Вілейскія кірмашы: раней на гадавы кірмаш прыбывала да трох тысяч чалавек

Наша Вілейшчына, як і ўся Беларусь, мае глыбокія культурныя карані і традыцыі: у песнях, святах і абрадах, народных паданнях і казках, танцах – усё гэта робіць нас адметнымі сярод сусветнай шматнацыянальнасці. І кожная з’ява мінулых стагоддзяў – ці то традыцыі аздаблення народнага адзення, ці то адзначэнне спрадвечных святаў, ці то ваенная гісторыя Вялікага княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай – усё мае неацэнны вопыт і нашу ўнікальную адметнасць. Сярод гэтага пераліку ёсць яшчэ адна цікавая з’ява традыцыйнай народнай культуры беларусаў, якая шырока была распаўсюджана і на Вілейшчыне – правядзенне кірмашоў падчас мясцовых фэстаў, з іх вялікай разнастайнасцю тавараў, што прадаваліся на падводах і ў яўрэйскіх крамах, гульнямі, забавамі і ігрышчамі.

Вілейка. Кірмаш

Вілейка. Кірмаш зімой, Гергіеўская плошча (пл. Свабоды). 1920-я гг.

Беларускі кірмаш быў не толькі месцам, дзе адбываліся купля-продаж тавараў, але і падзеяй, дзе просты народ меў магчымасць «адвесці душу» ў розных забавах, танцах, выступленнях артыстаў. Кірмашы мінулых стагоддзяў карысталіся вялікай папулярнасцю і ўяўлялі сабой святочны гандаль. Прымяркоўваліся такія кірмашы да датаў хрысціянскага календара, адкуль і атрымалі назвы (Траецкі, Пакроўскі, Спасаўскі, на Міколу, на Ганны і інш.). На кірмашы з’язджаліся людзі з блізкіх і далёкіх вёсак і зямель, каб умацаваць дзелавыя і сяброўскія зносіны, набыць тавар і ўражанні, пабачыць новыя мясціны, задаволіць свае матэрыяльныя і духоўны патрэбы.

Свята і кірмаш на цэнтральнай плошчы

Ілля. Свята і кірмаш на цэнтральнай плошчы мястэчка. 1930-я гг.

З традыцыяй кірмашоў звязана яшчэ адна ўнікальная з’ява ў беларускай шматнацыянальнай гісторыі – мястэчкі. Цяпер мястэчка – паняцце абстрактнае, а па сутнасці, беларускія мястэчкі яшчэ пяцьсот гадоў таму сталі першымі свабоднымі эканамічнымі зонамі. Гэта значыць, яшчэ тады стала зразумела: для таго, каб казна напаўнялася грашыма і краіна жыла стабільна, неабходна даць свабоду прадпрымальнікам. І для гэтага было зроблена наступнае: з’явіліся кропкі, дзе можна было праводзіць сур’ёзныя кірмашы: еўрапейскія купцы атрымлівалі прыстойны рынак збыту для сваіх тавараў, мясцовы бюджэт – падаткі, мясцовыя грамадзяне – магчымасці пазнаёміцца і набыць навінкі. Так і пачалі з’яўляцца ў нас мястэчкі. Гэта не гарады, паколькі вялікімі памерамі яны не адрозніваліся, развіццём прамысловасці не вызначаліся. Але і ад вёсак мястэчкі былі далёкія – сельскай гаспадаркай тут ніхто асабліва не займаўся, атрымлівалася нешта сярэдняе, праславутая праслойка паміж горадам і вёскай. Калі гарады жылі рамёствамі, вёска – сельскай гаспадаркай, то ў інтэрнацыянальных мястэчках рабілі і ўмелі ўсё. Габрэі ў асноўным займаліся кавальствам і гандлем, татары схіляліся да сельскай гаспадаркі, беларусы – да розных рамёстваў.

Вілейка. Кірмаш

Вілейка. Кірмаш на вул. Пілсудскага (Савецкая). 1930-я гг.

У якіх мястэчках Вілейшчыны былі самыя вядомыя кірмашы? На гэтае пытанне можна адказаць, па-першае, калі паразмаўляць са старажыламі, а па-другое, калі паглядзець разнастайныя архіўныя дакументы па сацыяльна-эканамічным развіцці нашых зямель у мінулым. Асабліва адрозніваліся сваімі багатымі кірмашамі наступныя мястэчкі сучаснага Вілейскага раёна: Даўгінава, Ілля, Куранец і, канешне, Вілейка. Існавалі кірмашы і ў іншых мястэчках, але яны былі менш вядомыя і меншыя па памерах гандлю, бо праводзіліся ў асноўным на мясцовыя фэсты.
Самым вядомым кірмашом на Вілейшчыне быў Даўгінаўскі кірмаш. Ужо ў дакументах ХVІІ стагоддзя адзначаецца, што Даўгінава славілася сваімі кірмашамі, на якія прыязджалі, між іншым, купцы з Расіі, Венгрыі, Прусіі. Запіс пра кірмаш у Даўгінаве за 1643 год маецца нават у Магістрацкай кнізе Магілёва. У 1766 годзе ў мястэчку нават была заложана так званая прыкаморка скарбовая, як філіял мінскай каморы скарбовай, што азначала даволі вялікі абарот грашовых даходаў мясцовага гандлю. У дакументах за 1829 год пададзена, што штогадовы кірмаш у Даўгінаве адбываўся ў дзень Узнясення Святога Крыжа (14 верасня) і што ў той дзень прывозілі ў мястэчка тавараў на сумму 10000 рублёў. У 1837 годзе такія кірмашы адбываліся 7 і 8 мая, у час фэсту ў даўгінаўскім касцёле Св. Станіслава і тавараў прывозілі сюды на суму 5900 рублёў, з чаго прадавалі на суму каля 3000 рублёў. Людзей з’язжалася на гадавы кірмаш каля трох тысяч. Але гэта што датычылася гадавога кірмаша, а пачынаючы з ХVІІ стагоддзя і да 1939 года сталым кірмашовым днём у тутэйшым мястэчку быў чацвер, на які асабліва з’язжаліся шматлікія гандляры коньмі – як з наваколля, так і з іншых губерній. У Куранцы штогадовы кірмаш адбываўся 8-10 верасня. Сюды таксама прыязджалі купцы нават з Венгрыі прадаваць парасят. Тавараў прывозілі на кірмаш на суму каля 2500 рублёў, з чаго прадавалі на суму 1500 рублёў, людзей прыбывала на кірмаш каля 2000 чалавек.

Вілейка

Вілейка. Кірмаш на вуглу Георгіеўскай плошчы (пл. Свабоды) і вул. Пілсудскага (Савецкая). 1910-я гг.

У Вілейцы на гадавых кірмашах прыкладна трыста гадоў таму назад усё кіпела. Стракатасць шматнацыянальнага нашага мястэчка віравала і здзіўляла. Мясцовыя кірмашы кармілі, апраналі і абувалі (у лепшым сэнсе гэтага слова) – усіх жадаючых. Здаўна ў Вілейцы побач знаходзіліся касцёл, цэрквы і сінагогі. Сучаснай мовай можна сказаць: «Верацярпімасць і каларыт бізнес-асяроддзя панавалі ў мястэчку». Першы вядомы прывілей на таргі і кірмашы ў мястэчку Вілейка быў дадзены ў 1727 годзе Пятру Пацу, старасту вілейскаму. Гэты прывілей дазваляў «…гандль у нядзельныя дні ў мястэчку Вілейка, а таксама прызначаў тры кірмашы на працягу года: у дзень святых апосталаў Пятра і Паўла, у дзень Пакрова Прасвятой Багародзіцы і ў дзень Богаяўлення. На гэтыя кірмашы і таргі ў названае мястэчка могуць збірацца розныя людзі купецкага і іншых саслоўяў, каб тавары прадаваць, абменьваць і іншыя змовы рабіць па законах Рэчы Паспалітай…». На Вілейскі кірмаш яшчэ ў ХІХ стагоддзі купцы з Масквы, Нежына, Магілёва і іншых месцаў дастаўлялі сала, чырвоныя тавары, табак, сахар, жалеза. З-за мяжы і ўнутраных губерній прывозілі чай, каву, шаўковыя вырабы, галантарэйныя рэчы, віно і іншае. Па дадзеных на 1905 год у Вілейцы адбываліся два кірмашы, куды прывозілі тавара на суму 5500 рублёў, а прадавалі на суму каля 2700 рублёў. Усяго на той час па Вілейскім павеце налічвалася 29 кірмашоў.

Асобнай старонкай кожнага вялікага гадавога кірмаша былі забавы і ігрышчы. Па ўспамінах старажылаў на даўгінаўскім і вілейскім кірмашах яшчэ ў самым пачатку ХХ стагоддзя ладзілі батлейкі і выступалі з дрэсіраванымі мядзведзямі. І гэта невыпадкова, бо пабач на тэрыторыі сучаснага Смаргонскага раёна дзейнічала так званая «мядзведжая акадэмія», што была заснавана ў сярэдзіне XVII стагоддзя князямі Радзівіламі. «Выхаванцы» існаваўшай у Смаргоні школы дрэсіроўкі мядзведзяў былі частымі гасцямі на кірмашах Вілейшчыны ў ХVІІІ–ХІХ стагоддзях, а таксама на кірмашах Прусіі, Шлезвіга, Баварыі і Эльзаса. Мядзведжая пацеха была 3-х відаў: траўля (мядзведзь супраць сабак), мядзведжыя баі (мядзведзь супраць чалавека, мядзведзь супраць мядзведзя) і камедыя (цыркавыя прадстаўленні). Жывёлы выраблялі вельмі складаныя трукі – кланяліся, танцавалі, маршыравалі, глядзеліся ў люстэрка. Усе гэта дасягалася дзякуючы розным методыкам дрэсіроўкі. І хоць «мядзведжыя камедыі» былі забароненыя ў 1866 годзе, яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя ў Даўгінаве на кірмашы паказвалі атракцыйныя нумары беларускіх мядзведнікаў. Так, Францішак Сяліцкі, выхадзец з Мікуліна, прыводзіць у сваіх кнігах успамін адной старой кабеты з Даўгінава аб тым, што на мясцовым кірмашы быў папулярным паказ сцэнкі з мядзведзем, як ішла сялянка ў маёнтак трапаць лён. «Мядзведзь клаў сабе на плечы бэльку і, згорблены, з цяжкасцю шлёпаў – такім чынам імітаваў кабету, якая, ідучы на паншчыну, цягнула на сабе церабілку, зробленую з пня дрэва вялікай таўшчыні».

Таксама на кірмашах сваё майстэрства паказвалі музыкі, якія ў дарэвалюцыйны час гралі ў асноўным на дудзе, жалейцы, скрыпцы, бубне і ражку, а за польскім часам – на баяне, цымбалах і бубне. Гралі на кірмашах вандроўныя лірнікі, а таксама іншыя музыкі, што спадзяваліся на падаянні, а таксама часта былі і бясплатныя музыкі, якія ўжо былі нанятыя для ігры на вечарынках моладдзю ў нейкай вёсцы. Папулярным на кірмашах мінулых гадоў былі і паказы батлейкі з сюжэтамі пра цара Ірада.

Да нашага часу дайшло некалькі цікавых фотаздымкаў вілейскіх кірмашоў, сярод якіх асабліва вызначаецца фотаздымак вілейскага фатографа Беркі Бермана кірмаша 1930-х гадоў на сучаснай вуліцы Савецкай, тады – Пілсудскага. Там відаць вялікая колькасць расстаўленных уздоўж вуліцы падвод з таварамі і разнастайнымі рэчамі і шмат людзей, што прыйшлі і прыехалі на кірмаш. На іншых фотаздымках відаць кірмаш на вуглу сучаснай вуліцы Савецкай і плошчы Свабоды, якая ранней называлася Базарнай плошчай, бо там і праходзілі ў асноўным кірмашы. На гэтых фотаздымках відаць бойкі гандль, а на першым плане – жанчыны са звязкамі абаранак, якія сюды таксама прывозілі са Смаргоні, што славілася гэтымі вырабамі.

У апошнія часы ў многіх мясцінах Беларусі спрабуюць аднавіць традыцыі кірмашоў. Так, ужо доўгія гады праводзіцца адроджаныя Зэльвенскі і Мотальскі кірмашы. І гэта сапраўды цікавая асаблівасць мясцовасці і ўнікальны скарб традыцыйнай культуры нашых беларускіх мястэчкаў.

Сяргей ГАНЧАР.

Фота з архіва краязнаўчага музея


Написать комментарий

НОВОСТИ

Пенная вечеринка на празднике «Детства и семьи» (ВИДЕО)

Вилейчанин выиграл бензопилу на выставке-продаже техники STIHL и VIKING

Вблизи деревни Коловичи во время движения загорелся автомобиль

Пять из десяти лесничеств Вилейского опытного лесхоза попали в очаг поражения леса рыжим сосновым пилильщиком

САМОЕ ЧИТАЕМОЕ

  • Сеансы кинотеатра «Мир» (4 – 10 июня) - 4 июня 2018 (2484)
  • В ДТП в Вилейском районе погиб 3-летний ребёнок - 4 июня 2018 (936)
  • Пенная вечеринка на празднике "Детства и семьи" (ВИДЕО) - 2 июня 2018 (682)
  • Вблизи деревни Коловичи во время движения загорелся автомобиль - 2 июня 2018 (672)
  • Вилейчанин выиграл бензопилу на выставке-продаже техники STIHL и VIKING - 2 июня 2018 (574)
  • За купание в запрещенных местах могут оштрафовать - 4 июня 2018 (128)
  • ФОТОРЕПОРТАЖ. Как прошёл в Вилейке праздник "Детства и семьи" - 4 июня 2018 (69)
  • «Праздник детства и семьи!» на Вилейщине… - 4 июня 2018 (15)
  • О безопасности в своём доме! - 4 июня 2018 (5)
  • Модель проведения Европейских игр в Минске должна стать образцовой - ЕОК - 4 июня 2018 (0)
  • ВСЕ НОВОСТИ

    Модель проведения Европейских игр в Минске должна стать образцовой — ЕОК

    За купание в запрещенных местах могут оштрафовать

    ФОТОРЕПОРТАЖ. Как прошёл в Вилейке праздник «Детства и семьи»

    О безопасности в своём доме!

    «Праздник детства и семьи!» на Вилейщине…

    В ДТП в Вилейском районе погиб 3-летний ребёнок

    Сеансы кинотеатра «Мир» (4 – 10 июня)

    Пенная вечеринка на празднике «Детства и семьи» (ВИДЕО)

    Вилейчанин выиграл бензопилу на выставке-продаже техники STIHL и VIKING

    Вблизи деревни Коловичи во время движения загорелся автомобиль

    РУБРИКИ ШП НАШИ АВТОРЫ
    Яндекс.Метрика