Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Удзельнікі фонда памяці «Крокі» падвялі вынікі і акрэслілі планы на бягучы год

У апошнія дзесяцігоддзі ў Беларусі намаганнямі падзвіжнікаў і валанцёраў, супрацоўнікаў музеяў, неабыякавых да сваёй гісторыі мясцовых жыхароў і дзяржструктур робіцца шмат, каб вярнуць памяць пра Першую сусветную вайну. Створаны сям’ёй Цітовічаў фонд памяці «Крокі» і ўсе іх паплечнікі – прыклад менавіта такіх падзвіжнікаў.

Мясцовы дабрачынны культурна-гістарычны фонд памяці Першай сусветнай вайны «Крокі» створаны ў 2012 годзе сям’ёй Цітовічаў, а яго мядзельскі і пастаўскі філіялы зарэгістраваныя ў 2017 годзе. Тая работа, якая праводзіцца намаганнямі сяброў фонда, уражвае. Дзясяткі знойдзеных і адноўленых месцаў пахаванняў воінаў Першай сусветнай вайны прыведзены ў парадак і пашпартызаваны. У архівах Беларусі і Расіі праводзіцца каласальная работа па вяртанні імён ахвяр той вайны, пра тых, хто загінуў,і тых, хто выжыў. Неабыякавасць і павага да памяці – гэта першае, што рухае сябрамі фонда.

– Яшчэ ў часы Першай сусветнай салдаты, якія напрыканцы вайны былі ў цяжкіх умовах, прама кажучы, кармілі вошай у акопах, ахвяравалі апошнюю капейку на будаўніцтва капліц на розных ваенных брацкіх могілках. І такі яскравы прыклад мае Вілейка. Па сёння ў Марыінскай царке горада захоўваюцца дакументы будаўнічага савета, які разаслаў «Воззвание» на ўсе франты, каб ўзвесці на мясцовых брацкіх могілках, дзе было пахавана больш паўтысячы салдат, якія загінулі пры вызваленні Вілейкі ў 1915 годзе, капліцу. Але самае галоўнае, што захаваліся і сотні лісткоў пераводаў, якімі галодныя і знясіленыя салдаты пераводзілі грошы на будаўніцтва вілейскай Свята-Мікалаеўскай капліцы. На жаль, здарылася рэвалюцыя 1917 года і ўсе намаганні па будаўніцтву не здзейсніліся, а грошы прапалі. Гэту справу мы разам з віляйчанамі здзейснілі толькі ў 2015 годзе, праз сто гадоў. Але здзейснілі яе супольна, як гэта рабілі нашыя дзяды і прадзеды. І людзей трэба прывучаць да ахвярнасці дзеля памяці, дзеля будучых пакаленняў.

Гэтыя факты падчас выніковага пасяджэння фонда «Крокі» ўзгадаў стваральнік музейнага комплекса памяці Першай сусветнай вайны ў вёсцы Заброддзе і стваральнік фонда Барыс Цітовіч. Сапраўды, мы забыліся на ахвярнасць дзеля памяці. А гэта тое, што робіць нас людзьмі, ўдзячнымі патомкамі і сапраўднымі патрыётамі малой радзімы. Бяспамяцтва – самы вялікі грэх, які вядзе да поўнага духоўнага спусташэння цэлых нацый.

Штогод удзельнікі фонда збіраюцца разам, каб падвесці вынікі праведзенай працы ў мінулым годзе і акрэсліць планы на год бягучы. У гэты раз «крокаўцы» сабраліся ў мястэчку Нарач, каб агаварыць планы года і падзякаваць за значную і актыўную працу кожнага сябра фонда, а асабліва мядзельскага філіяла, намаганнямі ўдзельнікаў якога быў распрацаваны сайт фонда krokiww1.by.

У гэтым годзе на сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі гісторыка-патрыятычнага клуба «Пошук» з Пінска. Дырэктар фонда «Крокі» Наталія Радзевіч і старшыня клуба «Пошук» Пётр Атанаў падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве, бо пінскія калегі таксама актыўна працуюць у русле пошука і аднаўлення пахаванняў Першай сусветнай на Брэстчыне. Шмат гаварылі і абмяркоўвалі ўдзельнікі пасяджэння і ўсе акрэсленыя планы, а яны вельмі маштабныя, будуць абавязкова рэалізаваны: ад аднаўлення і ўсталявання помнікаў на месцах пахаванняў салдат Першай сусветнай да адзначэння даты 105-годдзя вызвалення Вілейкі ў 1915 годзе. А як жа іначай, прыклад ПАМЯЦІ трэба паказваць, каб нашы прагматычныя душы ХХІ стагоддзя не патанулі ў бяспамяцтве.

Даведачна:

Асноўнай мэтай фонду «Крокі» з’яўляецца ажыццяўленне дзейнасці, накіраванай на ўвекавечанне памяці герояў, ахвяраў і падзей Першай сусветнай вайны 1914-1918 гадоў, на фарміраванне грамадзянскай адказнасці сучаснікаў шляхам засваення ўрокаў сусветных ваенных трагедый. Узнікненне фонду стала вынікам вялікіх намаганняў групы аднадумцаў, якім неабыякава памяць пра воінаў, што загінулі ў гады Першай сусветнай на тэрыторыі Беларусі, і з’явілася працягам шматгадовай працы па ўвекавечанні памяці.

яргей ГАНЧАР/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 64 queries