Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Дзякуй дзеду за перамогу!

У гэтыя святочныя дні напярэдадні аднаго са значных святаў нашай дзяржавы – Дня Перамогі, – мы ўсе ўзгадваем герояў тых часоў, усіх, хто ваяваў на франтах, хто пакутаваў у тыле ворага, хто працаваў на заводах, тых, хто быў вязнем лагераў смерці.

“Дзякуй дзеду за перамогу!” – гэта не проста словы, гэта асаблівая частка памяці сям’і Супрановічаў, дзе беражліва захоўваюць памяць пра бацьку, свёкра, дзядулю і прадзядулю Івана Мацвеевіча. На яго лёс было наканавана выпасці шматлікім выпрабаванням, як і ўсяму пакаленню тых часоў.

Мы сядзім за сталом у хаце Супрановічаў і разглядаем старыя фотаздымкі, дакументы, сярод якіх асаблівае месца належыць ваенным фотаздымкам і ўзнагародам Івана Мацвеевіча Супрановіча: Ордэн Айчыннай вайны II ступені, за праяўленую адвагу, стойкасць і мужнасць у баях, шматлікія юбілейныя ўзнагароды. Нарадзіўся Іван Мацвеевіч у 1912 годзе ў вёсцы Рабунь. Яшчэ маленькім зведаў цяжар ваеннага ліхалецця Першай сусветнай, асабліва калі праз Рабунь праходзіў фронт, многія хаты ў вёсцы былі спаленыя, а людзі, ратуючыся ад смерці, хаваліся па зямлянках у лясах. Затым, у 1921 годзе, нашы землі адышлі пад Польшчу. Маладога юнака Івана, якому ў 1930-я гады ўжо споўнілася васямнаццаць год, забіраюць у польскую армію.

– У сямейным альбоме захаваўся фотаздымак тых часоў, калі дзед Іван служыў у кавалерыі ў польскай арміі, – паказвае старую фотакартку з бравым юнаком у поўны рост у параднай польскай форме і з кавалерыйскай шабляй Алеся Высоцкая, унучка ветэрана. – Дзядуля расказваў, што калі прыйшлі Саветы, яго за тое, што служыў у польскай кавалерыі, хацелі пасадзіць. Але лёс распарадзіўся інакш. Пачалася вайна, Вілейшчыну занялі акупацыйныя нямецкія войскі. І яшчэ пару гадоў сям’я майго дзеда, а на той час ён ужо быў жанаты і меў дваіх сыноў, жыла пад акупацыяй. Калі прыйшло вызваленне ў 1944 годзе, усіх маладых хлопцаў прызвалі на фронт, у тым ліку і Івана Супрановіча з братам Міхаілам. Абодва яны вярнуліся з вайны.

“ Вось якія ўзнагароды атрымаў мой прадзед”, – радасна гаворыць маленькая Насця, праўнучка ветэрана, працягваючы дошчачку з развешанымі ў радок медалямі на чырвоным матэрыяле. І сапраўды, у сям’і захоўваецца частка ўзнагарод продка, іншыя з цягам часу былі страчаны.
– Я памятаю з дзяцінства, што ўсе ўзнагароды дзеда захоўваліся пад бэлькай у вялікім пакоі яго хаты. І калі прыходзіла 9 мая, дзед рукой пад бэлькай адшукваў медалі і чапляў іх на свой пінжак. Ён вельмі любіў спяваць, у яго быў патэфон, вялікая колькасць пласцінак: Шульжэнкі, Уцёсава, Бернэса. Памятаю, у яго была пласцінка з прамовай Сталіна, якую ён таксама ставіў на 9 мая. У 1990-я гады, калі ў вёсцы аднавілі царкву, ён быў званаром. Цікава, што яго дзень нараджэння мы заўжды адзначалі ўсёй сям’ёй 9 мая, бо нарадзіўся ён якраз напярэдадні гэтай даты.

Як многія франтавікі, Іван Мацвеевіч не шмат расказваў пра тыя часы, бо кожная хвіліна той памяці вельмі балюча адгукалася ў ветэранаў. На фронт яго прызвалі ў ліпені 1944 года і да пераможнага мая 1945 года Іван Супрановіч ваяваў стралком-кулямётчыкам ручнога кулямёта. Былі ў франтавіка і цяжкія раненні: у кісць рукі і перадплечча. За час лячэння ў шпіталі Іван Мацвеевіч вывучыў шмат песень з вайсковага фальклору, якія часта спяваў за сталом, калі збіраліся сваякамі ўжо ў пасляваенныя часы.

– Памятаю, як дзядуля спяваў: “В окопы нас уложили, в окопы мы улеглись…”, а мой тата падыгрываў на гармоніку. Дзядуля расказваў і некаторыя франтавыя гісторыя, якія я зараз распавядаю і сваёй дачцы. Асабліва мне запомнілася, як дзед Іван расказваў, што падабраў каску нямецкага салдата, а ў той час яны сядзелі на пазіцыях у акопах, якія перыядычна абстрэльваліся. Была восень, ішлі праліўныя дажджы, і кожны акоп быў поўны вады, і некаторыя салдаты, каб не ляжаць ў вадзе, хаваліся прысядаючы. Так рабіў і дзед, але аднойчы адзеў тую нямецкую каску, каб паказаць сябру, і раптам абстрэл. Кулі свісцелі над самымі галовамі і адна адрыкашэціла ад каскі, толькі гул у вушах пайшоў. Такім чынам нямецкая каска выратавала ад смерці. Распавядаў дзед і як абаранялі Будапешт, ваявалі ў Чэхаславакіі, як падкармлівалі палонную немку з дзіцем. Былі і такія выпадкі, калі на іх ішлі варожыя танкі, праходзячы гусеніцамі прама па акопах, у якіх яны сядзелі. Дзед расказваў як іх палітрук сваім прыкладам паказваў салдатам, якім чынам з гранатамі лажыцца пад танк, а потым узарваць яго і застацца жывым. Адным словам, на фронце было ўсяго. Вядома, што просты салдат зведаў найбольш пакут і выпрабаванняў. Таму ўсе гэтыя дзедавы аповеды перадаю сваёй дачцы, каб яна ведала гісторыю сваёй сям’і, свайго прадзеда, гісторыю сваёй краіны.

Сяргей ГАНЧАР/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 134 queries