Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Вадзіцель Вілейскага аўтобуснага парка №5 – “Чалавек года Міншчыны”

Учора, 18 студзеня, у Палацы культуры г. Маладзечна адбылася цырымонія ўручэння прэміі Мінскага аблвыканкама “Чалавек года Міншчыны”. Ганаровае званне прысуджана Уладзіміру Кебецу, вадзіцелю Вілейскага аўтобуснага парка, і Вячаславу Макушынскаму, дырэктару дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра “Надзея”. Інтэрв’ю з Вячаславам Макушынскім чытайце ў наступным нумары газеты.

«Чалавек года Міншчыны» – гэта ганаровае званне атрымлівае не кожны. Шлях да яго – гэта гады бездакорнай працы, назапашаныя ў сваёй сферы багаты вопыт і прафесіяналізм, адказнае стаўленне да працоўных абавязкаў, а яшчэ – асабістыя якасці характару: добразычлівасць, камунікабельнасць, здольнасць знаходзіць агульную мову з калегамі, жаданне і ўменне працаваць у камандзе.

Сёння імя Уладзіміра Уладзіміравіча Кебеца годна гучыць сярод імёнаў людзей, якія з’яўляюцца гонарам Мінскай вобласці. Больш за трыццаць год Уладзімір Уладзіміравіч працуе ў аўтобусным парку вадзіцелем. Яго маленькая радзіма – вёска Ваўкалатка, невялікі населены пункт на карце Вілейшчыны. Скончыўшы школу, Уладзімір Кебец пайшоў вучыцца ў ТУ №124 г. Вілейкі – тэхнічнае вучылішча ад завода «Зеніт», дзе атрымаў спецыяльнасць наладчыка такарных аўтаматаў і паўаўтаматаў. У 1983 годзе, пасля заканчэння вучылішча, служыў у арміі – давялося пабываць і ў Свярдлоўску, і ў Чалябінску. Вярнуўся ў Вілейку, у 1986 годзе скончыў Вілейскае СПТВ-200 па спецыяльнасці вадзіцель аўтамабіля катэгорыі «В» і «С». Працоўны шлях Уладзіміра Кебеца пачаўся ва «Аўтакалоне №2423» вадзіцелем грузавога аўтамабіля, пазней аўтакалону перайменавалі ў ГАП-6 – грузавы аўтамабільны парк. У аўтобусным парку Уладзімір Кебец пачынаў вадзіцелем аўтобуса трэцяга класа, тады, у асноўным, былі толькі ЛАЗы. З 1989 па 1999 год – на гарадскім аўтобусе, з 1999-га – у якасці вадзіцеля першага класа на «міжгорадзе». Тут іншая спецыфіка, і графік – таксама. І, канечне, не на апошнім месцы і адказнасць – за пасажыраў, у якасці якіх падчас заказных перавозак бываюць і дзеці. За рулём «аўтобусіка» (так ласкава называе Уладзімір Уладзіміравіч давераны яму транспарт) – ён з раніцы і да вечара. Трэба пільна сачыць за тэхнічным станам аўтобуса, дакладна выконваць усе нормы і правілы пасажырскіх перавозак. А яшчэ – да ўсіх людзей, з мноствам якіх прыходзіцца мець зносіны штодзённа, ставіцца ветліва і па-чалавечы. За гэта і паважаюць Уладзіміра Кебеца людзі рознага веку, гавораць словы ўдзячнасці, а ў кнізе заўваг і прапаноў пакідаюць станоўчыя водгукі. За добрасумленную працу Уладзімір Уладзіміравіч неаднойчы заахвочваўся кіраўніцтвам філіяла, ганаровая грамата ААТ «Мінаблтранс», уручаная яму ў 2017 годзе – адна з такіх узнагарод.

Калі б была магчымасць вярнуцца ў мінулае і выбраць іншую прафесію, ці скарыскаўся б гэтым Уладзімір Кебец? На гэта пытанне ён адказвае адразу, не раздумваючы – не. Быць вадзіцелем – гэта яго і выбар, і наканаванне. За больш чым тры дзясяткі год спрацаваўся з калектывам, палова якога – людзі, з якімі пачынаў працаваць яшчэ у маладосці. Яны разумеюць адзін аднаго з паўслова, перадаюць свае веды і багаты практычны вопыт моладзі. Ды і новы аўтобус, на які прапанавалі перайсці шэсць год назад, падабаецца. Хаця і былі пэўныя сумненні наконт гэтага, але калегі падтрымалі: «Згаджайся!» Сёння пра гэты выбар ён не шкадуе, прызнаецца, што яго «аўтобусіку» дастаецца нават больш увагі, чым уласнаму аўтамабілю.

А яшчэ ва Уладзіміра Кебеца пачатак працы ў аўтобусным парку стаў пачаткам і сямейнага жыцця. Яно ішло паралельна з працоўным – як па-іншаму? Жонка, Людміла Віктараўна, працуе ў яслях-садку №10, ужо дарослыя іх дзеці – дачка Марына і сын Павел. Сын жыве і працуе ў сталіцы, а дачка – у Вілейцы. Унучку і ўнука падарыла Марына сваім бацькам. Цікава, што сёлета свой прыгожы юбілей – 55 год – Уладзімір Уладзіміравіч будзе адзначаць у адзін дзень з унучкай – 18 лютага дзяўчынцы споўніцца годзік. Бо нарадзілася яна якраз на дзедаў дзень нараджэння. Радаснае і нечаканае супадзенне.

Таццяна ШАРШНЁВА.

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 69 queries