Да 100-годдзя заканчэння Першай сусветнай вайны

У 2018 годзе ўвесь свет адзначае 100 гадоў з моманту заканчэння Першай сусветнай вайны. Яна доўжылася з 1914 па 1918 год, і гэту вайну называлі Вялікай, Другой Айчыннай…, але якую б назву ёй не давалi, відавочна адно: гэта быў адзін з самых шырокамаштабных узброеных канфліктаў у гісторыі чалавецтва, у якім бралі ўдзел 38 дзяржаў, з насельніцтвам 62% ад сусветнага. Беларускія землі былі эпіцэнтрам полымя гэтай вайны на тэрыторыі былой Расійскай імперыі: 400 кіламетраў лініі фронту па Беларусі, месца найбуйнейшых бітваў і велізарныя людскія страты – вось што атрымаў беларускі народ ў выніку гэтай вайны.

Статыстыка сведчыць: усяго за гады Першай сусветнай вайны ў арміі ваюючых краін было мабілізавана больш за 70 мільёнаў чалавек, у тым ліку 60 мільёнаў у Еўропе, з якіх загінула да 10 мільёнаў. Ахвяры грамадзянскага насельніцтва ацэньваюцца ад 7 да 12 мільёнаў чалавек; каля 55 мільёнаў чалавек атрымалі раненні. Вайна паслужыла штуршком і дэтанатарам шэрагу найбуйнейшых рэвалюцый, уключаючы Лютаўскую і Кастрычніцкую 1917 года ў Расіі, Лістападаўскую 1918 года – у Германіі. У выніку вайны спынілі сваё існаванне чатыры імперыі: Расійская, Аўстра-Венгерская, Асманская і Германская. Пасля падпісання 3 сакавіка 1918 года Брэст-Літоўскага мірнага дагавора Расія выйшла з вайны. Гэта быў сепаратны мірны дагавор – дагавор, заключаны адным з удзельнікаў ваюючай кааліцыі без ведама ці згоды саюзнікаў. Чаму гэты складаны перыяд сёння называюць забытым, хоць ён прывёў да распаду чатырох імперый і шмат у чым вызначыў сучасную геапалітыку? На гэтыя і іншыя пытанні шукалі адказы ўдзельнікі міжнароднай навуковай канферэнцыі, якая праходзіла 24-25 мая ў Мінску і Вілейцы. Арганізатарам міжнароднай канферэнцыі, прымеркаванай да 100-годдзя заканчэння Першай сусветнай вайны, выступіла Каардынацыйная рада кіраўнікоў беларускіх грамадскіх аб’яднанняў расійскіх суайчыннікаў пры пасольстве Расіі ў Рэспубліцы Беларусь. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прафесійныя навукоўцы і гісторыкі, кіраўнікі архіваў, краязнаўцы, пісьменнікі, прадстаўнікі грамадскасці, якія займаюцца тэматыкай Першай сусветнай вайны з Беларусі, Расіі і іншых краін. Сярод удзельнікаў канферэнцыі былі і віляйчане – Андрэй Каркотка, навуковы супрацоўнік Вілейскага краязнаўчага музея, і Барыс Цітовіч, стваральнік музейнага комплексу памяці Першай сусветнай вайны ў в. Заброддзе і заснавальнік «Мясцовага дабрачыннага культурна-гiстарычнага фонду «Крокі», навуковы супрацоўнік вілейскага музея.

Наша Вілейшчына была выбрана месцам выязнога паседжання другога дня канферэнцыі невыпадкова – менавіта тут намаганнямі сям’і Цітовічаў створаны ўнікальны і адзіны ў краіне і на постсавецкай прасторы музей Першай сусветнай вайны. Музей у вёсцы Заброддзе Нарачанскага сельсавета – гэта не проста традыцыйная ў нашым разуменні музейная ўстанова, гэта ландшафтна-гістарычны музейны комплекс, дзе па былой лініі фронту адноўлена і ўсталявана каля трох дзясяткаў помнікаў і памятных знакаў, адноўлены пахаванні салдат і афіцэраў Першай сусветнай, музеяфікаваны ваенныя фартыфікацыйныя збудаванні: бліндажы, акопы, траншэі і многае іншае.

– Галоўная мэта канферэнцыі – вярнуць з небыцця тыя падзеі, што адбываліся на беларускай зямлі, і тыя імёны мільёнаў палеглых, што аддалі жыццё ў гэтай вайне, – адзначыў у размове з намі Андрэй Герашчанка, член Грамадскай Палаты Саюзнай дзяржавы, старшыня Каардынацыйнай рады кіраўнікоў беларускіх грамадскіх аб’яднанняў расійскіх суайчыннікаў пры пасольстве Расіі ў Рэспубліцы Беларусь. – Падзеі Першай сусветнай далі штуршок да перадзелу карты Еўропы і падзеі тых гадоў вельмі важныя для асэнсавання ўсёй сусветнай гісторыі. Мы павінны вывучаць Першую сусветную і вяртаць памяць. На гэта і накіравана наша канферэнцыя.
Удзельнікі выязнога паседжання наведалі надбрамную капліцу-помнік на гарадскіх могілках па вуліцы Першамайскай у Вілейцы, створаную намаганнямі Барыса Цітовіча і саборным шляхам усіх віляйчан, а частка імёнаў загінуўшых за вызваленне Вілейкі ў 1915 годзе, размешчаныя на васьмі гранітных плітах, знойдзеныя ў архівах Андрэем Каркоткам. Таксама ўдзельнікі канферэнцыі наведалі мемарыял каля Рускага Сяла, дзе ў савецкі час пад распрацоўку кар’ера былі знішчаны брацкія могілкі Першай сусветнай, ну і, канешне, шпітальныя могілкі ў лесе каля Заброддзя і саму вёску-музей, дзе наведалі экспазіцыю па тэме вайны 1914-1918 гадоў у прытворы Барысаглебскай капліцы. Кожны з удзельнікаў выязнога паседжання канферэнцыі быў па-сапраўднаму здзіўлены ўсім убачаным і пачутым: «Аналагаў Заброддзю няма ні ў Беларусі, ні ў Расіі», – выказвалі свае меркаванні ўкраінскія, расійскія і беларускія госці. Але Барыс Цітовіч не толькі правёў для ўдзельнікаў канферэнцыі цікавыя экскурсіі, распавёў пра праекты, сярод якіх і адзін з самых маштабных і доўгатэрміновых «Вайны дзве – памяць адна» на 9 мая, а таксама пра аўтапрабегі па месцах Першай сусветнай на 11 лістапада – Дзень прымірэння і памяці загінуўшых у вайне 1914-1918 гг. і многія іншыя, але і падняў вострыя праблемныя пытанні, звязаныя з вяртаннем памяці забытай вайны.

– Мы займаемся тэмай Першай сусветнай пачынаючы з 1974 года, і за гэтыя гады змянілася многае: і ў плане вяртання памяці, і аднаўлення пахаванняў, і цікавасці да тэмы Вялікай вайны, – адзначыў Барыс Цітовіч. – Але Беларусь не выпрацавала для сябе пэўны алгарытм дзеянняў. Мы ўкладаем часам вялізныя грошы щ велічныя манументы, накшталт мемарыяла ў Смаргоні «Лінія процістаяння», але тым самым абракаем шматлікія адзіночныя, лясныя магілы, іншыя месцы баявой славы на запусценне. Працуючы дзесяцігоддзі ў гэтай тэме, мы бачым, што мадэлі малых экспазіцыйных форм, такіх як капліца, школа, краязнаўчы музей – самыя жыццяздольныя і аптымальныя для цяперашніх рэалій. Часам здараецца чуць: быццам пра гэтую вайну не ўзгадвалі і не трэба. Але такое бяспамяцтва – не толькі грамадзянскі грэх, але і хрысціянскі. А аднаўляючы памяць пра Першую сусветную, мы, у першую чаргу, рэаніміруем свае душы і сэрцы. Праязджаючы 11 лістапада падчас аўтапрабега з моладзю і іншымі зацікаўленнымі людзьмі па пахаваннях Першай сусветнай, а іх захопліваем звычайна каля дванаццаці, многія кажуць: «Вось цяпер мы разумеем, чаму яна Вялікая вайна…» І гэта сапраўды так, бо толькі падчас Нарачскай аперацыі 1916 года на нашай тэрыторыі загінула за 10 дзён каля 78 тысяч – і гэта, у асноўным, былі 18–24-гадовыя маладыя хлопцы. А дзе яны ляжаць – мы не ведаем, бо іх магілы заараны трактарамі, знішчаны пры здабычы пяску для будоўлі дарог і будынкаў. Нават заняўшыся актыўным пошукам, мы знойдзем і адновім самае вялікае каля 3 тысяч безыменных пахаванняў, а астатнія…? Вось праўда і рэаліі нашага часу. І гэта не гаворачы пра ўзровень памяці ў краінах, якія аказаліся прайграўшымі вайну…

Вынік канферэнцыі быў адназначны – пакуль толькі на энтузіястах грунтуецца адраджэнне нашай агульнай гістарычнай памяці. А адраджаць яе мы павінны толькі агульнымі намаганнямі – тады і будзе вынік. Вынік нашай павагі да дзядоў і прадзедаў за іх гераізм, павагі да тых, для каго вайна стала цяжкім выпрабаваннем, бо высокую цану за ўдзел у вайне заплацілі і мірныя непавінныя жыхары беларускіх земляў – нашы продкі.

Сяргей ГАНЧАР.

Фота аўтара


1 Ответ в “Да 100-годдзя заканчэння Першай сусветнай вайны”

  1. Сымон:

    З вялікай цікавасцю прачытаў артыкул пра ўшанаванне памяці Першай сусветнай вайны. Добра, што мае землякі стараюцца нешта зрабіць пра ўвекавечванні перажытага людскога гора нашых бацькоў і дзядоў. Я рады, што вілейчане і жыхары Вілейскага раёна паказваюць добры прыклад суседнім раёнам.

Написать комментарий

НОВОСТИ

В водоём на в’езде в Вилейку посадили водяные лилии

Свята вёскі Латыгаль

Вилейчанин Валерий Сорокин о советском цирке и своей «высотной» карьере

Мало лома – нет приёма? Журналистский эксперимент: «Как сдать металлолом?»

САМОЕ ЧИТАЕМОЕ

  • Установлены сроки сбора брусники и клюквы на территории Минской области - 2 августа 2018 (499)
  • Вилейские подростки захотели самоутвердиться: сняли почтовые ящики и жгли рекламные буклеты - 3 августа 2018 (321)
  • В водоём на в'езде в Вилейку посадили водяные лилии - 3 августа 2018 (213)
  • Комитет госконтроля проверил организацию дополнительного питания в больницах - 2 августа 2018 (205)
  • Секрет долголетия Семёна Шубертия - 3 августа 2018 (189)
  • Ідзе жніво ў "Новай Віліі" - 3 августа 2018 (103)
  • Мало лома – нет приёма? Журналистский эксперимент: "Как сдать металлолом?" - 3 августа 2018 (100)
  • Вилейчанин Валерий Сорокин о советском цирке и своей "высотной" карьере - 3 августа 2018 (74)
  • Свята вёскі Латыгаль - 3 августа 2018 (62)
  • Александр Солодуха рассказал "ШП" о новой программе, событиях в личной жизни и планах на будущее. - 3 августа 2018 (62)
  • ВСЕ НОВОСТИ

    Вилейские подростки захотели самоутвердиться: сняли почтовые ящики и жгли рекламные буклеты

    Акция «Трезвый водитель» с 3 по 6 августа

    Александр Солодуха рассказал «ШП» о новой программе, событиях в личной жизни и планах на будущее.

    В водоём на в’езде в Вилейку посадили водяные лилии

    Свята вёскі Латыгаль

    Вилейчанин Валерий Сорокин о советском цирке и своей «высотной» карьере

    «Великая и Забытая». К 100-летию окончания Первой мировой войны

    Мало лома – нет приёма? Журналистский эксперимент: «Как сдать металлолом?»

    Секрет долголетия Семёна Шубертия

    Ідзе жніво ў «Новай Віліі»

    РУБРИКИ ШП НАШИ АВТОРЫ

    Яндекс.Метрика