Вялікай вайны салдат

Дом Івана Аляксандравіча Баравога ў яго роднай вёсачцы Баравыя знайсці няцяжка – па прымацаванай таблічцы з адпаведным надпісам. Іх, ветэранаў, на тэрыторыі сельсавета было нямала. Зараз застаўся толькі ён адзін. Нічога не зробіш, не ў нашых сілах супыніць бег часу…

Расквечаныя першымі веснавымі кветкамі клумбачкі, дагледжаны падворак, чысціня – усё гэта гаворыць пра стараннасць і акуратнасць гаспадароў. А вось і яны самі: у парадным пінжаку з узнагародамі Іван Аляксандравіч і апранутая ў прыгожую кофту і ў тон ёй хустку Валянціна Вікенцьеўна. У дзень нашай сустрэчы было па-летняму сонечна і цёпла, і мы зручна размясціліся на лавачцы ля хаты. Пад вясёлае птушынае шчабятанне цякла наша размова, якая вяртала ў мінулае, перажытае маімі суразмоўцамі.

Абое яны нарадзіліся ў Баравых. Як і ўсе вясковыя дзеці, рана пачалі працаваць на сваёй зямельцы. З таго і жылі. А пасля грымнула вайна… Што і як будзе, ніхто не ведаў, але кожны ўяўляў, што гэта такое.

– На фронт я трапіў дваццацігадовым, – пачаў свой аповед Іван Аляксандравіч. – Памятаю, як сабралі нас усіх на зборным пункце ў Куранцы, далей павезлі ў Бабруйск… Мне выпала служыць на I Беларускім фронце, у пяхоце. Давялося вызваляць Варшаву, і добра памятаю, як нас сустракалі палякі – з кветкамі, цёпла. Я добра размаўляў па-польску, таму ўсюды мяне прымалі менавіта так. Пасля была польска-нямецкая граніца, і мы ступілі на зямлю Германіі. Добра памятаю гарады, дзе мы ваявалі: Франкфурт, Кюстрын, Зеелаў… Пра Зеелаўскія вышыні, напэўна, ведаюць усе…
Града ўзвышшаў, якія размяшчаліся недзе ў паўсотні кіламетрах на ўсход ад Берліна, на левым беразе Одэра, насіла гэту назву – Зеелаўскія вышыні. На іх схілах размясцілі свае агнявыя сродкі немцы, пільна кантралюючы ўсе дарогі. «Замком Берліна» называлі вышыні самі немцы. І сапраўды, пасля вышынь адкрываўся прамы шлях на германскую сталіцу…

Як вядома з гісторыі, 16 красавіка 1945 года I Беларускі фронт пайшоў у наступленне і прарваў першую паласу нямецкай абароны. Бліжэй да вечара гэтага ж дня нашы салдаты сустрэлі мацнейшае супраціўленне фашыстаў. Бітва была надзвычайна жорсткай… Толькі да канца 17 красавіка пасля магутных авіяцыйнага і артылерыйскага ўдараў абарона праціўніка на ўсіх накірунках была прарвана.

– Гэта было сапраўднае пекла, – па-свойму ахарактарызаваў тыя баі Іван Аляксандравіч. – Мне здаецца, у самой нямецкай сталіцы – Берліне, – было не так страшна і жорстка, як на гэтых вышынях… Можа, Гітлер не хацеў, каб горад нішчылі, таму і здаў яго? Памятаю, увайшлі ў Берлін, а тут – сонца, цвітуць сады… Несумяшчальныя рэчы – сады ў квецені і… танкі. І як немцы капітулявалі, таксама добра памятаю: афіцэры з белымі сцягамі выходзяць на плошчу, кідаюць зброю, становяцца ў шарэнгу…

Міжволі звяртаю ўвагу на ўзнагароды Івана Аляксандравіча. Па іх можна прасачыць увесь баявы шлях франтавіка. Медалі «За баявыя заслугі», «За адвагу», «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 г.г.», нагрудны знак «Выдатны артылерыст»… Колькі выпрабаванняў, трагічных падзей, болю і мужнасці за імі!
– Перажыў столькі, што не пажадаю нікому, – прызнаўся ветэран. – І ад смерці ў кроку не раз быў. Але, мусіць, любіць мяне Бог, не суджана мне было загінуць на чужбіне. Два разы было, што снарады ўпалі зусім побач са мной і чамусьці не разарваліся…

Жывым і здаровым вярнуўся Іван Баравы дамоў у 1946-ым. І адразу ж – за працу. Яе, нялёгкай сялянскай працы, прасілі рукі, якія толькі ўчора трымалі зброю. А хацелася не зброі, хацелася плуга, касы, бараны… Галоўнае, адзначыў ветэран, што бацькоўскі дом уцалеў, было дзе жыць. А голад… Гэта не самае страшнае, калі ўсведамляеш, што кравапралітная вайна нарэшце закончылася.

Маладосць бярэ сваё, і неўзабаве франтавік пасватаўся да мясцовай дзяўчыны Валі. Разам раслі, гулялі, а пасля вайны Іван нібыта іншымі вачыма ўбачыў сваю маладую суседку. Добрая вырасла дзяўчына, працавітая і акуратная. Яе бацька загінуў на фронце, і Валі, адзінай у сям’і, выпала і араць, і касіць, і баранаваць. І з усім яна спраўлялася.

– Вяселле было добрае, з вясёлай музыкай і танцамі. – прагадаў Іван Аляксандравіч і з усмешкай зірнуў на жонку. – Я прыйшоў у цешчын дом, у якім жывём і зараз. Вядома ж, нешта дабудоўвалася-перабудоўвалася за доўгія гады, на свой лад перараблялася…

Дзвюх дачок і сына выгадавалі Баравыя. Гэтакімі ж працавітымі, сціплымі, добразычлівымі выраслі іх дзеці. На вялікі жаль, адной з дачок ужо няма на гэтым свеце. А дачка Аліна, якая жыве ў сталіцы, стала для таты з мамай першай памочніцай. Уся прыгажосць на падворку – яе працавітых рук справа.

– Бывала, як была большая гаспадарка, дык мы з татам з ёй упраўляліся, – расказала дачка, падышоўшы да нас. – Ён і словам, і справай дапамагаў. Раней мелі на падворку і карову, і каня, і пчол тата трымаў, а цяпер ужо толькі куры, сабачка ды кот засталіся.

Сын Баравых, Іван, – перадавы механізатар мясцовай гаспадаркі. Журналісцкія сцежкі не раз зводзілі мяне з ім, Іванам Іванавічам, і яго жонкай, Ганнай Іванаўнай, якая, медработнік па прафесіі, на перыяд жніва на працягу некалькіх гадоў становіцца памочніцай у мужа-камбайнера. Пасля знаёмства з такімі цудоўнымі людзьмі застаюцца цёплыя ўспаміны.

Дастойная старасць, дастойныя дзеці, дастойнае жыццё. Гэта я пра майго героя – ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Івана Аляксандравіча Баравога. Годна, з высока ўзнятай галавой ідзе па жыцці гэты мудры чалавек, стойка пераносячы выпрабаванні лёсу. Здароўя Вам і моцы, паважаны ветэран! І – нізкі паклон за перажытае Вамі.

Ірына БУДЗЬКО.
На здымку: Іван Аляксандравіч і Валянціна Вікенцьеўна Баравыя.
Фота аўтара


Написать комментарий

НОВОСТИ

За время акции «Скорость» сотрудники ГАИ привлекли более 40 водителей

Гружёная фура ночью съехала в кювет в Вилейском районе

Пенная вечеринка, шоу близнецов: 1 июня в м-не «Северный-2» состоится «Праздник Детства и семьи — 2018»

В Вилейке 19-летний хулиган разбил окно местного жителя 

САМОЕ ЧИТАЕМОЕ

  • Сеансы кинотеатра «Мир» (9 – 13 мая) - 7 мая 2018 (2410)
  • Гружёная фура ночью съехала в кювет в Вилейском районе - 7 мая 2018 (248)
  • Пенная вечеринка, шоу близнецов: 1 июня в м-не "Северный-2" состоится "Праздник Детства и семьи - 2018" - 7 мая 2018 (189)
  • Фотофакт. В городском парке установили боевую машину БМД - 7 мая 2018 (74)
  • За время акции «Скорость» сотрудники ГАИ привлекли более 40 водителей - 7 мая 2018 (50)
  • «Ярмарка вакансий» пройдет в Вилейке 11 мая - 7 мая 2018 (28)
  • Вилейский бильярдист принял участие в очередном турнире из серии "Кубок Славянских Государств" - 7 мая 2018 (9)
  • Как состоялось открытие выставки «Афиша – искусство рекламного текста» - 7 мая 2018 (4)
  • Депутаты благоустраивали Забродье - 7 мая 2018 (3)
  • Безжалостно украденная юность - 7 мая 2018 (2)
  • ВСЕ НОВОСТИ

    Вялікай вайны салдат

    Вилейская молодёжь: «Мы помним тебя, прадед!»

    Депутаты благоустраивали Забродье

    Безжалостно украденная юность

    8 мая отдел принудительного исполнения Вилейского района проведёт бесплатную “прямую линию”

    «Ярмарка вакансий» пройдет в Вилейке 11 мая

    «Нумар 1», які прайшоў усю вайну

    12 мая состоится «прямая телефонная линия» председателя райисполкома КОТА Виктора Иосифовича

    19 мая адбудзецца музычнае свята з удзелам Міхаіла Фінберга

    Фотофакт. В городском парке установили боевую машину БМД

    РУБРИКИ ШП НАШИ АВТОРЫ
    Яндекс.Метрика