Інтэрв’ю з апошнім прадстаўніком роду Бахдановічаў з маёнтка Зацемень

«Прыпыніся, вандроўнік! Дакраніся і рукой, і сэрцам  да гэтых камянёў
І няхай душа твая напоўніцца любоўю да роднай старонкі,
Роднай сядзібы і хаты, якія знёс бязлітасным подыхам няўмольны час.
Няхай заўсёды будзе з табой пачуццё нашчадка сваіх блізкіх і далёкіх продкаў,
Адчуванне сваіх каранёў, сваёй Бацькаўшчыны!»

Гэтымі пранікнёнымі словамі, напісанымі на галоўным валуне мемарыяла «Памяці былых вёсак», які месціцца каля Снежкава, мы працягваем нашу серыю матэрыялаў рубрыкі «Вілейшчына шляхецкая», якая на гэты раз прысвечана другой па ліку сядзібе, што была ўтворана пры падзеле вялікай найстарэйшай сядзібы Стайкі – маёнтку Зацемень і яго ўладальнікам роду Бахдановічаў гербу Багорыя (а менавіта так правільна, праз «х», пішацца прозвішча гэтага старажытнага шляхецкага роду, аб чым падрабязней распавядзем далей). Гэты артыкул другая частка матэрыялаў пра былую вялікую сядзібу на Вілейшчыне, у якую першапачаткова ўваходзілі Двор Стайкі, Мацькаўцы, Зацемень, і якая па спадчыне была падзелена на асобныя маёнткі. Сённяшні матэрыял будзе адрознівацца ад папярэдніх тым, што ўся інфармацыя, усе фотаздымкі былі атрыманы намі ад апошняга прадстаўніка роду Бахдановічаў з маёнтка Зацемень Анжэя Бахдановіча, інтэрв’ю з якім мы таксама размяшчаем у нашым артыкуле.

Агранамічны з'езд ў маёнтку Зацемень Адама Бахдановіча

Агранамічны з’езд ў маёнтку Зацемень Адама Бахдановіча

Значныя страты панесла палацава-сядзібнае і садова-паркавае дойлідства Вілейшчыны ў першай палове 20 стагоддзя. Гады войнаў, вандалізму, бездухоўнага прагматызму знеслі ў нябыт асяродкі нацыянальнай шляхецкай і свецкай культуры. Многія са спаленых, разрабаваных, знішчаных сядзіб Вілейскага раёна былі ў мінулым калыскай інтэлігенцыі, ачагамі распаўсюджвання нацыянальнай культуры, крыніцай творчага натхнення выдатных дзеячаў навукі і культуры не толькі беларускага, але і суседніх народаў.

На вялікі жаль, аб былой велічы шляхецкіх асяродкаў зараз нам нагадваюць толькі рэшткі гаспадарчых будынін маёнткаў, культавая архітэктура і крушні валуноў падмуркаў сядзіб у Стайках, Сэрвачы, Асцюковічах, Мацькаўцах, Зацемені, Старынках, Лыцавічах, Любані і іншых паселішчах Вілейскага раёна.

Шляхецкая культура Вілейшчыны хоць і знікла з надыходам 1939 года, але памяць людзей, спадчына выдатных грамадскіх і культурных дзеячаў, мецэнатаў, рупліўцаў сферы палітыкі, агранаміі, вайсковай справы засталася.

Маёнтак Зацемень, пачатак ХХ стагоддзя

Маёнтак Зацемень, пачатак ХХ стагоддзя

Першапачаткова Зацемень была часткай больш буйнога комплексу, вылучанага з асноўнай сядзібы, куды ўваходзілі Двор Стайкі, Мацькаўцы і Зацемень, што належалі на працягу некалькіх пакаленняў роду Бахдановічаў герба Багорыя. Уладальнікам вялікай сядзібы Стайкі ў 19 стагоддзі быў Севярын Бахдановіч-Дварэцкі гербу Багорыя (і Магіла). У канцы 19 стагоддзя адбыўся падзел сядзібы, тады ж Зацемень была выдзелена ў асобны маёнтак і ў спадчыну перайшла Адаму Бахдановічу, жанатаму на Марыі-Юзэфе з Барткевічаў. У іх было двое дзяцей: сын Караль і дачка Яніна. Апошнім уладальнікам маёнтка Зацемень быў Караль Бахдановіч, сын Адама Севярынавіча.

Караль Бахдановіч нарадзіўся 3 сакавіка 1893 года ў маёнтку Зацемень, на той час Віленскай губерніі (памёр 19 лютага 1956 году ў г. Крыніца, Польшча). Ён скончыў Віленскую гімназію, у 1913 г. паступіў у Рыжскі палітэхнікум,затым скончыў Вышэйшую школу агранаміі ў Польшчы. Пасля 1939 года Караль Бахдановіч працаваў у Дзяржаўным сельскагаспадарчым банку ў Грудзёндзу (Польшча), а затым у Земскім банку ў Вільні. У першым шлюбе быў жанаты на Розе-Марыі з Ёрданаў і меў сына Анжэя – апошняга прадстаўніка шляхецкага роду Бахдановічаў з Зацемені.

Сядзіба Зацемень. Марыя-Юзефа з Борткевічев і Адам Бохдановіч

Адам Бохдановіч з жонкай Марыяй-Юзефай з Барткевічаў і дачкой Янінай. Пачатак 20 стагоддзя.

У канцы 19 стагодзя ў маёнтку Зацемень быў пабудаваны сядзібны дом у стылі эпохі класіцызму. Палац быў драўляным на высокім каменным падмурку, у плане прамакутны. Асноўны аб’ём будынка быў аднапавярховы, на галоўным фасадзе ў цэнтральнай частцы дома была пабудавана тэраса з портыкам на чатырох калонах. Справа да асноўнага будынка быў прыбудаваны двухпавярховы флігель, злева – вялікае квадратнае ў плане памяшканне з арачнымі вокнамі, што выкарыстоўвалася як балевая зала. Напачатку 20 стагоддзя будынак шляхецкага дома быў атынкаваны, вуглы будынка былі аздоблены рустам. Усе асноўныя будынкі сядзібнага дома мелі чатырохскатную гонтавую страху. Унутраныя памяшканні палаца былі багата аздоблены мэбляй, вітрынамі з фамільным срэбрам і фарфорам, у памяшканнях меліся каміны і выкладзеныя паркетам падлогі. Сцены пакояў былі атынкаваныя і ў некаторых памяшканнях былі аздоблены драўлянымі панэлямі з каштоўных парод дрэў. Сярод сямейных рэліквій у сядзібе захоўваліся слуцкі пояс, партрэты прадстаўнікоў роду і іншыя рарытэты. Вялікі салон – балевая зала, якая займала самае вялікае памяшканне палаца, была ўпрыгожана кандэлябрамі на разных тумбах, люстэркамі, паабапал была расстаўлена мэбля ў класіцызіруючым стылі, тут жа стаяў вялікі раяль, на якім грала Роза-Марыя Бахдановіч. Салон быў прасторны, а вялікія арачныя вокны напаўнялі памяшканне святлом. З 1928 года памяшканне балевай залы было перададзена пад стражніцу КОР (корпуса аховы пагранічнай) і тут месцілася 18 жаўнераў.

Роза-Марыя з Юрданов і Карол Бохдановіч

Роза-Марыя з Ёрданаў і Караль Бахдановіч. 1920-я гады.

Адначасова з будаўніцтвам сядзібнага дома ў канцы 19 стагоддзя закладаўся і парк, што размясціўся на роўнай, крыху з перападамі, тэрыторыі. Пры афармленні парку часткова захавалі стары дрэвастой, што падтрымліваўся навакольнымі маляўнічымі краявідамі. У плане парк меў форму прамакутніка, размешчанага ўздоўж шырокай цэнтральнай алеі сядзібы, якая раздзяляла яе на паркавую і гаспадарчую часткі. Хоць у характары парка прасочваліся рысы часоў эклектыкі, але сфармаваны ён быў класічнымі прыёмамі. Парадная частка маёнтка мела сіметрычна-асявую пабудову, дзе ў глыбіні і размяшчаўся сядзібны дом (будынак не захаваўся да нашага часу). Парадны ўезд у сядзібу быў аформлены алеяй ,абсаджанай таполямі, перад маёнткам былі два пілоны з бутавага каменя, часткова атынкаваныя, якія і афармлялі парадны ўезд. Мелася і традыцыйнае кола перад сядзібным домам, якое ў розныя часы мела ці аформлены рознымі раслінамі кветнік, ці сфармаваны газон. Па перыметры кола было абсаджана радамі елкі, таполі. Дрэвастой парка ў асноўным складаўся з мясцовых відаў, а ўлічваючы паніжанасць тэрыторыі, многа ўвагі надавалася елкам, ліпам, таполям (зараз растуць адзінкавыя вялікія дрэвы гэтага віду). У якасці салітэраў – асобна стаячых дрэў у сядзібным парку – раслі буйныя вязы. Справа ад сядзібнага дома размяшчаўся сад, які займаў паўночна-заходнюю тэрыторыю сядзібы, што разам з астатнімі пабудовамі сядзібы аддзяляўся баскетам, умоўна падзяляючы тэрыторыю маёнтка. Сярод адметных пабудоў тут месцілася «пальмярня» – аранжарэя, дзе вырошчвалі акрамя іншага і шмат ананасаў.

Аранжарэя з ананасамі

Аранжарэя з ананасамі. 1903 г.

На тэрыторыі сядзібы размяшчалася водная сістэма, што ўключала некалькі сажалак (ставоў). Некаторыя сажалкі захавалася да сённяшняга часу. Дайшлі да нашых часоў і некалькі будынін былога гаспадарчага двара Бахдановічаў, а таксама дзве хаты, дзе жылі пакаёўкі, кухаркі і іншыя служачыя. Да нядаўняга часу існавала і старажытная кузня, але некалькі гадоў таму гэты будынак разабралі з-за дрэннага стану.

Маёнтак Зацемень займаў тэрыторыю плошчай каля 17 гектараў. Сюды ўключаўся сядзібны дом, парк з воднай сістэмай, дамы для служачых, аранжарэя, студня, стайня выязных коней, малочная, птушнікі, драўляныя свіраны, аборы, стайні рабочых коней і іншыя гаспадарчыя пабудовы. Каля лесу, у аддаленні ад гаспадарчага двара, месцілася кузня. Гаспадарка вялася на вельмі высокім узроўні. Калі прааналізаваць дадзеныя 1903 года, якія ўтрымліваюць пералік зямель, то на той час у сядзібу ўваходзілі землі самаго маёнтка Зацемень, а таксама вёскі Токары і засценка Юркава. Такім чынам, усяго у гаспадарцы мелася каля 1193 гектараў зямлі, з якой ворыва – 481, сенакосу – 237, лесу – 443. Вырошчвалі тут шмат збожжа, бульбы, ільну і нават былі плантацыі тытуню. Навокал Зацемені, у суседняй вёсцы і засценку, былі дадатковыя пабудовы, якія выкарыстоўваліся для гаспадарчых патрэб.

Салон маёнтка Зацемень

Салон маёнтка Зацемень

Ад былой велічы маёнтка Зацемень засталіся толькі рэшткі векавога парку і гаспадарчых пабудоў. Памяць аб сваёй радавой сядзібе захоўвае цяпер толькі апошні прадстаўнік роду Бахдановічаў – сын Караля Анжэй Бахдановіч.

Апошні з роду Бахдановічаў

Працуючы над артыкулам пра маёнтак Зацемень, высветлілася, што апошні з шляхецкага роду зацеменскіх Бахдановічаў Анжэй Бахдановіч зараз жыве ў Варшаве. Не скарыстацца такой магчымасцю і не сустрэцца з апошнім шляхцічам Вілейшчыны, які нарадзіўся і жыў у Зацемені, было б недаравальна. Ужо не першы год кантакты з панам Анжэем падтрымлівае ксёндз Анатоль Парахневіч з Альковіч і менавіта ён пасадзейнічаў у нашай сустрэчы з апошнім уладальнікам маёнтка Зацемень, каб, як кажуць, з першых вуснаў даведацца гісторыю маёнтка і роду Бахдановічаў.

IMG_9958

Анжэй Бахдановіч з сямейнай рэліквіей

Трэба акрэсліць адразу, што ўражанні ад сустрэчы з панам Анжэем вельмі яскравыя. Гэта сапраўдны шляхціч, які вельмі шануе і ганарыцца гісторыяй свайго роду, які шмат гаворыць пра жанчын, азартныя гульні і з лёгкасцю апавядае пра тыя часы, калі ён сямігадовым хлопчыкам быў вывезены ў Паўночны Казахстан, пра гады нявызначанасці і складанага жыцця, а часам – голаду і знявагі. Зараз Анжэю Бахдановічу 85 год, ён раз’язджае па Варшаве на модным маладзёжным аўтамабілі «Альфа Рамэа», слухае культавы брытанскі электронік-рок-гурт «Дэпеш Мод» (мяркуючы па надпісе на шкле яго аўто) і выглядае як мінімум на год пятнаццаць маладзейшым. Ужо напрыканцы сустрэчы ён распавёў адзін выпадак, калі сустрэўся на вуліцы са сваёй студэнцкай сяброўкай, якая падышла да яго, абняла і першае, што сказала: «А ты яшчэ жывы? А чаму так выглядаеш?!». А потым пачала разглядаць за вушамі ці не было якой пластычнай аперацыі, ці не рабіў ён уколы чаго-небудзь. «Я старая сагнутая бабуля з кіёчкам, а ты?!» – абуралася студэнцкая сяброўка. На што Анжэй адказаў: «Ці я так па-маладому выглядаю? Мне ж ужо 85». «Канешне, а выглядаеш на ўсе… 84!» – не разгубілася сяброўка. І так ва ўсім – ён мае выдатных сяброў, адметнае пачуццё гумару, прагу да жыцця (хаця тое, што выпала яму прайсці ў дзяцінстве, не кожны змог бы вытрымаць і ў сталым узросце).

Анжэй Бахдановіч на гаспадарчым двары маёнтка Зацемень. 1930-я гады

Анжэй Бахдановіч на гаспадарчым двары

Да сённяшняга часу ў Анжэя Бахдановіча захоўваюцца малюнкі, што рабіла яго маці, на адным з іх намаляваны дзед Анжэя па лініі маці, які разам з унукам Томаша Зана сядзіць за сталом у маёнтку, побач месцяцца намаляваныя дзіцячыя партрэты цётак з маёнтка Стайкі Хелены і Крыстыны з дзяцькам, будучым ротмістрам, Міхалам Бахдановічам. Захоўваюцца і сямейныя рэліквіі, сярод якіх так званыя сармацкія партрэты 17-18 стагоддзяў прадстаўнікоў роду Бахдановічаў (гэта значыць, партрэт шляхціча ў кунтушы, падпаясаны слуцкім поясам). Маюцца ў пана Анжэя і сямейныя альбомы са здымкамі канца 19 – пачатку 20 стагоддзяў, гартаючы гэтыя альбомы, мы і пагутарылі пра былое і сучаснае.

– Калі мяне пытаюць, хто я, то адказваю: бацька мой паляк, маці-літвінка, ну а я – тутэйшы. Дарэчы, маё прозвішча пішыцца выключна праз літару «х» – Бахдановіч, так напісана ў шляхецкім гербоўніку і так увесь час пісаліся мае продкі. Нарадзіўся я ў Вільні, але сваёй радзімай лічу Зацемень. Менавіта адтуль мяне вывезлі ў Сібір (тут і далей Паўночны Казахстан ён называе Сібір) у 1939 годзе без бацькоў. Напярэдадні верасня 1939 года мая маці захварэла і паехала падлячыцца ў санаторый у гарах у Польшчу, а бацька ў той час паехаў яе наведаць. Мяне пакінулі з цёткай Мар’яй, якая жыла ў суседнім маёнтку ў Мацькаўцах. І тая цётка, як даведалася, што прыйшлі бальшавікі, села ў машыну, узяўшы дзвюх сваіх любімых сабак, і з’ехала да Вільні, а мяне пакінула. Я у той час быў у маёнтку Забалацце Бароўскіх, бо там былі імяніны другой маёй цёткі, і я памятаю, як у браму ўехалі будзёнаўцы «у кульках на галовах» з нашытай чырвонай зоркай… Так нас усіх забралі, мне было тады сем гадоў.

IMG_9962

Мая матка не ведала, што са мною стала і надта перажывала. Бо калі сын памірае, то ходзяць на могілкі, моляцца, а што было ёй рабіць? Бацька казаў, што я не змог бы застацца ў жывых, і неўзабаве мая маці памерла, бо так перажывала, гэта было ў ліпені 1940 года. У той дзень я бачыў сон, як мая маці зашла на мост у Вільні, а я стаяў побач. І раптам мост знікае, а я бачу толькі чорную ваду і каменне. Як я даведаўся пазней, менавіта ў той дзень і памерла мая маці. А як потым распавядаў мой бацька, яна ўвесь час толькі і гаварыла пра мяне і ўсё шукала. Мая маці Роза-Марыя паходзіла са старажытнага польскага шляхецкага роду Ёрданаў, першы біскуп Кракава меў імя Ёрдан. Пасля мой бацька ажаніўся другі раз і ад таго шлюбу ў мяне ёсць зводная сястра.

Пачуццё гумару не пакідае Анжэя Бахдановіча нават тады, калі ён распавядае пра цяжкія часы ссылкі.

IMG_9898

– Вы ведаеце, як у маім «сібірскім» дзяцінстве расшыфроўвалі СССР? А вось як: «Сладкий Сахар Стоит Рубль». Вось такая двухсэнсоўная назва. Я ў Сібіры хадзіў у плашчыку, у капелюшы і надта выдзяляўся з усіх, за што часта атрымоўваў «у твар». Потым, канешне, навучыўся даваць здачы. Пасля вайны мая цётка з Бароўскіх знайшла майго бацьку. Ён падтрымліваў са мною сувязь, але гэта было амаль кансператыўна, бо адкрыта паказаць тое, што ў яго ёсць сын, які быў у Сібіры, ён не мог. Бацька працаваў упраўляючым у банку, гэта была добрая пасада. Я шмат дзе вучыўся: і на хімічным факультэце, і на філалагічным, працаваў на тэлебачанні. Неяк бацька мяне змясціў вучыцца ў інтэрнат да манахаў піяраў. А я цікавіўся гісторыяй і раскапаў у архіве кляштара, што Ёрданы фундавалі будаўніцтва гэтага кляштара, ну і на лекцыі сказаў настаўнікам, што ён па праву маёй сям’і. Мяне адразу выгналі. Затым бацька перавеў мяне ў Чэнстахоў.

Успаміны з дзяцінства аб Зацемені,канешне, невялікія, бо пану Анжэю было сем год, калі яго вывезлі, але ўсе яны вельмі яскравыя.

IMG_0057

Анжэй з маці Розай-Марыяй

– Я з дзяцінства памятаю Вілейку. Яна была за трыццаць кіламетраў ад Зацемені. Я там быў на чыгуначным вакзале, бо мы адтуль ездзілі да Вільні. У Бахдановічаў было некалькі маёнткаў на Вілейшчыне: Стайкі, Мацькаўцы, Зацемень, Абадоўцы і, здаецца, Арпа. Абадоўцы былі самым найбагацейшым маёнткам. Апошні яго ўладальнік Мечыслаў Бахдановіч меў нават палац у Вільні. Я быў адзіным патомкам па мужчынскай лініі з усёй радні прадстаўнікоў Бахдановічаў. Ва ўсіх дзядзек і цётак былі толькі дзяўчынкі. Мяне холілі як караля, памятаю, што вельмі шкадавалі і клапаціліся. Але мне было вельмі самотна, бо не было з кім бавіць час. Больш за ўсё я праводзіў часу з дзецьмі, чые бацькі працавалі ў маёнтку. Прынята казаць, што паны гультаі: мой бацька кожны дзень уставаў а пятай гадзіне раніцы, шмат працаваў і толькі ў нядзелю мог з’ездзіць на паляванне ці сабрацца з радзінай, сябрамі. Тады цяжка працавалі ўсе. У Зацемені была надта прыгожая старая кузня, з вальным дахам. Там быў вельмі добры каваль, які падкоўваў коней, я туды часта хадзіў і нават хацеў стаць таксама кавалём. Памятаю Альковіцкі касцёл, як туды ездзілі па нядзелях на імшу. У кожнага шляхецкага роду там была свая імянная лава, бо кожны род фундаваў будаўніцтва гэтага касцёла. На службу збіралася вельмі шмат людзей з навакольных вёсак, многія прыходзілі басанож, а абутак адзявалі толькі перад касцёлам.

IMG_0056

Пра пасляваенныя гады і сучаснасць пан Анжэй распавядаў вельмі шмат, аб гэтым можна асобна напісаць нават цэлую кнігу.

– У Варшаве няма, напэўна, ніводнага чалавека, які б ведаў усіх ад біскупа да бандыта. Такім чалавекам быў я. Прабачце, я вельмі шмат куру, гэта звычка з мінулага. Я быў адным з самых вядомых покершчыкаў Польшчы. У час камунізму не было казіно, але былі падпольныя ўстановы, дзе я, бывала, з покернага стала не ўставаў па трое сутак. За гульнёй вельмі шмат адрэналіну, таму шмат курыў, вось звычка і засталася. У час студэнства быў стылягай, я ездзіў аж на мяжу Польшчы ў горы, каб купіць моднае амерыканскае адзенне, якое там прадавалі танней. Я насіў шкарпэткі ў рознакаляровыя палоскі, штаны, звужаныя да нізу. Памятаю, як выклікалі мяне на савет да рэктара і пачалі абвінавачваць у тым, што я не адпавядаю вобліку савецкага студэнта. Мяне павінны былі адлічыць, але я пачаў казаць, быццам: “Што вы ад мяне хочаце, я ж сірата, выхоўваўся ў інтэрнаце і не маю грошай, каб адпавядаць вобліку сапраўднага камсамольца”. Пасля доўгіх абмеркаванняў мяне не тое што не адлічылі, а выдалі нават матэрыяльную дапамогу – ажно дзве тысячы злотых, у той час як мая стыпендыя была ўсяго 240 злотых. Колькі стылёвага адзення я тады накупляў… Я ж разумеў, што маю справу ўжо разабралі і ніхто чапляцца больш не будзе…

– Цяпер маю намер усё ж наведаць родныя месцы, пабачыць Зацемень, хаця, напэўна, там усё змянілася…

Сяргей ГАНЧАР.
Фота аўтара і з сямейнага архіва Анжэя Бахдановіча


Написать комментарий

НОВОСТИ

Службу скорой помощи в Вилейке планируют обновить 2-мя автомобилями

На следующей неделе в Вилейке ожидается снег и даже метель

В Вилейском районе завели дело по факту фиктивного устройства на работу

В Вилейке с завтрашнего дня подорожает проезд в городском транспорте

САМОЕ ЧИТАЕМОЕ

  • В Вилейском районе завели дело по факту фиктивного устройства на работу - 20 Октябрь 2017 (613)
  • В Вилейке с завтрашнего дня подорожает проезд в городском транспорте - 20 Октябрь 2017 (581)
  • На следующей неделе в Вилейке ожидается снег и даже метель - 20 Октябрь 2017 (549)
  • Коммунальные услуги будут дорожать. Что ждет белорусов в 2018-м? - 19 Октябрь 2017 (513)
  • В детских садах открываются платные группы по выходным. Можно ли водить туда несадовского ребенка? - 20 Октябрь 2017 (311)
  • В Вилейке в "Белагропромбанке" появилась система электронной очереди и бесплатный wi-fi - 19 Октябрь 2017 (271)
  • В здании Дом быта днём у вилейчанина украли велосипед - 19 Октябрь 2017 (234)
  • Вилейский колледж получил сертификат Евросоюза на ведение экологически чистого земледелия - 19 Октябрь 2017 (216)
  • Пілігрымка з Вілейкі ў Фаціму адбылася на заканчэнне юбілейнага года фацімскіх аб’яўленняў - 19 Октябрь 2017 (211)
  • Под Молодечно раненый ножницами мужчина бежал навстречу скорой и попал под авто - 20 Октябрь 2017 (198)
  • ВСЕ НОВОСТИ

    Совершенствование и развитие ЖКХ Беларуси

    Ребёнок-пассажир-пешеход. ГАИ рассказала, когда происходит больше ДТП с детьми?

    В детских садах открываются платные группы по выходным. Можно ли водить туда несадовского ребенка?

    Обеспечены ли мы сегодня достаточным количеством топлива? Какие работы выполнены при подготовке к отопительному сезону?

    Уже на протяжении 30 лет они помогают людям не только освоить новые профессии, но и повышать квалификацию

    О делегировании полномочий

    В парке Молодечно состоялся областной праздник, посвященный дню рождения Белорусской молодежной общественной организации спасателей-пожарных

    Як сцвярджае гісторыя, у 1812 годзе ў маёнтку Стайкі прыпыняўся нанач імператар Напалеон, падчас свайго адступлення з Масквы

    26 октября приём граждан проведёт главный правовой инспектор труда Минской городской организации Белорусского профсоюза работников строительства и промышленности строительных материалов ДЕМИНСКАЯ Алла Игоревна по вопросам, касающимся разъяснений норм законодательства, регулирующих сферу трудовых и связанных с ними правонарушений

    Сегодня ночью белорусы смогут увидеть звездопад и загадать много желаний

    РУБРИКИ ШП НАШИ АВТОРЫ Яндекс.Метрика