Внимание! Сайт работает в тестовом режиме!
РАДИО – 107,4 FM –

Нарачанскія зоры. Штодзённа ўбіраем па 6-7 працэнтаў плошчаў, намалочваем больш за 500 тон

У мінулую пятніцу, калі мы наведаліся ў ААТ «Нарачанскія зоры», тут заканчвалі ўборку ячменю, браліся за жыта.

DSCF7772

– На сёння, – паведаміў галоўны аграном гаспадаркі Віктар Драчылоўскі, – убрана палова плошчаў збожжавых. Штодзённа ўбіраем па 6-7 працэнтаў плошчаў, намалочваем больш за 500 тон. Каб такое надвор’е, як сёння, пратрымалася, дык хутка ўправіліся б.

DSCF7754

А дзень і сапраўды быў надзвычайна сонечны, гарачы. Пакуль чакалі на краі поля ля Бараўцаў, пакуль камбайны «падплывуць» па жытнёвым полі да нас,  добра адчулі ласку сонечных промняў. Тут жа, на полі, былі і мясцовыя самадзейныя артысты, пераважна супрацоўнікі музычнай школы Дар’я Арловіч, Надзея Лапінская, Ірына Занкавіч, Дзіна Дзевяцень. З баянам, свістулькамі, сувенірамі для камбайнераў і добрым настроем прыйшлі дзяўчаты на поле. Пад іх прыгожыя песні і набліжаліся да нас камбайны…

DSCF7757

– Усяго ў нас на ўборачнай занята восем экіпажаў, – расказваў галоўны аграном гаспадаркі Віктар Драчылоўскі. – У лідарах на сёння тры з іх – у складзе бацькі і сына Мікалая і Аляксандра Гарэлікаў (трэці сезон галоўным камбайнерам сын), якія на сваім магутным «Лексіёне» убіраюць больш за ўсіх; не намнога адстаюць ад іх Руслан Садоўскі і Аляксей Драчылоўскі, якія сёлета працуюць на новым КЗС-12 «Палессе»; і замыкаюць тройку перадавікоў бацька з сынам Садоўскія – Андрэй і Павел. Кожную раніцу вынікі зробленага і заробленага экіпажамі за мінулы дзень вывешваюцца, і людзі ведаюць пра ход уборачнай усё. Працуем з самай раніцы, як толькі абветрыць раса, і да гадзін дзесяці вечара. Кожны дзень перад выхадам у поле праводзім інструктажы па тэхніцы бяспекі, яшчэ і яшчэ раз нагадваем тое, што нашы хлопцы добра ведаюць. Але ж ніколі не лішняе яшчэ раз паўтарыць.

DSCF7767

Тым часам камбайны ўжо «падплылі» да ўскрайку поля і па сігнале агранома прыпыніліся. Механізатары ў адметным спецадзенні спрытна павыскаквалі з кабін. Першымі да нас падышлі знакамітыя Гарэлікі. На заўвагу пра тое, што перадаў паўнамоцтвы быць галоўным на жніве сыну, бацька толькі ўсміхнуўся:

– Няхай працуе, я з сямнаццаці гадоў на камбайне, ужо крыху не тыя здароўе і сіла… Як-ніяк трыццаць пяты сезон на жніве.

DSCF7768

Да гутаркі далучыўся Руслан Садоўскі, які падышоў са сваім памочнікам Аляксеем Драчылоўскім:
– А я на жніве з пятнаццаці гадоў – яшчэ школьнікам быў памочнікам камбайнера.

Хоць жыве і працуе ў горадзе, Руслан кожнае жніво бярэ водпуск і садзіцца за штурвал камбайна. Так робяць і яго бацька з братам. Дарэчы, свой стары камбайн, на якім адпрацавалі сямнаццаць сезонаў, экіпаж Садоўскі – Драчылоўскі перадаў маладым механізатарам. Перабраная стараннымі рукамі Руслана і Аляксея, машына пакуль што не падводзіла новых гаспадароў.

І вось урачысты момант – камбайнераў віншуюць добрымі песнямі мясцовыя самадзейныя артысты, а галоўнаму аграному ўручаюць невялічкі снапок з каласкоў – сімвал багатага ўраджаю, дабрабыту і росквіту гаспадаркі.

Калі развітваліся, Віктар Уладзіміравіч падзяліўся тым, што радуе:

– Памятаеце тое поле, дзе вясной вы нашага механізатара Кубліцкага фатаграфавалі? Дык вось урадзіў там ячмень, 54 цэнтнеры з гектара атрымалі. А ўвогуле пакуль што сёлетняя ўраджайнасць перавышае леташнюю.

Пад гукі вясёлай полечкі камбайнеры занялі свае месцы, і машыны-волаты «паплылі» па жытнёвым моры далей – за важкімі намалотамі і новымі рэкордамі.

Калі матэрыял быў гатовы да друку, я патэлефанавала Віктару Драчылоўскаму. Ён расказаў, што на раніцу 14 жніўня ў гаспадарцы ўбраны 63 працэнты плошчаў збожжавых, сярэдняя ўраджайнасць складае 51,3 цэнтнера з гектара. Ужо намалочана 5 тысяч тон збожжа. Перадавому экіпажу Гарэлікаў засталося нямнога да галоўнай мэты – тысячы тон збожжа. Недалёка за ім і другі перадавы экіпаж Садоўскі – Драчылоўскі. Поспехаў вам, камбайнеры.

Ірына БУДЗЬКО.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.


Яндекс.Метрика