Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

10 000 нумар газеты «ШП»

Мы адгарнулі старонкі трэцяй дваццаціпяцігодкі, дайшоўшы да самага пачатку выдання нашай газеты. Да 8 сакавіка 1945 года. Калі ў Куранцы, які тады быў райцэнтрам, выйшаў першы нумар газеты “За Совецкую Радзіму” – невялікі аркуш памерам трохі большым за А4.

Самыя першыя нумары былі прысвечаны змаганню Савецкай арміі супраць фашыстаў. Далей пайшлі матэрыялы пра адбудаванне горада і раёна. Дарэчы, газета тады не замыкалася на лакальных навінах, іх нават было значна менш за міжнародную і агульнадзяржаўную інфармацыю. Цікава, што падаваліся не толькі рашэнні з’ездаў кампартыіі СССР, а шмат было інфармацыі, падмацаванай фотаілюстрацыямі, аб стваральных поспехах савецкай дзяржавы і краін сацыялістычнага лагера. Такі падыход тлумачыўся не толькі ідэалагічнымі мэтамі, аде і тэхнічнымі абмежаваннямі – у газеце нават не было фотакарэспандэнта. Газета пяцідзясятых гадоў – амаль без фотаілюстрацый. Зрэдку на першай паласе невялічкія фотаздымкі хронікі ТАСС. З сярэдзіны шасцідзясятых газета значна змяніла дызайн – з’явілася больш фота. Як правіла, гэты былі фотапартрэты людзей працы. Шырока выкарыстоўваліся карыкатура, маляваныя сродкі аздаблення і выдзялення тэксту.

Цікавы факт: як мы сёння адзначаем юбілейны нумар выдання, так і нашы калегі ў мінулым не абміналі “круглых” лічбаў. Вось цытата з 3000-нага нумара газеты, які пабачыў свет 11 чэрвеня 1968 года: “Сёння выйшаў трохтысячны нумар раённай газеты…У пасляваенныя гады газета “За Совецкую Радзіму” друкуе матэрыялы аб стваральнай працы хлебаробаў, рабочых прамысловых прадпрыемстваў. З 1954 года газета стала выходзіць на чатырох палосах. Гэта быў орган Вілейскага гаркома КПБ, гарадского і раённага Савета дэпутатаў працоўных. На старонках газеты ў гэты час сталі выступаць калгаснікі, рабочыя, спецыялісты вытворчасці, кіраўнікі гаспадарак. Усе яны расказвалі аб сваім працоўным жыцці, поспехах, ускрывалі і недахопы, якія ячшэ перашкаджалі крочыць уперад.
У 1962 годзе газета стала абслугоўваць тры раёны: Вілейскі, Мядзельскі, Крывіцкі і выходзіла пад загалоўкам “Шлях перамогі” . Тады яна лічылася газетай абкома партыі.
У сувязі са скарачэнне Крывіцкага раёна ў 1963 годзе ў Мядзелі была арганізавана свая рэдакцыя газеты, а “Шлях перамогі” зноў стала органам Вілейскага райкома партыі, гарадскога і раённага Савета дэпутатаў працоўных”. … Вядома, адзін калектыў рэдакцыі не ў сілах рашыць тыя грандыёзныя задачы, якія стаяць на дадзеным этапе. Газета – гэта голас мас, яна робіцца народам і для народа. Вось чаму рэдакцыя ў сваёй паўсядзённай рабоце абапіраецца на шырокі актыў. Зараз у рэдакцыю нашай газеты пішуць каля ста аўтараў. Пры рэдакцыі створаны няштатныя аддзелы эканомікі, сельскай гаспадаркі, ідэалагічны, культуры і быту, прамысловасці і транспарту, ваенна-патрыятычны, працуюць няштатная маладзёжная рэдакцыя, літаратурнае аб’яднанне. Чытачам добра знаёмыя па газеце імёны настаўнікаў Якава Лобаня, Уладзіміра Брыля, Мікалая Клемантовіча, Антаніны Вішнеўскай, рабочых Віктара Залескага, Яўгена Цывількі, вучаніцы Марыі Лубнеўскай (дарэчы, праз 35 год гэтая дзяўчынка узначаліць газету. Чытачы добра ведаюць яе – размова пра Марыю Кузаўкіну – аўтар) і многіх іншых. Яны проста, зразумела пішуць аб людзях працы, аб жыцці сваіх калектываў” .

“Дарагія таварышы, давайце павядзём размову на старонках газеты аб мінулым, сённяшнім і заўтрашнім жыцці, аб тым, што яшчэ часам псуе настрой, – звярнуліся да чытачоў газеты журналісты. – Рэдакцыя раённай газеты ўпэўнена, што разам са сваімі актывістамі – рабселькорамі, чытачамі і ў дальнейшым на яе старонках будуць друкавацца змястоўныя і захапяючыя матэрыялы”.

Гэты зварот не згубіў актуальнасці і праз сем тысяч нумароў. І мы, сённяшнія журналісты, спадзяёмся, што ён спраўдзіцца.

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 105 queries