Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Жыццёвая гісторыя простай вясковай жанчыны

Для Ганны Кісель, ураджэнкі сельскай мясцовасці, ні праца з жывёлай, ні клопаты на зямлі не навіна.

Будзільнік падымае Ганну Баляславаўну ў палове пятай, і яна ціхенька, каб не разбудзіць дзяцей і ўнукаў, збіраецца і звыклай сцежкай, пратаптанай за многія гады, адпраўляецца да фермы. Тут у яе – загадчыцы і лабаранта – мноства спраў, якія яна трымае на кантролі і за якія адказвае. Шаснаццаць работнікаў працуюць пад яе кіраўніцтвам на малочнатаварнай ферме «Іжа» адкрытага акцыянернага таварыства «Чурлёны» і ўсе яны для Ганны Кісель – нібыта яе родныя людзі.

– У нас усё як у сям’і, – разважае жанчына. – Дапамагаем адно аднаму, падтрымліваем, а калі трэба,і паўшчуваем кагосьці. А ўвогуле ўсе мы – адна каманда, аб’яднаная агульнымі задачамі і мэтамі.

На малочнатаварнай ферме ў Іжы ўтрымліваецца болей за чатыры сотні галоў жывёлы, сярод якіх пераважная большасць дойных кароў, ёсць цялушкі і маленькія цяляткі. Хутка ў жывёлаводаў пачнецца самая адказная пара – ацёлы кароў, догляд за маленькімі цяляткамі. «Яны ж так, як і дзеткі, – дзеліцца Ганна Баляславаўна, – патрабуюць асаблівых клопату і ўвагі. Такія міленькія, прыгожыя, ласкавенькія…

Для яе, ураджэнкі сельскай мясцовасці, ні праца з жывёлай, ні клопаты на зямлі не навіна. З дзяцінства Ганна прывыкла многа працаваць і клапаціцца пра малодшых, бо была старэйшай у мнагадзетнай сялянскай сям’і. Яшчэ невялікай, недзе ў класе трэцім, дзяўчынка навучылася даіць карову, дапамагала маці па гаспадарцы. А ўжо пазней, гледзячы на бацьку, пачала ўпраўляцца і з канём. Усё гэта Ганне Баляславаўне пазней вельмі прыгадзілася ў жыцці.

А калісьці,пасля заканчэння школы, дзяўчына вырашыла звязаць сваё жыццё з горадам і падалася ў сталіцу. Тут уладкавалася на гадзіннікавы завод, а ў выхадныя заўсёды спяшалася ў родную вёсачку на Ашмяншчыну.

– Так атрымалася, што менавіта дзякуючы заводу я трапіла на Вілейшчыну, – падзялілася Ганна Баляславаўна. – Наша прадпрыемства было шэфам мясцовай гаспадаркі, і мы дапамагалі вяскоўцам у розных сельскагаспадарчых справах. Памятаю, адправілі нас сюды палоць буракі. Днём працавалі, а вечарам гулялі на вуліцы, ладзілі дыскатэкі. Вядома ж, маладыя… Так мы і пазнаёміліся з будучым мужам Алегам, які працаваў тут трактарыстам. Пачалі сустракацца. Калі Алег пайшоў у армію, перапісваліся, я яго чакала. Вярнуўся са службы, неўзабаве і пажаніліся. Алег зусім не хацеў станавіцца гараджанінам, таму на сямейнай радзе і вырашылі пераехаць у вёску, на яго радзіму.

Шчасліва пачалося сямейнае жыццё маладых, ды было яно кароткім – у трыццаць тры гады Алег памёр, пакінуўшы Ганну з двума сынамі. Хто ведае, як перажыла б той боль маладая ўдава з дзеткамі, каб не блізкія мужа, якія яшчэ болей прыхінуліся, агарнулі асірацелую сям’ю клопатам і дапамогай. І Ганне станавілася неяк лягчэй, трошкі суцішваўся душэўны боль. Так у працы і клопатах праходзіў час, падрасталі дзеці. Знайшлі яны свае сцежкі ў самастойным жыцці, стварылі сем’і, падарылі бабулі траіх унукаў. У старэйшага сына, разам з якім і жыве Ганна Баляславаўна, двое – хлопчык і дзяўчынка, а ў малодшага пакуль што адзін сынок. Шумна і весела бывае ў хаце, калі збіраюцца ўсе разам, і ў такія моманты мацярынскае сэрца перапаўняецца радасцю за дзяцей. Вось толькі мужу не даў Бог убачыць іх дарослымі, пацешыцца ўнукамі…

– Я радуюся, што ў роднай вёсачцы на Ашмяншчыне яшчэ жыве мая 84-гадовая матуля, да якой наведваемся з дзецьмі, – падзялілася Ганна Баляславаўна. – Праўда, калі сказаць шчыра, за многія гады для мяне маленькай радзімай ужо стала Іжа… Тут жа таксама ўсё тое, што дорага майму сэрцу: дзеці, унукі, работа, якой аддадзена столькі гадоў, людзі, побач з якімі жыву і працую.

Такая вось жыццёвая гісторыя простай вясковай жанчыны. Гісторыя звычайная і незвычайная, светлая і сумная адначасова. Урэшце, як і жыццё кожнага чалавека, якое, як вядома, чорна-белае. І галоўнае, напэўна, не столькі ў тым, якое жыццё. Намнога важней, што ісці па ім трэба дастойна, годна, сумленна. Так лічыць Ганна Кісель, і я з ёю поўнасцю згодна.

Ірына БУДЗЬКО/Фота Веранікі СТАЦІНА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 133 queries