Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Страчаная спадчына Вілейшчыны. Маёнтак Дзевятні Ігнація Ходзькі

Мы працягваем серыю артыкулаў «Страчаная спадчына Вілейшчыны», у якой распавядаем пра ўнікальныя аб’екты сакральнай і грамадскай архітэктуры, што напаткаў лёс забыцця: яны былі страчаны з часам, спалены падчас войнаў, разбураны ці сышлі ў нябыт.

Маёнтак Дзевятні, 1877 год. Гравюра Напалеона Орды
Маёнтак Дзевятні, 1877 год. Гравюра Напалеона Орды

Невялічкая вёска Навасады, што месціцца побач з Рускім Сялом, на ўскрайку нашага і Смаргонскага раёнаў, налічвае зараз толькі некалькі хат і прыгожае возера, яшчэ ў пачатку 19 стагоддзя была шырока вядома сярод інтэлігенцыі таго часу. Тут размяшчаўся маёнтак Дзевятні слыннага роду Ходзькаў. Адзін з яго апошніх уладароў Ігнацій Ходзька меў сусветную вядомасць. Сюды на вечары ў яго салон часта з’язджаліся знакамітасці: пісьменнік Адам Міцкевіч, этнограф і даследчык Адам Кіркор, гісторык і этнограф Яўстафій Тышкевіч, мастак Напалеон Орда, паэт Антон Адынец, пісьменнік Тамаш Зан і многія іншыя. Ігнацій Ходзька, у гонар якога ў нашым горадзе названа адна з вуліц і на будынку насупраць ваенкамата ўсталявана памятная дошка, з’яўляецца адной з самых знакамітых фігур мінулага на Вілейшчыне. Сын беларускай зямлі, які на той час пісаў па-польску, таму і з’яўляецца класікам польскай і беларускай літаратуры, творы якога яшчэ пры жыцці сталі хрэстаматыйнымі.

Ігнацій Ходзька ў сваім маёнтку Дзевятні. Малюнак Анатоля КАПЦЮГА
Ігнацій Ходзька ў сваім маёнтку Дзевятні. Малюнак Анатоля КАПЦЮГА

Маёнтак Дзевятні Андрэй Міхал Ходзька, прадстаўнік старажытнага шляхецкага роду Ходзькаў герба Касцеша, атрымаў у шлюбе з Аленай Слізень у 1732 годзе ад Валодзькаў. З таго часу больш за двухсот гадоў маёнтак Дзевятні належаў Ходзькам. Ігнацій Ходзька, які нарадзіўся ў радавым маёнтку свайго дзеда па маці Заблошчына (у наш час на месцы гэтага маёнтка размяшчалася Касцяневіцкая сельская бальніца), большую частку свайго жыцця правёў у маёнтку Дзевятні другога дзеда па лініі бацькі – Міхала Ходзькі. Непадалёку ад Дзевятнёў размяшчаўся маёнтак Рускае Сяло, які спачатку належаў Міхаілу Мацкевічу, старшыні гродскага суда Завілейскага павета, а затым яго сыну Крыштофу, адстаўному капітану, на старэйшай дачцы якога Людвізе Мацкевіч і ажаніўся Ігнацый Ходзька. Маёнтак Дзевятні складаўся з адной сядзібы, чатырох вёсак і двух засценкаў, а менавіта: Навасады, Мардасы, Вераб’і, Локачы, Грыбок і Пасечна.

На жаль, не засталося вядомых нам фотаздымкаў сядзібы Дзевятні, але як выглядала гэта славутая некалі мясціна, мы ведаем з замалёўкі вядомага мастака Напалеона Орды. Ён намаляваў краявід Дзевятнёў з сядзібным домам у 1877 годзе. Сядзіба Ходзькаў складалася з двух будынкаў: жылога дома, невялікага, але зручнага і акуратнага, пакрытага высокім гладкім чатырохскатным дахам з гонты, і адметнага будынка лямуса. Галоўным упрыгожваннем сядзібнага дома быў парадны ўваход з ганкам і чатырма каменнымі калонамі. Невялікі кампактны сядзібны дом быў характэрны для маёнткаў таго часу. Сам дом быў пабудаваны на каменным фундаменце з цясаных бярвенняў і абшыты дошкамі. У доме было дзевяць пакояў, у пяці большых былі кафляныя печы. Першы і самы вялікі пакой служыў салонам, быў светлым і прасторным. Першапачаткова гэты пакой сумяшчаў функцыі салона і хатняй капліцы. Па вядомым нам апісанні, сцены салона былі ад падлогі да вокнаў абшыты дошкамі, пафарбаванымі ў белы колер, а ад вокнаў да столі абабіты матэрыялам з раслінным арнаментам. Прастор паміж вокнамі займала вялікае люстэрка, адлітае ва Урэччы на мануфактуры Радзівілаў, якое было абрамлена крыштальнай рамай, што паўтарала венецыянскае шкло. Тут меліся часы ў залачонай філіграннай аправе, а на сценах былі развешаны старажытныя абразы і два вялікіх памераў партрэты гетманаў Яна Сабескага і Міхаіла Радзівіла. У пакоі, які служыў кабінетам Ігнація Ходзькі, стаяла шырокая зашклёная кніжная шафа і пісьменны стол, што быў заўжды загрувашчаны кнігамі.

На невялікай рачулцы Зусты (прытоку Спягліцы, якая непадалёк ўпадае ў Нарачанку) перад сядзібным домам была зроблена плаціна. Яна ўтварала шырокі стаў з чыстым люстэркам вады. З адваротнга боку вадаёма быў парк і бярозавы гай. У возеры сеткамі лавілі рыбу – шчупакоў і карпаў, а праз грэблю і масткі пятляла сцяжынка ў сам парк. Ігнацій Ходзька намнога павялічыў дзедаў парк, упрыгожыў яго, заняўшы частку бярозавага гаю, якая захінала яго з поўначы, і зрабіў разгалінаванні сцяжынак і алей, а на рэчцы Зуста усталяваў масткі, высадзіў кветкі на клумбах. У парку раслі бэз і язмін, летам спявалі салаўі. Па ўсім парку разбягаліся ў розныя бакі сцяжынкі і алеі, частка сцяжынак вяла да альтанкі. Як пісаў Адам Кіркор, парк у Дзевятнях – гэта жывая хроніка лепшых дзён нашай літаратуры першай паловы 19 стагоддзя. У прыгожай альтанцы са старых ліп, дзе размяшчаліся столік і дзярновыя лаўкі, Ігнацій Ходзька любіў весці бяседы са сваімі сябрамі Антоніем Адынцом і Юльянам Корсакам і часта гасціўшай у яго пісьменніцай з недалёкіх Дабраўлян Габрыэлай Пузынай. Мелася ў парку і каменнае крэсла, вычасанае з валуна, на якім таксама ў спякотнае надвор’е любіў сядзець і разважаць Ігнацій Ходзька. Гэтае каменнае крэсла захавалася да нашага часу і зараз месціцца ў імправізаваным музеі валуноў каля будынка РЭСа.

Недалека ад сядзібнага дома размяшчаўся двухпавярховы лямус – прыклад малой архітэктуры і ўзор адметнага беларускага дойлідства. Гэта было квадратнае ў плане збудаванне ў два ярусы зрубнай канструкцыі. Трэць будынка, павернутая ў бок сядзібнага дома, мела на вышыні першага яруса галерэю, што складалася з калон. На яе вялі высокія прыступкі. Лямус пакрываў гонтавы чатырохскатны прыгожа ламаны дах. Ён быў пабудаваны з цясанага бярвення, меў чатыры акны, пад будынкам месціўся каменны склеп. У летнія часы лямус служыў Ігнацію Ходзьку адначасова і рабочым пакоем, і спальняй. Тут ён перанес на паперу значную частку сваіх твораў. Побач за лямусам стаяў будынак кухні, якая таксама была збудавана з цясанага бярвення і мела два пакоі. На возеры месціўся вадзяны млын, а ў суседніх Навасадах – хата для млынара. З іншых будынкаў гаспадарчага двара меліся стайня для коней, свіран, лядоўня, некалькі хлявоў і ток. У Пасечна размяшчалася кузня, а ў вёсцы Локачы і засценках Грыбок і той жа Пасечне – тры пастаялыя дамы.

Вось як Ігнацій Ходзька сам апісваў сваю сядзібу: «Дом невялікі, але ўтульны і чысты, займае частку вельмі мілага вясковага краявіду. Перад ім вялікае возера, чыстая і люстэркавая паверхня якога далёка прадаўжае сядзібу. За возерам парк, у якім дом здаецца ўрослым, акружае яго ззаду і з бакоў. А рэчка, што выцякае з возера і бяжыць праз парк, аб’ядноўвае ў адно ўсю сядзібу». Апошнім уладальнікам маёнтка Дзевятні быў унук пісьменніка Ігнація Ходзькі Лявон Свянтэцкі, які памёр у 1907 годзе. Радаслоўная Ігнація Ходзькі мае свой працяг і ў наш час. Як вядома, дачка пісьменніка, Станіслава, выйшла замуж за Свянтэцкага, маршалка Свянцянскага павета, і яны ў шлюбе мелі пяць дзяцей. Адна з іх дочак, Марыя, выйшла замуж ужо ў Францыі за Густава Чаховіча, які ў 1863 годзе быў паўстанцкім ваенным начальнікам Свянцянскага павета. У іх нарадзілася дачка Сафія, што пабралася шлюбам з Марсэлем дэ Бровусэ. У іх было трое дзяцей, адна з якіх – дачка Гелена – выйшла замуж за Казіміра Святлодыч-Кісяля і мела дваіх дзяцей – Ганну і Аляксандра. Сям’я Аляксандра Святлодыч-Кісяля зараз жыве ў Францыі і ганарыцца сваім знакамітым прашчурам з Вілейшчыны.

Лёс Дзевятней, як і амаль большасці сядзібна-паркавых комплексаў Вілейшчыны, быў вырашаны вайной і савецкім часам. Сядзібны дом маёнтка Дзевятні згарэў у канцы Вялікай Айчыннай вайны, а ў 1980-я гады былі канчаткова выкарчаваны рэшткі панскага сада, а рэчку Зусту, якая абрамляла сад, выпрамілі, зрабіўшы з яе канаву. Зараз на месцы маёнтка Дзевятні ворыўнае поле, што побач з вёскай Навасады, дзе, праўда, засталася адноўленная сажалка.

Сяргей ГАНЧАР

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 110 queries