Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

«Пакацілася сонейка…» Пад такой назвай выйшла ў свет новая кніжка Віктара Кажуры

Прыемная навіна: ужо ў бягучым годзе РУП «Выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» выпусціла кніжку вершаў і загадак пра месяцы года нашага земляка Віктара Кажуры «Пакацілася сонейка…» Гэты зборнік уключаны ў спіс твораў для пазакласнага чытання ў чацвёртым класе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання па вучэбным прадмеце «Літаратурнае чытанне», рэкамендаваны вучэбнай праграмай.

Новая кніжка, думаецца, зацікавіць юных чытачоў. У ёй сабраны цікавыя загадкі і вершы пра ўсе поры года, прапанаваны займальныя заданні для дзетак. Акрамя таго, зборнік прывабіць прыгожай ілюстрацыяй, ярка-сакавітымі фарбамі.

Сёння – першы дзень апошняга зімовага месяца, пра які ў кніжцы напісана, што «завірухі і мяцелі ў лютым прыляцелі». Сёлета, праўда, пакуль не прыляцелі… Але ж давайце разам з Віктарам Кажурам узгадаем, якім ён, люты, нам уяўляецца:

Рэкі лёдам моцна скуты,
Лес загадкава гудзе –
Гэта брат малодшы – люты –
Рэй зімовы сам вядзе.
Буры-сцюжы наганяе,
Булавой па дрэвах б’е,
Белы кужаль намятае,
Снегавую пражу ўе.

Гэтак жа вобразна і свежа напісаў паэт пра кожны месяц. Чытаецца кніжка лёгка, на кожнай старонцы нават дарослага чакае нейкае адкрыццё. Думаецца, нашым дзецям вельмі карысна будзе пазнаёміцца з навінкай вілейскага паэта. Бо ў ёй – пра нашу радзіму, яе прыгажосць і прыроднае багацце.

Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 59 queries