Внимание! Сайт работает в тестовом режиме!
РАДИО – 107,4 FM –

ФОТОРЕПОРТАЖ. На Вилейщине в деревне Косута встретили праздник Святых

12 ліпеня ў вёсцы Касута прайшоў штогадовы фэст, што ладзіцца на Пятро і які на працягу ста пяцідзесяці гадоў святкуецца ў гэтых мясцінах. Дакладная дата фэсту не выпадковая – бо менавіта ў 2018-м адзначаецца 150-годдзе з пачатку будаўніцтва касуцкага храма.

Невялічкая вёска Касута, што месціцца ў маляўнічым месцы на беразе Вілейскага вадасховішча і знаходзіцца з аднаго боку ў абрамленні лесу, з другога – амываецца хвалямі ракі Касуткі, ад якой і атрымала сваю назву, мае велічную і багатую гісторыю. Здаецца, што шматвекавая гісторыя вёскі адчуваецца тут ва ўсім: у магутных таполях і ліпах шляхецкага парку, што сустракаюць кожнага пры ўездзе ў вёску, у рэштках падмуркаў былой панскай сядзібы і касуцкага манастыра, у старажытных сценах каплічкі 18 стагоддзя, якая захавалася да нашых дзён, і ва ўмураваных у сцены валунах велічнага касуцкага храма – усё навокал тут дыхае гісторыяй. А самае галоўнае, гісторыя вёскі жыве ў захаваўшыхся на працягу стагоддзяў традыцыях – вялікім фэсце на Пятро ў Касуце. Улетку вёскі ажываюць: бліжэй да прыроды спяшаюцца адпускнікі, у госці да пажылых бацькоў прыязджаюць дзеці і ўнукі, пачынаюць сваю бітву за ўраджай дачнікі. Але ў вёску Касута нагода для прыезду некалькіх соцень аднавяскоўцаў, іх родзічаў і суседзяў асаблівая – тут адзначаецца прастольнае свята мясцовай царквы ў гонар Святых Першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла. Фэсту ў гэтым годзе паспрыяла і добрае надвор’е, сабраўшы тут у спякотны летні дзень прадстаўнікоў розных пакаленняў, што спецыяльна адклалі ўсе свае справы і клопаты, каб наведаць свята. Сюды на «петушкі» здаўна з’язджаліся жыхары з наваколля, з блізкіх і аддаленых вёсак, сюды і сёння імкнуцца нашчадкі тых прыхаджан старажытнага храма, якія нязменна кожны год таксама прыязджаюць у Касуту, каб наведаць могілкі сваіх родзічаў, зайсці ў царкву і паставіць свечку за здароўе дамачадцаў і на ўспамін душ спачыўшых дзядоў. А таксама набыць самы салодкі і смачны «петушок», які даўней для нашых продкаў быў доўгачаканым ласункам, а зараз для сучаснікаў, якія маюць вялікі выбар ласункаў штодня – тым самым сімвалам фэсту.

Фэст у Касуце збірае заўжды шмат прыхаджан, што па традыцыі сюды спяшаюцца на Пятро. Пакуль у царкве праходзіла святочнае набажэнства, якое ўзначальваў настаяцель храма протаіерэй Аляксандр Завадскі, а на клірасе спяваў мясцовы хор, які гучаў у гэты дзень асабліва па-святочнаму ўзнёсла, уздоўж царкоўнай агароджы размясціліся шматлікія гандлёвыя рады, дзе, канешне ж, прыарытэтам былі тыя самыя «петушкі». Здавалася, што тут, у Касуце, на прастольным свяце можна было сустрэць кожнага трэцяга жыхара Вілейкі. Сюды прыязджаюць з Маладзечна, Мінска, Віцебска, нават Вільнюса, адным словам, усе, хто родам з гэтай мясцовасці. Айцец Аляксандр (Завадскі) разам з Вілейскім кразнаўчым музеем і пры дапамозе прыхаджаніна царквы Віктара Гіля перад уваходам у храм наладзілі выстаўку фотаздымкаў, якія амаль равеснікі тутэйшай царквы. Гэта ўнікальны фотаархіў айца Паўла Валынцэвіча, што быў настаяцелем касуцкай царквы з 1899-га па 1902 год. Акрамя іншага, мясцовы святар цікавіўся фатаграфаваннем, і яго архіў шкляных негатываў, што цудам захаваўся да нашых дзён, адлюстроўвае храмы Вілейшчыны пачатку мінулага стагоддзя. Зробленыя са шкляных негатываў мінскім калекцыянерам Дзмітрыем Сярэбранікавым фотаздымкі даюць нам магчымасць убачыць, якім быў і касуцкі храм у 1900-1902 гадах. На фотаздымках можна таксама пабачыць краявіды Касуты, унутранае ўбранства храма і каплічкі, берагі Віліі, дзе на яблычны Спас святар з сям’ёй частуюцца гарбатай. Гэта сапраўдная фотагісторыя краю, дарэчы, якая знайшла адлюстраванне на новым стэндзе, усталяваным каля помніка Піліпу Орліку і дзе расказваецца пра ўсе гістарычныя падзеі і знакамітых ураджэнцаў Касуты.

Па традыцыі на фэст у Касуту прыязджаюць і даўнія сябры з украінскай дыяспары, што стараюцца наведаць гэтыя мясціны як мага часцей, бо тут нарадзіўся будучы гетман Украіны Піліп Орлік. Падчас невялічкай імпрэзы, якая праходзіла на пляцоўцы побач з царквой, прывітальнае слова да усіх гасцей фэста выказалі першы сакратар пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Іван Башняк, старшыня Грамадскай камісіі па ўвекавечванні памяці П. Орліка Галіна Калюжная і старшыня Крывасельскага сельвыканкама Ірына Супрановіч. Свята завяршылася цудоўным канцэртам, што зладзілі выкладчыкі Нарачанскай дзіцячай школы мастацтваў і фальклорны ўкраінскі ансамбль песні і абрадаў «Ватра» Мінскага аб’яднання ўкраінцаў у Беларусі.

Так павялося, што вяскоўцы – гэта заўжды адна вялікая сям’я, яны і ў радасці, і ў горы разам. У такіх невялікіх вёсачках Вілейшчыны, як Касута, гэта адчуваецца асабліва, бо ўсе тут добра адзін аднаго ведаюць, ды і атмасфера тут адмысловая. І хаця ўжо даўно большасць выхадцаў з Касуты змянілі ціхае размеранае жыццё на гарадскую мітусню, але кожны з іх усё роўна не забывае малую радзіму. Прыязджаючы сюды на Пятро, разумееш, наколькі моцныя і трывалыя традыцыі гэтай мясцовасці. Цудоўныя словы прагучалі ў развітальнай песні падчас выступлення нарачанскіх артыстаў на фэсце: «В храме потушены свечи, только горит душа. Это пламя души ты никогда не туши!» – няхай яно так і будзе сярод прыхаджан старажытнага касуцкага храма.

Сяргей ГАНЧАР.
Фота Веранікі ШАБЕЛЬНАЙ

 

Фото Вероники ШАБЕЛЬНОЙ

Один комментарий на «“ФОТОРЕПОРТАЖ. На Вилейщине в деревне Косута встретили праздник Святых”»

  1. Валерий:

    Место чудесное. И служил здесь чудеснейший священник Игорь Прилепский. Жаль, что ушёл от нас так рано. Но остался его дух в нас и его детях, в камнях церковных, в иконах, в душах прихожан и всех, кто его знал.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.


Яндекс.Метрика