Як святкавалі Каляды на Вілейшчыне

Беларускія святы і звычаі – гэта скарбонка народнай духоўнай культуры, прыклад гарманічнага суіснавання чалавека з навакольным светам, а самае галоўнае, мудрасці простага селяніна. Усе народныя святы традыцыйна святкаваліся нашымі продкамі на працягу многіх стагоддзяў і ў большасці дайшлі да нашага часу ў сваім нязменным выглядзе. Гэтым артыкулам мы пачынаем новую рубрыку, дзе будзем распавядаць пра найбольш значныя гадавыя святы і звычаі беларусаў і асаблівасці іх святкавання ў нас на Вілейшчыне.

Калядоўшчыкі (Вілейка 1942 г.)

Калядоўшчыкі (Вілейка, 1942 г.)

Традыцыі беларусаў можна падзяліць на каляндарныя і сямейна-абрадавыя. Да каляндарных традыцый адносяцца такія святы, як Каляды, Масленіца, Вялікдзень, Купалле, Пятро, Багач і іншыя. Да сямейна-абрадавых адносяцца вяселле, хрэсьбіны і хаўтуры. Адным з самых галоўных і містычных святаў у нашых продкаў былі Каляды, якія ў народным календары беларусаў-католікоў адзначаліся з 25 снежня па 6 студзеня, а ў праваслаўных – з 6 па 19 студзеня. Каляды спалучалі ў сабе вялікі абрадавы комплекс дахрысціянскай і хрысціянскай культуры. На калядны перыяд прыпыняліся ўсе гаспадарчыя работы, а падзяляўся ён на тры куцці і меў другую назву – святыя вечары.

Першы дзень Калядаў – дзень, у які даўжыня светлавога дня пачынала павялічвацца пасля зімовага сонцастаяння – лічыўся пачаткам астранамічнага новага года ў нашых продкаў. У адрозненні ад сельскагаспадарчага новага года, каторы з’яўляўся пачаткам працы ў полі, на Каляды «нараджалася новае сонца», час «паварочваўся на вясну». Само слова «Каляды» мае паходжанне ад старажытнай назвы сонечнага дыску – Кола, а таксама ад лацінскага calendae, «календы» – назва першага дня кожнага месяца (ад таго кораня пайшоў і «каляндар»). Да Каляд, як і да шматлікіх іншых святаў, рыхтаваліся загадзя: забівалі свінню (а сяляне, асабліва бедныя, вельмі рэдка елі мяса і дадзенае свята было адным з тых перыядаў, калі мяса можна было есці ўдосталь), абавязкова прыбіралі ў хаце, развешвалі самаробныя ўпрыгожванні, ладзілі сабе новыя святочныя ўборы і адзенне, наведвалі лазню, каб старанна памыцца і сустрэць свята чыстымі. Каляды – свята вясёлае, асаблівы святочны настрой стварала, мабыць, і тое, што да пачатку работ у полі – самы цяжкі час для нашых продкаў – было яшчэ далёка.

Асаблівае месца ў святкаванні Каляд адводзілася абрадаваму сталу і святочным стравам. Стол, вядома, павінен быць багатым, каб наступным годам мець добры ўраджай і здароўе дзеля людзей і жывёл. У кожнай, нават самай беднай хаце на Каляды даставалі са схованак мяса ды кілбасы, сала, арэхі, яблыкі, мёд. Галоўнай стравы Калядаў была куцця (ячневая ці пярловая каша з дабаўленнем мёду, арэхаў, шкварак) – ад яе і ўзялі назву тры абавязковыя святочныя вячэры. На першую ладзілася «посная куцця» – на стале былі стравы з рыбы, гародніны, грыбоў, сушанай садавіны, мёду, кісель і тая самая ячневая каша-куцця з мёдам. Пад абрус на стол клалі сена, якое пасля вячэры выцягвалі і гадалі на новы ўраджай, а потым скормлівалі каровам, што павінна было зберагчы іх ад ваўкоў і паспрыяць павелічэнню надояў малака. За сталом было прынята збірацца разам, усёй сям’ёй, прычым запрашалі на святкаванне не толькі жывых членаў радзіны, але і продкаў. На наступны дзень святкавалі самі Каляды. Пасля доўгага перадкаляднага посту скаромная ежа на святочным стале ў пэўнай ступені падкрэслівала ўрачыстаць застолля і яго значнасць. З гэтага ж дня, вечарам, пачыналі хадзіць і калядоўшчыкі з абрадамі слаўлення і добрым зычаннем гаспадарам і членам іх сямей. З незапамятных часоў хаджэнням калядоўчшчыкаў у народзе надаецца магічны сэнс, бо праз падобныя рытуалы, як лічылі нашы продкі, можна заручыцца падтрымкай Бога на ўвесь будучы год. Кожны гаспадар імкнуўся шчодра надзяліць калядоўшчыкаў за іх песні-зычанні. Калядоўшчыкі вадзілі з сабой казу, лічылася, што з дапамогай гэтай жывёлы можна было выгнаць са двара «нячысцікаў», а таксама разлічваць у наступным годзе на добры прыплод жывёлы ў гаспадарцы і плённы здабытак ураджаю.

Другая куцця – тоўстая, багатая, шчодрая, што ладзілася праз тыдзень, на Шчодры вечар, па часе супадае з сучасным Старым новым годам у праваслаўных і звычайным Новым годам у католікаў. Гэта абрадавая вячэра адзначаецца не толькі багаццем страў, але і вялікай колькасцю скаромнай ежы – смажанага і вэнджанага мяса, кілбас і іншых прысмакаў, за што і называюць другую куццю шчодрай, багатай, мясной і тоўстай. Сама ж куцця падаецца на стол з маслам або мясам. У гэты вечар моладзь рабіла шмат свавольств: хлопцы здымалі вароты, расолам ад чырвоных буракоў ці попелам высыпалі сцежкі ад дзяўчат да хлопцаў, якія сустракаліся, закладалі коміны. Трэцяя куцця прыходзілася на канец святочнага тыдня і называлася поснай або вадапуснай. У гэты вечар на куццю на Вілейшчыне звалі Мароза (у некаторых вёсках рабілі гэта і на другую куццю).

Звычайна гаспадар стукаў у акно ці адчыняў дзверы і тройчы клікаў: «Мароз, Мароз, хадзі куццю есці», далучалі да запрашэння і продкаў. Пасля запрашэння ўсёй сем’ёй садзіліся вячэраць. Мароза імкнуліся задобрыць, каб ён сцешыў свой сярдзіты нораў. Калі на наступны дзень надвор’е было менш марознае ў параўнанні з папярэднім днём, лічылі, што Марозу спадабаліся пачастункі гаспадароў.

Калядаванне – было і застаецца адным з самых яркіх традыцый, што дайшлі да сучаснасці. Лічылася, што толькі вяселле, шумлівыя гулянні могуць напалохаць злыдняў, павылазіўшых з таго свету, ды аберагчы людзей ад іх. Моладзь збіралася разам, пераапраналася ў строі жывёл – казу, мядзведзя, бусла, бралі з сабой зорку і хадзілі па хатах, спяваючы калядныя песні з пажаданнямі ўсяго лепшага, услаўляючы сілы святла і граючы на музычных інструментах. Чалавек, апрануўшы маску, як верылі нашы продкі, ужо лічыўся быццам не самім сабою, і мог дазволіць сабе шмат больш, чым прыпісвалі строгія вясковыя парадкі. Адмовіць калядоўшчыкам у пачастунках было тое самае, што наклікаць на сябе няміласць усіх сіл, пазбавіць сябе дабрабыту на ўвесь наступны год. Вельмі распаўсюджанымі былі ў гэты час і «жартоўныя» жаніцьбы, своеасаблівыя гульні, моладзевыя вечарыны, якія мелі мэтай пазнаёміць моладзь, стварыць спрыяльныя абставіны дзеля стасункаў. Прыкладам такога роду абрадавых дзеяў і гульняў з’яўляюцца «Жаніцьба Цярэшкі» ці «Пячы ката», што шырока бытавалі яшчэ да 1970-х гадоў на Вілейшчыне. І вельмі часта здаралася, што складзеныя падчас калядных гульняў пары летам ці пад восень ладзілі сапраўднае вяселле. На працягу ўсіх Каляд дзяўчаты абавязкова варажылi. З першай куццёй – на ўраджай, а пасля – на жаніцьбу ды прыплод хатняй жывёлы, каго што больш цікавіла. Напрыклад, у многіх вёсках Вілейскага раёна дзяўчаты ішлі да плоту і абдымалі яго, потым лічылі, калі цот – выйдзе замуж, лішняе – застанецца дома, або завязвалі на вішню ленту, кідалі абутак цераз плот ці хлеў, набіралі бярэма дроў, а потым лічылі іх, пяклі аладкі і клікалі сабаку, пыталіся імёны, лілі воск у сцюдзёную ваду, а самыя смелыя хадзілі варажыць у лазню.

Каляды – свята сямейнае, якое аб’ядноўвае за сталом усіх родных і блізкіх, а гэта і ёсць адна з галоўных каштоўнасцяў беларусаў.

Сяргей ГАНЧАР.
Фота etno.by


Написать комментарий

НОВОСТИ

Из-за сильного ветра на Вилейщине без электричества оставались 9 населённых пунктов

ФОТОРЕПОРТАЖ: Республиканский субботник на Вилейщине

Двое мужчин обокрали гараж вилейчанина

Вилейский школьник собрал кубик Рубика за 34 секунды

САМОЕ ЧИТАЕМОЕ

  • Сеансы кинотеатра «Мир» (25 апреля – 1 мая) - 23 апреля 2018 (2367)
  • ФОТОРЕПОРТАЖ: Республиканский субботник на Вилейщине - 23 апреля 2018 (358)
  • Вилейчанин купил автомобиль с поддельными документами - 23 апреля 2018 (328)
  • Из-за сильного ветра на Вилейщине без электричества оставались 9 населённых пунктов - 23 апреля 2018 (151)
  • VI Международный фестиваль ретро-мотоциклов «Кола Часу 2018» планируют провести на Вилейском водохранилище - 23 апреля 2018 (102)
  • Двое мужчин обокрали гараж вилейчанина - 23 апреля 2018 (51)
  • Начался прием заявок на участие в Национальном конкурсе «Предприниматель года» - 23 апреля 2018 (35)
  • Гитарист из Вилейки среди лучших юных музыкантов Минской области - 23 апреля 2018 (30)
  • За стекший период года на территории Вилейского района зарегистрировано уже два случая ботулизма - 23 апреля 2018 (15)
  • Завершено расследование уголовного дела о жестоком убийстве жительницы Клецка - 23 апреля 2018 (14)
  • ВСЕ НОВОСТИ

    Гитарист из Вилейки среди лучших юных музыкантов Минской области

    За стекший период года на территории Вилейского района зарегистрировано уже два случая ботулизма

    Командно-штабное учение подтвердило готовность УЗ «Вилейская ЦРБ»

    Начался прием заявок на участие в Национальном конкурсе «Предприниматель года»

    VI Международный фестиваль ретро-мотоциклов «Кола Часу 2018» планируют провести на Вилейском водохранилище

    Вилейчанин купил автомобиль с поддельными документами

    Завершено расследование уголовного дела о жестоком убийстве жительницы Клецка

    Из-за сильного ветра на Вилейщине без электричества оставались 9 населённых пунктов

    ФОТОРЕПОРТАЖ: Республиканский субботник на Вилейщине

    Двое мужчин обокрали гараж вилейчанина

    РУБРИКИ ШП НАШИ АВТОРЫ
    Яндекс.Метрика