Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Новая кніга Барыса Манцэвіча «Дарога ў журналістыку»

Новая кніга Барыса Манцэвіча «Дарога ў журналістыку», якая ўбачыла свет у бягучым годзе, складзена з дзённікавых запісаў аўтара. Запісаў цікавых, адкрытых, простых. Таму і ўся кніга чытаецца вельмі лёгка, што называецца, на адным дыханні. Нам жа, журналістам, пазнаёміцца з гэтым літаратурна-мастацкім выданнем асабліва карысна, бо вельмі многа ў кнізе пра наш няпросты хлеб і пра яго прадназначэнне.

«Ніколі не думаў стаць журналістам, – напісаў ва ўступе сам аўтар. – Хацелася атрымаць адукацыю настаўніка рускай мовы і літаратуры. Чаму менавіта рускай, не ведаю. Магчыма, таму, што маці была рускай і я заканчваў рускамоўную школу?» Не збылося. Па добрай парадзе тагачаснага дырэктара Мёрскай школы (у ёй Барыс Манцэвіч вучыўся) Міхаіла Лісічонка хлопец падаўся ў журналістыку і ніколі не пашкадаваў затым аб гэтым. З яго характарам і адносінамі да справы Барыс Флоравіч быў бы добрым настаўнікам, гэта бясспрэчна. Толькі вось неяк не ўяўляецца вілейская (ды і не толькі) журналістыка без гэтага чалавека…. Так што меў рацыю дальнабачны мёрскі дырэктар, даючы ў свой час хлопцу слушную параду.

З верасня далёкага 1952-га пачаліся студэнцкія гады Манцэвіча. Вучоба на аддзяленні журналістыкі БДУ захапіла хлопца, зачаравала. А з якімі людзьмі ён тут пазнаёміўся! Марк Саламонавіч Зярніцкі, Рыгор Васільевіч Булацкі, Міхаіл Яўгенавіч Цікоцкі, Канстанцін Іванавіч Шапялевіч, Іван Васільевіч Гутараў, Сямён Лаўрэнцьевіч Абэцэдарскі… Для журналістаў пазнейшых часоў гэтыя і многія іншыя людзі – мэтры, недасягальныя ў жыцці і творчасці асобы. Барысу Манцэвічу пашчасціла асабіста ведаць, вучыцца ў гэтых людзей, і пра ўсё гэта пісьменнік даступна, паважліва і крыху з гумарам расказаў у сваёй кнізе.
Добрыя, нават сяброўскія адносіны звязвалі студэнта Манцэвіча з тады яшчэ маладымі і пакуль не вельмі знакамітымі Паўлам Місько, Анатолем Кузняцовым, Адамам Мальдзісам, разам з якімі Барыс працаваў над выпускам насценнай газеты «За перадавую навуку». Свае творы ў ёй тады змяшчалі Іван Пташнікаў, Іван Чыгрынаў, Вячаслаў Адамчык, Васіль Зуёнак, Рыгор Барадулін, Міхась Стральцоў і іншыя пачаткоўцы, а то ўжо і маладыя пісьменнікі.

З асаблівай цікавасцю я прачытала частку «Як я трапіў у Вілейку», у якой Барыс Манцэвіч расказвае пра свае ўражанні ад пачатку самастойнай працы ў вілейскай газеце і ад знаёмства з тагачасным рэдакцыйным калектывам, якім кіраваў Іван Лысоў. У матэрыялах, прысвечаных Вілейшчыне, аўтар расказвае многа таго, што будзе цікава кожнаму, хто неабыякавы да гісторыі нашага краю і яго людзей.

Асаблівай цеплынёй прасякнуты радкі, якімі аўтар апісвае сваю першую сустрэчу з дзяўчынай, што затым стала яго лёсам. Сустрэча тая адбылася ў вёсцы Анкуды, куды Барыс прыехаў да сястры Антаніны, сяброўкай якой і была маладая настаўніца Жэнечка, Яўгенія Сцяпанаўна. «Анкуды… Анкуды… Анкуды, – піша аўтар у частцы «Знаёмства з будучай жонкай». – Даліся вы мне ў знакі… Місюль (цікавае прозвішча) Яўгенія Сцяпанаўна… Працуе з 1955 года пасля заканчэння Маладзечанскага настаўніцкага інстытута. Выкладае фізіку, матэматыку. Вусны, вочы – усё прыдавала ёй выключную прыгажосць. Беласрэбныя валасы паўкругам ляжаць на плячах… Яна мне адразу спадабалася, і я падумаў: а можа, Яўгенія Сцяпанаўна і ёсць мая выбранніца?».

Такіх пранікнёна-светлых радкоў у новай кніжцы многа. Адразу адчуваецца, што ідуць яны ад самога сэрца аўтара – таленавітага журналіста і цікавага, нераўнадушнага да жыцця чалавека. Думалася, што з творчасцю Барыса Манцэвіча знаёма нядрэнна, а вось прачытала яго навінку – і адкрыла для сябе старэйшага калегу і пісьменніка ў новым святле. Наўрад ці можна ў адной публікацыі перадаць усе тыя пачуцці, якія нахлынулі, калі чытала кнігу. Ды і што перадаваць-пераказваць, лепш за ўсё узяць і прачытаць. Упэўнена, цікавае для сябе ў новым выданні Барыса Манцэвіча знойдзе кожны.

Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 88 queries