было складана, бо знайсці дома няўрымслівых бабуль, а такія яны толькі па ўзросце, а душою вясёлыя, энергічныя і маладыя, было цяжка. Спачатку першай у клопатах на падворку сустрэлі Леаніду Іванаўну Сяржант. З 1957 года жыве і працуе яна ў Камена, хаця родам з суседняй вёскі Аношкі. Трыццаць сем год налічвае яе працоўны стаж, з іх больш дваццаці год яна адпрацавала даяркай калгаса «Праўда». Муж таксама працаваў тут трактарыстам і камбайнёрам, але ўжо колькі год яго няма. Зараз галоўны клопат Леаніды Іванаўны ва ўнуках.

– Ужо маю чатырох унукаў і адну праўнучку. Дзеці жывуць у Гродна, Смаргоні, Маладзечна, усе працуюць. Мы таксама шчыра адпрацавалі ў нашым калгасе. Тады ж не было такой тэхнікі, усё рабілі ўручную, гэта потым сталі даіць апаратамі, з’явілася больш машын. Мы, можна сказаць, амаль увесь час прарабілі з Уладзімірам Іванавічам Тарасавым. Гэта сапраўдны гаспадар, колькі дапамагаў, памятаю, колькі рабіў для гаспадаркі. Добра калгас арганізоўваў і адпачынак: на 8 Сакавіка, на Кастрычніцкія, на Новы год. Заўжды ладзілі агеньчыкі, арганізоўвалі танцы, музыку. А яшчэ старшыня выдзяляў баранчыка на шашлыкі.

Толькі аб адным шкадуе Леаніда Іванаўна – што ў вёсцы сыходзіць карэнны ўклад жыцця. А раней колькі моладзі, дзяцей было, кожны гаспадар трымаў карову – больш за сотню было, а зараз ніводнай на ўсё Камена няма.

Неўзабаве падыходзіць да хаты і Валянціна Станіславаўна Савіч.

– Была ў грыбах, вырашыла хуценька злётаць, чаго дома сядзець, – усмешліва і прывітальна пачынае размову Валянціна Станіславаўна. – Праходзьце ў хату.

Як і ў кожнага, з кім мы сёння пазнаёміліся, на двары ў Валянціны Савіч прыгожа і ўтульна.

IMG_8465

Валянціна Станіславаўна Савіч, Леаніда Карлаўна Казак і Леаніда Іванаўна Сяржант

– Вось у мінулым годзе дачка прывезла мне скульптурку бусла, кажа, каб прыносіў больш праўнукаў. І Вы ведаеце, сапраўды нарадзілася трое праўнучак.

Валянціна Станіславаўна вельмі багатая, бо калі ў бацькоўскай хаце збіраецца ўся сям’я з унукамі і праўнукамі, то налічваецца 28 чалавек.

– Але ўсе месцімся, гэта ж добра, у мяне сем унукаў і восем праўнукаў. А што пра сябе расказваць? Нарадзілася я тут, у Камена, з 14 гадоў пачала працаваць. Калі выйшла замуж, паехалі на цаліну з мужам, там зараблялі добра, але ўвесь час цягнула дадому. Так і вярнуліся, пачалі будавацца, дзеці пайшлі. У 1963 годзе пайшла працаваць на ферму даяркай, дзе і прарабіла дваццаць восем год. Муж таксама ў калгасе адпрацаваў. Зараз удваіх па хатняй гаспадарцы завіхаемся.

Валянціна Станіславаўна бачыць мой позірк на развешаныя па сценах вышыванкі, прыгожыя вышываныя абразы, нават «Мона Ліза» вісіць непадалёк ад чырвонага кута.

– Гэта не хочацца сядзець без справы, а асабліва зімой, калі вечары і ночы доўгія, вось і вышываю, і вяжу.

І сапраўды, уся хата Валянціны Савіч расквечана прыгожымі сурвэткамі, вязанымі і вышыванымі посцілкамі, карцінамі. Нясмела паказвае Валянціна Станіславаўна і свае ўзнагароды, якімі неаднойчы адзначалася за сумленную працу.

– А што ж, тады ўвесь час на ферме былі – і дома ферма,і на рабоце. Так і адпрацавалі.

Ды і цяпер знайсці дома Валянціну Станіславаўну не так і проста, бо ўвесь час у клопатах.

Адчыняюцца дзверы і ў хату заходзіць яшчэ адна ветэранка працы – Казак Леаніда Карлаўна. Пачынаю пытацца пра яе працоўны стаж і сённяшняе жыццё.

– Сорак год адпрацавала, з 14 гадоў была на вярбоўцы – мае ўнучкі толькі здзіўляюцца, як я магла ў такім узросце цягаць тачкі з растворам, а гэта было, калі ў 1953 годзе паехала ў Карлафінск. А потым увесь час была даяркай, даіла па 25 кароў уручную, тады, канешне, цяжка працавалі. Але і адпачываць умелі. Мы нават калі на пенсіі былі ўжо, маглі ў клубе да 4 раніцы танчыць на святы. Ды яшчэ ўсе гадоў дзесяць пасля пенсіі хадзілі штолета працаваць на склад.

Зараз Леаніда Карлаўна таксама не сядзіць дома без справы. А калі ж тут адпачываць, калі мае шэсць унукаў і чацвёра праўнукаў. Прызналася, што на агародзе толькі сямнаццаць град цыбулі садзіць, не кажучы пра астатняе. Так вось і жывуць нябачныя героі вёсак, якія сваёй цяжкай працай паднімалі дзяржаву, ды і зараз не маюць час адпачываць, бо чалавек працы без яе не можа.
У той дзень наведалі мы і Тамару Уладзіміраўну Дубаневіч, якая 37 гадоў адпрацавала на ферме «Камена» загадчыцай. У размове яна прызналася, што самае галоўнае – быў добры калектыў, таму і працавалася лягчэй, хаця доўгі час усё рабілі ўручную.

IMG_8468

– Калгас пастаянна развіваўся. Будаваліся новыя цялятнікі, фермы, бычнік. Рабілі вельмі цяжка, але ж і адпачываць затое ўмелі добра. На жаль, цяпер многае страцілася: сыходзяць людзі, мяняецца ўклад гаспадаркі. Зразумела – час ідзе.

Чалавек без абмежаванняў

Але, напэўна, самая незвычайная сустрэча адбылася напрыканцы наведвання Пагоста, калі Уладзімір Іванавіч Тарасаў падвёз нас да хаты Рамана Адамавіча Карповіча. Звонку дагледжаная сядзіба ўтульнасцю нас сустрэла і знутры. Паўсюль бачна рука гаспадара, які ўжо многія гады хоць і прыкаваны да інваліднага крэсла, але ніякай стомы ў працы не мае і дасць фору здароваму чалавеку.

IMG_8469

– Дваццаць шэсць год прарабіў у «Праўдзе», быў загадчыкам майстэрняў, інжынерам. А потым Уладзімір Іванавіч адпусціў мяне працаваць загадчыкам лагера працы і адпачынку тут, каля Камена. Потым так склаўся лёс, што аднялі нагу. Але я адразу вырашыў, што абузай ні для каго не буду.

І сапраўды, тое, што мне распавядалі пра Рамана Адамавіча давялося ўбачыць і самому. Ён удала спраўляецца і ездзіць на трактары, дапамагаючы аднавяскоўцам і абараць, і пахаць прысядзібныя надзелы. Сам ездзіць за рулём і аўтамабіля. Трымае дзесяць вулляў пчол. Адным словам, усяго з гаспадаркі Рамана Адамавіча не пералічыць. Гэта сапраўдны прыклад энтузіязму і прагі да паўнацэннага жыцця. Ды і нічым ад аднавяскоўцаў Раман Карповіч не адрозніваецца – такі ж добры і працавіты гаспадар. Толькі з усмешкай адзначае, што пасля таго, як не стала яго гаспадыні, хочацца, каб знайшлася тая, што змагла б і прыгатаваць, і прыбраць. Канешне, Раман Адамавіч спраўляецца і сам, але ж удваіх зручней.

– Перажываю, што ў гэтым годзе загінула шмат пчаліных сямей. З дзесяці застаўся толькі адзін вулей, каля якога я сяджу штодня. Дапамагаюць і сыны, іх у мяне трое, і кожны, па-магчымасці, наведвае бацькоўскую хату. Многія не вераць, як я магу залезці ў МТЗ-80, прыходзіцца жартаваць, што як «кузнечык»,прысяду-прыскокну.

Гэта яскравы прыклад добрага гаспадара, якімі поўніцца пагосцкая зямля.

Дзень прайшоў хутка, бо людзі, якія сустракаліся ў Пагосце і Камена, былі вельмі шчырыя, і час за размовамі ляцеў імгненна. Вось сапраўды багатая бацькоўская зямля адданымі людзьмі працы. А такія ж насяляюць кожную вёсачку нашага Вілейскага краю. А значыць, будзем жыць і пераймаць іх вопыт і ўменні.

Сяргей ГАНЧАР.

Фота аўтара


Написать комментарий

НОВОСТИ

ФОТОРЕПОРТАЖ. День без автомобиля, который сейчас проходит в городе, набирает обороты

ПЛАВАНИЕ. В Молодечно вилейские пловцы заняли девять призовых мест

Вилейчанин, побывав  на трёхнедельной стажировке в США, делится американским опытом развития своей местности с участием жителей

Завтра в городе перекроют участок дороги для проведения акции «День без автомобиля»

САМОЕ ЧИТАЕМОЕ

  • Сеансы кинотеатра «Мир» (20 – 24 сентября) - 20 Сентябрь 2017 (1459)
  • Завтра в городе перекроют участок дороги для проведения акции "День без автомобиля" - 21 Сентябрь 2017 (532)
  • Вилейские автомобилисты смогут бесплатно воспользоваться городским транспортом 22 сентября - 20 Сентябрь 2017 (521)
  • Пьяный вилейчанин не хотел идти пешком домой и угнал автомобиль - 21 Сентябрь 2017 (417)
  • За неделю на Вилейщине в лесу заблудились 5 человек - 20 Сентябрь 2017 (381)
  • Очередной конец света обещают завтра, 23 сентября - 22 Сентябрь 2017 (323)
  • Вилейщину посетят истинные горцы-шотландцы: пушечные залпы, мелодии волынки, лязг оружия и боевые кличи отважных воинов - 20 Сентябрь 2017 (312)
  • За прошедшие сутки вилейская милиция разыскивала ещё троих грибников - 21 Сентябрь 2017 (305)
  • У жительницы Вилейского района обнаружены и изъяты самогонный аппарат и 40 л самогона, а 1150 л браги уничтожено - 22 Сентябрь 2017 (192)
  • ФОТОРЕПОРТАЖ. День без автомобиля, который сейчас проходит в городе, набирает обороты - 22 Сентябрь 2017 (174)
  • ВСЕ НОВОСТИ

    В Вилейском районе использовано 35,8 млн. рублей инвестиций в основной капитал

    Очередной конец света обещают завтра, 23 сентября

    Вилейчане, добровольно сдавшие оружие, избегут уголовного наказания

    Совместное учение вооруженных сил Беларуси и России «Запад-2017»

    У жительницы Вилейского района обнаружены и изъяты самогонный аппарат и 40 л самогона, а 1150 л браги уничтожено

    ФОТОРЕПОРТАЖ. День без автомобиля, который сейчас проходит в городе, набирает обороты

    Футбол «Кожаный мяч». В финале игры команда Вилейского района «Сатурн» заняла 5-е место

    ПЛАВАНИЕ. В Молодечно вилейские пловцы заняли девять призовых мест

    У стелы «Минск — город-герой» вилейчанин принял участие в митинге, приуроченный ко Дню Мира

    На территории Вилейского района значительно участились случаи исчезновения граждан в связи с уходом в леса для сбора ягод и грибов

    РУБРИКИ ШП НАШИ АВТОРЫ Яндекс.Метрика