Внимание! Сайт работает в тестовом режиме!
РАДИО – 107,4 FM –

Мінулы раз мы распавядалі пра вялікі спадчынны маёнтак Сэрвач, пры падзеле якога Юліяй Козел-Паклеўскай паміж сваімі сынамі былі дадаткова вылучаны асобныя маёнткі Людвінова і Кастыкі. Сёння, па ўспамінах прадстаўнікоў шляхецкага роду Козелаў-Паклеўскіх і гістарычных дакументах, мы раскажам пра маёнтак Кастыкі, што месціўся паміж Сэрваччу і Сцешыцамі.

Сядзібны дом у Кастыках, 1930-я гг.

Па навуковай версіі назва вёскі Кастыкі паходзіць ад мужчынскага імя Кастыка, якое з’яўляецца народнай формай хрысціянскага імя Канстанцін. Аднак існуюць і іншыя варыянты паходжання назвы вёскі. Напрыклад, варыянт узнікнення назвы ад слова «косткі», «косці», бо паблізу вёскі знаходзяцца старажытныя курганы, пахаванні крывіцка-дрыгавіцкіх плямён ХІ-ХІІ стагоддзяў. З цягам часу рака Вілія размывала магілы і вымывала з іх косці, а тых, хто жыў каля гэтых костак, маглі пачаць зваць «кастыкамі». Яшчэ адна версія – ад слова «кастык», што азначае пляскатае шыла з круком, прылада для пляцення лапцей. Магчыма, раней у вёсцы жылі майстры, якія масава плялі лапці і прадавалі гэты тавар, а з цягам часу іх паселішча атрымала сваю назву ад галоўнага прыстасавання для пляцення лубянога абутку.
Першая пісьмовая ўзгадка пра Кастыкі сустракаецца ў гістарычных крыніцах пад 1613 годам. На той час гэта было сяло ў складзе маёнтка Сэрвач Ашмянскага павету Віленскага ваяводства, уласнасць віленскай капітулы і князя Бенедыкта Войны.

Тадэвуш Козел-Паклеўскі з жонкай, дзецьмі і хатняй настаўніцай. Кастыкі 1933 г.

 

У 1690 годзе ўзгадваецца маёнтак Кастыкі, уласнасць Стэфана Яна Слізня, пісара земскага Ашмянскага. Пад 1756 годам маёнтак Кастыкі ўзгадваецца як уласнасць Міхала Адама Слізня, падканюшага Вялікага княства Літоўскага, які пабудаваў тут новую ўніяцкую царкву ў імя Сарака Пакутнікаў Севасційскіх, што захавалася да нашых дзён. Напрыканцы свайго жыцця Міхал Адам Слізень – палкоўнік, стараста крэўскі, падканюшы ВКЛ і тагачасны гаспадар гэтых мясцін, дае фундуш на будаўніцтва новай драўлянай уніяцкай царквы ў Кастыках. 22 сакавіка 1756 года пабудаваны храм быў асвячоны ў імя Святых Сарака Пакутнікаў Севасційскіх, ваяроў-хрысціян, што прынялі пакутніцкую смерць за веру ў Хрыста ў горадзе Севасціі (раней Малая Арменія, сучасная Турцыя) ў 320 годзе. Да 1839 года царква была ўніяцкай, а пасля скасавання ўніі на Беларусі будынак перадалі праваслаўнай царкве. Большасць жыхароў прыхода прынялі праваслаўную веру. Да 1872 года царква дзейнічала самастойна. У 1873 годзе ўказам Літоўскай Духоўнай Кансісторыі царква ў Кастыках, з нагоды дрэннага стану, становіцца прыпісной да Камень-Спаскай царквы. І толькі ў 30-х гадах ХХ стагоддзя, пры Польшчы, царква ў імя Святых Сарака Пакутнікаў Севасційскіх зноў набывае самастойнасць і становіцца прыходскай з дзвюма прыпіснымі царквамі: Спаса-Праабражэнскай у в. Забалацце і царквой Святой Праведнай Елісаветы ў в. Зацемень. Менавіта ў гэты перыяд, з 1937 па 1939 год, настаяцелем царквы ў Кастыках служыў тагачасны выбітны грамадска-палітычны і царкоўны дзеяч айцец Аляксандр (Коўш). Айцец Аляксандр быў вядомы тым, што публічна падтрымліваў увядзенне беларускай мовы ў царкоўнае жыццё. У 1937-38 гадах царкву грунтоўна адрамантавалі і пабудавалі вакол яе агароджу і браму з бутавых камянёў, што мы можам бачыць і дагэтуль. У 1962 годзе царква ў Кастыках была зачынена.

Царква Сарака Пакутнікаў Севасційскіх у Кастыках. Фото 2017 г.

Частка найбольш каштоўных абразоў была перададзена ў музеі Мінска, напрыклад, адзін з каштоўнейшых – абраз «Хрыстос Уседзяржыцель» 17 стагоддзя, беларускай школы іканапісу, з разным раслінным арнаментам, які падараваў царкве адзін з прадстаўнікоў роду Козелаў-Паклеўскіх з Сэрвачы, аб чым напісана ў летапісе царквы, гэты абраз зараз знаходзіцца ў музеі старажытнабеларускай культуры Акадэміі навук Беларусі. Астатнія абразы прыхаджане захоўвалі па сваіх хатах. Летам 1989 года царква зноў расчыніла свае дзверы для вернікаў. Гэта быў адзін з першых на Беларусі адчынены і зноў асвячоны храм пасля працяглага часу ганенняў. Царква ў імя Сарака Пакутнікаў Севасційскіх з’яўляецца помнікам драўлянага народнага дойлідства з рысамі класіцызму. Да асноўнага прамавугольнага ў плане аб’ёму далучана пяцігранная апсіда і бабінец, над якім узвышаецца квадратная шатровая званіца. Зрубы малітоўнай залы і апсіды пры дапамозе трохвугольных застрэшкаў накрыты агульным дахам. Кастыкская царква занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Сёння гэта старэйшы драўляны, які захаваўся да нашых дзён, храм на Вілейшчыне і адзіны на Беларусі, асвячоны ў памяць Святых Сарака Пакутнікаў Севасційскіх. 22 сакавіка царква ўшаноўвае памяць Сарака Пакутнікаў Севасційскіх, а ў народзе гэта свята завецца «Саракі».

Магдалена Козел-Паклеўская з дзецьмі

Нельга не сказаць пару слоў і пра спаскі касцёл, што не ўваходзіў у маёнтак Кастыкі, але знаходзіўся непадалёк і мае дачыненне да гісторыі кастыкскай царквы. Каталіцкі могільнік пры выездзе на Даўгінава са Сцешыц, ды яшчэ адна хата – гэта ўсё, што захавалася ад вёскі Спас. А менавіта тут яшчэ ў 1786 годзе быў па фундацыі Людвіга і Ізабэлы Камінскіх пабудаваны касцёл пад тытулам Перамянення Панскага, атрымаўшы статут філіі пры парафіі з цэнтрам у мястэчку Даўгінава. Драўляны, на бутавым падмурку касцёл меў «30 аршын даўжыні і 13,5 аршын шырыні» і вежу-званіцу над уваходным фасадам. Інтэр’ер храма ўпрыгожвала 3 алтары. Па іншых крыніцах фундатарамі святыні ў 1725 годзе сталі князі Друцкія-Сакалінскія. Фундуш павялічыў Севярынаў Каменскі, а на сродкі Юзафа Каменскага і стараннямі кс. Марціна Трыдзенскага быў збудаваны новы касцёл. Асвячоны храм меў 3 алтары – галоўны Найсвяцейшай Марыі Панны і бакавыя Перамянення Панскага і Св. Антонія. Касцёл дзейнічаў да 1866 года, калі быў зачынены і перабудаваны ў праваслаўную царкву. У 1919 годзе будынак быў вернуты каталіцкай абшчыне Спаса. З гэтага моманту тут засноўваецца самастойная парафія, якая налічвала перад другой сусветнай вайной да 2500 вернікаў. Вайна практычна цалкам знішчыла вёску. У 1957 годзе знік і касцёл. Да нашых дзён захаваліся фотаздымкі спаскага касцёла.

Касцёл у Спасе, 1936 г.

Драўляная панская сядзіба, якая існавала да Вялікай Айчыннай вайны ў Кастыках, была пабудавана прыкладна ў пачатку 18 стагоддзя прадстаўнікамі роду Слізняў. Да 20 стагоддзі ад старажытнага сядзібнага дома захаваўся толькі першы каменны паверх, а другі быў дабудаваны і прадстаўляў сабой драўляны зруб. У апісанні Касцяневіцкай парафіі за 1784 год знаходзім наступнае апісанне: «Кастыкі – двор (панская сядзіба, знаходзілася на супрацьлеглым беразе ракі Сэрвач, зараз частка вёскі Людвінова), карчма і вадзяны млын, уласнасць пана Слізня. Каля млына мост новы, прыгожы праз раку Сэрвач, які вядзе ў вёску Кастыкі, дзе драўляная ўніяцкая царква. Паблізу вёскі пабудавана новая прыстань для сплаву плытоў па рацэ Віліі. Католікаў мала, у асноўным уніяты.»
У 1800 годзе двор і вёска Кастыкі – сумесная ўласнасць пракурора Рафала Слізня (1 двор, 3 жыхары) і Іосіфа Пузыноўскага (3 двары, 15 жыхароў); сяло Кастыкі – сумесная ўласнасць Рафала Слізня (19 двароў, 157 сялян) і ўніяцкай плябаніі (1 двор, 5 сялян). Уніяцкая драўляная царква, панскі драўляны дом, млын. У 1886 годзе двор і сяло Кастыкі знаходзілася ў Княгінінскай воласці Вілейскага павета Віленскай губерні (19 двароў, 213 жыхароў), тут існавала праваслаўная царква, млын. У 1938 годзе – у Касцяневіцкай вясковай гміне, вёска (69 двароў, 361 жыхар, праваслаўная царква) і маёнтак (6 двароў, 60 жыхароў, двухпавярховы панскі дом, вадзяны млын). Маёнтак – уласнасць Тадэвуша Козел-Паклеўскага.

Мост праз Сэрвач падчас павадка

Прадстаўнікі кастыкскай лініі роду Козелаў-Паклеўскіх не раз наведвалі Вілейшчыну, так апошні са славутага роду, хто нарадзіўся на Вілейшчыне, Тадэвуш Козел-Паклеўскі ў 83 гады летам 2015-га наведаў родныя мясціны разам са сваёй сям’ёй. Ён напісаў кнігу ўспамінаў пра свой род і свайго бацьку, якую так і назваў «Мой бацька паручнік рэзерву Тадэвуш Паклеўскі-Козел». Інфармацыя з гэтай кнігі мы прывядзём ніжэй, а зараз прапануем некалькі радкоў з успамінаў, напісаных у 1970-х гадах, Ірэнай Паклеўскай-Козел, пляменніцы Юзэфа Іванавіча Козел-Паклеўскага. Вось што яна распавядае: «Мне хацелася б напісаць кароткую гісторыю нашай сям’і… 1 студзеня 1971 года я выйшла на пенсію, мноства вольнага часу, падахвочвае мяне шукаць занятак, каб мой розум не «заржавеў» ад бяздзейнасці, і, пакуль яшчэ не даводзіцца скардзіцца на памяць, я хачу пакінуць пасля сябе ўспаміны пра нашу сям’ю. Вядома, я ўжо не ўсё памятаю так добра, як раней, але і няма нікога ў жывых, у каго можна было даведацца пра падрабязнасці мінулага. Буду пісаць толькі тое, што сама памятаю ці пачула ад маіх бацькоў і бабуль (нікога з дзядуляў я ўжо не заспела). Козел-Паклеўскія – літоўскі дваранскі род. Літоўскі таму, што да падзелаў Рэчы Паспалітай уся маёмасць, якая ім належала, знаходзілася на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага. Апошняе, разам з Царствам Польскім, або так званай Каронай, уваходзіла ў склад дзяржавы Рэч Паспалітая. Пазней гэтыя тэрыторыі ўвайшлі ў склад заходніх губерняў Расійскай імперыі: Віленскай, Віцебскай і Мінскай. Самі Козел-Паклеўскія лічылі сябе радавітымі палякамі, хоць не хавалі, што паходзіць род з Расіі. Іх продак, нехта Козел, быў «дысідэнтам» часоў Івана Грознага. Перайшоў на польскай бок і за службу польскага караля атрымаў маёнтак Паклева. Паданне, якое захаваліся ў сям’і Паклеўскіх, тлумачыць семантыку іх прозвішча і маёнтка проста: «Пад клёнам». Так узнік дадатак да прозвішча Козелы – Паклеўскія (ад маёнтка).

Тадэвуш Козел-Паклеўскі з сынамі Тадэвушам і Здзіславам. Вільня, 1940 г.

Часам гэтае прозвішча пісалася «Паклеўскія-Козел», што дыктавалася рэгіянальнымі ўмовамі. Прадстаўнікі роду часам падпісваліся і як Паклеўскія, радзей, як Козелы. Гэта тлумачылася неабходнасцю выканання парадку ў фінансавых дакументах. Цікавая падрабязнасць: у Польшчы пасля 2-й Сусветнай вайны пачалася барацьба з рознымі праявамі арыстакратыі, у тым ліку з падвойнымі прозвішчамі. Улады запатрабавалі ад уладальнікаў падвойных прозвішчаў адмовіцца ад адной з яе частак. Прайшла нават кампанія па змене пашпартоў. Такім чынам, многія з Козел-Паклеўскіх цяпер сваё прозвішча пішуць толькі як Паклеўскія.
Ужо ў пачатку 19 стагоддзя род Козелаў-Паклеўскіх быў шматлікім настолькі, што некаторыя з тых, хто ўваходзіў у гэту сям’ю ўжо не ведалі, у якіх роднасных адносінах яны знаходзяцца з іншымі Паклеўскімі. Як нямногія з народаў, палякі і да сёння старанна аберагаюць і падтрымліваюць свае сваяцкія сувязі. Таму прыналежнасць да прозвішча Паклеўскіх ужо было дастаткова для таго, каб быць прылічаным да сваякоў. Варта патлумачыць, што ў расійскім горадзе Таліцы пражывала тры лініі сям’і Козелаў-Паклеўскіх. Першай была лінія сям’і сібірскіх магнатаў, якія вядуць свой пачатак ад Альфонса Фаміча Козел-Паклеўскага. Другая лінія – сям’я майго дзядзькі Юзэфа Іванавіча Козел-Паклеўскага, жанатага на сястры майго цесця – Юліі Козел-Паклеўскай. У іх было тры сыны: Юзэф, Вікенцій (так званы Вінцэсь) і Тадэвуш. Юзэф быў жанаты двойчы і памёр у 1969 годзе у Ольштыне, яго дзеці: Зук – жыве ў Варшаве (жонка Галіна, бяздзетныя) і Ганна – замужам за Гурніцкім, у яе двое дзяцей: дачка Марта (доктар) і сын Томаш – жывуць у Лодзі (тут і далей дадзеныя пра род на 1971 год – заўв. аўтара). Вікенцій быў жанаты тройчы, загінуў у Катыні. У першым шлюбе ў яго нарадзіўся сын Рышард (жыве ў Варшаве), у другім – дачка Барбара, якая пасля разводу з Грамчэўскім жыве недзе пад Варшавай. Трэці сын, Тадэвуш, быў жанаты на Магдалене Незабытоўскай. У Тадэвуша і Магды было пяцёра дзяцей. Старэйшая Юлія жыве ў Лодзі, Іза – вядомы анестэзіёлаг, Ельжбета, Тадэвуш і Міхал. Перад вайной гэтая сям’я жыла ля самай мяжы з СССР, кожнаму з братоў належаў маёнтак, дзе яны займаліся развядзеннем чорна-бурых лісаў. Юзэфу належаў маёнтак Сэрвач Вялікі, Вікенцію – Людвінова, Тадэвушу – Кастыкі. Тадэвуша застрэлілі немцы ў 1942 годзе. Трэцяя лінія Козелаў-Паклеўскіх, якія пражывалі ў Таліцы, – сям’я бацькоў майго мужа, гэта значыць Францыска Козел-Паклеўскага.»

Млын у Кастыках падчас паводкі на Сэрвачы, 1931 г.

Вось такія цікавыя дадзеныя пра род Козелаў-Паклеўскіх мы знаходзім ва ўспамінах прадстаўнікоў гэтага роду. Але самыя каштоўныя для нас з’яўляцца ўспаміны Тадэвуша Козел-Паклеўскага-малодшага, апошняга прадстаўніка гэтага роду, што нарадзіўся на Вілейшчыне. Вось што ўзгадвае ён: «Мой дзед па мячы (гэта значыць па бацькоўскай лініі – заўв. аўтара), Юзаф Козел-Паклеўскі, нарадзіўся ў маёнтку Сэрвач над аднайменнай ракой Сэрвач у 1845 годзе. Ён быў адным з некалькіх сыноў уладальніка радавога маёнтка… За ўдзел у паўстанні 1863 года яго саслалі ў Омск, а затым дзед папаў у Таліцу да сваякоў. У 1884 годзе мой дзед усталяваў блізкія адносіны з сям’ёй Паўла Козел-Паклеўскага з Антанокля пад Вількамірам. Гэты Павел, вількамірскі суддзя, быў двойчы жанаты і меў 23 дзяцей. Дзед ажаніўся са сваёй кузінай, Юліяй Козел-Паклеўскай, што была дачкой Паўла ад другога шлюбу. Пасля смерці дзеда ў Таліцы ў 1915 годзе, мая бабуля Юлія Козел-Паклеўская, падчас Першай сусветнай вайны, разам з дзецьмі: Юзафам, Вінцэнтам і Тадэвушам (маім бацькам) вяртаюцца на спадчынныя землі свайго роду. Там, у Сэрвачы, іх маці дзеліць спадчыну мужа паміж нашчадкамі. Старэйшы сын Юзаф атрымаў Вялікую Сэрвач, Вінцэнт – Людвінова, з закладзенай у ім фермай серабрыстых ліс, а малодшы Тадэвуш атрымаў Кастыкі, у якіх быў вадзяны млын.

Вадзяны млын у Кастыках, 1930-я гг.

Мой бацька Тадэвуш Козел-Паклеўскі скончыў юрыдычны факультэт універсітэта Св. Уладзіміра ў Кіеве. Быў удзельнікам Першай сусветнай вайны, служыў у кавалерыі. Згодна з ваенным білетам, падхарунжы Тадэвуш Козел-Паклеўскі быў мабілізаваны ў 1922 годзе. У маі таго ж года ён ажаніўся з Магдаленай з Незабытоўскіх і пасяліўся ва ўласным маёнтку Кастыкі каля Сэрвачы. У якасці афіцэра рэзерву і знаўцы коней мой бацька быў прыняты ў Вілейскую павятовую рамонтную камісію, што займалася адборам коней для арміі, якія таксама падлягалі «прызыву». З надыходам 1 верасня 1939 года, калі пачалася Другая сусветная вайна, майго бацьку мабілізавалі. Мы ў гэты перыяд жылі ў Вільні.

Тадэвуш Козел-Паклеўскі з Кастык, перад сядзібным домам ў Юнцавічах

 

Нашу сям’ю ад смерці ў 1939 годзе выратаваў кіраўнік зверасаўгаса Іван Цімчук, у будучым Герой Савецкага Саюза. Ён прыехаў да маёй маці і сказаў, што, па яго дадзеных, Вільня дастанецца Літве. Што гэта вялікі горад. Ён раіць маці браць дзяцей і ехаць у Вільню, а ён дасць пропуск. У час вайны з германцамі ён быў палітруком у партызанскай брыгадзе. А мой бацька быў раённым камендантам Вілейскай польскай канспіратыўнай арміі (Армія Краёва). Яны там пазнаёміліся ў гэты час. Былі людзі вельмі харошыя з абодвух бакоў. Так мы паехалі цягніком ў Вільню ў кастрычніку 1939 года – мая маці і мы, пяцёра дзяцей. Бацька ж з ротай Лідскага авіяцыйнага палка перад бальшавікамі сышоў з аэрапорта Парубанак ля Вільні да Гродна. Прабіўся праз Гродна на беларускі бок. Там быў інтэрніраваны – трапіў у лагер, адкуль нельга было выйсці. Але ён уцёк з лагера і пражыў два месяцы ў адной сям’і. Пасля прыехаў у Вільню, таму што пачуў, што жонка з дзецьмі ў Вільні. Так сям’я вярнулася ў нармальны стан жыцця, але ненадоўга. У ліпені 1941 года мой бацька вярнуўся ў Кастыкі, дзе прыняў ваенныя функцыі. 1 ліпеня 1942 года майго бацьку арыштавала гестапа ў Кастыках. Яго завезлі ў Вілейку ў турму, ён прабыў дзевяць дзён у турме, а пасля яго расстралялі на турэмным пляцы.»
Вось такая гісторыя апошняга ўладальніка маёнтка Кастыкі. З чаго ж складаўся сам маёнтак? У маёнтку Кастыкі былі стайні выязных і скакавых коней. У Кастыкі перыядычна прывозілі пародзістых жарабцоў, што павінны былі паляпшаць расу і габітус коней, у тым ліку і з навакольных вёсак. Апошні з гэтых жарабцоў Трафальгар з Янава Падляскага, быў захоплены бальшавікамі ў 1939 годзе. Таксама тут размяшчаліся аборы і гумно, іншыя гаспадарчыя пабудовы. Галоўны прыбытак сядзібе прыносіў млын. Гэта быў вадзяны млын запруднага тыпу. Ён працаваў ад энергіі падаючай з плаціны вады. Побач з плацінай быў пабудаваны мост. Сам будынак млына быў двухпавярховы, першы паверх – каменны, які падчас павадка на рацэ Сэрвач амаль поўнасцю падтаплівала, другі паверх быў драўляны.
Сам сядзібны дом будаваўся, як адзначалася, у пачатку 18 стагоддзя. Пазней ад яго захаваўся толькі першы каменны паверх, а другі быў дабудаваны з дрэва. У сядзібе быў невялікі салон, дзе стаяла фартэпіяна, на якім граў гаспадар Тадэвуш Козел-Паклеўскі. Была тут і бібліятэка. У асобным пакоі, што належыў гаспадару, стаялі два казлы, на якіх ляжалі сёдлы, вісела конская вупраж, мелася тут і зброя, бо бацька вельмі любіў паляваць і ездзіць конна. Сярод зброі тут былі: дзве шаблі і некалькі паляўнічых стрэльбаў, а таксама крэмніевая аднастволка першай паловы 19 стагоддзя. За сядзібным домам над ракой размяшчаўся стары сад. Маёнтку належыла некалькі гектараў лесу, пашні, якія Тадэвуш Козел-Паклеўскі заўжды аб’язджаў конна.
На сёння ад былога маёнтка Кастыкі амаль нічога не захавалася, хіба толькі рэшткі вадзянога млына, частка каменных падмуркаў якога на Беларусі апошнімі захоўваюць гісторыю слыннага роду Козелаў-Паклеўскіх.
Сяргей ГАНЧАР.
Фота з сямейнага архіва КОЗЕЛАЎ-ПАКЛЕЎСКІХ,
прадставіла Сусана ПАКЛЕЎСКАЯ і вілейская суполка Таварыства аховы помнікаў імя Аляксея Лужынскага

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.


Яндекс.Метрика