Самы велічны палац Вілейшчыны — маёнтак Ганута, якому больш за 550 год

Маёнтак, пра які пойдзе гаворка ў гэтым артыкуле, мае даўнюю і вельмі багатую гісторыю. Па-першае, гэта адзін з самых прыгожых маёнткаў Вілейшчыны, які ўяўляў сабой велічны палац і гаспадарчы двор, што быў пабудаваны ў 1765 годзе вядомым італьянскім архітэктарам у стылі барока. Па-другое, з маёнткам Ганута звязана імя аднаго з самых вядомых у свеце беларусаў – Міхала Клеафаса Агінскага, кампазітара, палітычнага дзеяча, аўтара знакамітага паланэза “Развітанне з Радзімай”.

Маёнтак Ганута. Фота пачатку ХХ стагоддзя

Назва мясцовасці і самаго маёнтка ўжо знікла з карты Вілейскага раёна і цяпер яе можна сустрэць толькі ў гістарычных дакументах ці вусных размовах мясцовых людзей, якія па-даўняму кожны жнівень імкнуцца папасці на гануцкі фэст, што ладзіцца па сёння ў гонар святой Ганны. Фэст на Ганну – так называлі і называюць гэта свята ў Ручыцы, падчас якога праводзіцца і служба ў царкве, і збіраецца шмат гандляроў салодкімі пеўнікамі і іншымі прысмакамі. А раней у гэты дзень яшчэ пад вечар наймалі музыкаў і ладзілі танцы “на дуброве” (месцы перад царквой).

Маёнтак Ганута

Маёнтак Ганута

Маёнтак Ганута размяшчаўся на сутоках рэчак Гануткі і Нарачанкі, што ўпадае ў Вілію. Зараз на месцы старадаўняй сядзібы размяшчаецца сучасная вёска Ручыца, старажытная царква, а побач парэшткі панскага млына, бровара, дзве капліцы 1765 года. Дзякуючы вяртлявай рачулцы Ганутцы і атрымаў сваю назву маёнтак і сядзібна-паркавы ансамбль Ганута, які, як і іншыя мясцовыя тапонімы, балцкага паходжання. Слова “ганута” азначае “сцерагчы”, “пасвіць”. Тут, магчыма, праходзіла раней мяжа паміж балцкімі плямёнамі і Полацкім княствам.

Унутраныя інтэр’еры палаца. Фота 1920-х гг.

Сядзіба Ганута вядомая з 1501 года, калі належала князям Гальшанскім. Гаспадары маёнтка змяняліся даволі часта, мяркуючы толькі па дакументах, з 1501 па 1599 год правы на Гануту пераходзілі і да Пацаў, Осцікаў, Садоўскіх, Сангушак, Славенскіх, Зяновічаў і іншых шляхецкіх радоў. З 1723 года ўладальнікам Гануты стаў Казімір Коцел, староста маркаўскі. Маёнтак пазней перайшоў да яго дачкі Разаліі, жонкі Казіміра Ігнація Агінскага, старосты пшэвальскага і бабінавіцкага. Пасля іх смерці ў 1738 годзе, а яны не мелі нашчадкаў, іх маёнткі Ганута і Маладзечна былі запісаны брату Казіміра Тадэвушу Францішку, які з’яўляўся сенатарам і кашталянам троцкім. Тадэвуш Францішак Агінскі шмат сродкаў і асабістага часу траціў на дабрачынныя справы, будуючы храмы ў сваіх уладаннях, у тым ліку ў Маладзечне, Гануце і Залессі. Па архіўных дакументах нам вядома, што ў 1763 годзе Тадэвуш Агінскі ўзвёў на тэрыторыі сядзібы Ганута драўляны касцёл, які атрымаў статус філіяльнага пры парафіі з цэнтрам у мястэчку Войстам (цяпер Смаргонскі раён). 29 кастрычніка 1778 года храм быў консекраваны пад тытулам Святой Ганны (па іншых узгадках – Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Марыі Панны). Па апісаннях гэтага храма вядома, што касцельная званіца размяшчалася другім ярусам над уваходнай брамай, а на прылягаючай тэрыторыі месцілася і “шпітальная хатка”.

План маёнтка складзены С. Барысам

Яшчэ ў 1755 годзе Тадэвуш Агінскі запрашае ў Гануту з Вільні знакамітага італьянскага архітэктара Абрахама Гену, які са сваімі памочнікамі за дзесяць гадоў пабудаваў тут вельмі ўдалую сядзібна-паркавую рэзідэнцыю ў стылі позняга барока з выкарыстаннем форм ракако. Сядзіба ўзводзілася па праекту архітэктара Тамаша Жаброўскага, вядомага астранома, прафесара Віленскага універсітэта, што таксама пэўны час выкладаў у Полацкім калегіуме і звычайна працаваў разам з А. Гену. Вядомы польскі даследчык і гісторык архітэктуры, аўтар шматтомніка пра шляхецкія сядзібы Беларусі, Украіны, Літвы і Латвіі Раман Афтаназі прыводзіць таксама імя яшчэ аднаго архітэктара Гануты – Я. Кнакфуса.

Лямус сядзібы Ганута

Вядома, што некаторы час Тадэвуш Францішак Агінскі жыў у Гануце, якая стала яго апошняй рэзідэнцыяй. Адсюль да канца свайго жыцця ён вёў перапіску са Станіславам Аўгустам Панятоўскім, каралём Рэчы Паспалітай, з якім быў у сяброўскіх адносінах. Пасля смерці Тадэвуша Агінскага Ганута перайшла да яго малодшага сына, а з 1814 года – да пляменніка сына, Міхала Клеафаса Агінскага. Пачынаючы з 1801 года Міхал Клеафас стала жыве ў сваім маёнтку Залессе, а праз трынаццаць год да яго пераходзіць і Ганута, што выкарыстоўвалася ім як летняя рэзідэнцыя, у якой пэўны час знакаміты кампазітар нават жыў. У вольны час Агінскі любіў бываць у Гануце, якая знаходзілася ў 10 кіламетрах ад Залесся ўверх па Віліі. Тут, у Гануце, пастаянна дзейнічала карцінная галерэя, па святах з навакольных мясцін з’язджаліся знатныя госці, ладзіліся балі і канцэрты. Па меркаваннях некаторых даследчыкаў, магчыма, што менавіта ў Гануце незадоўга да свайго ад’езда з Беларусі Міхал Клеафас Агінскі напісаў шчырую, шчымлівую мелодыю знакамітага паланэза “Развітанне з Радзімай”, бо дакументальнага пацвярджэння, што гэты твор з’явіўся ў Залессі, не знойдзена.

Капліца

Капліца пры ўездзе ў маёнтак. Фота пачатку хх ст.

Па інвентары 1814 года ў Гануце быў пабудаваны чатырохколавы млын з крупярняй, а таксама дом млынара і новы мост. Пасля ад’езду з Беларусі Міхала Клеафаса Агінскага з 1823 года некаторы час гануцкі маёнтак пуставаў. Пра гэта ў свой час пісаў і вядомы пісьменнік Ігнацій Ходзька з Дзевятней, наведаўшы тыя мясціны. Але пасля вяртання з Фларэнцыі жонкі Міхала Агінскага Марыі Нэны ў Залессе Ганута была перададзена пад падзел крэдыторам і адыйшла да сястры кампазітара Юзэфы, якая была замужам у другі раз за Лапацінскім. Яе сын Ян парадніўся з родам Ржэвуцкіх, што пазней сталі валодаць Ганутай, і пры якіх сядзібны палац быў рэканструяваны і зноў набыў сваю былую веліч. Спачатку гаспадаром Гануты быў Лямберт Ржэвуцкі, а пасля яго смерці маёнтак перайшоў па спадчыне да яго сына Валенса. Менавіта Валенса Ржэвуцкі дабіўся для Гануты статуса мястэчка, каб можна было атрымаць больш эканамічных прэферэнцый у гандлі.
У 1890 годзе на мясцовых могілках у Гануце была пабудавана драўляная капліца, якая з’яўлялася помнікам народнага дойлідства. Центральны квадратны зруб быў накрыты 4-схільным дахам і завяршаўся вежачкай пад 2-схільным дахам. Бакавыя вертыкальна ашаляваныя сцэны былі прарэзаны лучковымі аконнымі праёмамі ў ліштвах. Аднолькавыя па памерах прытвор і апсіда былі накрыты 2-схільнымі дахамі. На жаль, гэта капліца згарэла ў 80-я гады мінулага стагоддзя. У 1891 годзе ў Гануце была адчынена і царкоўна-прыхадская жаночая школа для 70 дзяўчынак. Тут дзейнічала таксама школа пісьменнасці і мясцовае двухкласнае народнае вучылышча. У 1912-1913 гадах у ім настаўнічаў Рыгор Шырма, будучы арганізатар Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы і народны артыст СССР.

Капліца каля могілак. Фота 1973 г.

У канцы ХІХ стагоддзя маёнтак Ганута перайшоў ад Івана Валенсавіча Ржэвуцкага да Тадэвуша Валовіча, а затым да яго сына Ежы (Юрыя). Шляхціч Тадэвуш Валовіч быў інжынерам па адукацыі і часта працаваў у розных месцах, а тут у сядзібе пастаянна жыла яго жонка. У гады Першай сусветнай вайны каля Гануты праходзіла лінія фронту і гаспадары пакінулі сваю сядзібу. Падчас Свянцянскага прарыву ў 1915 годзе Ганута на кароткі тэрмін апынулася ў руках немцаў, а ў палацы размясціўся нямецкі штаб. Адступаючы, немцы вывезлі з Гануты ўсе каштоўнасці, і яна страціла сваю былую веліч. У гэты час быў часткова разбураны сам палац, а старажытны парк і сад амаль знішчаны. Пасля адступлення немцаў Ганута надоўга заставалася ў прыфрантавой паласе рускай арміі. Тут панавала разбурэнне, і толькі на рэчцы Ганутка каля панскага млына была ўзведзена новая дамба-плаціна, аб чым сведчыць фотаздымак з фотаальбома, што захаваўся ў архівах народнага пісьменніка Беларусі Янкі Купалы, бо інжынерам-будаўніком гэтага маста быў родны брат жонкі Янкі Купалы Вікенцій Станкевіч. Зусім апусцела Ганута аж да 1921 года, але праз два гады, у 1922 годзе, калі маёнтак належаў Леанардзе Валовіч, сядзіба зноў стала аднаўляцца, бо была перададзена арандатарам. Вядома, што ў гэтыя гады аканомам маёнтка быў ручыцкі селянін Іван Мацюлька, якога ў 1939 годзе арыштавалі і асудзілі на 8 гадоў.

Сядзіба Ганута была закладзена на прыпаднятай роўнай тэрасе ракі Гануты. І, як ад-значалася, у 1765 годзе Тадэвуш Агінскі пабудаваў тут вытанчаны палац у стылі позняга барока. Сам палац быў кампактным, прамавугольным у плане, з алькежамі (у архітэктуры алькежы – кутнія адасобленыя часткі будынка, якія значна выступаюць звонку за плоскасць сцен. Алькежы прыйшлі ў архітэктуру з усходнееўрапейскіх замкавых вежаў XVI-XVII стагоддзяў, што раней прызначаліся для стралковай абароны). Парадны фасад гануцкага палаца быў вылучаны цэнтральным рызалітам, які разам з галоўным уваходам аб’ядноўваў ніжні паверх з мансардай і вылучаў на фасадзе групу парадных памяшканняў. Завяршаўся ўваходны рызаліт франтонам, які меў форму ўвагнута-выпуклага шчыта, меў дэкаратыўныя пілястры і фігурны балкон з каванай агароджай. Пластыку фасада фармавалі таксама бакавыя рызаліты, хвалістыя контуры галоўнага ўваходнага партала, рустыка і ляпныя ліштвы вокнаў.

Парадная частка сядзібы ўвасабляла агульныя рысы ўсяго палацава-паркавага ансамбля. Яна мела сіметрычна-восевую пабудову, дзе на адной восі з сядзібным домам знаходзілася ўязная парадная брама з двума бакавымі брамкамі і жалезнымі дэкаратыўнымі варотамі. Па сваім афармленні яна лічылася шэдэўрам малых архітэктурных формаў, з’яўляючыся выразам агульнай стылістычнай скіраванасці ўсяго палацавага комплексу. У тыя часы па агароджах і брамах можна было меркаваць аб эканамічных магчымасцях шляхецкіх сядзіб. Прастору паміж палацам і брамай займаў вялікі партэр, што зваўся звычайна траўнікам, сфармаваны на падабенстве з французскімі салонамі. Траўнік разумеўся як працяг бальнай залы палаца пад адчыненым небам. З флангаў траўнік атачалі баскеты бэзу і караганы. З заходняга боку да палаца прымыкала шэсць баскетаў, якія ўтваралі ўзаемаперасякальныя ліпавыя тэрасы. Цэнтральная тэраса адпавядала падоўжнай восі палаца. У зялёныя залы баскетаў можна было патрапіць адразу з жылых пакояў, абыходзячы парадны двор.

Парадны двор у Гануце не меў характэрных іншым сядзібам афіцын. Іх замянялі злева (уздоўж грэбня тэрасы) старадаўні двухпавярховы свіран з тоўстымі каменнымі сценамі, крыты шатровым дахам; з процілеглага боку размяшчаўся флігель, у якім была арганізавана кухня і камора. Каля ўязной брамы перпендыкулярна восі кампазіцыі стаяла падоўжаная прастакутная ў плане, будыніна стайні выязных коней. З боку ракі парадны двор абмяжоўваўся вадаёмам (ён добра выяўлены і ў цяперашні час). Брама з гаспадарчымі будынкамі і вадаёмам надавалі параднаму двару завершанасць. Парадная частка сядзібы ўзбагачалася вялікім люстэркам вадаёма на рацэ Гануце. У 1881 годзе побач з сядзібным палацам была пабудавана мураваная Свята-Успенская царква, якая дзейнічае і зараз. Храм будавалі сем гадоў і асвяцілі 25 ліпеня па старым стылі 1881 года. Свята-Успенская царква з’яўляецца помнікам архітэктуры псеўдарускага стылю. Гэта царква, пасля разбурэння палаца, стала асноўнай архітэктурнай дамінантай Гануты. Маляўнічасць сядзібе надавалі розныя рэдкія дэкаратыўныя расліны на траўніку. Саліцёрамі (адзіночнымі пасадкамі дрэў) былі блакітныя елкі і чорныя пірамідальныя таполі. Вясной і летам маёнтак аздаблялі экзатычныя кветкі і дрэвы.

Стары рэгулярны парк займаў паўночную частку сядзібы (тэрыторыю прыкладна каля 30 га) за палацам. Яго натуральнай мяжой з левага боку з’яўляўся вадаём, лукавіна ракі Гануты, а з паўночнага боку парк атачаў вялікі штучны вадаём. З прыходам пейзажнага стылю парк зведаў рэканструкцыю. Яго левая частка, якая імкнецца да рэчышча Гануты і стала менавіта пейзажнай. Аснову дрэвастоя там складалі хвоя, алешына і вярба. Другая палова парка (15 га) была занятая насаджэннем лістоўніцы. Парк моцна быў пашкоджаны ў Першую сусветную вайну.

У ракайльных формах былі аздоблены і інтэр’еры будынка. Цэнтральную частку, выдзеленую на фасадзе рызалітам, займалі хол з параднай лесвіцай і высокая бальная зала з антрэсолямі для музыкаў, якая мела дубовы паркет з геаметрычным адметным малюнкам. Інтэр’еры палаца былі ўпрыгожаны парчовымі габеленамі ў фігурных панэлях, кафлянымі печкамі-галандкамі высокага мастацкага выканання. У сядзібным доме знаходзілася і дамавая капліца, якая размяшчалася на другім паверсе (і гэта быў адзіны паўнавартасны аб’ём другога паверха, усе астатнія памяшкання ўяўлялі сабой мансарду), пры антрэсолі для музыкаў у бальнай зале. Калі праходзілі балі, то дзверы ў капліцу зачыняліся, а ў дні імшы тут праз балкон можна было папасці ў памяшканне капліцы. З абодвух бакоў вестыбюля і бальнай залі знаходзіліся вялікія пакоі, кожны з трыма вокнамі. Былі ў палацы і пакоі, з якіх можна было адразу выйсці на тэрасы. Сцены пакояў былі ўпрыгожаны партрэтамі, размяшчаліся тут нават рыцарскія даспехі, была вялікая бібліятэка і карцінная галерэя, невялікі музычны салон. Пасля таго, як усе каштоўнасці Гануты былі вывезены ў 1915 годзе немцамі, толькі пасля Першай сусветнай вайны Валовічы пачалі аднаўляць унутраннае ўбранства палаца. Яны абстаўлялі пакоі часткова барочнай мэбляй, часткова гданьскай. Паступова былая раскоша вярталяся ў сцены гэтага велічнага палаца.

У гады Вялікай Айчыннай вайны на гэтай тэрыторыі асаблівых баёў не адбывалася, але па загаду “з верху” ў 1943 годзе шматлікія панскія сядзібы знішчаліся па ўсёй тэрыторыі Беларусі, у тым ліку была спалена і Ганута. А пасля вайны з часам былі разабраны і сцены палаца разам з некаторымі ацалелымі гаспадарчымі пабудовамі на цэглу. Так маёнтак Ганута быў канчаткова знішчаны. Ганутская сядзіба не захавалася, аб яе вонкавым выглядзе сёння можна меркаваць толькі па захаваўшыхся фотаздымках і вядомай акварэлі 1877 года знакамітага мастака Напалеона Орды. Не захаваўся і сам тапонім Ганута, сёння паселішча называецца Ручыца, па назве суседняй вёскі, а цяпер спалучанай з тэрыторыяй былога маёнтка.

Мінула шмат гадоў з часу росквіту сядзібы. Не стала палаца, але гістарычны каларыт Гануты перадаюць дзве каплічкі, пабудаваныя ў маёнтку за межамі парка ў формах позняга барока з элементамі ракако. Каплічкі служылі акцэнтамі даляглядаў, візуальна падкрэсліваючы кампазіцыйную завершанасць сядзібы, добра аглядаючыся з любой яе часткі. Зараз яны ўзвышаюцца, як вартавыя каля былой сядзібы: адна ля ракі каля пад’язной дарогі, другая – сярод поля перад могільнікам. Будынкі каплічак ідэнтычныя, пабудаваныя ў выглядзе цэнтрычнай вежы, маюць высокі круглы ў плане цокаль, які завяршаецца фігурным шаломападобным купалам, што падтрымоўваецца кутнімі пілонамі. Лучковыя праёмы, дэталі архітэктурнай апрацоўкі надаюць збудаванням лёгкасць і архітэктурна-мастацкую выразнасць. На граненым пастаменце ў кожнай каплічцы былі ўсталяваны драўляныя скульптуры Божай Маці, якія, па адных дадзеных, у 1980-я гады перавезлі ў музей старажытнабеларускай культуры Акадэміі навук Беларусі, па другіх – у Вільню. Захаваўся толькі адзін каваны крыж з каплічкі, сёння ён захоўваецца ў мясцовай царкве. Каплічкі з’яўляюцца ўнікальнымі помнікамі архітэктуры стылю барока з элементамі ракако і маюць вялікую каштоўнасць, але з цягам часу усё больш і больш разбураюцца.

У мінулым адна з найпрыгажэйшых сядзіб Вілейшчыны перыяду барока, якая належала ў свой час выбітным шляхецкім родам Пацаў, Агінскіх, Ржэвуцкіх, Валовічаў і якой больш за 550 год, амаль поўнасцю знікае.

Сяргей ГАНЧАР.

Фота прадстаўлена Дзянісам Канецкім і Анатолем Капцюгом


Написать комментарий

НОВОСТИ

Мужчина упал с лестницы, и сломал себе шею в Вилейском районе

15 компьютеров «Беларусбанк» подарил гимназии №1 «Логос»

Улицы города украсят туи и барбарисы

Собачья дилемма города: ОТЛОВИТЬ НЕЛЬЗЯ УСЫПИТЬ. Где же все-таки поставить запятую? В этом вопросе разбирался наш корреспондент.

САМОЕ ЧИТАЕМОЕ

  • Сеансы кинотеатра «Мир» (25 апреля – 1 мая) - 23 апреля 2018 (2373)
  • ФОТОРЕПОРТАЖ: Республиканский субботник на Вилейщине - 23 апреля 2018 (470)
  • Вилейчанин купил автомобиль с поддельными документами - 23 апреля 2018 (439)
  • Мужчина упал с лестницы, и сломал себе шею в Вилейском районе - 24 апреля 2018 (380)
  • Новые тренажёры установили на спортплощадке в м-не "Северный" - 24 апреля 2018 (344)
  • Про коррупцию, Чернобыль и вернут ли улице Молокова одностороннее движение - 24 апреля 2018 (293)
  • 15 компьютеров "Беларусбанк" подарил гимназии №1 "Логос" - 24 апреля 2018 (255)
  • Из-за сильного ветра на Вилейщине без электричества оставались 9 населённых пунктов - 23 апреля 2018 (190)
  • VI Международный фестиваль ретро-мотоциклов «Кола Часу 2018» планируют провести на Вилейском водохранилище - 23 апреля 2018 (154)
  • Собачья дилемма города: ОТЛОВИТЬ НЕЛЬЗЯ УСЫПИТЬ. Где же все-таки поставить запятую? В этом вопросе разбирался наш корреспондент. - 24 апреля 2018 (114)
  • ВСЕ НОВОСТИ

    На две недели отключат горячую воду в Вилейке

    В Беларуси внесены изменения в порядок изъятия водительского удостоверения

    Послание Президента белорусскому народу и Национальному собранию

    Мужчина упал с лестницы, и сломал себе шею в Вилейском районе

    Белорусы смогут бесплатно отправить ветеранам открытки к 9 Мая

    Вспомним: 26 апреля – день Чернобыльской трагедии

    15 компьютеров «Беларусбанк» подарил гимназии №1 «Логос»

    Гендиректор Государственного объединения «ЖКХ Минской области» Василий Шашок посетил Вилейку

    Каля сямідзесяці маладых клёнаў высадзілі на вуліцы Валынца

    Улицы города украсят туи и барбарисы

    РУБРИКИ ШП НАШИ АВТОРЫ
    Яндекс.Метрика