Внимание! Сайт работает в тестовом режиме!
РАДИО – 107,4 FM –

Ідзе жніво ў «Новай Віліі»

Першыя дні жніўня перанялі эстафету спякоты ў ліпеня. З аднаго боку, добра, бо разгарнулася ж жніво, і сухое надвор’е зараз якраз дарэчы. З другога боку, цяжкавата, ад спякоты, здаецца, не схавацца нідзе. Вось і ў мінулы чацвер, якраз на Іллю, мы ўзялі курс на ААТ «Новая Вілія» з самага ранку. Ведалі, што камбайнеры ўжо ў полі .Ды і народнае «Ілля наробіць гнілля» крыху насцярожвала: а раптам і сапраўды задажджыцца?
Разам з кіраўніком гаспадаркі Андрэем Праташчыкам кіруемся да поля непадалёк ад Селішча, дзе на сямідзесяці гектарах расце яравая пшаніца У гэты дзень тут будуць заняты камбайнавыя экіпажы гаспадаркі.
– Усяго ў нашай гаспадарцы больш за тры тысячы гектараў яравых і азімых зерневых, – расказвае па дарозе Андрэй Анатольевіч. – Больш за трыццаць пяць працэнтаў ужо ўбрана. Дзевяць камбайнаў працуе ў нас штодня, людзі стараюцца, робяць усё ад іх залежачае, каб своечасова і без страт убраць вырашчанае.
Убачыўшы нас, камбайнеры на некалькі хвілін прыпыніліся. Разгаварыліся, як даўнія знаёмыя. Урэшце, так яно і ёсць, з перадавымі камбайнерамі гаспадаркі сустракаемся кожнае жніво. Узяць, да прыкладу, Уладзіміра Грыпініча, які штогод паказвае высокія вынікі на жніве. На сваім камбайне «Палессе» ён працуе сёмы сезон, папярэдне падрыхтаваўшы машыну да адказнай справы.
– Старанна адрамантавалі сваю тэхніку ўсе камбайнеры, таму і працуюць зараз без сур’ёзных паломак, – зазначыў упраўляючы ўчастка Міхаіл Буткевіч. – А гэта вельмі важна.
– У мяне ў мінулым сезоне так спачатку ўсё добра складвалася, – працягнуў тэму камбайнер Віталь Сакалоўскі, – а тады – так ужо сталася – здарылася паломка, з-за чаго ў выніку і адстаў ад таварышаў.
Віталь – маладая змена старэйшых механізатараў, на ўборцы працуе шосты сезон. Нарадзіўся і вырас у суседняй вёсачцы Рамэйкі, а жыве з сям’ёй у Селішчы. Віталь і Таццяна гадуюць траіх дзетак. Атрымалі ад гаспадаркі жыллё, абзавяліся гаспадаркай, як і ўсе вяскоўцы. Цяпер вось адказная пара, калі ад працы хлебаробаў залежыць вельмі многае, таму і стараюцца камбайнеры. Дарэчы, вынікі іх працы штодня падводзяцца, выяўляючы лідараў па гаспадарцы. Пакуль вядзе Мікалай Мікуліч, ад якога зусім на трошкі адстаюць і іншыя.
У размове механізатары адзначылі, што сёлета ў гаспадарцы, ды і ў раёне, не тая ўраджайнасць збожжавых, якой хацелася б. І тут жа мудра рэзюмавалі, што, на вялікі жаль, далёка не ўсё залежыць ад людскіх намаганняў, нябесная канцылярыя нярэдка ўносіць непажаданыя карэктывы, як гэта было і сёлета. І тут ужо нічога не зробіш.
– Ну, што, хлопцы, за працу? – запытальна зірнуў на механізатараў кіраўнік гаспадаркі, і камбайнеры дружна разышліся па сваіх машынах, якія неўзабаве занялі свае пазіцыі на пшанічным полі. Калі паспрыяе надвор’е, з ім яны павінны ўправіцца за гадзін пяць, каб затым гэтак жа дружна пераехаць на новае. Каб толькі крыху пацярпеў Ілля і не нарабіў гнілля…

Ірына БУДЗЬКО. Фота Веранікі ШАБЕЛЬНАЙ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.


Яндекс.Метрика