Касуцкаму храму – 150 гадоў

12 ліпеня будзе адзначацца прастольнае свята царквы Святых Апосталаў Пятра і Паўла ў вёсцы Касута Вілейскага раёна, што ў гэтым годзе саўпала з юбілейнымі датамі ў гісторыі царквы – 150-годдзем з дня будаўніцтва і 140-годдзем з дня асвячэння храма. Традыцыйна, з тых даўніх часоў, менавіта ў гэты дзень у Касуце наладжваецца квяцісты і шумлівы фэст, на які збіраецца народ з шырокага наваколля. У гэтым годзе, акрамя шматлікіх мерапрыемстваў, у Касуце можна будзе пабачыць фотаздымкі протаіерэя Паўла Валынцэвіча, які служыў у касуцкай царкве з 1899 па 1902 гады. Фотавыстава зойме пастаяннае месца ў прытворы царквы.

Вёска Касута, у якой зарэгістравана 13 двароў і 16 жыхароў, старадаўняе пасяленне, што і сёння знаходзіцца ў прыгожай, маляўнічай мясцовасці, на беразе самага буйнага на Беларусі Вілейскага вадасховішча. Вёска ніколі не была абдзелена ні ўвагай, ні славай, і здаўна славілася старажытнымі храмамі, знатнымі ўладальнікамі і сваімі жыхарамі. У пісьмовых крыніцах Касута ўзгадваецца з 15 стагоддзя як маёнтак, які з’явіўся на землях вялізнай Куранецкай воласці як вынік вялікакняжацкага падаравання і спачатку як бы не меў уласнай назвы і таму ў дакументах зваўся «имением в Куренцы». У 1499 годзе маёнтак Касута – уласнасць Ядвігі Аляксандраўны, князёўны Гальшанскай, якой ён дастаўся пасля смерці яе мужа, што затым знаходзіўся ў часовым уладанні Яна Храптовіча. З 1518 года ўладальнікам Касуты стаў Станіслаў Янавіч Кезгайла, кашталян віленскі, потым яго сын Станіслаў Станіслававіч і пляменнік Станіслаў Мікалаевіч. На той час маёнтак налічваў 103 сялянскія службы або 206 дымоў.

Ні адзін з маёнткаў Вілейшчыны не мяняў так часта сваіх гаспадароў, як Касута. Маёнтак альбо прадаваўся, або перадавўся ў спадчыну ці дзяліўся паміж нашчадкамі, і часта нават сярод сваякоў узнікалі судовыя цяжбы, хаця большасць з іх тут ніколі не былі і не жылі. У сярэдзіне 16 стагоддзя спадчынныя правы на Касуту атрымалі Міхаіл Іванавіч Сапега і яго жонка Ядвіга Іванаўна, уроджаная Глябовіч. Да 1622 года ў маёнтку па фундушы ад Сапегаў заснаваны базыльянскі (уніяцкі) манастыр. У 1638 годзе новы ўладальнік Касуты Себасьцян Свяцкі падараваў манастыру частку свайго маёнтка: фальварак Воўкаўшчына і грунт у сяле Касута для манастыра, царквы і могільніка і пабудаваў тут храм у імя Уваскрасення Хрыстова. У сваім тэстаменце ён просіць Свята-Духаўскае брацтва не дапусціць, каб гэты храм перайшоў да уніятаў. Але яго ўнукі і самі прынялі ўнію, і храм перадалі ўніятам пры іх мітрапаліце Кіпрыяне Жахоўскім. На той час у Касуце існаваў і праваслаўны манастыр, аб чым упамінаецца ў завяшчанні Апалінарыі Міхайлаўны Зяновіч (уроджанай Агінскай) 15 чэрвеня 1657 года. Пазней манастыр разам з храмам перайшоў да базільян.

Падчас вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй (1651-1667) маёнтак быў разбураны, а затым зноў аднавіў сваю былую славу і вядомасць. Пазней гаспадарамі Касуты ў розныя часы станавіліся Пузыны, Ромеры, Сулістроўскія, Тукалы. У 1800 годзе Юзаф Міхал Ромер злучыў маёнтак Касута з суседнім Куранцом. Сяло Касута, якое было побач з маёнткам і дзе на той час налічвалася 17 двароў і 68 сялян, было сумесным уладаннем Ромера і Касуцкай уніяцкай плябаніі (3 двары, 21 селянін). У сяле знаходзілася царква Успення Прасвятой Багародзіцы. У 1836 годзе Касуцкі манастыр быў закрыты. А ў 1839 годзе канчаткова была ліквідавана і сама ўніяцкая царква. У Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы сёння захоўваецца шмат дакументаў па гісторыі Касуты, у тым ліку і інвентар Касуцкага манастыра. У 1867 годзе маёнтак Касута купіў самы магутны на той час у Беларусі землеўдальнік Пётр Вінгенштэйн.

У 1868 годзе ў Касуце была пабудавана царква, праз 10 гадоў, 12 ліпеня 1878 года, асвячона ў гонар Святых Апосталаў Пятра і Паўла. У гэтым жа годзе ў вёсцы адкрыта школа граматы, дзе 23 вучні, праваслаўныя, вучыў прытч мясцовай царквы, а ў 1896 годзе – адчыняецца аднакласная царкоўна-прыходская школа. У 1897 годзе – сяло Касута, 14 двароў, 92 жыхары, царква, капліца і вёска Касута – 8 двароў, 45 жыхароў, вадзяны млын. На пачатку 20 стагоддзя ў сяле Касута 79 жыхароў. Падчас Першай Сусветнай вайны, у ходзе Віленскай наступальнай аперацыі ў верасні 1915 года, тут прайшлі баі. Адзін з артылерыйскіх снарадаў трапіў у капліцу. Многія афіцэры і ніжнія чыны, што вызначыліся ў баях каля Касуты, былі адзначаны баявымі ўзнагародамі. Загінуўшых падчас баёў рускіх салдат пахавалі каля царквы ў брацкай магіле, на якой у 2016 годзе быў пастаўлены крыж.

Сёння вёска Касута добра вядома далёка за межамі Вілейскага раёна, і гэта ў першую чаргу звязана з імем Піліпа Орліка – гетмана Украіны, аўтара першай украінскай канстытуцыі, які нарадзіўся тут 11 кастрычніка 1762 года, і канешне, тым людзям, якія яго праслаўляюць. Але не менш яркай славутасцю сёння гэтага месца з’яўляецца царква, пабудаваная на сродкі казны ў 1868 годзе і асвячоная 12 ліпеня 1878 года ў гонар Святых Апосталаў Пятра і Паўла, і ўніяцкая каменная капліца, асвячоная 15 верасня 1815 года. Царква размясцілася ў цэнтры вёскі, каля скрыжавання вуліц. Пабудавана з рознакаляровых бутавых камянёў і цэглы. Кампазіцыя і пластыка збудавання выканана ў традыцыях рускага праваслаўна-царкоўнага дойлідства. Атынкаваныя і пабеленыя элементы архітэктурнага дэкору кантрастна вылучаюцца на фоне паліхромнай бутавай муроўкі. У 1894 годзе тут былі ўсталяваны каменная ўваходная брама і агароджа вакол царквы, на якой і сёння захавалася дата будаўніцтва.

Царква ў Касуце дзейнічае і сёння і не закрывалася ні на адзін дзень, хаця напачатку 1960-х гадоў, калі адбывалася масавае закрыццё храмаў, пагроза чакала і касуцкую царкву, але жанчыны-прыхаджанкі сталі шчыльнай сцяной у некалькі радоў і не пусцілі ў храм. Сёння Касуцкі прыход знаходзіцца на пастырскім акармленні протаіерэя Аляксандра Завадскага, настаяцеля храма Ражаства Прасвятой Багародзіцы ў аграгарадку Куранец.

Цікавай постаццю ў гісторыі храма і Вілейшчыны з’яўляецца настаяцель касуцкай царквы з 1899 па 1902 гады Павел Валынцэвіч. Протаіерэй Павел Канстанцінавіч Валынцэвіч нарадзіўся ў 1875 годзе ў мястэчку Вялікая Бераставіца Гродзенскай губерні ў сям’і дыякана мясцовай царквы. У 1897 годзе закончыў Віленскую духоўную семінарыю і затым 65 год свайго жыцця аддаў царкоўнаму служэнню. Сваё служэнне на Вілейшчыне пачаў 6 красавіка 1899 года, калі вакантнае месца свяшчэнніка ў сяле Касута было ўступлена закончыўшаму курс літоўскай семінарыі псаломшчыку Мастаўлянскай царквы Гродзенскага павета Паўлу Валынцэвічу, 25 мая ён быў пасвячоны ў духоўны сан і прызначаны настаяцелем царквы Святых Апосталаў Пятра і Паўла. Протаіерэй Павел Канстанцінавіч Валынцэвіч за ўсе гады свяшчэнства здабыў шчырую павагу сваіх прыхаджан. Яго любілі за светлы празорлівы розум, дабрадушнасць да любога чалавека, ён заўсёды быў рады ад усяго сэрца паслужыць бліжняму, раздяліць з ім і бяду, і радасць.

Свяшчэннік Павел Валынцэвіч меў шырокае кола інтарэсаў. Ён пісаў карціны, захапляўся астраноміяй і прыродазнаўствам, карыстаўся сонечным гадзіннікам і менавіта па ім выстаўляў час на кішэнным. Сабраў вялікую бібліятэку, якой карысталіся ўсе яго знаёмыя і вернікі. Ён жыва цікавіўся палітыкай, разводзіў пчол… Але найбольшым яго захапленнем было фатаграфаванне. Гэтай новай незвычайнай справай айцец Павел зацікавіўся менавіта ў Касуце. Там і пачаў фатаграфаваць, і першы яго фотаздымак – Свята-Петра-Паўлаўская царква – 1900 год. Пасля здымаў ўсё, што было навокал, усе падзеі, якія назіраў: храмы, вёскі, святы, уборку ураджаю, будаўніцтва хаты, прыродныя з’явы. Таму галоўнай адметнасцю фатаграфічнай спадчыны Паўла Валынцэвіча і сталі менавіта такія здымкі, якія зафіксавалі гісторыю свайго часу.

Унікальны фотаархіў Паўла Валынцэвіча захаваўся да нашых дзён і сёння мае выключную гістарычную каштоўнасць. Вядомы беларускі фатограф Уладзімір Суцягін не толькі пачысціў шкляныя негатывы і адсканіраваў, але, дзякуючы подпісам на негатывах, устанавіў імя фатографа і многія месцы фатаграфавання. Асобыя словы ўдзячнасці Дзмітрыю Сярэбранікаву з Мінска, у калекцыі якога сёння захоўваюцца арыгінальныя шкляныя фотанегатывы Паўла Валынцэвіча. Дыск з фотаздымкамі Вілейшчыны перададзены ім у дар Вілейскаму краязнаўчаму музею, а частка копій зойме месца ў прытворы касуцкай царквы.

Вольга КОЛАСАВА, старшы навуковы супрацоўнік ДУ “Вілейскі краязнаўчы музей”.
Фота з прыватнай калекцыі Дзмітрыя СЯРЭБРАНІКАВА, г. Мінск


Написать комментарий

НОВОСТИ

Плата за вывоз мусора: право или обязанность владельцев частных домов?

В небе над Вилейкой можно было наблюдать редкое атмосферное явление — серебристые облака

Во время фетиваля «Уха-фэст 2018» будет организован ВЕЛОПАРАД

Впервые в Вилейке пройдёт бородатый конкурс

САМОЕ ЧИТАЕМОЕ

  • Сеансы кинотеатра «Мир» (11 – 18 июля) - 10 июля 2018 (2573)
  • Экологи из Калининграда исследовали Банное озеро - 10 июля 2018 (703)
  • «Уха-фэст-2018» пройдет с экологическим уклоном. Будет очень интересно - 10 июля 2018 (523)
  • Впервые в Вилейке пройдёт бородатый конкурс - 9 июля 2018 (356)
  • На Купалье у вилейчанина украли дорогостоящий велосипед - 9 июля 2018 (314)
  • В небе над Вилейкой можно было наблюдать редкое атмосферное явление - серебристые облака - 10 июля 2018 (274)
  • Во время фетиваля "Уха-фэст 2018" будет организован ВЕЛОПАРАД - 9 июля 2018 (232)
  • Плата за вывоз мусора: право или обязанность владельцев частных домов? - 10 июля 2018 (57)
  • В Европараде приняли участие два коллектива Вилейской детской школы искусств - 10 июля 2018 (32)
  • Первый трудовой опыт - 10 июля 2018 (29)
  • ВСЕ НОВОСТИ

    ИЗВЕЩЕНИЕ о проведении аукциона

    На археологические раскопки старинных курганов приглашаются волонтёры

    Касуцкаму храму – 150 гадоў

    «Уха-фэст-2018» пройдет с экологическим уклоном. Будет очень интересно

    Медикам во втором полугодии поднимут зарплаты

    В Европараде приняли участие два коллектива Вилейской детской школы искусств

    Экологи из Калининграда исследовали Банное озеро

    Плата за вывоз мусора: право или обязанность владельцев частных домов?

    И огонь души сохранить

    Первый трудовой опыт

    РУБРИКИ ШП НАШИ АВТОРЫ
    Яндекс.Метрика