Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Прыгажосць Боскага свету

Ужо другі год запар Даўгінаўская сярэдняя школа з’яўляецца ўдзельнікам абласнога педагагічнага праекта “Духоўна-маральнае развіццё вучняў пасродкам асваення айчынных праваслаўных традыцый у адукацыйным працэсе”. Важная састаўная частка дзейнасці ў рамках названага праекта – узаемадзеянне з праваслаўнай царквой.

Настаяцель Свята-Троіцкай царквы аграгарадка Даўгінава айцец Іаан Ліннік – самы актыўны ўдзельнік праекта, які побач з намі і ў святы і ў будні. Кожны месяц ён прыходзіць у школу і гутарыць з вучнямі рознага ўзросту, з настаўнікамі і бацькамі аб каштоўнасці чалавечага жыцця, аб павазе да старэйшых, аб недапушчальнасці шкодных звычак, аб фарміраванні станоўчых маральных якасцей…

З вялікім задавальненнем па ініцыятыве айца Іаана вучні старэйшых класаў прынялі ўдзел у конкурсе мастацкай творчасці, прысвечаным 75-годдзю Вялікай Перамогі, з мілагучнай назвай “Прыгажосць Боскага свету”. Старшакласнікі прадставілі ў Маладзечненскую епархію апавяданні і малюнкі прапанаванай тэматыкі.

І вось напачатку лістапада нас запрасілі ў Гімназію-каледж мастацтваў горада Маладзечна на заключнае мерапрыемства конкурсу. Наша дэлегацыя ў складзе 12 чалавек адправілася ў вельмі прыемнае падарожжа.

Арганізатары і журы конкурсу – прадстаўнікі Маладзечненскай епархіі, дырэктар гімназіі-каледжа мастацтваў, выкладчыкі спецдысцыплін, дызайнеры, краяведы, мастакі і пісьменнікі – прывіталі таленавітых дзяцей, якія сабраліся ва ўтульнай актавай зале. Было сказана, што прадстаўленыя работы адкрылі ўсім прысутным іншы навакольны свет: яскравы і радасны, незвычайны і загадкавы. А прысвячэнне твораў Вялікай Перамозе прадэманстравала любоў маладых людзей да радзімы, захаванне памяці аб ахвярным подзвігу нашых продкаў, повязь пакаленняў розных часоў. Усе ўдзельнікі конкурсу былі адзначаны дыпломамі епіскапа Маладзечненскага і Стаўбцоўскага.

Сярод пераможцаў рэгіянальнага конкурсу – вучні нядзельных школ пры праваслаўных храмах, школ мастацтваў, навучэнцы гімназіі- каледжа г.Маладзечна, а таксама звычайныя школьнікі. Вельмі прыемна, што работы нашых адзінаццацікласніц Пратасевіч Софіі (апавяданне) і Целеш Кацярыны (малюнак) таксама сталі пераможцамі конкурсу і адправяцца на далейшы рэспубліканскі, а, мабыць, і міжнародны этап. Па словах членаў журы, спецыялісты і далей не змогуць не заўважыць майстэрства і шчырасці прадстаўленых работ.

Святочная цырымонія і непаўторны канцэрт лепшых творчых калектываў гімназіі-каледжа кранулі нас да глыбіні душы. На сённяшні дзень карціны ўсіх удзельнікаў конкурсу “Прыгажосць Боскага свету” ўпрыгожваюць выставачную залу гімназіі-каледжа мастацтваў, дзе кожны наведвальнік можа ачысціцца душой, спасцігаючы творчасць юных, таму што менавіта такія творы, як было сказана, з’яўляюцца сапраўднымі шэдэўрамі так званага “чыстага мастацтва”.

Але сапраўдным падарункам для ўсіх удзельнікаў педагагічнага праекта стала навіна аб тым, што апавяданне Пратасевіч Софіі аб гісторыі вайны ў лёсе сваёй сям’і “Памяць у сэрцы жыве” стала пераможцам рэспубліканскага этапу конкурсу.

30 лістапада ў Духоўна-адукацыйным цэнтры Маскоўскага патрыярхату Беларускай праваслаўнай царквы горада Мінска, куды Софія адправілася са сваімі бацькамі, адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання з удзелам епіскапа Барысаўскага і Мар’інагорскага Веніяміна. Мерапрыемства пакінула глыбокі след у душах усіх яго ўдзельнікаў, бо яшчэ раз, зусім па-новаму, адкрыла прыгажосць Боскага свету.

Таццяна Зубель, кіраўнік праекта, Настасся Млечка, Паліна Місун, Дзіяна Скадыня, удзельнікі праекта Даўгінаўскай СШ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 143 queries