Внимание! Сайт работает в тестовом режиме!
РАДИО – 107,4 FM –

Паралелі – праз прызму сучаснасці

Жанчына ў цёмным кардыгане, акулярах і са строгім позіркам праз іх (і з такімі ж прынцыпамі) – такой аднойчы паўстала перад намі, школьнікамі, Ганна Іванаўна. Наша маладая класная захварэла, замяніць яе на тэрмін бальнічнага запрасілі менавіта яе – настаўніцу, якая ўсё сваё працоўнае жыццё прысвяціла гэтай прафесіі і знаходзілася ўжо на заслужаным адпачынку.

Розніцу паміж тым, як было, і тым, як стала, мы, дзеці, адчулі з першага дня. Настаўніца была надзвычай патрабавальнай да сябе –  і гэтага ж у плане дысцыпліны і грунтоўнай падрыхтоўкі да ўрокаў патрабавала ад нас. Коштам такога перфекцыянізму сталі адзнакі, якія прыкметна знізіліся – каб атрымаць «выдатна», трэба было вельмі пастарацца. Так адбылося знаёмства з так званай «старой школай», якая пакінула ў памяці асаблівы адбітак.

Сёння я з удзячнасцю ўспамінаю ўсіх сваіх школьных настаўнікаў – за атрыманыя веды і за чалавечнасць, душэўную цеплыню, якімі яны дзяліліся, а вобраз Ганны Іванаўны зліўся і атаясамліваецца з тым, які паўстае ў савецкіх фільмах. Гэты зборны вобраз – сведчанне высакароднасці прафесіі і адданага служэння ёй, пацвярджэнне тэзісу, што былых настаўнікаў не бывае. У наш час некаторыя сцэнарысты па-іншаму глядзяць на асобу педагога. У пагоні за відовішчнасцю і цікавасцю фільмаў (на шчасце, не ўсіх, а некаторых, называць якія не буду) страчваецца галоўнае – павага і давер да чалавека, які вучыць. Вось такая аднаразовая папулярнасць, прыпраўленая гумарам не самага высокага гатунку, якая, бузумоўна, уплывае на падрастаючае пакаленне. Прапускаючы ўбачанае праз свядомасць, дзеці робяць свае вывады. Наступствы могуць быць сур’ёзнымі: падае аўтарытэт настаўніка – падае і аўтарытэт бацькоў і ўвогуле старэйшых. Падае аўтарытэт старэйшых – узрастае роля вуліцы…

Такія рэаліі. І ўсё ж хочацца, каб на шляху кожнага сустрэўся той самы настаўнік, які будзе не толькі правадніком у свет ведаў, але і сапраўдным прыкладам і нязгасным светачам у жыцці.

Таццяна ШАРШНЁВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.


Яндекс.Метрика