Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Іншы чалавек, перажыўшы столькі выпрабаванняў, ачарсцвеў бы душой, але Таццяна не з такіх…

Жыхарцы Асіпавічаў Таццяне Пясецкай за яе сорак з невялічкім выпала перажыць многае. Непаравым пайшоў з жыцця бацька, дзевяцігадовым памёр яе брацік, без малога двухгадовым – сынок Сашка. У дванаццаць гадоў цяжка хварэла і яна сама, і ўрачы ўжо не давалі тады падкошанай горам маці суцяшальных прагнозаў. Менінгіт – хвароба цяжкая і непрадказальная. Дзяўчынка не памятае, як яе, ледзь жывую, верталётам перавезлі з Ашмяншчыны (Таццяна нарадзілася і расла там) у Гродна. Ці-то ўрачы там такія, ці-то дапамог Усявышні, але праз пэўны час дзяўчынка паднялася на ногі…

Іншы чалавек, перажыўшы столькі выпрабаванняў, ачарсцвеў бы душой, але Таццяна не з такіх. Яна была і застаецца адкрытай, добразычлівай, чулай. Так, лічыць, лягчэй жыць, прасцей кантактаваць з людзьмі. А яны, пераканана жанчына, у большасці сваёй добрыя і чулыя, здольныя зразумець і дапамагчы. Як і сама яна. Урэшце, даўно вядома, што добры чалавек глядзіць на свет добрымі вачыма і бачыць вакол сябе добрае.

Вуліца Цэнтральная ў Асіпавічах. Тут жыве шматдзетная сям’я Таццяны і Міхаіла Пясецкіх, у якой падрастаюць чацвёра дзетак: васьмікласніца Карына, Сярожа, які вучыцца ў чацвёртым, першакласнік Мацвей і пястушка Кацярынка, якой год і дзевяць месяцаў. Старэйшыя вучацца ў вілейскай гімназіі №2, а малодшая пакуль што з матуляй дома.

– Ніколі не думала, што будзем шматдзетнай сям’ёй, – з усмешкай прызналася Таццяна. – Так атрымалася, і кожнае дзіцятка – жаданае, пасланае Богам. Гэта ж радасць наша, уцеха і спадзяванні…

А пачыналася ўсё ў 2004-ым, калі яны, Таццяна і Міхаіл, згулялі вяселле. Жыла тады яна на Ашмяншчыне, а ён – на Смаргоншчыне, у некалькіх кіламетрах адно ад аднаго. Сустрэліся, і Міхаілу вельмі запала ў сэрца гэта дзяўчына з густымі доўгімі валасамі. Так паміж імі ўзнікла светлае пачуццё, якое разгаралася і мацнела. Пажаніліся, першыя дзеткі нарадзіліся там, на малой радзіме. А затым лёс прывёў Пясецкіх у Асіпавічы, дзе яны ўжо сталі сваімі, глыбока пусцілі карані. Міхаіл з самага пачатку працуе ў мясцовай гаспадарцы, Таццяна ў дэкрэтны адпачынак пайшла таксама з яе. Працавітай сям’і выдзелілі дом, у якім Пясецкія і жывуць.

У калісьці вядомай песні з кінафільма ёсць такія радкі: «От людей на деревне не спрятаться…» І сапраўды, тут, у вёсцы, адразу бачна, што за людзі прыехалі, якія яны гаспадары, бацькі, суседзі. Вось і да Таццяны з Міхаілам, канешне ж, адразу прыглядаліся і ўжо даволі хутка зразумелі: працавітыя людзі, талковыя. Хоць і маладыя, а адразу ж завялі гаспадарку, завіхаліся ў полі ды ў агародах.

– Колькі сябе памятаю, бацькі трымалі па дзве каровы, іншую жыўнасць на падворку, – падзялілася Таццяна. – Я з дзяцінства дапамагала, навучылася ўсяму. Таму і мы з Міхаілам маем зараз дзвюх кароў, цяля, свіней, курэй. Ну і агароды ж, як і ўсе людзі, таксама ёсць. Канешне ж, нялёгка, але нічога само сабой не даецца. Падрастаюць дзеці, дапамагаюць. А яшчэ з намі жыве мая матуля, якая, калі трэба, і есці прыгатуе, і па гаспадарцы дапаможа, і дзяцей паглядзіць. Так і жывём вялікай сям’ёй, падтрымліваючы адно аднаго і дапамагаючы.

Вельмі цёплыя адносіны ў матулі з зяцем, які паважае і цэніць Станіславу Канстанцінаўну як родную. Дарэчы, і бацькоў Міхаіла, якія жывуць на Смаргоншчыне, Пясецкія не забываюць і наведваюцца да іх сваёй дружнай сям’ёй.

– А ў нядзелю ды па святах абавязкова стараемся пабываць у касцёле, – расказала Таццяна. – Ёсць машына, таму даехаць у Вілейку не праблема. Ды і вадзіцельскія правы маю, таму іншы раз муж застаецца з Кацярынкай, калі мы ездзім.

Ёсць у Таццяны і хобі, без якога яна не ўяўляе сябе – кветкі. Яшчэ школьніцай любіла іх, таму ёй даручалі заўсёды даглядаць кветкі ў класе. Вось і цяпер падворак Пясецкіх улетку заўсёды расквечаны. Лілеі, півоні, петунія, сальвія, вербена – яны і сёлета будуць упрыгожваць двор, дзе заўсёды гучаць дзіцячыя галасы. Такое вось супадзенне: кветкі-расліны і кветкі жыцця. Пра іх, сваіх дзетак, бацькі гавораць з такой любоўю! Ды і ці трэба тыя словы, калі ў кожнай сямейнай справе, у адносінах і позірках бачыш гэтую любоў…

– Мы з мужам нярэдка пераглядаем фотаздымкі дарагіх сэрцу людзей, відэа нашага вяселля, – падзялілася Таццяна. – І ведаеце, пра што думаем? Пра хуткацечнасць часу, яго незваротнасць. Кожны дзень, кожнае імгненне непаўторныя, і не вернеш таго,што адбылося. Так і з людзьмі. Бачыш на відэа тых, хто ўжо пайшоў з жыцця, і думаеш пра гэта. Значыць, трэба правільна жыць, дарыць клопат і любоў блізкім і сябрам, цаніць кожнае імгненне гэтага жыцця, а не азмрачаць яго сваркамі, дрэннымі ўчынкамі. Гэтай мудрасці некалі мяне, яшчэ падлетка, вучыў мой тата, гэтаму вучым сваіх дзяцей і мы. Жыць трэба з любоўю…

Вось такая гэта сям’я. Працавітая, сціплая, дружная, добразычлівая і мудрая.

Ірына БУДЗЬКО/Фота з сямейнага альбома сям’і Пясецкіх

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 68 queries