Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Арт-эстафета «Слова, першае ў жыцці…»

Напярэдадні Дня маці па ініцыятыве раённага камітэта ГА «БРСМ» адбылася арт-эстафета «Слова, першае ў жыцці…», прысвечаная самым дарагім, самым пяшчотным і самым
любімым – нашым матулям.

У намінацыях на лепшую эмблему, фотаздымак, малюнак, верш і эсэ спаборнічалі ўдзельнікі. Па выніках арт-эстафеты журы назвала імёны лепшых. У намінацыі «Фотаздымак» перамагла Кацярына Бандарэнка, настаўніца малодшых класаў сярэдняй школы №5. У намінацыі «Эмблема» лепшай была прызнана работа Ганны Тамашэвіч, вучаніцы сярэдняй школы №3. У намінацыі «Малюнак» пераможца Дзіяна Альфер, вучаніца сярэдняй школы №1. У намінацыях «Верш» і «Эсэ» таксама вызначыліся пераможцы – Віктар Бараноўскі, дзевяцікласнік ДУА «Залескі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа Вілейскага раёна», і дзесяцікласніца ДУА «Сярэдняя школа №1» Паліна Чарапан. На нашых старонках – іх творчыя спробы. Знаёмцеся.

Споведзь сына Віктар Бараноўскі

Калі самота засцілае вочы
Маёй матулі, гэтаю парой
Я да гульні не вельмі ўжо ахвочы.
Сам па сабе губляецца настрой.

Хачу я падысці к ёй і абняцца,
Сказаць, як моцна я яе люблю.
Ды сорамна чамусьці прызнавацца.
У каторы раз я зноў сябе кляну.

Хоць клопат мой, здаецца, і нябачны,
Размовы часам я імкнуся абмінуць,
Але не думай, што твой сын няўдзячны.
Я адчуваю ўласную віну.

Матуля, будзь жа ты благаславёна!
Няхай няўдача дом твой абміне.
Дабра табе жадаю, працы плённай.
Шчаслівай будзь на яве і ў сне.

Эсэ «Размова з матуляй» Паліна Чарапан

– Мама… Мам, скажы, ты памятаеш, як я ўпершыню сказала гэтае слова… Аднак не, не адказвай: які ўжо раз я пытаюся пра гэта і забываю. Прабач, я чамусьці стала забывацца на ўсё: лётаю дзесьці там, у аблоках, а між тым нават не заўважаю таго, што робіцца ў мяне пад самым носам. Ты прабач, так?

– Мамачка, а ці памятаеш тую калыханку, што ты ціха спявала мне над ложкам… Ведаеш: я і зараз часам чую яе… у сне. Як і тады, калі я была маленькая, гэтая мелодыя пераліваецца празрыстым ручайком і льецца аж пад самыя нябёсы… Туды, дзе хтосьці, мабыць, па неасцярожнасці рассыпаў залатыя гарошкізорачкі. Ты скажаш, што гэта неверагодна, аднак менавіта так мне здавалася ў тыя чароўныя залатыя часіны майго дзяцінства…

– А казку, мам?

І ты расказвала казкі. Менавіта расказвала, а не чытала. Адкуль ты іх столькі ведаеш? Кожны дзень новая казка! Мяне не трэба было угаворваць ісці спаць. Я ведала, што зараз прыйдзе мамачка і пачнецца чараўніцтва. Мне здавалася, што птушкі ўмеюць размаўляць, а кветкі танцаваць. Я сапраўды верыла, што Дзюймовачка жыла ў пялёстку ружы.
– Падумаць толькі, як даўно гэта было, а можа, і зусім нядаўна…

– Ведаеш, мамачка, я нават не магу сабе ўявіць, што б стала са мною, калі б цябе не было побач.

Часам мне здаецца, што я маленькая кветачка ў вялізным полі, а ты маё сонейка. І калі сонейка зіхаціць на небе, то ўсё навокал такое незвычайнае, такое прыгожае: кветачкі ў полі цудоўныя і яркія, паветра свежае і чыстае, а ветрык лагодны і шчаслівы. Калі ж хмара часам закрывае сонейка і пачынаецца сумны дождж, кветкі вакол закрываюцца і губляюць свае колеры, ветрык рассейваецца, і ўсё становіцца такое шэрае, такое сумнае, што нават самой хочацца падчас заплакаць з кропелькамі дажджу… Аднак хмара нарэшце адступае, і пад промнямі сонечнага святла з лужыны ўзнікае вясёлка – усё зноў ажывае… І жыццё здаецца бясконцым шчасцем. І ты заўсёды са мною побач, мая мілая мамачка. Я вельмі люблю цябе, вельмі шкадую.

І хоць часам я бываю такая непаслухмяная, аднак не думай, мамачка, не думай, што я гэта наўмысна. Ніколі-ніколі не думай так і прабач… Прабач мне, калі ласка. Так?!

– А?.. Ты спіш?.. Спі, спі, родная… Я тут, я павартую твой сон… Спі… Я люблю цябе… Я вельмі люблю цябе… Спі…

Таццяна ШАРШНЁВА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 66 queries