Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Вуркочуць на полі камбайны…

Што ні кажыце, а ёсць у жніва, урэшце, як і ў кожнай важнай для ўсіх нас  cельскагаспадарчай кампаніі, свая рамантыка. Так, яна адметная, свая, шчодра падсоленая потам хлебаробаў, але ж усё роўна рамантыка. Асабліва для тых, хто нарадзіўся і вырас у вёсцы, хто басанож бегаў па калючым іржышчы (з задавальненнем узгадваю той час!), на свае вочы бачыў і адчуваў, які гэта нялёгкі і працаёмкі працэс – жніво… Штогод,  cтановячыся яго сведкай, зноў па-новаму перажываеш і адчуваеш важнасць гэтай адказнай, цяжкай і адначасова святой дзеі…

Вячаслаў Сліжэўскі і Алег Лягень

Вось і на днях журналісцкая сцяжынка вяла нас у ААТ «Чурлёны». Па дарозе ўжо думалася пра клопаты вяскоўцаў, капрызы надвор’я, якімі нябесная канцылярыя нібыта выпрабоўвае людзей на сілу, мужнасць, моц. І міжволі нарадзіўся вось гэты экспромт:

Вуркочуць на полі камбайны…
Струмень залаты збажыны…
Да поту, і позна, і ўранні
Шчыруюць зямелькі сыны.

На ўскрайку поля, што раскінулася непадалёк ад Каралеўцаў і вядомае мясцовым жыхарам як урочышча Лугі, здалёк убачылі камбайны, кучку людзей. Здагадаліся, што ў камбайнераў час абеду. Так яно і было, хлебаробы ўжо падсілкаваліся і спяшаліся ўзяцца за справу. Нейкія важныя настаўленні далі працаўнікам кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Грымбоўскі, які якраз пад’ехаў да поля, начальнік участка «Іжа» Уладзімір Дрозд, і зноў загулі маторы – зернеўборачная тэхніка ўзялася за справу. Праз нейкі час «Доны», «Медыён» і «КЗС-10» былі ўжо настолькі далёка, што здаваліся маленькімі цацачнымі машынкамі…

Сяргей Місюль і Андрэй Смаленскі

– Убіраем ячмень, – канстатаваў Уладзімір Дрозд, – азімы трыцікале. Вось і на гэтым 90-гектарным полі быў ячмень. Ужо ўбраны рапс, ураджайнасць якога склала 21,5 цэнтнера з гектара. Не сакрэт, што вясна сёлета была неспрыяльнай – засушыла, што негатыўна адбілася на зерневых. Асабліва недабіраем на яравых, бо ў азімых каранёвая сістэма ўжо была сфарміравана, ім не так пашкодзіла засуха.

Расказваючы пра камбайнераў, якія ў гэты дзень былі заняты тут, Уладзімір Дрозд падкрэсліў, што ўсе стараюцца працаваць як мага лепш, карыстаюцца кожнай пагодлівай гадзінай. У два папярэднія дні жніву перашкаджаў дождж, аднак мясцовыя хлебаробы ўсё ж і тады знаходзілі магчымасць працаваць. Добрым словам адзначыў начальнік участка камбайнера Міхаіла Кабака, які працуе на жніве ўжо чатыры дзясяткі сезонаў. Памочнікам у яго сёлета сын Андрэй. Такая вось дынастыя хлебаробаў.

Мікалай Лукша

Накарміўшы камбайнераў смачным абедам (усе яны пацвердзілі, што гэта і сапраўды так), пачала ўбіраць сваю палявую кухню раздатчыца Ганна Барсукова. Яна спяшалася на іншыя палеткі, дзе таксама кіпела работа. Вось падсілкаваўся апошні з працаўнікоў – вадзіцель МАЗа на адвозцы зерня Мікалай Лукша, і кухня на колах узяла курс далей.

На Іжаншчыне мы ўбачылі не толькі непасрэдна жніво, але і іншыя цяперашнія клопаты вяскоўцаў. Так, на полі ля Каралеўцаў, дзе ўжо ўбраны трыцікале, зараз прасавалася і звозілася салома. Тут на пагрузчыку працаваў Алег Лягень, вопытны механізатар з трыццацігадовым стажам, а яго маладзейшы калега Вячаслаў Сліжэўскі адвозіў рулоны з поля. На гэтым жа полі прасаваў салому і Уладзімір Путырскі.

Па дарозе на яшчэ адно поле, дзе таксама працавалі камбайнавыя экіпажы, назіралі, як старанна робяць сваю справу механізатары Аляксандр Верамей і Міхаіл Ганчароў, якія былі заняты на ворыве пад азімыя культуры. Хутка, зазначыў Уладзімір Дрозд, ужо і сяўбу свірэпіцы распачынаць. Такі ён, кругаварот сельскагаспадарчых спраў. Так што можна паспрачацца з вядомым выказваннем, што ў вяскоўцаў увосень работ восем. Хапае іх і ўлетку, толькі паспявай рабіць.

І ўсё ж найважнейшая зараз з усіх спраў – яго Вялікасць жніво. З яго пачыналася наша знаёмства з клопатамі працаўнікоў «Чурлёнаў», ім і закончылася. Мы пабывалі яшчэ на ячменным полі ля вёскі Дварэц, дзе шчыравала яшчэ адно звяно камбайнаў. Усяго, расказаў Уладзімір Дрозд, у гаспадарцы працуе восем зернеўборачных экіпажаў. У гэтым годзе гаспадарка набыла ў лізінг новы «КЗС-12», на якім зараз працуе перадавы механізатар Іван Баравы, вядомы не толькі ў Чурлёнах, але і ў раёне. Тут жа, ля Дварца, мы сустрэлі і добра знаёмага чытачам раёнкі механізатара Сяргея Місюля, пра старанную працу якога мы не раз расказвалі. На гэтай уборачнай памочнікам у яго малады хлопец Андрэй Смаленскі, які таксама не адстае ад свайго вопытнага калегі.

Зладжана працуюць экіпажы, стараюцца. Напаўняюцца бункеры залатым збожжам. Міжволі падумалася, што залатое яно не толькі ў пераносным сэнсе. І плыве над палеткамі непаўторны пах жніва, які цешыць, хвалюе, ап’яняе і радуе.

Ірына БУДЗЬКО/Фота аўтара


На 25 июля

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 69 queries