Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Ад некалі значнай гаспадарскай сядзібы Чурлёны засталіся толькі першы гараж на Беларусі, адзіны дзеючы млын і лес баршчэўніка

«Прыпыніся, вандроўнік! Дакраніся і рукой, і сэрцам да гэтых камянёў
І няхай душа твая напоўніцца любоўю да роднай старонкі,
Роднай сядзібы і хаты, якія знёс бязлітасным подыхам няўмольны час.
Няхай заўсёды будзе з табой пачуццё нашчадка сваіх блізкіх і далёкіх продкаў,
Адчуванне сваіх каранёў, сваёй Бацькаўшчыны!»

lycavichy-gaspadarchy-dvor-3369-1430998115_b1

Гэтыя пранікнёныя словы напісаны на галоўным валуне «Мемарыяла былых вёсак», які месціцца каля Снежкава. І менавіта гэтыя словы з’яўляюцца ўступам да серыі матэрыялаў рубрыкі «Вілейшчына шляхецкая», якую мы працягваем артыкулам пра маёнтак Чурлёны.

lycavichy-gaspadarchy-dvor-3369-1430998117_b4
Будынак гаража і дома арандатара

Значныя страты панесла палацава-сядзібнае і садова-паркавае дойлідства Вілейшчыны. Гады войнаў, вандалізму, бездухоўнага прагматызму знеслі ў нябыт асяродкі нацыянальнай шляхецкай і свецкай культуры. Многія са спаленых, разрабаваных, знішчаных сядзіб Вілейскага раёна былі ў мінулым калыскай інтэлігенцыі, ачагамі распаўсюджвання нацыянальнай культуры, крыніцай творчага натхнення выдатных дзеячаў навукі і культуры не толькі беларускага, але і суседніх народаў.

На вялікі жаль, аб былой велічы шляхецкіх асяродкаў зараз нам нагадваюць толькі рэшткі гаспадарчых будынін маёнткаў, культавай архітэктуры і крушні валуноў падмуркаў сядзіб у Стайках, Сэрвачы, Асцюковічах, Мацькаўцах, Старынках, Лыцавічах, Любані і ў іншых паселішчах раёна.

lycavichy-syadziba-39616-1461675841_b1
Рэшткі падмурка сядзібы

Шляхецкая культура Вілейшчыны хоць і знікла з надыходам 1939 года, але памяць людзей, спадчына выдатных дзеячаў культуры, палітыкі, агранаміі, вайсковай справы засталася. А тыя велічныя і па-гаспадарску ўладкаваныя сядзібы хоць і зніклі з карты раёна, але яны не страціліся зусім і працягваюць сваё жыццё ў складзе паселішчаў, якія расшырэннем сваіх памераў паглынулі былыя «дваранскія гнёзды».

Па кнігах беларуса Караткевіча, рускіх Тургенева, Купрына і іншых мы больш-менш уяўляем, якімі былі панскія маёнткі, дваранскія гнёзды, шляхецкія фальваркі – сядзібы, якія належалі памешчыкам. Іх продкі – гэта служылыя людзі, якія атрымалі ў карыстанне зямлю (маёнтак) за выкананне дзяржаўнай службы. З часам многія маёнткі станавіліся спадчыннымі, сядзібы абрасталі паркамі, сажалкамі, стайнямі, броварамі… Такія сядзібы заўжды былі агменямі культуры, тут ствараліся бібліятэкі, хатнія музейныя калекцыі, партрэтныя галерэі, аранжарэі, звярынцы, архівы… На той час гэта была раскоша.

lycevichi_1980g_

Цікавы факт для Вілейскага раёна – у аграгарадку Лыцавічы Іжскага сельсавета  большасць устаноў і арганізацый, у тым ліку і школа, носіць назву Чурлёнская. Чаму так? А звязана гэта з назвай былога панскага маёнтка «Чурлёны», а пазней хутара, якія размяшчаліся побач з сучасным аграгарадком Лыцавічы. Цяпер тэрыторыя гэтага маёнтка з’яўляецца часткай саміх Лыцавіч, як і хутар Чурлёны, які далучылі ў 1966 годзе да сучаснай вёскі. Але памяць аб існаванні Чурлён засталася ў назвах устаноў і арганізацый.

vilreg09
Былы паравы панскі млын

Назва маёнтка Чурлёны паходзіць, хутчэй за ўсё, ад літоўскага слова, што азначае чурлянне ручая (крыніцы), бо сядзіба ў ХV стагоддзі размяшчалася менавіта ва ўрочышчы, дзе і былі крыніцы. Дакладная дата заснавання паселішча Чурлёны невядомая, але вілейскія краязнаўцы разам з Анатолем Рогачам абнародвалі архіўны дакумент, які датуецца 1414 годам і сведчыць, што Вялікі князь Літоўскі Вітаўт выдаў Зяновію Бартошычу пацвярджэнне на права валодання бацькоўскімі маёнткамі, сярод якіх «Чарлёна над возерам Спягла», зараз гэта Вішнеўскае возера. Такім чынам, ужо на пачатку XV стагоддзя Чурлёны былі вядомым і сфарміраваўшымся маёнткам. У пазнейшы час Чурлёнамі валодаў багаты род Радзівілаў, якія перадалі яго роду Ракіцкіх, і гэта паселішча і маёнтак некаторы час так і называліся – Ракіцкаўшчына. Пры наступных гаспадарах сядзібы вярнулася былая назва, і працяглы час Чурлёнамі валодалі Сулістроўскія. У 1799 годзе ў сядзібным доме, уладальніцай маёнтка Чурлёны пані Сулістроўскай, была адчынена капліца, якая абслугоўвалася ксяндзамі з Шэметава. Дзейнічала капліца да 1825 года.

Напрыканцы ХІХ стагоддзя маёнтак перайшоў да роду Бачкоўскіх. Прадстаўнік гэтага роду і ўладальнік маёнтка Уладзімір Бачкоўскі ў 1908 годзе атрымаў ад Віленскага губернскага будаўнічага аддзялення дазвол на будаўніцтва ў Чурлёнах двухпавярховага каменнага бровара (спіртзавода) і аднапавярховага каменнага будынка пад склад, якія далі новы подых развіццю сядзібы. Будаваў бровар інжынер Аўгуст Клейн, аўтар касцёлаў у Вілейцы і Ільі.

lycevichi-046
Жорны адзінага дзеючага на Вілейшчыне млына

Верагодней за ўсё, першы сядзібны дом у маёнтку Чурлёны быў пабудаваны пры Якубе Ракіцкім, затым ён неаднаразова перабудоўваўся іншымі гаспадарамі. Напрыканцы ХІХ стагоддзя сядзібны дом прадстаўляў сабой невялікі аднапавярховы будынак, які размяшчаўся ў глыбіні парку на вяршыні пагорку ля грэбеня параўнальна крутога схілу. Кароткая дарога з бутавым пакрыццём, якая вяла ад цэнтральнай алеі, выводзіла на даволі вялікі круглы газон дыяметрам 70 метраў, размешчаным перад маёнткам. Уезд у сядзібу быў абсаджаны вязам, ільмам, клёнам. Па ўспамінах старажылаў сядзібны дом і парк былі вельмі прыгожымі. У маёнтку размяшчалася вялікая бібліятэка, а інтэр’еры панскага дома ўпрыгожвалі карціны, вытанчаная мэбля, розныя падсвечнікі і кандэлябры.

churleny-syadziba-39616-1327666821_b1
План сядзібы Чурлёны, складзены С. Барысам і У. Малахавым

Панскі двор быў моцна разбураны ў 1915–1917 гады, падчас Першай сусветнай вайны, калі праз Іжаншчыну праходзіла лінія фронту і разгортваліся значныя баявыя дзеянні. У міжваенны перыяд гаспадаром маёнтка Чурлёны быў Эдвард Красіцкі, унук Уладзіміра Бачкоўскага. Менавіта пры Красіцкім на гаспадарчым двары быў пабудаваны паравы млын, які захаваўся да нашага часу і з’яўляецца адзіным дзеючым млынам на тэрыторыі Вілейшчыны сёння. Млын пабудаваны ў 1926 годзе, аб чым сведчыць надпіс па муроўцы франтона, з бутавага камення, чырвонай і жоўтай цэглы (на фасадзе камень колаты). У звязцы ўзоры з чорнага друзу. Па абодва бакі дзвярэй ўмураваныя жарнавы – чырвоны і светла-шэры. Вуглы і праёмы – са светла-чырвонай цэглы. Франтоны цагляныя з арачнымі вокнамі. На тылавым фасадзе ў шчыце дзверы для выхаду на балкон. Да асноўнага будынку млына прыбудавана кацельная. Вада ў кацельню падавалася з паўночных сажалак па пракладзеным у зямлі драўляным водаправодзе, фрагменты якога яшчэ можна знайсці ў зямлі і зараз.

lycavichy-gaspadarchy-dvor-3369-1422548512_b1
Франтон млына з годам пабудовы

Канчаткова сядзіба сфармавалася ў эклектычных формах у пачатку ХХ стагоддзя. Яна займала частку невялікага пагорка і прылеглую да яе тэрыторыю. У сувязі з асаблівасцямі рэльефа ў аснову планіроўкі сядзібы быў пакладзены прынцып колавай панарамы з параднай часткі. Акцэнтамі бліжніх перспектыў з’яўляліся 5 вадаёмаў, размешчаных у паніжэннях з паўночнага і ўсходняга бакоў сядзібы. У сажалках разводзілі шмат рыбы. Перападам вышынь забяспечвалася бязмежнасць дальніх перспектыў. З параднай часткі сядзібы добра праглядаліся не толькі паўночныя, але і ўсходнія сажалкі, размешчаныя па рэчышчы маленькага ручая. Адна з іх знаходзілася на адной восі з першымі, яднаючыся пратокай з вялікай Г-падобнай сажалкай, якая ахоплівала сядзібу з усходняга боку. Каля яе і быў пабудаваны бровар (спіртзавод), як адзначалася вышэй, у 1908 годзе Уладзімірам Бачкоўскім. На вялікі жаль, бровар не захаваўся да нашага часу, але ў архіўных дакументах падаецца невялікае яго апісанне. Гэта была каменная двухпавярховая будыніна, якая размяшчалася каля вялікай сажалкі. Пабудаваны бровар быў разлічаны на дзве нарадкі (заторы) па 160 пудоў бульбы (пуд: 40 фунтаў = 16,38 кг) у дзень кожная. Праца ў ім ішла днём і ноччу, а вырабленую гарэлку экспартавалі таксама і за мяжу. Спірт вырабляўся з бульбы, якую разам з развіццём вінакурэння садзілі ўсё больш як у маёнтку, так і ў сялянскіх гаспадарках. Была ўзведзена і ёмкасць – цыстэрна на 5000 вядзёр гарэлкі. Побач меўся каменны аднапавярховы будынак пад склад. Бровар прыносіў нядрэнны прыбытак гаспадарам маёнтка.

Праз дарогу месціўся яшчэ адзін вадаём, ад якога ішоў канал, які праз лугі адводзіў ваду ў Вішнеўскае возера. Апошнімі гідратэхнічнымі збудаваннямі сажалка павялічана да вельмі вялікіх памераў, а з другога боку дарогі ўтвораны яшчэ адзін невялікі вадаём. У выніку, у сённяшні час сфармавана вялізнае жывапіснае воднае люстэрка аграгарадка Лыцавічы, якое прымыкае да закінутай панскай сядзібы.

Уладальнік маёнтка пан Красіцкі ў 1920–30-х гадах перадаў Чурлёны арандатару Вайноўскаму, які займаўся тут гаспадаркай. А сам Красіцкі жыў у Варшаве.

Парк маёнтка Чурлёны адносна невялікі, яго плошча без сажалак каля 6 гектараў. За круглым газонам, які з’яўляўся галоўным планіровачным элементам, перпендыкулярна асноўнай алеі парку размяшчаўся сядзібны дом, які не захаваўся да сённяшняга часу, а толькі засталіся руіны падмурка. Пейзажная частка парку прымеркавана да падножжа пагорка, які прадстаўляе сабой ніжнюю, добра выраўненую, тэрасу. Схіл пагорка добра апрацаваны, а на газоне тэрасы раслі дрэвы, мелася многа дэкаратыўных кустарнікаў (бэз, ружы, снежнаягаднік, брызгліна, ляшчына), у парку свабодна ўтрымліваліся і гулялі паўліны. Пейзажны парк, які сфарміраваўся ў эклектычных формах у пачатку ХХ стагоддзя, выдзяляецца арыгінальнасцю планіровачнай пабудовы і размяшчаўся ў двух узроўнях: на вяршыні пагорка і яго падножжы.

Стары дрэвастой панскага парку амаль поўнасцю высечаны, але на яго месцы развіўся шчодры падрост высокай якасці ў асноўным вегетатыўнага паходжання. Аснову маладога дрэвастою складае вяз гладкі, клён вастралісты, ясень звычайны, ліпа. Маецца вольха чорная, таполя даўгалістая, шмат садовай формы явара. Дрэвы парку моцна пацярпелі ў суровую зіму 1939 – 1940 гадоў, але аднавіліся парасткамі. Лепшыя дрэвы дасягаюць вышыні 15 метраў, дыяметр 32-36 сантыметраў. Ясень, клён, ліпа ўзнаўляліся парасткамі, растуць кустом звычайна па 3-4 ствалы ў гняздзе.

У паніжэннях за паркам размяшчаюцца наступныя пары сажалак невялікіх выцягнутых памераў. Сцежка па дамбе ставоў вяла ў паўночную частку парку, дзе раслі пладовыя дрэвы і ягадныя кусты. Галоўная алея маёнтка, перасякаючы сядзібу, вяла ў гаспадарчы двор, размешчаны ў паўночнай частцы маёнтка. Гаспадарчы двор складаўся з будынкаў каменнай аборы (кароўніка), гумна, стайні для коней, свірна, некалькіх хат для батракоў і пакаёвак, а таксама непасрэдна млына, бровара і склада.

Вакол векавых ліп размяшчаўся пчальнік і былі растаўлены вуллі. Побач працавала млячарня, дзе перараблялі малако. На гаспадарчым двары выдзяляўся вялікімі памерамі (80 на 15 метраў) будынак гумна з высокім дахам з залобкамі і прыгожым франтонам з бярвення. Ён быў разабраны некалькі гадоў таму, як і будынак каменнай аборы, ад якога засталіся толькі часткова бутавыя сцены.

Такім чынам, ад некалі значнай гаспадарскай сядзібы Чурлёны засталіся толькі парк з рэшткамі падмурка панскай сядзібы, перабудаваны і паўразбураны адзін з першых на Беларусі будынак гаража для аўтамабіляў, будынак адзінага дзеючага на Вілейшчыне млына і некалькі фрагментаў сцен панскай аборы. А таксама сажалкі, вакол большасці з якіх непраходныя зараснікі баршчэўніка.

Сяргей ГАНЧАР.
Фота radzima.net

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 55 queries