У вілейскім кінатэатры прайшло закрыццё фестывалю «Светлае слова»

Пачынаючы з 8 верасня, на працягу месяца кожны віляйчанін мог далучыцца да восеньскай культурнай падзеі – літаратурна-музычнага фестывалю «Светлае слова». Падзеі, якая ў першую чаргу прысвячалася 500-годдзю беларускага кнігадрукавання і 135-годдзю з дня нараджэння славутых паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа, а таксама была накіравана на папулярызацыю беларускага слова і мастацкага чытання срод навучэнцаў і моладзі Вілейшчыны. Падчас фестывалю ва ўстановах культуры, адукацыі і на базе Дома духоўнай асветы працавала 27 інтэрактыўных пляцовак, усе мерапрыемствы наведала больш паўтары тысячы чалавек, а ў конкурсах мастацкага чытання і аўтарскай песні прынялі ўдзел больш за сорак юнакоў і дзяўчат з устаноў адукацыі і культуры. У рамках фестывалю адбылася і дабрачынная акцыя – усе жадаючыя дапамагалі віляйчаніну Мікіце Ляшкевічу.

IMG_4238

Фестываль падышоў да свайго завяршэння, але пачатае ў гэтым годзе, верыцца, будзе працягвацца і надалей. Фінальным акордам свята стала правядзенне 30 верасня ў вілейскім кінатэатры заключнага гала-канцэрта фестывалю. Мерапрыемства прайшло яскрава, эмацыйна насычана і па-сяброўскі камерна, бо сабрала лепшых сярод удзельнікаў конкурсу мастацкага чытання і аўтарскай песні, а таксама вілейскіх і беларускіх паэтаў, выканаўцаў і ўсіх тых, хто падтрымліваў гэты фестываль. Вельмі прадстаўнічым і аўтарытэтным было і журы фінальнага конкурсу: старшыня журы – Народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, намеснік старшыні –  дыктар, акцёр і рэжысёр Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Алег Вінярскі, у склад журы ўвайшлі Святлана Быкава, паэтэса, старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, Ірына Карнавухава, кіраўнік народнага клуба кампазітараў і паэтаў  «Жывіца» Мінскай вобласці,і Валерый Максімовіч, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, навуковец.

IMG_4045

І вось зал у чаканні выступленняў галоўных фіналістаў… А чакаць, трэба адзначыць, было што. Калі на сцэну пачалі адзін за адным падымацца фіналісты конкурсу мастацкага чытання, то гэта стала сапраўдным тэатральным, драматычным і гратэскавым відовішчам. Уражанні, якія атрымоўвала зала, можна смела параўнаць з уражаннямі ад спектакля з вядучымі акцёрамі беларускай, расійскай, а можа, нават і сусветнай сцэны. Тое, што паказалі хлопцы і дзяўчаты, уражвала. Гледачы заміралі, смяяліся, плакалі, а месцамі і «ўваходзілі» ў своеасаблівы «гіпноз словам», бо было ад чаго. Немагчыма было паверыць, калі на сцэну падымаўся звычайны хлопчык, вучань сярэдняй школы, які вонкава меў толькі некаторае хваляванне і раптам на сцэне пераўвасабляўся ў персанажаў, якія адным росчыркам, адным выразам мімікі ці то словам паказвалі цэлую ролю, якую многім з прафесійных акцёраў трэба неяк граць гадзінамі, каб данесці сутнасць да гледача. А тут… Ці то выходзіла звычайная дзяўчынка – і раптам з першых слоў яе маналогу ты правальваешся ў нейкую глыбіню пачуццяў, вобразаў, дзеянняў, якія яна дае магчымасць адкрыць у сабе кожнаму сваім выкананнем твора. Гэта было звышяскрава. І гэта не толькі ўласнае меркаванне аўтара, але і членаў журы і гледачоў.

IMG_4058

Усе юнакі і дзяўчаты, якія ў той дзень падымаліся на сцэну, былі яскравым доказам таго, што будучыня ў нас вялікая. Вілейскі раён мае такую скарбонку талентаў. І ўсе, хто наракае, што наша моладзь згубіла ўсё тое, што мелі некалі яны ў сваёй маладосці, вельмі памыляецца. Так, свет не стаіць на месцы, распрацоўваюцца і імгненна ўрываюцца ў наша жыццё новыя тэхналогія, новыя магчымасці, зацягваючы многіх у свае сеткі. Але…  так было заўжды, толькі сродкі і магчымасці былі розныя. А факт, што старэйшае пакаленне параўноўвае маладых з сабою і застаецца не задаволенным, быў і будзе «апрыоры», як бы загаддзя вядомым… А сярод кожнага пакалення ёсць свае Ахматавы, Маякоўскія, Ясеніны, Стэндалі і гэтак далей.

IMG_4060

Вось і заключны этап фестывалю «Светлае слова» паказаў простую ісціну – Вілейшчына поўніцца талентамі і самародкамі, як таленавітыя і іх настаўнікі, што рыхтуюць і накіроўваюць сваіх вучняў. І нельга іх усіх не назваць па імёнах. Конкурсную праграму распачала самая малодшая ўдзельніца фестывалю, вучаніца сярэдняй школы №3  Паліна Твярдоўская  з вершам Івана Лашуткі «Святло слова», кіраўнік – Марына Кажура. Бездакорнай беларускай выразнасцю былі адзначаны кампазіцыі па вершах Петруся Броўкі і Дануты Бічэль-Загнетавай «Роднае слова», што чытала Дар’я Сарокіна, і па вершах Уладзіміра Весялухі «Сапраўднае шчасце», прачытанае Алінай Пыск, вучаніцамі гімназіі №2, кіраўнік – Мікалай Іваненка. Верш Кастуся Жука «Францішку Скарыну», што прачытала вучаніца гімназія №1 «Логас» Дзіяна Гіль, кіраўнік – Алена Балуш, увёў слухачоў у таямнічы свет кнігадрукавання. Калі на сцэну выйшаў Арсеній Максімаў, вучань гімназіі №2, і пачаў чытаць верш Уладзіміра Караткевіча «На Беларусі Бог жыве», то прысутныя ў зале адразу адзначылі шыкоўны голас Арсенія, які гучаў прафесійна пастаўленным тэмбрам радыёвядучага. Сваёй адметнасцю і павучальнасцю вызначалася дэкламаванне верша «Лектар», які прачытала Святлана Доўгая, удзельніца студыі «Дамісолька» Вілейскага  Цэнтра эстэтычнага выхавання, кіраўнік – Галіна Гуркіна.

IMG_4072

Я не бачыў такой шчымлівай цішыні і эмацыйнага напружання ў зале, як у тыя хвіліны, калі верш «Папе» сучаснай выканальніцы «Белинда Наизусть» чытала Аляксандра Кірэева, навучэнка Ільянскага дзяржаўнага аграрнага каледжа. Гэта было поўнае пранікненне ў вобраз, што адчувала на сабе ўся зала, а многія нават нябачна сціскалі далоні ад перажывання і стараліся не паказаць бляск слёз на вачах. Паўстаўшую цішыню крыху развеяла бліскучае выкананне песні «Вальс-бастон» Аляксандра Разенбаума вучнем сярэдняй школы №1 Мікітам Аўрайцэвічам. Вельмі ўразілі і журы, і слухачоў вобразы дзяўчат, якія чыталі вершы,прысвечаныя тэме вайны. Вядома, што дзецям, якія ведаюць жахі і боль вайны толькі па аповядах, вельмі цяжка перадаць падобныя творы з усёй сілай эмоцый. Але дзяўчатам гэта ўдалося, бо часам здавалася, што перад табой тая сапраўды састарэлая жанчына, што не можа змірыцца са стратай свайго сына, мужа і не можа забыць тую страшэнную вайну і усе пакуты, ці то маладая дзяўчына, якая была вымушана ўзяць зброю і пайсці на барацьбу з ворагам. Вось і  вучаніца сярэдняй школы №5 Аляксандра Стрэж, што чытала верш Таццяны Дзям’янавай «Сцішэлі водгукі вайны» (кіраўнік Аксана Бародзіч), змагла перадаць усю эмацыйную палітру выбранага твора. Такіх жа эпітэтаў вартая і навучэнка Вілейскага дзяржаўнага каледжа Марыя Кунавіч, якая чытала верш Юліі Друнінай «Зінка», кіраўнік – Аляксандр Высоцкі. Сваёю выразнасцю і мілагучнасцю мовы вызначылася прачытанне верша Авер’яна Дзеружынскага вучаніцай гімназіі №1 «Логас» Анастасіяй Дубяга і інсцэніроўка верша Алеся Бадака «Пра галоднага ваўка і Валерку-смельчака» ў выкананні Яўгеніі Рамановіч, Івана Чычына, Ягора Мамай, вучняў гімназіі №1 «Логас», кіраўнік – Алена Балуш.

IMG_4079

Напэўна, не кожны прафесійны артыст, акцёр театра і кіно, ці студэнт акцёрскага аддзялення мае такія здольнасці да пераўвасаблення, якія прадэманстраваў гледачам Аляксандр Балашоў, вучань сярэдняй школы №1, калі чытаў байку Аксаны Данільчык «Чарніла». Ён як прафесійны акцёр, які безэмацыйна рыхтуецца за кулісамі, а на сцэне паказвае звышмайстэрства. Так і Аляксандр, які падняўся на сцэну і стаў чытаць так байку, быццам на сцэне прысутнічала не менш, чым тры-чатыры акцёры, прычым мужчынскіх і жаночых вобразаў. Гэта было вельмі прафесійнае пераўвасабленне. Пад стаць папярэдняму выступоўцу быў і наступны нумар у выкананні Дзмітрыя Вінцэвіча, навучэнца Вілейскага дзяржаўнага каледжа, які прачытаў байку Алеся Макарцова «Як я жаніўся», кіраўнік – Аляксандр Высоцкі. А ў выкананні студыі мастацкага чытання «Ветразь» Вілейскай гімназіі №2 была прадэманстравана літаратурна-музычная кампазіцыя па вершах Івана Лашуткі «Перажыве мяне, мой белы сад», кіраўнік – Мікалай Іваненка.

IMG_4083

І вось надышоў зорны час вучня гімназіі №2 Амраана Аль-Хлейфата, які прачытаў паэтычную кампазіцыю – урывак з паэмы Якуба Коласа «Сымон-музыка», кіраўнік – Мікалай Іваненка. І гэта стала эпагеем конкурсу выразнага чытання, бо было вобразна, выразна, эмацыйна і яскрава. Таму не здарма Гран-пры конкурсу строгае і аўтарытэтнае журы  ўручыла Амраану Аль-Хлейфату. Ён,як і іншыя ўдзельнікі конкурсу, заслугоўваетолькі самых высокіх слоў і ўзнагарод. Усе яскравыя таленты моладзі адзначылі ў час ўзнагароджання члены журы і аргкамітэт.

IMG_4095

Затым быў цудоўны канцэрт-падзея «I Слова, і Музыка», які стаў працягам фестывальнай праграмы. На сцэне выступаў Народны калектыў аўтарскай песні «Элегія» Цэнтра эстэтычнага выхавання, кіраўнік – Таццяна Захарыч,і нядаўні юбіляр, прадстаўнік  творчай эліты горада Уладзімір Балбачан. Гучалі розныя, але вельмі добрыя кампазіцыі, якія давалі слухачам магчымасць паслухаць як песні беларускіх аўтараў і кампазітараў, так і вядомыя, ужо стаўшыя хітамі творы савецкага і сучаснага рэпертуару. У час канцэрта на сцэну выходзілі і вілейскія паэтэсы: Бажэна Ганушкіна (Мацюк), намеснік старшыні Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, член Саюза, а таксама наша зямлячка Іна Фралова, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, якія прэзентавалі гледачам свае вядомыя і зусім новыя вершы.

IMG_4100

Надышоў час і для слоў аўтарытэтнага журы. Гэта была імправізацыя, калі члены журы акрамя сваіх уражанняў далі своеасаблівы майстар-клас па чытанні вершаў. Першым словы падзякі і вялікага ўражання ад пачутага выказаў Алег Вінярскі. Трэба адзначыць, што Алег Аляксандравіч асоба для віляйчан знаёмая, бо многія мерапрыемствы духоўна-паэтычнага накірунку ладзяцца ў Вілейцы пры яго ўдзеле.

IMG_4110

– Гэта цудоўнае і адметнае свята. Фестываль, які задумалі і ўвасобілі ўсе яго арганізатары, асабліва ідэйны і мастацкі кіраўнік Таццяна Захарыч, мае вялікае значэнне. А можа, нават і большае, чым мы можам сабе ўявіць. Шануйце Слова, шануйце носьбітаў гэтага Слова. У першую чаргу – настаўнікаў, супрацоўнікаў культуры і ўсіх тых, хто з’яўляецца заўзятымі прыхільнікамі творчасці і мастацтва, хто наведвае ўсе творчыя падзеі-мерапрыемствы горада і раёна. Яны маюць адметнае бачанне, тонкае ўспрыняцце навакольнай рэчаіснасці, а значыць,нясуць і адметнае Слова для нас. А мастацкае Слова, прыгожае Слова павінна быць у нашым жыцці, яно адкрывае свет па-іншаму. Падтрымлівайце і надхняйце маладое пакаленне. Я вітаю вас з гэтым фестывалем!

IMG_4162

Упершыню Вілейку наведаў і член журы Валерый Максімовіч, сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі, навуковец і амаль наш зямляк, бо родам з Лагойшчыны.

– Такія фестывалі вельмі і вельмі рэдкія, ладзяцца адзінкава і больш сціпла. Таму мне вельмі прыемна быць тут, сярод віляйчан,і захапляцца вашым маладым пакаленнем, тымі дараваннямі, якія мы адкрылі на гэтай сцэне для сябе сёння. І для вас мае новыя вершы.

IMG_4163

Святлана Быкава, старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, член Саюза, паэтэса адзначыла:

– Я радуюся разам з віляйчанамі гэтаму святу. А паэзія заўжды свята. Гэты фестываль дае магчымасць жыць духоўна, раскрывае ўнутраную сутнасць людзей, ён наталяе і ўздымае. Тут раскрываецца ўнутраны свет, які мы хаваем у сабе ў наш прагматычны час.

IMG_4170

Ірына Карнавухава, кіраўнік народнага клуба кампазітараў і паэтаў  «Жывіца» Мінскай вобласці:

– Падобнага фестывалю няма ў Мінскай вобласці, ды, можа, і ва ўсёй Беларусі. І гэта значная падзея, якая можа перарасці ў фестываль рэгіянальнага фармата, а затым і рэспубліканскага. Няхай Слова крочыць наперад і Слова прымаецца…

IMG_4172

І вось на сцэну падымаецца старшыня журы, народная артыстка Беларусі, зорка купалаўскай сцэны і «залаты жаночы голас» беларускага радыё Марыя Захарэвіч.

IMG_4176

– Дзякую за запрашэнне на свята. Такога задавальнення ад сустрэчы, якое падаравалі мне сёння, не так часта бывае. Свята сапраўды ўдалося, бо гучала не проста слова, а беларускае Слова, Светлае Слова. Чытанне дзяўчат і хлапчукоў было вельмі ўзнёслае, хвалюючае і пранікнёнае. Гучала класіка, творчасць цудоўных мясцовых паэтаў, тэма вайны і духоўная паэзія, лірыка і драматычныя творы. Дзякуй вам за гэта. Звычайна 30 верасня я не ўдзельнічаю ў мерапрыемствах, па-магчымасці нікуды не езджу, бо ў гэты дзень, ужо 23 гады таму, не стала маёй матулі. Але адмовіць сваім землякам, а я родам з нашага края, з Мядзельшчыны, не магла.

IMG_4184

І далей прагучала Слова ад Марыі Георгіеўны, вершы Анатоля Вярцінскага, якія моцна западаюць ў душу, асабліва «Развітанне з маці», «Мы жывём, каб вярнуцца». Марыя Захарэвіч падаравала ўсім прысутным хвіліны выканання паэзіі сваім мілагучным і пяшчотным голасам, які можна параўнаць са спевам беларускіх птушак і гоманам нарачанскіх соснаў. А напрыканцы Марыя Георгіеўна адзначыла:

IMG_4185

– Вашыя пачынанні вартыя падтрымкі. І я,як удзельніца Савета старэйшын Мінскай вобласці, абавязкова пры наступнай сустрэчы ў Мінаблвыканкаме распавяду ўсім пра такое цудоўнае свята, і распавяду з усімі фарбамі, пачуццямі, якімі я наталілася сёння тут у вас, у віляйчан. Дзякуй і нізкі паклон.

IMG_4192

Свята завершана, але засталіся ўражанні і ўдзячнасць усім тым, хто яго арганізаваў і здзейсніў, а гэта вялікі калектыў адзінадумцаў і людзей неабыякавых да таго, што мы пакінем пасля сябе… І гэта, у першую чаргу, сапраўды вялікае пачынанне, што змагла распрацаваць рэжысёр фестывалю Таццяна Захарыч і здзяйснялі супрацоўнікі бібліятэкі, устаноў адукацыі і культуры, аддзелаў райвыканкама, грамадскіх аб’яднанняў і многія многія іншыя, хто часам заставаўся па-за «кадрам», але рабіў такі важкі і вельмі значны ўнёсак. Непаўторны каларыт святу надавалі і прафесійныя вядучыя заключнага мерапрыемства: Алена Балуш і Уладзімір Тонкавіч. Асаблівы дзякуй Іне Лазар, загадчыцы аддзела маркетынгу раённай бібліятэкі, што сваім першым крокам, конкурсам-святам «Галасы паэтаў Беларусі», дала штуршок да развіцця і папулярызацыі ў горадзе і раёне падобных мерапрыемстваў выразнага чытання класікі і сучаснай паэзіі беларускіх і вілейскіх аўтараў.

IMG_4194

– Я удзячна ўсім тым, хто нас падтрымаў і дапамагаў, – адзначыла Таццяна Захарыч. – Асабліва, за значную падтрымку,Вілейскаму райвыканкаму, які на працягу многіх гадоў падтрымлівае падобныя праекты і пачынанні. Дзякую Святлане Дзяруга, намесніку старшыні райвыканкама, а таксама ўсім, хто бескарысна дапамагаў і матэрыяльна, і справамі ў набыцці падарункаў і арганізацыі мерапрыемстваў. Асаблівы дзякуй Уладзіміру Слабодчыкаву і Арцёму Мядзведзеву за стварэнне шыкоўнага сімвалу Гран-пры конкурсу выразнага чытання. Шчырую падзяку выказваю і вілейскаму мастаку Эдуарду Мацюшонку за прадстаўленую карціну, што ад імя ўсіх віляйчан была падаравана Марыі Захарэвіч. Вялікую падтрымку мы заўжды адчуваем ад благачыннага вілейскай акругі, настаяцеля храма Прападобнай Марыі Егіпецкай іераманаха Аляксандра Шмырко. Вялікі дзякуй усім віляйчанам. А ўсё ж, якія ў нас таленавітыя дзеці…

Сяргей ГАНЧАР.

Фота аўтара

IMG_4201

IMG_4206

IMG_4214

IMG_4230


Написать комментарий

НОВОСТИ

Службу скорой помощи в Вилейке планируют обновить 2-мя автомобилями

На следующей неделе в Вилейке ожидается снег и даже метель

В Вилейском районе завели дело по факту фиктивного устройства на работу

В Вилейке с завтрашнего дня подорожает проезд в городском транспорте

САМОЕ ЧИТАЕМОЕ

  • В Вилейском районе завели дело по факту фиктивного устройства на работу - 20 Октябрь 2017 (714)
  • В Вилейке с завтрашнего дня подорожает проезд в городском транспорте - 20 Октябрь 2017 (631)
  • На следующей неделе в Вилейке ожидается снег и даже метель - 20 Октябрь 2017 (598)
  • В детских садах открываются платные группы по выходным. Можно ли водить туда несадовского ребенка? - 20 Октябрь 2017 (367)
  • Под Молодечно раненый ножницами мужчина бежал навстречу скорой и попал под авто - 20 Октябрь 2017 (225)
  • Службу скорой помощи в Вилейке планируют обновить 2-мя автомобилями - 20 Октябрь 2017 (150)
  • Сегодня ночью белорусы смогут увидеть звездопад и загадать много желаний - 20 Октябрь 2017 (114)
  • Обеспечены ли мы сегодня достаточным количеством топлива? Какие работы выполнены при подготовке к отопительному сезону? - 20 Октябрь 2017 (63)
  • Як сцвярджае гісторыя, у 1812 годзе ў маёнтку Стайкі прыпыняўся нанач імператар Напалеон, падчас свайго адступлення з Масквы - 20 Октябрь 2017 (54)
  • Уже на протяжении 30 лет они помогают людям не только освоить новые профессии, но и повышать квалификацию - 20 Октябрь 2017 (38)
  • ВСЕ НОВОСТИ

    Совершенствование и развитие ЖКХ Беларуси

    Ребёнок-пассажир-пешеход. ГАИ рассказала, когда происходит больше ДТП с детьми?

    В детских садах открываются платные группы по выходным. Можно ли водить туда несадовского ребенка?

    Обеспечены ли мы сегодня достаточным количеством топлива? Какие работы выполнены при подготовке к отопительному сезону?

    Уже на протяжении 30 лет они помогают людям не только освоить новые профессии, но и повышать квалификацию

    О делегировании полномочий

    В парке Молодечно состоялся областной праздник, посвященный дню рождения Белорусской молодежной общественной организации спасателей-пожарных

    Як сцвярджае гісторыя, у 1812 годзе ў маёнтку Стайкі прыпыняўся нанач імператар Напалеон, падчас свайго адступлення з Масквы

    26 октября приём граждан проведёт главный правовой инспектор труда Минской городской организации Белорусского профсоюза работников строительства и промышленности строительных материалов ДЕМИНСКАЯ Алла Игоревна по вопросам, касающимся разъяснений норм законодательства, регулирующих сферу трудовых и связанных с ними правонарушений

    Сегодня ночью белорусы смогут увидеть звездопад и загадать много желаний

    РУБРИКИ ШП НАШИ АВТОРЫ Яндекс.Метрика