Внимание! Сайт работает в тестовом режиме!
РАДИО – 107,4 FM –

У Вілейцы адбылася прэзентацыя аўтабіяграфічнай кнігі вядомага журналіста і пісьменніка Барыса Манцэвіча

Далёка не ўсё даведаешся пра вайну, калі чытаеш пэўныя гістарычныя факты ці афіцыйную хроніку ў кнігах і часопісах. Найкаштоўнейшы матэрыял – успаміны сведкаў, тых, хто непасрэдна перажыў той час. І хаця праўда пра вайну розная, і ў кожнага яна свая – але гэтым кожныя ўспаміны і каштоўней. 11 мая ў раённай бібліятэцы адбылася прэзентацыя аўтабіяграфічнай кнігі вядомага журналіста і пісьменніка Барыса Манцэвіча «Скрыжалі майго маленства. Ваенныя ўспаміны хлопчыка з Мёршчыны».

Калі характарызаваць аўтара кнігі, то трэба адзначыць яго значны ўклад у справу журналістыкі пасляваеннай Беларусі. Барыс Флоравіч яшчэ ў 1958 годзе стаў сябрам Беларускага Саюза журналістаў. Аддзяленне журналістыкі ён скончыў у 1957 годзе, працаваў у вілейскай газеце «За Савецкую Радзіму» (з 1962 – «Шлях перамогі»), затым у Вілейскім гаркаме партыі, бярэзінскай раённай газеце «Сцяг Леніна» (зараз «Бярэзінская панарама»). Жыццё Барыса Манцэвіча багатае на розныя падзеі, знаёмствы, справы, і гэтак жа можна сказаць і пра яго дзяцінства. Ён нарадзіўся ў 1933 годзе на Міёршчыне ў сям’і інтэлігентаў – сельскіх настаўнікаў, адданых справе і радзіме людзей. Яго бацька – Флор Данатавіч – быў сапраўдным беларусам, не толькі па нацыянальнасці, але і па перакананнях і стану душы. Ён – удзельнік Першай сусветнай вайны, арганізатар школьнай адукацыі ў 1917 годзе, сябра ТБШ, дэпутат Народнага сходу Заходняй Беларусі, этнограф, карэспандэнт «Нашай Нівы», першы настаўнік народнага артыста СССР Генадзя Цітовіча. У 1941 годзе па даносе быў арыштаваны гітлераўцамі і расстраляны. Маці аўтара, Аляксандра Міхайлаўна, ураджэнка Пскоўскай губерніі, удзельніца Першай і Другой сусветнай войнаў. У 1915 годзе ў Паставах разам з мясцовым святаром патушыла агонь і захавала мост праз р. Мядзелка, які падпалілі немцы. За гэты подзвіг Аляксандра Міхайлаўна была ўзнагароджана Георгіеўскім медалём 4 ступені. У часы Вялікай Айчыннай – стваральніца падполля, камісар партызанскага атрада «Масква». Пасля вайны была загадчыцай райана на Міёршчыне, затым там жа – арганізатарам і дырэктарам першага дзіцячага дома ваеннага часу.

Кніга Барыса Манцэвіча створана на падставе дзённікавых запісаў, якія аўтар пачаў рабіць у далёкім 1947 годзе. Прысвечана кніга светлай памяці маці аўтара Аляксандры Манцэвіч. Яна змяшчае ўнікальныя факты гадоў ваеннага ліхалецця, ды і не толькі. Дарэчы, кніга пабачыла свет да 85-годдзя самаго аўтара і стала сапраўдным падарункам чытачам, краязнаўцам і ўсім тым, хто цікавіцца выдатнай мемуарнай літаратурай. 11 мая ў раённай бібліятэцы сабралася пасяджэнне літаратурнай гасцёўні «Дамінанта душы» пад кіраўніцтвам вядомага ветэрана педагагічнай працы і аўтара некалькіх кніг Антаніны Гарчаковай.

– Вельмі знамянальна, што прэзентацыя кнігі Барыса Флоравіча праходзіць у гэтыя святочныя майскія дні, – адзначыла Антаніна Іванаўна. – Гэта доўгачаканая падзея для нас. Калі глядзець па тлумачальным слоўніку слова «Скрыжалі» – то гэта дошка з надпісам свяшчэннага тэксту. І гэта кніга для Барыса Манцэвіча свяшчэнная, у першую чаргу, як памяць аб тых, каго няма ўжо побач. Кніга аўтабіяграфічная, але лёс аўтара падобны да лёсу многіх дзяцей вайны. Чытаючы, на старонках яе я бачыла і свой лёс.

Кожны выступаючы ў той дзень, а сярод іх былі краязнаўцы і паэты, творчыя дзеячы, калегі і сябры аўтара (Уладзімір Цанунін, Галіна Капцюг, Клаўдзія Дубовік, Анатоль Капцюг, Людміла Пукела, Таццяна Захарыч) – і ўсе яны адзначалі цудоўную мову кнігі, яе каштоўнасць для сучаснікаў і будучых пакаленняў, параўноўваючы ўспаміны Барыса Манцэвіча нават з падручнікам па гісторыі, але па-мастацку аформленым. Сам аўтар сціпла дзякаваў за добрыя словы і віншаванні калегам, за дапамогу – бібліятэчным супрацоўнікам і, як адзначыў, чакаў крытычных заўваг, якіх у прысутных, канешне ж, не было.

– Вайна для мяне пачалася з падзення савецкага самалёта ў балота каля нашага хутара, – падзяліўся сваімі ўспамінамі і напісаным у кнізе Барыс Манцэвіч. – Мне было тады восем з паловай гадоў. Акупацыі яшчэ не было, а баі ў небе ўжо ішлі. Калі раздаўся пасля падзення выбух, бацька спытаў: «Дык цяпер ведаеш, што такое вайна?» Затым быў арышт і расстрэл бацькі, стварэнне маёй маці падполля, партызанскага атрада «Масква», мая роля сувязнога ў атрадзе, наша эвакуацыя, знаходжанне ў беларускім і ўзбекістанскім дзіцячых дамах…

Многае, апісанае ў кнізе Барыса Манцэвіча, і гэта сапраўды, каштоўнейшыя ўспаміны, якія дапамогуць кожнаму чытачу зрабіць свае высновы з ваеннай гісторыі і лёсу таго пакалення. Ды і не кожная кніга ўспамінаў пра вайну чытаецца так па-мастацку цікава і лёгка, калі можна гэтак ахарактарызаваць напісанае. Гэта сапраўдная энцыклапедыя, насычаная цікавымі фактамі, вобразамі, адметным фальклорным матэрыялам і гумарам.

– А чаго быць сумным, – адзначыў напрыканцы сустрэчы Барыс Флоравіч, – мяне нават калі маці лупіла дзягай сырамятнай, і то я не плакаў…

Пажадаем аўтару далейшага аптымізму, здароўя і яшчэ шмат новых кніг.

Сяргей ГАНЧАР.

Фота аўтара

Один комментарий на «“У Вілейцы адбылася прэзентацыя аўтабіяграфічнай кнігі вядомага журналіста і пісьменніка Барыса Манцэвіча”»

  1. Алесь Раткевіч:

    Цудоўная кніга,як і сам аўтар! Які,гэтыя ўспаміны пранёс праз усё жыццё. І толькі сёння абнародваў. Але лепш позна,чым ні колі.Нашы нашчадкі павіны ведаць як мага больш горкай праўды трагічнага мінулага.Дзеля таго каб добра ўяўляць што такое вайна. Тады і Мір цаніць лепш будуць. ВІНШУЮ ВАС,ШАНОЎНЫ БАРЫС ФЛОРАВІЧ! І зычу ВАМ усяго найлепшага,а самае галоўнае,моцнага здароў’я і доўгіх год жыцця.З павагай,А. Раткевіч

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.


Яндекс.Метрика