Вайны далёкай водгалас

Яшчэ доўга будуць гучаць рэхам тыя далёкія гады ваеннага ліхалецця, калі наша Вілейшчына, як і іншыя гарады і краіны былога Савецкага Саюза, былі акупаваны нямецкімі захопнікамі. Ужо, здаецца, мінула шмат дзесяцігоддзяў, але раз-пораз аб сабе нагадвае той час, што чорнай навалай за некалькі дзён абляцеў усе вёскі і мястэчкі нашай малой радзімы – і ўжо праз некалькі дзён ад пачатку вайны пачалася акупацыя раёна. Колькі гора і разбурэнняў прынеслі фашысты, колькі прыйшлося перажыць ваеннаму пакаленню, а разам з дарослымі і малым дзецям, падлеткам, дзяўчатам і юнакам. Амаль чатыры гады доўжылася акупацыя Вілейшчыны, з 1941 па 1944 год, калі, нарэшце, першымі чэрвеньскімі днямі адна за адной вызваляліся вёскі Вілейскага раёна, а 2 ліпеня быў вызвалены на той час і абласны горад Вілейка.

Могила Ерхи

І вось нядаўна давялося з вуснаў жыхароў Мінска і нашых віляйчан пачуць яшчэ адну гісторыю сям’і, якой наканавана было быць падзеленай назаўсёды вайной. Адны загінулі ад куль ворага, другія – засталіся жыць і навечна запомнілі тыя страшэнныя пачуцці страты сваіх блізкіх – каб перадаць памяць аб родных людзях сваім дзецям і ўнукам, каб ведалі, які кошт прыйшлося заплаціць нам за Перамогу. Сярод мільёнаў бязвінна загінуўшых мірных жыхароў ёсць і сям’я з невялічкага беларускага хутара, што месціўся сярод лесу непадалёк ад сучаснай вёскі Ерхі.

– Добры дзень, – пачулася ў трубцы тэлефона, – мы турбуем вас з Мінска, каб праз газету падзякаваць усім неабыякавым людзям, што дапамагалі нам усталяваць помнік на магіле загінуўшых у вайну нашых родзічаў. Асабліва Марыне Алёйзаўне Юркевіч, дырэктару Ерхаўскага сельскага клуба, якая на працягу многіх гадоў даглядала магілку ў лесе, без якога на тое абавязку, і што захавалася дзякуючы толькі ёй праз столькі часу. Доўгія гады мы шукалі месца пахавання нашага роднага дзяцькі (брата бацькі), бабулі і дзядулі, якіх у вайну забілі і спалілі фашысты разам з іх хутарам. Вы абавязкова падзякуйце ўсім, калі ласка.

Вось так пачалася гэта гісторыя, пра якую потым давялося даведацца падрабязней ад дырэктара Ерхаўскага клуба Марыны Юркевіч. Працуючы ў клубе, яна доўгія гады збірае ўспаміны старажылаў, розную інфармацыю пра сваіх аднавяскоўцаў, пра ваеннае ліхалецце, пра загінуўшых землякоў, якія не ўзгадваюцца ў кнізе “Памяць”, каб захаваць гэту спадчыну на будучае.

– Аднойчы ў лесе ўбачыла крыж, зарослы кустамі, – пачала аповед Марына Алёйзаўна. – Гэта знаходка мяне зацікавіла і я пачала распытвацца ў мясцовых жыхароў: па кім ўсталяваны быў гэты крыж і што там здарылася. Мне распавялі, што ў тых мясцінах некалі быў хутар Папоўка, дзе жыла адна сям’я Станіслаўчыкаў. Тая сям’я складалася з пяці чалавек: бацьку сямейства звалі Эдвард, маці – Феліцыя, у іх было двое сыноў – Вацлаў і Альберт, а яшчэ і дачка Ядвіга. Калі пачалася вайна, адзін з сыноў,Альберт, якому было сямнаццаць год, пайшоў у партызаны. І вось у 1943 годзе, калі ў хаце былі трое з усяго сямейства (бацька Эдвард, яго жонка Феліцыя і іх сын Вацлаў, якому на той час споўнілася чатырнаццаць год), на хутар завіталі немцы. Канешне ж, яны хацелі даведацца пра партызан, бо ім стала вядома пра сувязь сям’і з ляснымі барацьбітамі. Што і як там адбывалася,цяпер ужо ніхто не распавядзе, але эсэсаўцы проста так адтуль не сышлі. Яны застрэлілі ўсіх, хто быў у той час на хутары, а потым, нанасіўшы саломы,падпалілі пабудовы разам з забітымі гаспадарамі.

Сына Альберта і дачкі Ядвігі на той час не было дома, і гэта іх выратавала ад смерці. Сваіх бацькоў і брата ўцалелыя дзеці разам з вяскоўцамі пахавалі ў адной магіле, непадалёк ад спаленай хаты. А потым паставілі крыж, які так і дастаяў да тога часу, пакуль яго не знайшла Марына Юркевіч.

– Пасля таго, як даведалася пра жахлівы лёс той сям’і, – працягвае аповед Марына Алёзаўна, – мы з маёй калегай,загадчыцай Ерхаўскай бібліятэкі Жаннай Яўгенаўнай Андрыеўскай высеклі там кусты, расчысцілі месца вакол крыжа, абрабілі магілку. Так з 1993 года і даглядаем гэта месца, а як інакш, гэта ж нашы землякі, бязвінна загінуўшыя людзі. Дарэчы, такіх спаленых хутароў, што месціліся вакол Ерхаў, было шмат. І падобных лёсаў сямей вельмі многа: дзе застаўся сіратой адзін маленькі хлопчык, як у выпадку з Вячаславам Хомічам, які выратаваўся з пылаючай хаты і быў паранены падчас уцёкаў у нагу і шчаку, але застаўся жыць; а дзе былі знішчаны цэлыя сем’і. Гэта наша гісторыя і яе трэба памятаць.

Доўгія гады ўспаміны пра мінулае не давалі спакою і Альберту Станіслаўчыку. Увесь час ён вінаваціў сябе за тое, што праз яго забілі бацькоў і брата. Пасля вайны ён жыў і працаваў у Мінску. Яго сястра Ядвіга жыла ў Польшчы. Ужо, на жаль, няма іх на гэтым свеце, але ёсць іх родныя, якія памятаюць пра той наказ, што пакінуў іх бацька – каб даглядалі магілы сваіх родзічаў, каб не забываліся. Доўгі час Галіна Альбертаўна Смолік, дачка Альберта Эдвардавіча, імкнулася адшукаць магілу бабулі, дзядулі і дзядзькі. А калі знайшла, не ведала як адзячыць за той клопат, здавалася,аб зусім чужых людзях, Марыне Алёйзаўне і ўсім іншым. І вось гэтым летам з дапамогай старшыні Крывасельскага сельвыканкама Ірыны Супрановіч, выконваючай абавязкі кіраўніка мясцовай гаспадаркі ААТ “Алая зара” Наталлі Шастапалавай і Марыны Алёйзаўны, родныя загінуўшай сям’і Станіслаўчыкаў усталявалі новы помнік на месцы іх пахавання.

– Перадайце нашы словы падзякі ўсім, хто дапамагаў у гэтай справе, – дзякавала сям’я Смолікаў з Мінска. – Мы вельмі ўдзячны і старшыні сельвыканкама, і кіраўніку гаспадаркі, і трактарысту Дзмітрыю, што падвозіў жвір, адным словам, усім ім нізкі паклон. А асаблівая ўдзячнасць Марыне Алёйзаўне, дзякуючы якой захавалася гэта месца пахавання нашых родзічаў. Яна вельмі чулы і спагадлівы чалавек, гэта чалавек на сваім месцы.

На адноўленай магіле на дзень памінання памерлых памаліўся за ўпакой душ нявінна загінуўшых і за іх вечны спачын касцяневіцкі ксёндз Пётр Пятрага. Зроблена добрая і высакародная справа ад імя ўсіх жывых, каму цаной свайго жыцця падаравалі мірнае неба ўсе ахвяры той страшэннай вайны, і для вечнага супакою іх душ адпраўлена памінальная імша. А значыць, памяць будзе жыць сярод пакаленняў.

Сяргей ГАНЧАР.
Фота прадстаўлена Ірынай СУПРАНОВІЧ


1 Ответ в “Вайны далёкай водгалас”

  1. Алесь Раткевіч:

    А колькі яшчэ такіх магілак чакаюць адраджэння? Шмат,вельмі шмат. Забытыя загінулыя ёсць у кожнай вёсачцы. І каб іх імёны вярнуць з забыцця і адрадзіць іх магілкі, толькі на валанцёрскіх пачатках проста немагчыма. Патрэбна абавязковая дзяржаўная калі не дапамога, то хацябы падтрымка. Я ў гэтым упэўнены. Сутыкаўся. Нізкі паклон адраджэнцам гэтай магілы. З павагай,А.Раткевіч.

Написать комментарий

НОВОСТИ

«Ёлка желаний»: уже есть первые «волшебники»

На автодороге Минск-Молодечно-Нарочь будет ограничено движение

ФОТОФАКТ. На Центральной площади идёт установка главной ёлки города

Идет сбор средств на восстановление храма Святого Духа деревни Речки Вилейского района

САМОЕ ЧИТАЕМОЕ

  • Сеансы кинотеатра «Мир» (13 декабря – 17 декабря) - 13 декабря 2017 (1835)
  • Молодечненским РОВД разыскиваются две девушки. Близкие очень волнуются за их судьбу - 14 декабря 2017 (779)
  • В кафе у вилейчанина украли телефон и деньги - 14 декабря 2017 (516)
  • Самые популярные детские имена у вилейчан в 2017 году - 14 декабря 2017 (462)
  • ФОТОФАКТ. На Центральной площади идёт установка главной ёлки города - 13 декабря 2017 (461)
  • Идет сбор средств на восстановление храма Святого Духа деревни Речки Вилейского района - 13 декабря 2017 (372)
  • На автодороге Минск-Молодечно-Нарочь будет ограничено движение - 13 декабря 2017 (296)
  • В Минске определили обладательницу самых сексуальных губ. Девушке из Солигорска досталось 3000 евро на шопинг в Милане - 14 декабря 2017 (227)
  • Вилейчанка – лауреат польского конкурса новогодних открыток - 13 декабря 2017 (198)
  • "Ёлка желаний": уже есть первые "волшебники" - 13 декабря 2017 (183)
  • ВСЕ НОВОСТИ

    Стало известно, сколько микропластика в нашей косметике?

    В Молодечненском районе выпускают сок из пророщенной пшеницы

    Совместный рейд с представителем СМИ

    Самые популярные детские имена у вилейчан в 2017 году

    В кафе у вилейчанина украли телефон и деньги

    Белорусские ученые готовы к выполнению новых стратегических задач по развитию науки и экономики — Чижик

    В Минске определили обладательницу самых сексуальных губ. Девушке из Солигорска досталось 3000 евро на шопинг в Милане

    Успехи наших ребят в соревнованиях по судомодельному спорту

    Молодечненским РОВД разыскиваются две девушки. Близкие очень волнуются за их судьбу

    II Съезд ученых Беларуси

    РУБРИКИ ШП НАШИ АВТОРЫ
    Яндекс.Метрика


    Разработка ИП Харитончик А.Н.