Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Першы камень у падмурак вілейскага касцёла 110 гадоў назад заклаў пан Аляксандр Любанскі

110 гадоў таму заклалі першы камень у фундамент вілейскага касцёла, які па праву лічыцца адным з сімвалаў нашага горада. Вернікі Вілейшчыны прайшлі складаны шлях, перш чым быў дадзены дазвол на будаўніцтва галоўнай каталіцкай святыні горада. Цяжкія часы разбурэння, аднаўлення, закрыцця і вяртання з небыцця прайшоў будынак касцёла, але не страціў сваёй велічы і першапачатковага вобліку. Сёння ён адпавядае значэнню гістарычнага помніка і занесены ў Дзяржаўны спіс нароўні са старажытнымі святынямі Беларусі. Гэты велічны будынак бачны здаля і з’ўляецца галоўным арыенцірам для даследчыкаў. Калі вывучаюцца старыя фотаздымкі, то навукоўцы прыглядаюцца, ці бачна вежа касцёла ў цэнтры павятовага горада – тады фотаздымак анатуюць як від Вілейкі. Гэта сапраўдны арыенцір не толькі для гісторыкаў, але і для ўсіх вернікаў каталіцкага веравызнання, што дае магчымасць дакрануцца да Божай міласці і спасцігнуць сутнасць быцця. Узгадаем гісторыю будаўніцтва святыні і тых людзей, якія прыклалі шмат намаганняў, каб ёй быць узведзенай і ў вяках упрыгожваць горад, даючы магчымасць віляйчанам маліцца ў сваім уласным касцёле.

1907 год, закладка вуглавога каменя будучага касцёла. У цэнтры - Аляксандр Любанскі
Закладка першага каменя будучага касцёла. У цэнтры Аляксандр Любанскі, 1907 г.

Доўгая і складаная гісторыя будаўніцтва касцёла ў Вілейцы. У студзені 1793 года Вілейскае староства пасля чарговага падзелу Рэчы паспалітай увайшло ў склад Расійскай імперыі, а 3 мая 1795 года мястэчка Вілейка паводле ўказа імператрыцы Кацярыны ІІ стала горадам – павятовым цэнтрам.

Дазвол на ўзвядзенне першага каменнага касцёла быў атрыманы ў Міністэрстве ўнутранных спраў Расіі яшчэ 22 лютага 1861 года. Трэба адзначыць, што да сярэдзіны XIX стагоддзя рымска-каталіцкага храма ў Вілейцы не было, патрэбы мясцовых каталікоў задавальняла толькі невялікая драўляная капліца, што знаходзілася «у палацы старасцянскім», г.зн. у маёнтку вілейскага старасты, які стаяў на месцы былой танцпляцоўкі на беразе Віліі і адносілася яна да Куранецкай парафіі. Калі ў 1810 годзе ў Вілейцы адбыўся вялікі пажар і згарэла большая частка драўлянай Вілейкі, тады ж агнём была знішчана і палацавая драўляная капліца.

Крыжаўзвіжанскі касцел 1918 г
1918 г.

Для будаўніцтва каменнага касцёла на перакрыжаванні вуліц Георгіеўскай (цяпер Вадап’янава) і Пушкінскай (цяпер 17 Верасня), дзе  месціцца сучасны «Беларусбанк» і гарадскі ўнівермаг, быў створаны арганізацыйны камітэт, які разглядаў некалькі праектаў будучага касцёла. Калі праект быў зацверджаны і патрэбныя грошы ў суме 7400 рублёў былі сабраны, арганізатары будоўлі ўнеслі грошы ў мясцовае казначэйства. У хуткім часе ксёндз Севярын Мікутовіч надаў мясцоваму прыходу статус самастойнай парафіі, пасля чаго ў 1862 годзе значнымі тэмпамі і пачалося ўзвядзенне святыні. Усімі работамі кіраваў маршалак вілейскі пан Тукала з Альковіч, на 1863 год ўжо былі ўзведзены сцены касцёла пад самы дах. Аднак паражэнне паўстання 1863-64 гадоў прывяло да жорсткіх рэпрэсій з боку ўлад, асабліва супраць прадстаўнікоў шляхты. Будаўніцтва касцёла было спынена ў стадыі завяршэння, а праз дзесяць гадоў яго перабудавалі ў саборную праваслаўную царкву імя Святога Георгія.

Капліца на Гарадзішчы
Капліца на Гарадзішчы

Каталікі горада доўгі час мелі толькі невялічкую каплічку, што пабудавалі побач з царквой у гарадскім парку. Цікава, што нават пазбавіўшыся парафіяльнай святыні, Вілейка працягвала заставацца цэнтрам дэканата. І вось час змяніўся, і 17 сакавіка 1905 года Мікалай ІІ выдаў царскі маніфест аб свабодзе веравызнання – усе рэлігійныя культы станавіліся роўнымі перад законам. Зноў было прынята рашэнне аб будаўніцтве касцёла ў Вілейцы. 19 студзеня 1906 года ў адпаведны аддзел Віленскага губернатарства паступіла прашэнне ад духоўнай кансісторыі па гэтаму пытанню. Да яго прыкладаўся план будучага касцёла і каштарыс на суму ў 30 тысяч рублёў. Усе старанні для атрымання дазволу на будоўлю касцёла ўзяў на сябе пан Аляксандр Любанскі з маёнтка Любань. З паноў-каталікоў была ўзята падпіска аб тым, што неабходныя сродкі яны збяруць шляхам добраахвотнага абкладання па тры капейкі з кожнай дзесяціны прыналежнай ім зямлі. Пан Аляксандр Іванавіч Любанскі перадаў пад будаўніцтва касцёла сваю зямлю у цэнтры горада, абавязаўшыся ўласным коштам поўнасцю справіць унутранае аздабленне святыні. Па яго прыкладу пачаліся і іншыя ахвяраванні і падтрымка многіх паважаных і ўплывовых людзей Вілейшчыны.

Свята-Георгіеўская царква, былы першы касцёл Вілейкі. 1917 год
Свята-Георгіеўская царква, якая будавалася як першы касцёл Вілейкі. Фота 1917 г.

Узвядзенне велічнага касцёла ў гонар Узвіжання Святога Крыжа паводле праекта грамадзянскага інжынера Аўгуста Клейна пачалося ў 1907 годзе (Клейн аўтар праекта касцёла і ў Іллі). Аўгуст Клейн распрацаваў праект, які першапачаткова прадугледжваў намнога большы аб’ём касцёла. Так па архіўным чарцяжам першапачатковага праекты мы можам бачыць не падвойныя вокны на фасадах, а патройныя, іншую форму даху з люкарнямі, а галоўны ўваход у храм першапачаткова не размяшчаўся ў створы галоўнага нефа, што ў цэнтры галоўнага фасада, а быў змешчаны з боку вежы-званіцы. Архітэктура храма была вытрымана ў стылі неагатычнага кірунку эклектыкі з элементамі неараманікі, рэнесансу і готыкі. Дарэчы, і ўсе гіпотызы, што вежаў ў касцёла павінна было быць дзве – не спраўджваюцца, бо на разгорнутым плане адназначна відаць толькі адна вежа, праўда з дадатковымі бакавымі і ўваходнымі вежачкамі з зубцамі і конусным дахам. Але гэты праект быў перапрацаваны і будаўніцтва касцёла адбывалася па змененаму праекту Клейна, які быў крыху меншы па памерах за першы, аднак у тым жа стылі. Сам Аўгуст Клейн з’яўляўся галоўным кіраўніком будоўлі да 1912 года.

Першапачатковы план касцёла
Першапачатковы план касцёла

І вось, 21 ліпеня 1907 года ў Вілейцы на адведзеным пляцы пад будаўніцтва касцёла (квартал былых вуліц Пушкінскай, Мікалаеўскай, Гогалеўскай і Нарачанскай) адбылася ўрачыстая закладка каменя ў падмурак будучага храма. Быў закладзены і асвечаны вуглавы камень пад касцёл, на ўрачыстасць з’ехалася вялікая колькасць людзей – жыхароў горада і навакольных вёсак, нягледзячы на дождж. Усё распачалося святочнай працэсіяй, што праводзіў плебан з Касцяневічаў ксёндз Крывіцкі. Святую імшу правёў ксёндз дэкан Віктар Белазор, затым ксёндз Раманоўскі з Параф’янава прамовіў казанне, і нарэшце ўсе адправіліся да фундаменту для ўсталявання вуглавога каменя і яго асвячэння.

Падчас адмаўлення малітваў, звязаных з асвячэннем каменя, у фундамент была ўкладзена  таксама шкляная капсула з пергаментам, дзе абвяшчалася, што «… 8 ліпеня (па старому стылю) 1907 года дэкан Вілейскі Віктар Белазор з благаслаўлення епіскапа Віленскага заклаў першы камень і блаславіў прыход будучага храма ў Вілейцы…». Пергамент быў падпісаны сябрамі будаўнічага камітэта:  Аляксандрам Любанскім з маёнтка Любань (старшыня камітэта), Ігнацыям Багдановічам з маёнтка Арпа (скарбнік), архітэктарам Аўгустам Клейнам з Вільні, Мечыславам Багдановічам з маёнтка Абадоўцы (фінансавы старшыня камітэта), Ігнацыям Тукалам з маёнтка Асцюковічы і іншымі.

рэстаўрацыя касцёла
Касцёл падчас рэстаўрацыі, 1980-ыя гады

З 1912 годзе будоўлю ўжо працягваў М. Філіповіч-Дубовік, архітэктар з Вільні. 9 верасня 1913 года храм быў асвечаны. Гліну на цэглу тэракотавага колеру для будаўніцтва вілейскага касцёла бралі каля вёскі Воўкаўшчына, цяпер на месцы былога кар’ера  штучнае возера за гарадской аўтазапраўкай. Унутры касцёл быў распісаны пад мазаічныя арабескі, якія аднавілі падчас рэстаўрацыі 1980-х гадоў, захавалася да нашых дзён і першапаатковая мазаічная падлога. Высата храма складае 48 метраў, а ў самім храме рэдкая акустыка – 4 секунды вібрата.

У 1922-28 гадах Крыжаўзвіжанскі касцёл рэстаўравалі, бо ён моцна быў пашкоджаны падчас артылерыйскіх артабстрэлаў часоў Першай сусветнай вайны ў 1915 годзе. У  1931 годзе архібіскуп Рамуальд Ялбжыкаўскі кансекраваў святыню. У гэты час да Вілейскай парафіі  прыпісвалася і капліца ў вёсцы Гарадзішча (зараз раён старых каталіцкіх могілак за царквой Свяціцеля Ціхана на “Шанхаі” ). У перыяд з 1921 па 1939 гады вілейскі касцёл  быў і цэнтрам вайсковай парафіі пад тытулам Святога Анджэя Баболі, якая абслугоўвала гарнізоны ў акругах Вілейкі, Маладзечна, Дзісны і Пастаў. А на парафіяльных могілках у Вілейцы быў збудаваны мемарыял ў гонар салдат, што загінулі ў 1918-20-х гадах.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны, у 1946 годзе, касцёл быў зачынены і выкарыстоўваўся як склад пад розныя тавары. Але пазней, храм прызналі помнікам архітэктуры і дзякуючы намаганням культурнай грамадскасці і сям’і Цітовічаў, яго пачалі рэстаўраваць. У 1978 годзе па праекту архітэктара Людмілы Паўлавай пачалася рэстаўрацыя. Пасля завяршэння рэстаўрацыйных работ 16 кастрычніка 1988 года тут быў адчынены Дом мастацтваў імя Н.Ю.Сілівановіча.

У пасляваенныя гады перастаў існаваць і будынак першага касцёла Вілейкі, пераробленага ў Свята-Георгіеўскую саборную царкву. Храм сур’ёзна пацярпеў ад бамбардзіровак падчас вызвалення горада ў Вялікую Айчынную вайну, і ў савецкі час яго руіны былі разабраныя. У гады атэізму была знішчана і капліца на могілках ў Гарадзішчы.

У 1990 годзе Крыжаўзвіжанскі касцёл быў перададзены вернікам. Пачалося аднаўленне святыні, у  1991 годзе пачалі адбудоўваць галоўны алтар, з Латвіі былі прывезены 3 статуі: Божай Маці, Св. Францыска і Св. Антонія, якія размясцілі ў бакавых алтарах. У 1991 годзе адбылося вяртанне і галоўнай святыні касцёла – іконы Бажай Маці Міласэрднай (Вострабрамскай) з касцяневічскага касцёла. Мастак Эдуард Мацюшонак абнавіў фрэску “Нясенне крыжа” на паўночным фасадзе касцёла. Яе замалёўвалі, аблівалі кіслатой, але выява Хрыста праяўлялася. Вілейка сёння па-ранейшаму мае статус цэнтра дэканата.

У 2013 годзе вілейская святыня адзначала сваё 100-годдзе з дня пабудовы і веліч нашага касцёла і надалей будзе упрыгожваць гарадскую прастору. 14 верасня вернікі адзначылі прыстольнае свята сваёй святыні і як заўжды вілейскі касцёл на восеньскі фэст быў поўны прыхаджан. Няхай так і будзе надалей.

Сяргей ГАНЧАР.
Фота прадстаўлена Дзянісам Канецкім

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 52 queries