Вілейскія вырабы з лазы ў Парыжы

У мінулыя стагоддзі ў кожнай вясковай сям’і мужчыны абавязкова валодалі прыёмамі пляцення, бо ўсё, што селянін ствараў сваімі ўмелымі рукамі, багатай фантазіяй, служыла яму ў паўсядзённым жыцці. Галоўнымі рэчамі для захоўвання збожжа, мукі, кілбас і іншага сялянскага дабра былі плеценыя кублы, кошыкі з накрыўкамі, гарнцы, каробкі. Падобныя сямейныя майстэрскія традыцыі абавязкова даюць свету сапраўдных талентаў, майстроў з вялікай літары. Такімі самабытнымі майстрамі ганарыцца і Вілейшчына. Адным з найвядомейшых майстроў мастацкага лозапляцення Вілейскага раёна з’яўляецца Ігнат Мікалаевіч Каркоцкі, якому ў гэтым годзе споўнілася б 100 год.

Яшчэ маленькім хлопчыкам у сваёй роднай вёсцы Більцавічы Ігнат Каркоцкі пераймаў ад бацькі ўменне плесці кошыкі ды сявенькі. А таксама ў маладосці на ўсё наваколле славіўся як добры майстар па шыцці ботаў, у якіх хадзілі самыя фарсістыя юнакі і дзяўчаты. Баявыя дарогі Ігнат Каркоцкі прайшоў з самага пачатку Другой сусветнай вайны, калі ў 1939 годзе быў прызваны ў польскую армію юнаком. Усю вайну прайшоў артылерыстам, фарсіраваў Віслу і Одэр, вызваляў Варшаву і штурмаваў Берлін, з’яўляўся ўдзельнікам баёў пад Монтэ-Касіна. Пасля вайны і да самай пенсіі працаваў кавалём у мясцовым саўгасе «Любань». Вяскоўцы расказвалі, што кавалак жалеза, трапіўшы ў рукі Ігната Мікалаевіча, апрацоўваўся нярэдка не менш старанна, чым золата ў руках ювеліра.

Плеценая мэбля

Плеценая мэбля ў маёнтку Сэрвач

Сур’ёзна займацца лозапляценнем Ігнат Мікалаевіч Каркоцкі пачаў толькі перад пенсіяй, дзякуючы прафесійнаму мастаку Барысу Цітовічу, які запрасіў яго ў арцель лозапляцельшчыкаў пры Маладзечанскай фабрыцы мастацкіх вырабаў, пабачыўшы яго далікатныя кошыкі. Пасля гэтай сустрэчы Ігнат Мікалаевіч сур’ёзна пачаў вывучаць дапаможнікі па лозапляценні, шукаць свой уласны почырк. З цягам часу Ігнат Каркоцкі ўжо кіраваў майстэрняй у Доме рамёстваў, а ў яго хаце ладзілася раённая школа па лозапляценні для культработнікаў, дзе ён расказваў аб сакрэтах свайго майстэрства, дэманстраваў уласныя вырабы. Работы майстра выстаўляліся на раённых, абласных і рэспубліканскіх выставах. Той, хто быў у хаце Ігната Каркоцкага, пацвердзіць, што ў яго месціўся сапраўдны музей: тут можна было адпачыць у шыкоўным крэсле-качалцы, сплеценым з галінак звычайнай лазы, а за сталом з такога матэрыялу пачытаць газету. Прываблівалі сваёй непаўторнай прыгажосцю бязважкія ажурныя вазы, хлебніцы, жаночыя сумачкі, падвескі-свяцільні. Усё гэта зараз беражліва захоўваецца ў вілейскім краязнаўчым музеі і Доме рамёстваў.

Калі мы гаворым пра такога адметнага майстра лозапляцення, як Ігнат Каркоцкі, немагчыма не ўспомніць і шлях развіцця гэтага віду майстэрства на Вілейшчыне. Бо лозапляценне як промысел зведаў на нашай тэрыторыі і часы сусветнай вядомасці, калі вырабы лозапляцельшчыкаў з Вілейшчыны экспанаваліся нават на сусветных выставах і заваёўвалі ганаровыя месцы. Так, усплеск развіццю лозапляцення на тэрыторыі Еўропы дала Сусветная выстава ў Парыжы 1867 года, дзе дэманстраваліся вырабы і народных умельцаў з Вілейшчыны. У архіўных матэрыялах падаюцца звесткі, што плеценыя з лазы вырабы і мэбля майстроў з вёсак Сербіна і Старынкі былі высока ацэнены наведвальнікамі парыжскай сусветнай выставы.

Плеценая мэбля

Плеценая мэбля ў маёнтку Стайкі

З цягам часу на нашай тэрыторыі распаўсюджвалася арцельнае рамяство, якое ўвабрала ў сябе ў выніку гандлёвага абмену тэхніку і прыёмы вытворчасці вырабаў суседніх народаў. Плеценыя вырабы на Вілейшчыне знайшлі шырокае прымяненне як у сялян, так і ў шляхты. Да сярэдзіны ХІХ стагоддзя гэта быў ужо распаўсюджаны від промыслу, а на вытанчаную мэблю, кошычкі, куфэркі і іншыя прадметы хатняга ўжытку, выкананыя з караненай лазы, пафарбаваныя ці пакрытыя пазалотай, з’явіўся вялікі попыт. А рамяству лозапляцення на Вілейшчыне садзейнічала нават сама прырода. Мясціны акаймаваныя прыгажуняй ракой Віліяй, якая спрадвеку карміла, забяспечвала патрэбы мясцовага насельніцтва і з’яўлялася буйным гандлёвым шляхам, шчодра дарыла людзям добрую лазу, што расла на ўзбярэжжы. Пакаленнямі майстэрства лозапляцення развівалася і ўдасканальвалася. У пачатку ХХ стагоддзя пляценне з лазы на Вілейшчыне з саматужнага промыслу перайшло на прамысловую аснову. Пачынаючы з 1920-х гадоў пачалі стварацца арцелі, а для падрыхтоўкі майстроў пачалі арганізоўваць школы і курсы па лозапляценні. У Вілейцы такія курсы паспяхова дзейнічалі на працягу 1928-1934 гадоў. Адны з іх былі арганізаваны па ініцыятыве Саюза грамадзянскай працы жанчын, другія Упраўленнем Віленскай школьнай акругі з мэтай развіцця промыслу лозапляцення. Звычайна курсы праводзіліся ўлетку. Падштурхоўвала развіццё промыслу лозапляцення на Вілейшчыне і наяўнасць у гэтых мясцінах значнай колькасці дзікарослай лазы. Адначасова з правядзеннем курсаў былі закладзены плантацыі культурнай лазы, якая ішла на больш далікатныя вырабы.

Утылітарна-дэкаратыўныя лазовыя вырабы майстроў вілейскага рэгіёну з іх адмысловымі формамі ў стылі мадэрн пачынаюць карыстацца шырокай папулярнасцю ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя ў шляхты, якія ўпрыгожвалі імі тэрасы і паркі сваіх маёнткаў. Вядома, што на курсах у Вілейцы ў 1928 годзе займалася 15 чалавек, а ў 1932-1933 гадах для 60 мясцовых настаўнікаў праводзіліся ўжо 6-тыднёвыя курсы. Па заканчэнні курсаў настаўнікам былі раздадзены 10 тысяч саджанцаў лазы для пасадкі плантацый каля сваіх школ. Падчас заняткаў было выраблена і прададзена мэблі і іншых вырабаў з лазы на суму больш за 30 тысяч злотых. Узоры браліся з выданняў і каталогаў па лозапляценні, што выдаваліся ў Германіі і іншых заходніх краінах. Вырабы Вілейскай школы лозапляцення адрозніваліся высокай якасцю. Па захаваўшыхся звестках вядома, што частка вырабленай прадукцыі вілейскіх майстроў экспартавалася ў Англію і ЗША, Данію і Галандыю.

Як успамінаюць старажылы Вілейшчыны, акрамя наладжвання курсаў па розных рамёствах, у 1920-30-я гады актыўна арганізоўваліся і выставы народных промыслаў. Так, многія віляйчане дэманстравалі свае вырабы з лазы ў 1930-я годы ў Радашковічах, Маладзечне і іншых гарадах. І сёння ў многіх вёсках Вілейскага раёна можна знайсці плеценыя «за польскім часам» куфэркі, этажэркі і далікатныя кошыкі. А фотаздымкі з сямейных архіваў вілейскай шляхты яскрава паказваюць, што вырабленая на Вілейшчыне плеценая мэбля ў пачатку ХХ стагоддзя была ўпрыгожваннем амаль кожнага маёнтка.

Некалькі слоў неабходна сказаць і пра вілейскую школу лозапляцення 1990-2000 гадоў. Вялікі ўклад у развіццё сучаснага лозапляцення на Вілейшчыне зрабіў Сяргей Сяргеевіч Трыдзенскі. Дзякуючы намаганням гэтага неабыякавага чалавека, які шмат год узначальваў аддзел культуры Вылейскага райвыканкама, сфарміравалася мясцовая школа лозапляцення, дзе настаўнікі перадавалі свае веды вучням і тыя з цягам часу станавіліся сапраўднымі майстрамі, а іх вырабы і дасканалае майстэрства вядомым далёка за межамі Вілейшчыны. Дарэчы, і сам Сяргей Сяргеевіч з’яўляецца выдатным майстрам, у руках якога лазовы пруцік становіцца творам мастацтва. Нездарма, Вілейскі раён не адзін раз прымаў абласное свята-конкурс майстроў лозапляцення «Лазовыя карункі».

Сучасныя майстры лозапляцення Вілейскага раёна прадаўжаюць самабытныя традыцыі нашых продкаў, хоць у сваім натуральным выглядзе промысел бытуе зараз не так шырока, як раней. Сёння гэта занятак асобных майстроў, носьбітаў традыцый некалі распаўсюджанага промыслу. Але самае галоўнае, што мясцовыя, нацыянальныя традыцыі жывуць і працягваюць развівацца.

Сяргей ГАНЧАР.
Фота з архіва краязнаўчага музея


Написать комментарий

НОВОСТИ

Пенная вечеринка на празднике «Детства и семьи» (ВИДЕО)

Вилейчанин выиграл бензопилу на выставке-продаже техники STIHL и VIKING

Вблизи деревни Коловичи во время движения загорелся автомобиль

Пять из десяти лесничеств Вилейского опытного лесхоза попали в очаг поражения леса рыжим сосновым пилильщиком

САМОЕ ЧИТАЕМОЕ

  • Сеансы кинотеатра «Мир» (4 – 10 июня) - 4 июня 2018 (2484)
  • В ДТП в Вилейском районе погиб 3-летний ребёнок - 4 июня 2018 (936)
  • Пенная вечеринка на празднике "Детства и семьи" (ВИДЕО) - 2 июня 2018 (682)
  • Вблизи деревни Коловичи во время движения загорелся автомобиль - 2 июня 2018 (672)
  • Вилейчанин выиграл бензопилу на выставке-продаже техники STIHL и VIKING - 2 июня 2018 (574)
  • За купание в запрещенных местах могут оштрафовать - 4 июня 2018 (128)
  • ФОТОРЕПОРТАЖ. Как прошёл в Вилейке праздник "Детства и семьи" - 4 июня 2018 (69)
  • «Праздник детства и семьи!» на Вилейщине… - 4 июня 2018 (15)
  • О безопасности в своём доме! - 4 июня 2018 (5)
  • Модель проведения Европейских игр в Минске должна стать образцовой - ЕОК - 4 июня 2018 (0)
  • ВСЕ НОВОСТИ

    Модель проведения Европейских игр в Минске должна стать образцовой — ЕОК

    За купание в запрещенных местах могут оштрафовать

    ФОТОРЕПОРТАЖ. Как прошёл в Вилейке праздник «Детства и семьи»

    О безопасности в своём доме!

    «Праздник детства и семьи!» на Вилейщине…

    В ДТП в Вилейском районе погиб 3-летний ребёнок

    Сеансы кинотеатра «Мир» (4 – 10 июня)

    Пенная вечеринка на празднике «Детства и семьи» (ВИДЕО)

    Вилейчанин выиграл бензопилу на выставке-продаже техники STIHL и VIKING

    Вблизи деревни Коловичи во время движения загорелся автомобиль

    РУБРИКИ ШП НАШИ АВТОРЫ
    Яндекс.Метрика