Внимание! Сайт работает в тестовом режиме!
РАДИО – 107,4 FM –

У Жодзіна прайшла прэс-канферэнцыя старшыні Мінскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі для рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ

У мінулую пятніцу, 2 лютага, у Жодзіна прайшла прэс-канферэнцыя старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Анатоля Ісачанкі для рэспубліканскіх і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі. Гэта была першая такога фармату сустрэча, якую правёў назначаны ў ліпені мінулага года кіраўнік Мінскай вобласці. Па сваім змесце яго размова з журналістамі была даволі насычанай і змястоўнай, бо закранула значны пласт эканамічных, сацыяльных пытанняў, а таксама абмеркаванне прагнозаў па стварэнні новых працоўных месцаў у вобласці, інвестыцыйных праграм і, нават, планаў на будучую пасяўную і ўборачную кампаніі.

Напярэдадні сустрэчы са старшынёй Мінскага аблвыканкама, па даўняй традыцыі, журналісты змаглі пазнаёміцца з некаторымі знакавымі прадпрыемствамі і арганізацыямі горада Жодзіна: ААТ «БелАЗ», ААТ «Світанак», РУП «Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па земляробству» і аб’ектам сацыяльнай інфраструктуры «Лядовая пляцоўка» ДУ «Спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву г. Жодзіна».

Сваё – значыць лепшае

Пачалося знаёмства з горадам машынабудаўнікоў з наведвання навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па земляробству. Асноўнай задачай цэнтра з’яўляецца стварэнне новых высокапрадукцыйных сартоў і гібрыдаў сельскагаспадарчых культур, удасканаленне сістэмы насенняводства, адаптаванне галіны раслінаводства да канкрэтных кліматычных умоў, распрацоўка высокаэфектыўных тэхналогій вырошчвання сельскагаспадарчых раслін, прымяненне ўгнаенняў і сродкаў аховы раслін.

Журналістам паказалі лабараторыі, дзе праводзяцца разнастайныя даследаванні і вопыты, а таксама галоўныя сховішчы нацыянальнага генетычнага фонда насення, што налічвае больш за 70 тысяч калекцый. Цэнтр ажыццяўляе навуковае забеспячэнне інавацыйнага развіцця галіны раслінаводства ў краіне, колькасць зарэгістраваных гатункаў культур нашай беларускай селекцыі дасягнула 365. Усе зарэгістраваныя гатункі Цэнтра маюць высокі ўзровень ураджайнасці: у збожжавых больш за 100 ц/га, рапсу – 50 ц/га, зернебабовых культур – да 60 ц/га. Таму не выпадкова, што доля беларускіх гатункаў на палях краіны перавысіла 80%, айчынныя гатункі азімага жыта, рапсу і лубіну займаюць да 95% пасяўных плошчаў.

Якасць. Дызайн. Натуральнась

Затым прадстаўнікі медый най прасторы пазнаёміцца з самым буйным вытворцам трыкатажнай галіны ў рэгіёне – ААТ «Світанак». Прадукцыя гэтага прадпрыемства ўжо больш за 40 гадоў карыстаецца ўстойлівым попытам на ўнутраным рынку, а таксама ў краінах блізкага і далёкага замежжа.

Кожны месяц на прадпрыемстве вырабляецца каля аднаго мільёна вырабаў, большасць з іх ідзе на экспарт. Прадукцыя прадпрыемства мае высокую якасць, сучасны дызайн і вырабляецца з натуральных матэрыялаў.

Журналісты змаглі наведаць не толькі вытворчыя цэхі завода, дзе ажыццяўляецца непасрэдны пашыў адзення, але яшчэ і пабываць на сапраўдным паказе новай эксклюзіўнай калекцыі. Спецыяльна для гасцей паказалі новую калекцыю дзіцячага адзення, а таксама лініі спартыўнага адзення для ўсёй сям’і і эксклюзіўнай жаночай калекцыі «Black and white». Дызайнеры прадпрыемства таксама прадэманстравалі паўсядзённы камплект адзення нашых алімпійцаў у Пхёнчхане, які быў распрацаваны і выраблены на прадпрыемстве спецыяльна для зімовых алімпійскіх гульняў 2018 года.

Штучны лёд

Змаглі ў гэты дзень прадстаўнікі прэсы, радыё і тэлебачання адчуць сапраўдную прахалоду зімовага катка, наведаўшы філіял «Лядовая пляцоўка г. Жодзіна», што з’яўляецца структурным падраздзяленнем ДУ «СДЮСШАР па веславанні на байдарках і каноэ г. Жодзіна». Аб’ект быў пабудаваны за кошт сродкаў гарадскога бюджэту і яго адкрылі ў верасні 2015 года. Крыты каток са штучным лёдам прызначаны для правядзення трэніровак і спаборніцтваў па хакеі з шайбай, шорт-трэку, а таксама для вольнага катання на каньках. Лядовая пляцоўка адначасова здольная змясціць каля 50 чалавек. У час наведвання пляцоўкі журналістамі на ёй якраз займаліся выхаванцы секцыі па хакеі з шайбай – дзеці ад 4 гадоў і старэйшыя.

Самы вялікі брэнд Беларусі

І вось аўтобус з журналістамі праехаў прахадную завода БелАЗ – галоўнага вытворцы кар’ерных самазвалаў і машын спецыяльнага прызначэння не толькі ў нашай краіне, але і ў свеце. Беларускі аўтамабільны завод сёння – гэта сучасная, высокаарганізаваная, высокатэхналагічная вытворчасць кар’ернага і спецыялізаванага транспарту з выкарыстаннем інавацыйных тэхналогій.

За сваю сямідзесяцігадовую гісторыю (у верасні 2018 года ААТ «БелАЗ» адсвяткуе 70-годдзе з дня заснавання завода) прадпрыемствам выпушчана больш за 500 розных мадыфікацый кар’ерных самазвалаў і машын спецыяльнага прызначэння, сабрана 146 тысяч адзінак тэхнікі, геаграфія паставак якіх налічвае 72 краіны свету. Яшчэ ў далёкім 1958-м годзе з варот прадпрыемства выйшаў першы 25-тонны самазвал МАЗ-525. Штогод прадпрыемства абнаўляе лінейку сваёй прадукцыі, ствараючы на сучасным этапе машыны новага пакалення. Адной з самых знакавых мадэляў апошняга пяцігоддзя стаў кар’ерны самазвал БелАЗ-5710 грузападымальнасцю 450 тон, занесены ў Кнігі рэкордаў Гінеса СНД і Еўропы. На сёння гэта самая вялікая грузападымальнасць ў свеце. Працягваюцца зараз і работы па сумесным беларуска-расійскім праекце па стварэнні рабатызаваных самазвалаў БелАЗ. Асобным кірункам працы прадпрыемства стала распрацоўка і выпуск тэхнікі, што працуе на альтэрнатыўных крыніцах энергіі.

Трэба адзначыць, што акрамя працаўнікоў прадпрыемства, а іх каля 10 тысяч чалавек толькі на жодзінскім заводзе, на тэрыторыі прадпрыемства і ў вытворчых цэхах можна сустрэць і турыстаў. На прадпрыемстве з ліпеня 2015 года актыўна рэалізуецца праект прамысловага турызму «БелАЗ – брэнд Беларусі». За гэты час прадпрыемства наведалі больш за 40 000 чалавек, грамадзяне больш чым 20 краін свету.

На сваёй зямлі – па-гаспадарску

Пасля азнакамляльнага візіту тут жа, на БелАЗе, у зале пасяджэнняў прайшла і прэс-канферэнцыя старшыні Мінскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі. Як адзначалася, журналісты задавалі шмат разнапланавых пытанняў, на якія атрымоўвалі даволі выразныя адказы. Так, прадстаўнікі рэгіянальнай прэсы пацікавіліся ў старшыні аблвыканкама планамі на далейшае добраўпарадкаванне сталічнага рэгіёну. На гэта Анатоль Ісачанка адзначыў, што ў Мінскай вобласці ў 2018 годзе будзе працягвацца добраўпарадкаванне населеных пунктаў.

– Добраўпарадкаванне і навядзенне парадку ва ўсіх населеных пунктах Міншчыны будзе працягвацца, – запэўніў Анатоль Ісачанка. – Гэта тычыцца і тэрыторый сельскіх Саветаў, і буйных паселішчаў і гарадоў. Старшыня Мінаблвыканкама нагадаў, наколькі сур’ёзная ўвага ў мінулым годзе надавалася добраўпарадкаванню Смалявічаў, якія сталі сталіцай абласных «Дажынак».

– Уся праведзеная работа ў Смалявічах была зроблена не толькі дзеля свята, а для таго, каб належным чынам прывесці ў парадак тэрыторыю горада. У гэтым годзе абласныя «Дажынкі» будзе прымаць Мядзел, і ўжо вызначаны аб’екты і крыніцы фінансавання. Многія пытаюцца, чаму выбралі менавіта Мядзел, а адказ зусім просты: мы шмат надаём увагі такім буйным гарадам, як Салігорск, Нясвіж, Слуцк, а меншыя райцэнтры застаюцца,у нейкім сэнсе, па-за ўвагай. Таму да восені, думаю, зробім ў Мядзелі і гасцініцу, якая стала даўгабудам, і многія іншыя пытанні будуць там вырашаны, што дазволіць гэтаму гораду стаць яшчэ больш утульным і прывабным, – адзначыў Анатоль Ісачанка. Ён дадаў таксама, што праца па добраўпарадкаванні розных населеных пунктаў Мінскай вобласці будзе весціся планамерна і паступова, як і тое, што кожны райцэнтр будзе абнаўляцца.

Кожнаму чалавеку – годную працу

Пацікавіліся прадстаўнікі СМІ і планамі кіраўніцтва вобласці па стварэнні новых працоўных месцаў і развіццём прадпрымальніцкай ініцыятывы на Міншчыне.

– Мінская вобласць гатова выканаць заданне 2018 года, – запэўніў журналістаў старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка, – па стварэнні каля 10 тысяч працоўных месцаў. Пераважна гэта будуць новыя працоўныя месцы на прадпрыемствах, якія адкрыюцца ў 2018 годзе. Было адзначана і тое, што дадатковыя магчымасці вырашэння пытанняў працаўладкавання прадастаўляе і новы дэкрэт №7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва» і ўказы, накіраваныя на развіццё малога і сярэдняга бізнесу. – Гэтыя дакументы прадугледжваюць розныя віды падтрымкі для людзей, гатовых да рэалізацыі бізнес-праектаў. Галоўнае, каб чалавек звярнуўся за падтрымкай, меў бізнес-план і ў яго была пралічаная акупнасць праекта. Наша задача актывізаваць працу, каб патлумачыць людзям, куды можна звярнуцца і дзе атрымаць падтрымку.

Пра будучы ўраджай

Не абышлося і без пытанняў «аб хлебе надзённым», журналісты цікавіліся падрыхтоўкай да пасяўной кампаніі 2018 года ў Мінскай вобласці.

– Падрыхтоўка да новай пасяўной кампаніі ідзе ў планавым рэжыме: рамантуецца тэхніка, назапашваюцца мінеральныя ўгнаенні. На сёння па назапашванні ўгнаенняў ідзём на першым-другім месцы ў рэспубліцы, – паведаміў Анатоль Ісачанка. Ён таксама нагадаў, што ў мінулым годзе ў Мінскай вобласці валавы збор збожжа разам з кукурузай склаў больш за 2,1 млн тон. Фактычны ўраджай цукровых буракоў таксама дасягнуў значэння 2 млн тон. У сельгасарганізацыях надой на адну карову ў сярэднім склаў каля 5,2 тысяч літраў. Па надоях ужо і ў гэтым годзе ідзе прыбаўка, таму ўсе надзённыя пытанні сельскагаспадарчай галіны вырашаюцца планамерна і даюць свае пэўныя вынікі, – канстатаваў старшыня аблвыканкама.

На сустрэчы задавалі таксама пытанні, звязаныя з ільнаводчай галіной вобласці, праблемамі абнаўлення аўтобуснага парку ў рэгіёнах, перспектывамі правядзення рамонту мясцовых дарог і вуліц у малых населеных пунктах. Адказваючы на гэтыя пытанні,старшыня аблвыканкама канстатаваў, што кожны выдзелены ў бюджэце рубель будзе накіраваны ці то на развіццё пэўнай галіны прамысловасці, ці то на набыццё новай тэхнікі, ці то на планавы рамонт дарог і падтрыманне вясковых вуліц у добрым стане, але ўсё адразу зроблена быць не можа. Тут будзе праводзіцца мэтанакіраваная і паступовая палітыка.

– Галоўнае, каб кожны чалавек меў годную працу і быў заняты, тады і бюджэт вобласці будзе папаўняцца і будзе больш сродкаў на добраўпарадкаванне, будаўніцтва новых дзіцячых садкоў і многае іншае, – зазначыў старшыня Мінскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка.

Сяргей ГАНЧАР.

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.


Яндекс.Метрика