Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Падвор’е і… не толькі

На самым сваім піку май прыгоршчай сыпануў нам некалькі сонечных, аздобленых веснавой квеценню дзён. Вось і мінулая субота выдалася лагоднай, спрыяльнай для ўсялякіх хатніх спраў. Асабліва тых, што ладзяцца на сваіх сядзібах і падворках. Соткі і агароды пасаджаны. Ужо прабілася пад матавай плёнкай агурочная расада, а цыбуля ў найбольш дбайных вымахала – хоць салату з яе рыхтуй. Праязджаеш па вёсках Асіпавіцкага сельсавета – і ціха радуешся. Людзі навыперадкі, нібы спаборнічаючы між сабой, удасканальваюць дызайн уласных падворкаў.IMG_4467

– Так яно і ёсць, – нібы чытае мае думкі старшыня сельвыканкама Мікалай Гіль. – Летась на гэтым двары стаялі малыя архітэктурныя формы. Сёлета, бачыце, насупраць з’явіліся… Хоць не ўсе, вядома, клапоцяцца пра належны выгляд сваіх сядзіб. Да адных можна і весніцы не адчыняць, да іншых па колькі разоў даводзіцца наносіць візіты.
У сельсавеце – 24 вёскі, 730 гаспадарак. У кожную – сельвыканкам даслаў адпаведныя распараджэнні. Хтосьці іх адразу ўспрыняў як кіраўніцтва да дзеяння. А з некаторымі спатрэбіліся асабістыя кантакты. Самым незгаворлівым «адказнікам» давялося пакінуць адпаведныя папярэджанні з абумовай мер адміністрацыйнага кшталту.
На падвор’і Соф’і Пашкуль, жыхаркі Асіпавіч, – парадак і камфорт. Сярод градак з гуркамі і цыбуляю знайшлося месца і буслінай сямейцы. Усё ж любім і паважаем мы гэтых гордых птахаў, якія з самага далёкага выраю вяртаюцца да родных гняздоўяў. Яны для нас – сімвал Радзімы, прыгоства зямлі, прывязанасці да бацькоўскіх каранёў.IMG_4470
Заўтра – гадавое свята: Сёмуха, – так называюць яго ў народзе. Вось і прыбіраюцца людзі, падкошваючы пустазелле каля платоў, упраўляючыся з косамі і сярпамі. Ёсць у сельсавеце і дзве газонакасілкі. З іх дапамогай упарадкаваны тэрыторыі ўстаноў, вытворчых аб’ектаў. У Шылавічах абкошаны сквер, у Асіпавічах – прылягаючая да возера прыбярэжная паласа. Што тычыцца сквера, ці як яго тут называюць, – парка, – гэта толькі пачатак. Аграгарадку, а Шылавічы рыхтуюцца ім стаць, патрэбна ўпарадкаваная зялёная зона, сапраўднае месца адпачынку. У старшыні сельвыканкама ёсць на гэты кошт пэўныя ідэі, але пакуль абмежаваныя сродкі для іх рэалізацыі.
А пляж мясцовага возера ўжо далёка не пусты. Першы плывец, за якім з берагу ўважліва наглядаюць бацькі, – 10-гадовы Алёшка. Смела даўшы нырца, ён задаволена канстатуе: зверху вада цёплая, а дно – халаднаватае.IMG_4475
Да адкрыцця купальнага сезону сельвыканкам усталюе тут раздзявалкі і месца агульнага карыстання. Усё павінна быць камфортна, прыстойна і цывілізавана.
Марыя КУЗАЎКІНА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 58 queries