Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Нерэалізаваная гісторыя: праекты цэркваў і касцёлаў, якія не былі пабудаваны ў Вілейцы

Мы працягваем серыю артыкулаў «Страчаная спадчына Вілейшчыны», у якой распавядаем пра ўнікальныя аб’екты сакральнай і грамадскай архітэктуры, што напаткаў лёс забыцця: яны былі спалены падчас войнаў, разбураны ці сышлі ў нябыт са знікненнем паселішчаў, зменай дзяржаў і па многіх іншых прычынах. Мы закранём пласт адметных будынкаў драўлянага і мураванага дойлідства Вілейшчыны: касцёлаў і цэркваў, сінагог і капліц, што існавалі на нашай тэрыторыі і пра якія мы ведаем цяпер толькі па старых фотаздымках, з надрукаваных і вусных успамінаў, з навуковых даследаванняў.

Велічныя касцёлы і цэрквы Вілейскага раёна сапраўдная славутасць нашай зямлі. У нас захаваліся драўляныя цэрквы 18 стагоддзя, унікальныя капліцы-пахавальні былых шляхецкіх сядзіб, каменныя касцёлы эпохі класіцызму, барока і готыкі. Усе гэтыя архітэктурныя аб’екты ствараюць не толькі духоўны падмурак нашай Вілейшчыны, але і надаюць непаўторны архітэктурны каларыт раёну. Многае знікае з цягам часу, але тое, што захоўваецца,з’яўляецца прыкладам імкнення нашых продкаў пакінуць ў спадчыну наступным пакаленням велічныя і ўнікальныя будынкі сакральнай і грамадзянскай архітэктуры.

Але ёсць і яшчэ адзін цікавы факт гісторыі вілейскай архітэктуры, які можна аднесці да страчанай спадчыны – гэта праекты цэркваў і касцёлаў, якія не былі пабудаваны ў нашым горадзе па розных прычынах. Для будаўніцтва адных аб’ектаў замаўлялася некалькі праектаў, і сярод іх выбіралі найбольш прымальны, будаўніцтва другіх было спынена з-за змены дзяржаў і гістарычных перыядаў, а рэалізацыя трэціх не адбылася па прычыне недахопу фінансавання. Вось пра такія праекты цэркваў і касцёлаў мы і ўзгадаем у сённяшнім артыкуле, так бы мовіць, паразважаем, што магло быць на нашай тэрыторыі.

Першае ўзгадванне праваслаўнага храма ў мястэчку Вілейка адносіцца да 1567 года, і вядома, што на гэты час царква ўжо дзейнічала. У 1775 годзе на месцы першага храма (зараз плошча Свабоды) з’явілася новая драўляная царква, пабудаваная на сродкі вілейскага старасты Юзэфа Паца. У 1830-я гады ў Вілейцы збудавалі другую праваслаўную царкву, якая была ўзведзена на новай гарадской плошчы. У гэты час павятовы горад Вілейка змяняўся, ўздоўж Віліі была разбіта сетка кварталаў – як працяг першых вуліц. Дзве драўляныя царквы – былую ўніяцкую (на сучаснай плошчы Свабоды) і новую Свята-Мікалаеўскую (у межах сучаснага гарадскога парка) – і дзве плошчы з’яднала вялікая Мінска-Дзісненская вуліца – паштовы тракт (зараз вул. Савецкая). Новая царква была драўляная на каменным фундаменце. Як яна выглядала, можна пабачыць на фотаздымку Яна Балзункевіча пачатку 20 стагоддзя, зробленым ўжо Мядзелі.

Фота вілейскай царквы перавезенай ў Мядзел

Калі пабудавалі каменную Марыінскую царкву і перабудавалі былы касцёл у Свята-Георгіеўскую царкву, вілейскі драўляны храм, было вырашана перадаць веруючым у Мядзел, бо там царква сгарэла. Такім чынам драўляны Свята-Мікалаеўскі храм разабралі і перавезлі ў суседні Мядзел, дзе сабралі ў тым жа самым выглядзе. Але ў Расійскім гістарычным архіве не так даўно былі знойдзены тры праекты царквы для Вілейкі 1829 года. Паміж імі і выбіралі, якой павінна была стаць новая праваслаўная царква ў Вілейцы на новай гарадской плошчы. Сярод праекта быў варыянт і каменнага храма, і два варыянты драўлянага на каменным фундаменце. Вось праекты цэркваў, якія маглі быць пабудаваныя ў нашым горадзе.

 

Праект №1 каменнай царквы ў Вілейцы 1829 года
Праект №2 драўлянай царквы на каменным фундаменце ў Вілейцы 1829 года

Да сярэдзіны 19 стагоддзя у самой Вілейцы не існавала касцёла. Толькі ва ўрочышчы Гарадзішча, што зараз месціцца паміж царквой на «Шанхаі» і Ляснымі могілкамі, была каталіцкая капліца, прыпісаная да куранецкага касцёла. У 1840 годзе быў падрыхтаваны праект пабудовы драўлянага касцёла, але ідэя будаўніцтва не была здзейснена, бо на той час нашы землі былі ўцягнуты ў паўстанне 1830-1831 гадоў, якое актыўна падтрымала і вілейская шляхта. У самой Вілейцы дзейнічалі паўстанцкія атрады і працаваў паўстанцкі камітэт. Пасля падаўлення паўстання пачаліся рэпрэсіі з боку царскай улады, канфіскацыя маёнткаў і зямель у шляхты. Менавіта гэтыя падзеі ў наступнае дзесяцігоддзе пасля паўстання, а таксама неабходнасць будаўніцтва побач з драўляным астрогам каменнага і скасавалі ўсе планы па будаўніцтве першай каталіцкай святыні. Дарэчы, у 1846-м годзе імператар Мікалай I зацвердзіў «Праект турэмнага замка ў павятовых гарадах на 100 арыштантаў», і на месцы, абраным для будаўніцтва касцёла ў Вілейцы, у 1857 годзе быў пабудаваны вялікі каменны турэмны замак, які дзейнічаў больш за сто гадоў і ў былым будынку якога з 1960-х па чэрвень 2018 года знаходзіўся анкалагічны дыспансер. Зусім нядаўна ў Расійскім дзяржаўным гістарычным архіве быў знойдзены праект драўлянага касцёла, які быў спраектаваны спецыяльна для Вілейкі. Гэты «План на будаўніцтва драўлянага прыхадскога рымска-каталіцкага касцёла ў павятовым горадзе Вілейка Віленскай губерні», больш верагодна, і ёсць той праект, што павінен быў рэалізоўвацца ў першай палове 19 стагоддзя ў нашым горадзе (па сучаснай вуліцы Першамайскай). Гэта быў праект барочна-класічнага касцёла з адной вежай-званіцай на фасадзе.

Праект драўлянага касцёла ў Вілейцы

Толькі напачатку 1860-х гадоў у Вілейцы пачалося будаўніцтва першага касцёла ў горадзе. Напярэдадні, у 1858 годзе, дваране Бяліковічы для будаўніцтва касцёла беcкарысна перадалі для гэтага прыналежны ім надзел зямлі ў 900 квадратных сажняў (зараз месца сучаснага будынка “Беларусбанка”). Па акту, складзенаму ў студзені 1859 года, на будаўніцтва касцёла мясцовая шляхта Вілейскага павета рабіла ўзнос па 10 капеек с кожнай рэвізскай душы з уласных даходаў. Рэвізскіх душ у памешчыкаў было 18204, таму на будаўніцтва касцёла было сабрана 1820 рублёў і 40 капеек. Каля тысячы рублёў выдаткавала на будаўніцтва рымска-каталіцкая духоўная калегія, а астатняе – ахвяраванні прыходу. 17 мая 1861 года праект пабудовы каменнага касцёлу быў зацверджаны Аляксандрам ІІ. Будаўніцтва святыні пачалося 14 верасня 1861 года ў класічным стылі з двума 2-яруснымі чатырохграннымі вежамі.

Праект каменнага касцёла 1861 года

Урачыстая закладка новага касцёла адбылася 14 верасня 1861 года, аднак дзейнічаць першаму касцёлу ў Вілейцы так і не давялося – будаўнічыя работы яшчэ не былі скончаны, як з-за актыўнай падтрымкі мясцовай шляхтай нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863-1864 гадоў, будаўніцтва касцёла было спынена і доўгі час заставалася не завершаным. Хаця, трэба адзначыць, будынак быў адбудаваны да вежаў і заставалася толькі правесці ўнутраную аддзелку. Каля дзесяці гадоў першы вілейскі касцёл стаяў недабудаваным. Так, у лютым 1866 года інжынер Полазаў (архітэктар Св.-Марыінскай царквы) па даручэнні старшыні Віленскай губерніі Панюціна склаў праект і каштарыс на перабудову касцёла для размяшчэння ў ім урадавых устаноў: у горадзе не было будынка «прысутных месцаў». Яшчэ была ідэя размясціць у недабудаваным касцёле акруговы суд, але і яна не мела вынікаў. Затым праз пэўны час епіскап Ковенскі Іосіф звярнуў увагу мясцовага кіраўніцтва і генерал-губернатара на недабудаваны каменны касцёл і прапанаваў перарабіць яго ў праваслаўную царкву, тым самым зменшыць вельмі вялікі прыход Свята-Марыінскай царквы. Так і адбылося… Пры перабудове будынка былі зменены аконныя праёмы, дэкор сцен, форма франтона, дах завяршыўся шатровымі вежамі з цыбульнымі галоўкамі, над цэнтрам храма з’явіўся 8-мігранны барабан пад такім жа шатром з галоўкай.

Фота Свята-Георіеўскай царквы, што першапачаткова будавалася як касцёл

 

27 кастрычніка 1874 года ў памяць аб былой царкве на пл. Георгіеўскай (зараз пл. Свабоды) храм асвяцілі ў імя велікамучаніка Георгія Пераможца. Пасля перабудовы храм атрымаў рысы рэтраспектыўна-рускага стылю.

Сяргей ГАНЧАР.
Фота праектаў прадстаўлена Дзянісам КАНЕЦКІМ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 53 queries