Внимание! Сайт работает в тестовом режиме!
РАДИО – 107,4 FM –

Унікальная капліца з Каралеўцаў

Мы працягваем серыю аповедаў пра адметныя аб’екты сакральнай і грамадскай архітэктуры, што напаткаў лёс забыцця: яны былі спалены падчас войнаў, разбураны ці сышлі ў нябыт са знікненнем паселішчаў, зменай дзяржаў і па многіх іншых прычынах. У серыі артыкулаў «Страчаная спадчына Вілейшчыны» мы распавядаем пра ўнікальныя будынкі драўлянага і мураванага дойлідства нашага краю: касцёлы і цэрквы, сінагогі і капліцы, што існавалі на нашай тэрыторыі і пра якія мы ведаем цяпер толькі па старых фотаздымках, з надрукаваных і вусных успамінаў, з навуковых даследаванняў.

Серыю артыкулаў «Страчаная спадчына Вілейшчыны» працягваем аповедам пра ўнікальны помнік драўлянага дойлідства вілейскіх народных майстроў – круглую капліцу ў вёсцы Каралеўцы ці як яе характарызуюць даследчыкі архітэктуры, – капліцу-ратонду, што праіснавала на мясцовых могілках да 1986 года. Насамрэч капліца прадстаўляе сабой васьмігранны аб’ём з алтаром і прытворам-хорамі, яе ўнікальнасць адзначалі нават еўрапейскія даследчыкі. Пачынаючы аповед пра ўнікальную капліцу, некалькі слоў трэба сказаць пра гісторыю самой вёскі, што налічвае не адно стагоддзе.

Вёска Каралеўцы ўзгадваецца яшчэ ў 15 стагоддзі, але пад назвай Іжа Каралеўская. Справа ў тым, што яшчэ да 18 стагоддзя ў тых мясцінах існавалі две вёскі з аднолькавай назвай – Іжа. Адна належыла дзяржаве – і яе называлі Іжа Каралеўская, другая – шляхецкаму роду Кішак, што і называлася Іжа Кішчанская. Але ў 19 стагоддзі Іжа Кішчанская атрымала назву Іжа, а Іжа Каралеўская – Каралеўцы.

Капліца ў вёсцы Каралеўцы. 1935 год

Па архіўных дакументах вядома, што ў 1893 годзе ў Каралеўцах адкрылася аднакласная царкоўна-прыходская школа. У 1905 годзе вёска налічвае 735 жыхароў (347 мужчын і 388 жанчын), ва ўладанні якіх былі 1137 дзесяцін зямлі. У 1921-1939 гадах Каралеўцы ўвайшлі ў склад Польшчы, тут налічвалася 126 двароў і 591 жыхар, працавала пачатковая беларуская школа.

Гісторыя самой капліцы з вёскі Каралеўцы на Вілейшчыне была складанай і часам пакручастай. Унікальны драўляны храм круглай формы, збудаваны ў 1802 годзе стараннямі жыхароў вёскі Каралеўцы і, у першую чаргу, роднымі братамі Аляксандрам, Мацеем і Дзям’янам Рогачамі. Як паведамляе «Памятная книга виленского генерал-губернатора» за 1868 год – капліца пабудавана «тщанием крестьянина Александра Рогача». Праз шэсць гадоў побач з капліцай была ўзведзена званіца, асвячэнне якой адбылося ў 1808 годзе. Капліца была пабудавана на мясцовых могілках, што размяшчаюцца на заходнім канцы вёскі, і была прыпісной да Іжскай царквы Святога Іосіфа Абручніка.

Капліца ў Каралеўцах была пабудавана на невысокім бутавым падмурку, зруб нефа і алтара ўзведзены з бруса на чысты вугал, мела памер 12 на 5 метраў. Прытвор храма ўтвораны двума магутнымі слупамі-калонамі, на якія абапіраюцца хоры. Прытвор ашаляваны, як і сцены нефа і алтар на ўсю вышыню. У нефе два акны з тоўстымі касякамі, верхні касяк меў дугападобны падцёс, такое ж акно было і ў прытворы, на харах. У бакавых сценах алтара зроблены два рамбічныя аконцы. Дах пад прытворам, нефам і алтаром меў кроквенную сістэму, якая абапіралася на верхняе бервяно. Над нефам кроквы ўтваралі шацёр, які пераходзіў у канічную шпіль-вежу, што завяршаў вялікі каваны крыж, а па ўскрайках даха яшчэ два падобныя невялікія крыжы, зробленыя мясцовымі кавалямі. Дах быў накрыты гонтам. Дарэчы, ажурныя жалезныя крыжы з капліцы і званіцы ў Каралеўцах з’яўляюцца ўзорам мастацкага кавальства і змяшчаюцца ў многіх падручніках і навуковых працах па народнаму мастацтву. Унутры капліцы быў устроены балкон для хору з узмоцненымі бэлькамі і калонамі. Вялікі алтар упрыгожваў у цэнтры абраз Святога Мікалая, у гонар якога і была асвечана капліца. Браты Мікалай і Сцяпан Занкавічы разам з аднавяскоўцамі ахвяравалі сродкі на набыццё званоў для асобнастаячай званіцы, што размяшчалася побач. Званіца была ўзведзена ў двух узроўнях на чатырох слупах, у 1808 годзе. Яе мясцовыя жыхары ў 1986 годзе не дазволілі разабраць і перавезці ў музей пад Мінск. Планіроўка і архітэктурна-канструкцыйныя вырашэнні капліцы нясуць у сабе стылістычныя рысы драўлянай архітэктуры ўніяцкіх цэркваў і касцёлаў перыяду позняга барока. На жаль, у далейшым такія прыёмы і вырашэнні не атрымалі развіцця, бо з прыходам стылю класіцызму, пачалі распаўсюджвацца тыповыя праекты. Таму капліца з вёскі Каралеўцы з’яўляецца каштоўным і ўнікальным помнікам драўлянага дойлідства.

Унутранны інтэрьер адноўленай капліцы з Каралеўцаў. Музей народнай архітэктуры і побыту. 2014 год

Абавязковыя службы ў Каралеўцах адбываліся на свята Святога Мікалая – 22 мая і 19 снежня. На так званы фэст у гэтыя дні з’язджалася з наваколля да тысячы чалавек. У 1959 годзе правядзенне багаслужэнняў у капліцы ў Каралеўцах было забаронена, а праз чатыры гады закрылі і Іжскую прыходскую царкву. Пасля яе закрыцця, бліжэй да 80-х гадоў мінулага стагоддзя, капліца стала прыходзіць у занядбанне: пачаў абвальвацца дах, разбураліся вонкавыя сцены. У 1986 годзе ўсё, што засталося ад капліцы, разабралі ды перавезлі ў Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, што на той час ствараўся побач з вёскай Азярцо пад Мінскам. Гэта вялікі музей пад адкрытым небам, дзе сабраны самыя ўнікальныя і адметныя ўзоры народнага драўлянага дойлідства: цэлыя вуліцы з хатамі, крытымі чаротам і саломай, цэрквы, корчмы, млыны-ветракі, размяшчаецца там і драўляная школы з вёскі Калодчына, што на Вілейшчыне – помнік драўлянай грамадзянскай архітэктуры 1932 года. Калі было прынята рашэнне аб стварэнні беларускага музея драўлянай архітэктуры, то сталі ездзіць па ўсёй Беларусі і выбіралі самыя адметныя драўляныя пабудовы – хаты, свірны, грамадскія будынкі, млыны, культавыя пабудовы, што прызнаваліся яскравымі ўзорамі народнага дойлідства. У іх лік ўвайшла і капліца з Каралеўцаў, якая была прызнана ўнікальным помнікам народнага дойлідства, што адносіцца да тыпу храмаў «ратондаў» – рэдкай з’явы ў культавым дойлідстве Беларусі. Такім чынам капліца з вёскі Каралеўцы была перавезена пад Мінск у музей.

Здавалася, што ўнікальная капліца, помнік архітэктуры, была выратавана ад разбурэння. Аднак добрыя два дзесяцігоддзі капліца (але праўда, ужо з дахам) была нібыта ўбаку ад асноўнага жыцця мінскага музея – яна знаходзілася ў закансерваваным становішчы, а наведвальнікі аглядалі яе хіба што мімаходам. І толькі ў 2013 годзе, праз амаль тры дзясяткі гадоў пасля перавозу капліцы ў музей, дзякуючы Дзяржаўнай праграме «Культура Беларусі» капліца была поўнасцю адноўлена і ў ёй адчынена экспазіцыя для наведвальнікаў. Цяпер храм з больш як двухсотгадовай гісторыяй выглядае як новы. І хаця была цалкам абноўлена ашалёўка будынка, але пад ёй захавалі ўсе тыя аўтэнтычныя элементы, якія толькі было магчыма. Рэстаўрацыю праводзіла спецыялізаваная арганізацыя – «Белрэстаўрацыя». Паралельна з рэстаўрацыяй супрацоўнікі музея займаліся аднаўленнем інтэр’ера храма, які змяняў як канфесійную прыналежнасць, збудаваны як уніяцкі (грэка-каталіцкі), ён стаў праваслаўным, так і прызначэнне – ад могілкавай капліцы да прыхадской царквы. Інтэр’еры было вырашана рэканструяваць менавіта на першы этап гісторыі помніка, калі еўрапейскія традыцыі сакральнага дойлідства выкарыстоўваліся народнымі майстрамі на мясцовы лад. Карпатлівая праца навукоўцаў здолела аднавіць тыя цікавыя рэгіянальныя звычаі Вілейшчыны. І хаця, элементы інтэр’ера, якія сёння могуць убачыць турысты, – «родам» не з гэтага храма, але менавіта з Вілейшчыны пачатку 19 стагоддзя. Некаторыя прадметы – аўтэнтычныя, і ў выніку рэстаўрацыі яны набылі свой першапачатковы выгляд ды колеры – як, напрыклад, панікадзіла. Некаторыя прадметы прадстаўлены ў выглядзе копій: умовы, набліжаныя да натуральных, не дазваляюць захоўваць у храме арыгінальныя абразы двухсотгадовай даўніны.

На мясцовых могілках у Каралеўцах працяглы час храма не было. І толькі ў 2008 годзе, стараннямі тагачаснага настаяцеля Іжскай царквы айца Вячаслава (Вабішчэвіча) і мясцовых жыхароў, была пабудавана новая капліца. Яна была ўзведзена на месцы былой на мясцовых могілках у гонар Мікалая Цудатворца. Гісторыя старажытнай святыні не скончылася, а прадаўжаецца і па сённяшні час.

Сяргей ГАНЧАР.
Фота прадстаўлена вілейскай суполкай Таварыства аховы помнікаў імя Аляксея Лужынскага

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.


Яндекс.Метрика