Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Усё тут ад слова «добра»…

Святлана Млечка – адна з лепшых аператараў машыннага даення малочнатаварнага комплексу «Добравічы» РСУП «Першы Беларускі».

У той жнівеньскі святочны для працаўнікоў РСУП «Першы Беларускі» дзень, калі ў Людвінова былыя і сённяшнія працаўнікі гаспадаркі адзначалі 80-годдзе з дня яе ўтварэння і традыцыйны раённы конкурс «Уладар сяла», на ўрачыстасць прыйшлі і прыехалі многія. Яно і зразумела: кожны з удзельнікаў свята ў свой час працаваў альбо працуе цяпер у гэтай гаспадарцы, а гэта значыць, частка жыцця звязана менавіта з ёй.

На свяце сярод іншых працаўнікоў «Першага Беларускага» была ў той дзень і адна з лепшых аператараў машыннага даення малочнатаварнага комплексу «Добравічы» Святлана Млечка. З хваляваннем у ліку лепшых прымала яна заслужаныя словы падзякі за сумленную працу і ўзнагароду. Што думалася ў той час жанчыне?

– Думалася пра тое, што ўсё маё жыццё звязана з бацькаўшчынай, з роднай вёсачкай Добравічы, дзе нарадзілася і вырасла, пра важную жыццёвую дарогу, якая, як ні круці, вядзе да фермы, цяпер ужо – да комплексу…

Добравічы. Прыгожая вёсачка з такой прыгожай назвай. Святлана ўжо з дзяцінства іншы раз задумвалася над гэтым і разважала так: і вёсачка прыгожая, і назва, і галоўнае, людзі, якія тут жывуць і працуюць, добрыя, прыгожыя душой. Старэйшая ў працавітай сялянскай сям’і, Святлана з двума малодшымі братамі часта бегала на ферму, дзе працавала іх мама, таксама знакамітая на той час даярка Леакадзія Кузьмінічна Аўгусціновіч. Гэта быў яшчэ той час, калі кароў даілі ўручную. Справа, канешне, нялёгкая, але дзеці, у тым ліку і хлопцы, добра яе асвоілі. Ды і дома хапала спраў, як і ва ўсіх вясковых гаспадароў, была ў Аўгусціновічаў і жыўнасць, і агароды, і «соткі». Вясковай дзетвары таго часу абавязкаў па гаспадарцы хапала….

Закончыўшы Людвіноўскую сярэднюю школу, Святлана, як і некаторыя яе знаёмыя і сябры, вырашыла падацца ў горад – паступіла вучыцца ў тагачаснае вучылішча №124 пры заводзе «Зеніт». Скончыла яго, пачала самастойны шлях на прадпрыемстве. Тут жа, на «Зеніце», працаваў тады і Валерый Млечка, аднавясковец і амаль што сусед. Узаемныя сімпатыі звязвалі іх і раней, а тут, у «зенітаўскі» перыяд жыцця, яны сталі яшчэ мацнейшымі, і неўзабаве маладыя стварылі сям’ю.

– Як і ўсіх маладых, нас таксама хвалявала пытанне ўласнага жылля, – расказала Святлана Іосіфаўна. – Канешне ж, хацелася як мага хутчэй мець свой куток, каб жыць самастойна. У Вілейцы такой перспектывы на бліжэйшы час не праглядвалася, а ў нашай вёсцы якраз было свабоднае жыллё… Для гэтага, праўда, трэба было працаваць тут, у гаспадарцы. Мама тады, памятаю, сказала нам: «А што, вяртайцеся, дзеці, дамоў. Працаваць трэба ўсюды, і для вас гэта не навіна. Трэба ж некаму жыць і ў вёсцы…» І мы вярнуліся.

Тагачасны кіраўнік гаспадаркі Генадзь Міргалоўскі прыняў маладых на працу, а неўзабаве выдзеліў ім жыллё. Праз пэўны час у сям’і нарадзіліся сыны – у 1988-ым – Дзмітрый, а яшчэ праз два гады – Яўген. Адбыўшы дэкрэтны водпуск з малодшым, Святлана выйшла працаваць на ферму аператарам машыннага даення, дзе працуе і цяпер. Муж увесь гэты час шчыруе ў рамонтнай брыгадзе, займаецца рамонтам розных непаладак у гаспадарцы. То з транспарцёрам на ферме нейкая праблема, то з сушылкай у час уборачнай, то з вадой – без слесараў гэтай брыгады не абысціся. За гады працы прыйшло майстэрства, што дазваляе ім спраўляцца з самымі рознымі па складанасці задачамі.

У маладосці, прыгадвае Святлана Іосіфаўна, яны з мужам трымалі немалую гаспадарку. Была і кароўка, бо падрасталі дзеці, свае малачко ды масла ім былі патрэбны. Зараз жа сыны дарослыя, на сваім хлебе, абое працуюць у Мінску. Паменела людзей у хаце – крыху меншай стала і гаспадарка. Пакуль што, дзеліцца Святлана Іосіфаўна, ні адзін з сыноў не парадаваў іх з мужам унукамі, ды гэта справа часу. А вось свае родныя Добравічы іх хлопцы вельмі любяць і пры любой магчымасці прыязджаюць дамоў, дапамагаюць ва ўсіх гаспадарчых справах.

Пра свае працоўныя будні Святлана Іосіфаўна расказвае так: з шасці да дзесяці раніцы – дойка, затым пару гадзін адпачынак і з дванаццаці зноў дзённая дойка, пасля – перапынак на свае дамашнія клопаты, а недзе з сямі да паловы адзінаццатай вечара – зноў комплекс. За доўгія гады працы аператары машыннага даення прывыклі да такога рэжыму, навучыліся па ім жыць і ўсё паспяваць. Прыгадваючы мінулае і параўноўваючы яго з днём сенняшнім, Святлана Іосіфаўна адзначае: умовы зараз зусім іншыя – усё механізавана, у памяшканнях чысціня, парадак. І самі аператары – прафесіяналы сваёй справы, кваліфікаваныя спецыялісты і адказныя працаўніцы. Урэшце, так характарызуе іх непасрэдны кіраўнік – галоўны заатэхнік гаспадаркі Святлана Аўгусціновіч. Чатыры аператары машыннага даення працуюць на комплексе, адзначыла Святлана Васільеўна, і кожная з гэтых жанчын заслугоўвае падзячных слоў за сваю сумленную працу і лепшыя чалавечыя якасці.
У гэтыя дні гераіня нашай публікацыі знаходзіцца ў адпачынку. Хоць які ён, гэты адпачынак, у сельскай жыхаркі… Спраў па гаспадарцы ўсё роўна хоць адбаўляй, толькі паспявай рабіць. Але як бы ні была занятая, клапатлівая дачка знойдзе хвілінку, каб наведацца да маці, у свой бацькоўскі дом, які знаходзіцца непадалёку. У такі момант нам і пашчасціла сустрэць іх абедзвюх – маці, Леакадзію Кузьмінічну, і дачку, Святлану Іосіфаўну. Яны не проста родныя людзі, яны – калегі, аднадумцы, якім заўсёды ёсць пра што пагаварыць.

– Вельмі добра, што дачка жыве зусім побач, – прызналася маці, з гонарам гледзячы на прадаўжальніцу сваёй справы, – што мы вось так можам сустракацца, гаварыць, раіцца. Канешне ж, нялёгкая ў яе праца, на сабе зведала. У мяне больш за трыццаць пяць гадоў стажу працы на ферме. У маладосці даводзілася нам з мужам паездзіць па свеце, але ж ўсё роўна вярнуліся сюды, у свае Добравічы… Працавала, многія гады на ферме, была мясцовым дэпутатам, выводзіла ў людзі дзяцей. Яны, дарэчы, усе жывуць і працуюць тут, на бацькоўскай зямлі. Вось і дачцэ, як і мне, вельмі добра ў нашых Добравічах.

Не, зусім недарэмна назвалі некалі гэту вёску такой прыгожай назвай – жывуць тут працавітыя і добрыя людзі.

Ірына БУДЗЬКО/Фота Веранікі СТАЦІНА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 66 queries